Улада88

Лукашэнка спартоўцам: «Жыць трэба па сродках»

«У нас некаторыя ва ўнутраных чэмпіянатах умудрыліся па $20–25 тыс. у месяц атрымліваць і крычаць, што ў КХЛ значна больш».

У спартыўным асяроддзі не павінны культывавацца ўтрыманскія падыходы ў пытаннях фінансавання спартыўных арганізацый, заявіў сёння на нарадзе па пытанні аказання падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту Аляксандр Лукашэнка.

«Жыць трэба па сродках, а атрымліваць зарплату, прэміі і іншае, зыходзячы з канкрэтна ўкладзенай працы»,
 — падкрэсліў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адны рэзультаты не роўныя з іншымі. «Напрыклад,

можна займаць першае месца ў хакейным чэмпіянаце Беларусі і, напрыклад, у КХЛ займаць пятае месца і не быць чэмпіёнам, але карысці для краіны прыносіць у другім выпадку значна больш,
 — растлумачыў ён. — Што грахі таіць, наш чэмпіянат слабы ў гэтых адносінах, як і многія іншыя па гульнявых відах спорту. І што тут параўноўваць чэмпіёна краіны з камандай, якая выступае ў міжнародных спаборніцтвах».

«У нас некаторыя, трэнеры і іншыя спецыялісты, ва ўнутраных чэмпіянатах умудрыліся па $20–25 тыс. у месяц атрымліваць і крычаць, што ў КХЛ значна больш.
А ці зарабіў гэты спецыяліст, трэнер або кіраўнік клуба такія грошы, ці адпавядае зарплата ўкладзенай працы? Адказ адназначны — не, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму з гэтым утрыманствам трэба заканчваць».

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, яшчэ ў маі на нарадзе аб дзяржаўнай падтрымцы спорту было вырашана, што неабходна перагледзець механізмы фінансавання спартыўных арганізацый і ўмовы аплаты працы іх кіраўнікоў, трэнераў і спартсменаў. «Тады ўраду было дадзена канкрэтнае даручэнне — выпрацаваць новую аптымальную формулу як па фарміраванню бюджэтаў клубаў, так і па ўзроўню аплаты працы, — адзначыў ён. — За мінулы час прапаноўвалася некалькі варыянтаў змянення існуючай практыкі дзяржпадтрымкі гульнявых відаў спорту. Аднак яны не былі прыняты, бо не ў поўнай меры ўлічвалі сучасную сітуацыю і недастаткова стымулявалі арганізацыі на здабыванне фінансавых сродкаў сваімі сіламі, а не за кошт дзяржбюджэту».

Паводле слоў Лукашэнка, практычна нязменным заставалася становішча, калі 70% даходаў клубаў, як і папярэднія гады, фарміруецца з бюджэтных крыніц і спонсарскай дапамогі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. У той жа час у расходнай частцы львіную долю, або амаль 60 працэнтаў па выніках 2010 года, складае заработная плата кіраўнікоў, трэнераў і спартсменаў незалежна ад вынікаў іх дзейнасці. «Лічу, што такія ўтрыманскія падыходы не павінны культывавацца ў спартыўным асяроддзі. Патрабаванні выніковасціі работы і жыцця па сродках абавязковыя для ўсіх!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На нарадзе ўвазе Лукашэнкі прадстаўлены праекты нарматыўных актаў аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту, у тым ліку праект адпаведнага ўказа. «Перш чым гаварыць аб структуры прапаноў, сістэме, давайце дамовімся аб крытэрыях, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. — Асноўны крытэрый — укладзеная праца, адсюль адпаведная зарплата і плата з бюджэту, другі — рэзультаты, трэці — скарачэнне фінансавання з бюджэту».

«Што гэта за клубы, прытым прыватныя або змешаныя, накшталт акцыянерных таварыстваў, якія фінансуюцца з бюджэту? Клубы павінны самі зарабляць грошы на сваю дзейнасць.
Пры гэтым асабліва трэба ўлічваць вынікі, паказаныя на вышэйшых спартыўных форумах: Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету і Еўропы».

Аднак, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, скарачэнне фінансавання з бюджэту зусім не азначае, што ў дзяржавы няма грошай на развіццё спорту і ў тым ліку на аплату высокіх спартыўных дасягненняў. «На тое, каб заплаціць за добрыя паказчыкі і рэзультаты, у краіне грошы заўсёды былі і будуць, але трэба дакладна разумець, што ёсць нейкі ўзровень, які трэба дасягнуць чалавеку, каб атрымаць нейкую падтрымку».

«Усё павінна, як вы любіце гаварыць, быць рыначна. Ёсць работа, рэзультат — ёсць плата, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Крытэрый павінен быць асноўны, які будзе падштурхоўваць клубы зарабляць грошы. Зарабіў Br1 млрд. — мы табе на гэты мільярд дададзім Br100 млн. з бюджэту, Br2 млрд. — Br200 ці Br300 млн.». Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў аб недапушчальнасці націску на спонсараў у пытаннях аказання фінансавай падтрымкі спартыўным арганізацыям:

«Спонсараў не нахіляць больш.
Дабрачынная дапамога павінна быць дабрачыннай, і Прэзідэнт не павінен указваць, каму колькі і якія прадпрыемствы будуць клубу даваць грошы. Няхай ідуць самі, з улікам нарматыўна-прававой базы дамаўляюцца са сваімі спонсарамі».

«Грошы трэба зарабляць, няма шалёных больш грошай. Я гавару гэта і вяскоўцам, і прамыслоўцам, і іншым. Не таму, што ў нас няма грошай, грошай у краіне хапае, але грошы трэба зарабляць. Гэта асноўны крытэрый. Тады ў нас не будзе ні панікі, ні катаклізмаў, ні крызісаў, ні аўралу», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Каментары8

Цяпер чытаюць

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі6

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі

Усе навіны →
Усе навіны

Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы: Ёсць толькі адзін прэзідэнт, і яго імя Нікалас Мадура20

Кітайская кампанія BYD абагнала Tesla і стала найбуйнейшым у свеце прадаўцом электрамабіляў5

«Праз пяць хвілін ужо ведаў міністр». Саладуха расказаў пра страшную аварыю год таму3

Латушка пасля захопу Мадура агучыў адзіны сцэнар для атачэння Лукашэнкі14

Бабарыка расказаў, якую параду яму даў просты чалавек, які застаўся ў Беларусі52

Трамп пра Мачада: У яе няма падтрымкі ўнутры краіны, хоць яна вельмі мілая жанчына14

Трамп расказаў падрабязнасці захопу Мадура. Асноўнае29

Як сачылі за Мадура?10

Нобелеўская лаўрэатка Марыя Карына Мачада: Мы гатовыя ўзяць уладу ў Венесуэле15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі6

У Рэчыцы людзі выйшлі прыбіраць снег. Іх аштрафавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць