Свет11

На Алясцы рэспубліканцы могуць прайграць сенатарскі мандат праз блытаніну з прозвішчамі. Гэта схема даўно вядомая ў нашым рэгіёне

На працягу некалькіх месяцаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і ягоныя прыхільнікі абвінавачвалі дэмакратаў у арганізацыі на Алясцы схемы, мэтай якой нібыта было заблытаць выбаршчыкаў і перацягнуць частку галасоў ад рэспубліканскага сенатара. Папярэднія вынікі галасавання ў гэтым штаце паказваюць, што асцярогі былі не зусім беспадстаўныя. 

Сенатар-рэспубліканец Дэн Саліван. Фота: Justin Sullivan/Getty Images 

Сёлета сваю кандыдатуру ў Сенат ЗША ад Аляскі выставіў Дэніэл Дж. Саліван — нікому не вядомы былы настаўнік на пенсіі, імя і прозвішча якога надзвычай падобныя да імя дзейнага сенатара-рэспубліканца Дэна Салівана, які таксама змагаецца за атрыманне новага мандата. Рэспубліканцы сцвярджалі, што гэта можа заблытаць выбаршчыкаў і адцягнуць галасы ад апошняга. 

Таму яшчэ да галасавання Дональд Трамп даручыў Міністэрству юстыцыі ўмяшацца ў выбарчы працэс. У выніку ведамства падало беспрэцэдэнтны пазоў, спрабуючы дамагчыся забароны на афіцыйнае зацвярджэнне вынікаў у пэўных выпадках, калі дзейны сенатар прайграе.

Міністэрства юстыцыі настойвала, што выбаршчыкі маглі выпадкова прагаласаваць за Дэніэла Дж. Салівана замест рэспубліканскага сенатара, і патрабавала праверыць, ці адпавядаюць такія бюлетэні сапраўдным намерам выбаршчыкаў.

У бюлетэні кандыдаты выразна размежаваныя. Дэн С. Саліван быў пазначаны як дзейны сенатар ад Рэспубліканскай партыі, а Дэніэл Дж. Саліван-малодшы фігураваў асобна, без пазначэння партыйнай прыналежнасці. Але гэта, натуральна, не гарантуе таго, што няўважлівыя выбаршчыкі не могуць іх паблытаць. 

Выглядае, што вынікі выбараў у гэтым штаце сапраўды стануць падставай для доўгіх спрэчах і разбіральніцтваў. 

Паводле апошніх папярэдніх звестак, пасля падліку 75% галасоў кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі Мары Пелтала — дарэчы, прадстаўніца мясцовых эскімосаў-юпікаў, — лідзіруе са 102 962 галасамі (48,17%). Другое месца займае сенатар Дэн Саліван са 102 325 галасамі (47,88%). То-бок разрыў паміж гэтымі кандыдатамі — усяго 637 галасоў, між тым як Дэніэл Дж. Саліван-малодшы набірае куды больш — 3600, ці каля 1,8%.

Праўда, у гэтым штаце балатуецца яшчэ адзін кандыдат ад рэспубліканцаў, Джэральд Хайкс, і ён займае трэцяе месца з пакуль набранымі 4846 галасамі (2,27%). Так што цалкам магчымая параза рэспубліканцаў можа тлумачыцца не толькі вылучэннем Дэніэла Дж. Салівана-малодшага.

Папярэднія вынікі выбараў пакуль не дазваляюць вызначыць, ці сапраўды выбаршчыкі блыталі двух кандыдатаў і як у выніку будуць пераразмеркаваныя іх галасы.

Але важна тое, што яшчэ ў нядзелю, 1 лістапада, федэральная суддзя Шэран Глісан адхіліла пазоў Міністэрства юстыцыі. Яна прыйшла да высновы, што адміністрацыя не змагла растлумачыць, як можна праверыць сапраўдныя намеры выбаршчыкаў, не парушаючы прынцыпу таямніцы галасавання. Паводле суддзі, урад не прапанаваў працаздольнага механізму, які дазволіў бы асобна выдзеліць адпаведныя бюлетэні і даследаваць іх, захаваўшы канфідэнцыйнасць волевыяўлення.

Тым не менш, Міністэрства юстыцыі абскардзіла судовае рашэнне, таму юрыдычная спрэчка працягваецца паралельна з падлікам галасоў.

Цяпер на Алясцы працягваецца падлік бюлетэняў, дасланых поштай, і іншых галасоў, якія яшчэ не ўлічаныя. Калі ў выніку ніхто з кандыдатаў не атрымае пераканаўчай перамогі, афіцыйны падлік з улікам рэйтынгавага галасавання запланаваны на 18 лістапада. Да завяршэння гэтай працэдуры канчатковы ўплыў кандыдатуры Дэніэла Салівана на вынікі выбараў застаецца нявызначаным. 

Варта адзначыць, што падобная схема з вылучэннем малавядомага кандыдата, асабістыя звесткі якога супадаюць ці прынамсі вельмі падобныя да аднаго з рэальных прэтэндэнтаў на мандат — зусім не нейкае аляскінскае ноу-хау.Сярод іншага яна шырока прымянялася падчас выбарчых кампаній рознага ўзроўню ў Расіі, Украіне і іншых постсавецкіх краінах у 1990‑я і нулявыя гады. 

Па выніках выбараў у Кангрэс ЗША, якія адбыліся 3 лістапада, Дэмакратычная партыя атрымала ўпэўненую перамогу, па стане на гэты момант выходзіць, што яны будуць мець як мінімум 54 сенатарскія мандаты супраць 44. У Палаце прадстаўнікоў суадносіны на гэты момант — 240 на 147 на карысць дэмакратаў.

Каментары1

  • Украінскі аглядальнік
    05.11.2026
    У Палаце не 240 абранцаў ад дэмакратаў, а 245 (Д) на 147 (Р). У ўжо даўно. Застаюцца пакуль не вызначанымі яшчэ 43 месца.

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну42

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Частку Лоеўскага раёна перададуць у склад Гомельскага

Самалёт з паплечнікамі Аляксандра Вучыча, якія ляцелі ў Маскву, развярнулі над Літвой назад1

Пуцін узнагародзіў дзеяча РПЦ з Беларусі на расійскі «Дзень народнага адзінства»3

Чаму Дзмітрыя Скіндзерава высылаюць з Літвы? На гэта ёсць пяць прычын12

У Францыі ідзе змаганне за спадчыну Брыжыт Бардо. Мужчына, з якім яна жыла апошнія 30 гадоў, застаецца ні з чым

Кітай збіраецца пабудаваць першы ў свеце плывучы востраў1

На трасе М-1 затрымалі беларуса, які вёз больш чым 50 кілаграмаў насваю

«Газпрам Цэнтр» у Мінску збіраюцца дабудаваць да канца наступнага года4

Заезджы расіянін у эфіры Азаронка даказваў, што беларусы не асобны народ. Той і не пярэчыў47

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну42

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць