Літаратура33

Стась Карпаў. Снежаньскі шпацыр у форме пратаколу

Чалавек выйшаў з канцылярыі важных спраў...

Злы. Злы і насцярожаны ў шэсць з паловай
Чалавек выйшаў з канцылярыі важных спраў.
Там ён пакінуў 9 гадзін жыцця, тысяч сем у сталовай,
Але меў пачуццё, быццам бы нешта скраў.
На прахадной чалавек правярае пошту,
І вось ізноў паліто над паркетнай дошкай плыве.
У скураной папцы з бляхай копіі таго, што
Акуратна раскладзена ў яго галаве.
Нарэшце, выходзіць за дзверы. А там Снежань. Завеі
Даносяць пах хлеба нават сюды.
Ён ідзе проста, пасля правей і
Уніз у бок Раманаўскай Слабады.
Вежа канцылярыі ўжо не відна. Вы
І цяпер адчуваеце тое, што тады ён:
Як

у вежы нерухома сядзіць нехта замест Цанавы
І глядзіць з-пад густога брыва на стадыён.

Карацей -- ідзе, праходзіць непадалёк ад астрога.
Вецер рэжа скуру і чалавек у пальчатку хавае руку.
Амаль не расплюшчваючы вачэй, пераходзіць дарогу
З удзячнасцю думаючы пра трубы, што пад асфальт схавалі раку.
Пераход нарэшце падышоў да экватара.
Гарадскі вал іранічна без прыкмет нічыіх.
Усе людзі там, іх рубеж каля кінатэатра
І чалавек нярвуецца, марудна абмінаючы іх.
Наогул, сачыць за прадстаўніком канцэлярый
Небяспечна і расцэньваецца як учынак дастаткова цяжкі.
Ён спусціўся ў метро і адразу працер акуляры
Краем шаліка - падарунка старэйшай дачкі.
Ён не ездзіць з Купалаўскай і не ходзіць дварамі.
Парадыгма -- вынік высновы, падмацаванай дзвюма.
Першая: Тыя, каго на працу прыносяць у чорнай раме
Ні пра што не шкадуюць і , відавочна, дарма.
Другая.
Людзі жывуць дамамі, справы на іх –- тамамі --

Выціскаючы першых з памяшканняў, выклікаюць нямы дакор,
А пасля знікаюць разам з першымі і старой маме
Застаецца распіска за права атрымаць каленкор.
Так што вынік вядомы са справы вядомай,
А чалавек падумаў, што хацеў бы, каб пры ягоным жыцці
Яму не прыйшлося а палове сёмай
У такое надвор'е, напрыклад, да маладзежнай ісці.
Гэта было адступленне. Вяртаемся да пратаколу.
Жменя жэтонаў у кішэні, купленая пра запас,
Была старой звычкай і фармальна нагадвала школу
Калі грошы на абед ён збіраў па дарозе ў клас.
Але канцылярыя не капае глыбей пубертату
І ва ўспамінах вучыць не выходзіць за межы анкет,
Асобна пазначаючы маму і тату.
Чалавек праходзіць праз турнікет.
Голас дыктара, запісаны нібы для праформы
(Для тых, хто і так у метро спускаецца нібы ў забой),
З просьбай не скаплівацца каля краю платформы
Нібы з загадам смеццю не забіваць вадастокі сабой,

Канцылярыя вучыць успрымаць неэмацыйна праз прызму гештальту:
Народ -- не сукупнасць індывідаў. З пэўных бакоў
І пры накладанні матрыц сацыялагічнага кшталту
Жыцце, як і казаў Энгельс, -- спосаб існавання бялкоў.
А людзі, канешне, скапліваюцца і набіваюцца ў вагоны як шпроты.
Задыхаючыся і падаючы пад чужою вагой
Чалавек сутаргава ўцягвае паветра ротам
Спрабуючы распрастацца і паварушыць здранцвелай нагой.
Дзверы зачыняюцца. Цягнік імкне да пачатку
Каб укусіць свой хвост. І вось знікае вагон,
Дзе рука, апранутая ў скураную пальчатку,
Цягнецца, цягнецца да парэнчаў. "Родны кут" ляціць наўздагон.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ29

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі каштуе «прыкурыць» аўто ў моцны мароз?

Беларусы ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 года на яго радзіме12

Сёння ноччу тэмпература паветра апускалася да мінус 31°С — рэкорд гэтай зімы1

«Чым больш цемры, тым больш патрэбныя ліхтарыкі». Уладзімір Пугач — пра надзею, Максіма Знака і першы аўтобус да Мінска1

Прапануюць бясплатна пажыць на выспе ля берагоў Уэльса — тым, хто гатовы лічыць тупікаў і іншых жывёл

Памёр экс-намеснік міністра культуры, дыпламат Васіль Чэрнік

Мінэнерга: Людзі павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах8

12‑гадовы хлопчык у рэанімацыі пасля катання на цюбінгу3

Па сённяшнім дні вызначалі, калі прыйдзе вясна2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ29

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць