Імі аказаліся вядомыя гісторыкі Сяргей Токць і Іна Соркіна. Піша Алесь Смалянчук.
Імі аказаліся вядомыя гісторыкі Сяргей Токць і Іна Соркіна. Піша Алесь Смалянчук.На мінулым тыдні на факультэце гісторыі і сацыялогіі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта адміністрацыя разбірала паводзіны дваіх выкладчыкаў, якія, паводле інфармацыі прарэктара па вучэбнай і выхаваўчай працы Святланы Агіявец, удзельнічалі ў «трэнінгу па арганізацыі дзяржаўнага перавароту». «Тэрарыстамі» аказаліся вядомыя гісторыкі Сяргей Токць і Іна Соркіна. «Прафілактычныя гутаркі» праводзілі дэкан факультэту Эдмунд Ярмусік і загадчыца кафедры гісторыі Беларусі Святлана Марозава.
Падчас іх высветлілася, што
«трэнінгам» аказалася навуковая канферэнцыя «Гарадзенскі палімпсест: дзяржаўныя і сацыяльныя структуры горада», якая прайшла 6 лістапада.
У гэты дзень ужо трэці раз пры падтрымцы Руху за Свабоду навукоўцы з Мінска, Горадні і Аполя абмяркоўвалі дзейнасць дзяржаўных установаў і сацыяльную гісторыю горада ў XV — XX ст. Варта дадаць, што на канферэнцыю актыўна запрашаліся выкладчыкі і студэнты факультэта гісторыі і сацыялогіі. Як высветлілася, запрашаліся дарэмна. Большасць першых і другіх гісторыяй нашага горада не цікавяцца.
Правядзенне «прафілактычных размоваў» з «тэрарыстамі» можна расцаніць як анекдот, які высвятліў маральны і інтэлектуальны ўзровень названых прадстаўнікоў адміністрацыі ўніверсітэта. Можна пасмяяцца і забыць. Але, як падаецца,
справа значна сур’ёзнейшая. Між іншым, яна прымушае задумацца над тым, што наогул адбываецца з інтэлігенцыяй слаўнага горада над Нёманам.
Дзеля гэтага варта зрабіць маленькі экскурс у зусім блізкую гісторыю…
Ад пачатку гэтак званай «рэканструкцыі» гістарычнага цэнтра гарадзенская інтэлігенцыя выразна падзялілася. Меншая частка, занепакоеная планамі былога абласнога начальніка Саўчанкі і колішняга мэра Антоненкі, паспрабавала распачаць дыялог з чыноўнікамі. Пры гэтым звярталася ўвага на неабходнасць абмеркавання планаў «рэканструкцыі» з мастацтвазнаўцамі і спецыялістамі ў галіне аховы помнікаў, а не толькі з прарабамі будтрэстаў і архітэктарамі «Грамадзянпраекта», зацікаўленымі ў маштабнасці
А вось большая частка мясцовай «тожэ інтэлігенцыі» зрабіла выгляд, што асабіста яе лёс Савецкай плошчы, Старога замку, «Новага свету», жылой забудовы гістарычнага цэнтра не датычыць.
Нават тыя з выкладчыкаў факультэту гісторыі і сацыялогіі ўніверсітэта імя Янкі Купалы, хто гадамі казаў пра неабходнасць развіцця турызму ў горадзе і бегаў па высокіх начальніках з ідэямі прыцягнення гасцей
а потым пачалі актыўна падтрымліваць «еўрарамонт» гістарычнай Горадні.
Дастаткова прыгадаць ганебны «круглы стол», арганізаваны на факультэце гісторыі і сацыялогіі ў кастрычніку 2008 года, на які не дапусцілі тых, хто найбольш актыўна абараняў гістарычную і культурную адметнасць нашага гораду. Гэтае «застолле», якое адбылося пад надзейнай аховай міліцыі і БРСМ, падтрымала УСЕ «рэканструкцыйныя» фантазіі Саўчанкі. У іх падтрымку актыўна выступілі ўжо згаданы Эдмунд Ярмусік, Таццяна Бадзюкова, Святлана
Аднак ці то фінансавы крызіс, ці то пробліскі здаровага сэнсу ў галавах чыноўнікаў паспрыялі таму, што тэмпы «рэканструкцыі» замарудзіліся. Адстаўка Саўчанкі, здавалася, дала шанс для перасэнсавання наробленага чыноўнікамі і прарабамі ў гістарычным цэнтры. Тым больш, што «рэканструктары» падабраліся ўжо да галоўнай духоўнай і гістарычнай святыні — Барысаглебскай (Каложскай) царквы. Мэта іх дзейнасці адлюстравалася ў шчырым выказванні аднаго з праваслаўных іерархаў, які прызнаўся,
што ім не патрэбная «імітацыя ХІІ ст.», а патрэбны храм ХХІ ст.
Тут наагул каментары непатрэбныя…
Але замест гэтага пераасэнсавання адбываецца нават узмацненне ціску на тых людзей, што захавалі чалавечую і прафесійную годнасць.
Згаданыя вышэй «разборкі» прапаную ацэньваць як псіхалагічны пераслед. Гэта зусім не смешна, калі начальнік падазрае падначаленага ў тэрарыстычных намерах і дзеяннях. І нельга ўсё спісаць толькі на перадвыбарчую істэрыю, што захапіла праўладныя колы.
Гэты ціск працягваецца ўжо некалькі гадоў і датычыць не толькі названых вышэй гісторыкаў, працамі якіх, дарэчы, факультэт можа ганарыцца.
Адказнасць за гэта нясе не толькі сённяшняя адміністрацыя, але і тыя выкладчыкі, якія згаджаюцца і падтрымліваюць гэтую атмасферу.
Міхаіл Булгакаў у сваім самым вядомым рамане напісаў, што «баязлівасць — самая страшная загана». Якраз гэта прыгадваецца, калі спрабую зразумець іх пазіцыю.
* * *
Навуковы праект «Гарадзенскі палімпсест: дзяржаўныя і сацыяльныя структуры горада» будзе працягнуты, і ў лістападзе 2011 г. адбудзецца чарговая навуковая канферэнцыя. Карыстаючыся з нагоды, хачу запрасіць на яе адміністратараў і ідэолагаў з ГрДУ. Абяцаю някепскі трэнінг… па арганізацыі навуковых даследаванняў у галіне гістарычнай урбаністыкі і сацыяльнай гісторыі, а таксама добры ўрок па гісторыі роднага горада.
Магчыма, у паважанага прарэктара падазрэнне выклікала слова «палімпсест». Сапраўды, слова замежнае, гучыць пагрозліва… Хачу супакоіць. Гэты тэрмін датычыць не антыдзяржаўнай дзейнасці, а гісторыі кнігі. Палімпсест — гэта кніга на пергаменце, напісаная паверх знішчанага тэксту. Апошняе было нярэдкай з’явай, абумоўленай высокім коштам пергамента. Тэрмін «палімпсест» падаецца адпаведным гісторыі нашага горада, калі амаль усе новыя ўлады спрабавалі перапісаць яго гісторыю і традыцыю. Нешта падобнае адбываецца і сёння адносна людзей Горадні і падзеяў яе гісторыі першага пяцігоддзя беларускай незалежнасці.
Каментары