Грамадства3838

Дзяды ў Курапатах — анлайн

15.00

Мітынг скончыўся. Людзі пачынаюць разыходзіцца. Застаюцца актывісты. Яны паставяць у Курапатах новыя крыжы, якія пранеслі на руках усё шэсце.

14.58

Прысутныя спяваюць гімн «Магутны Божа».

14.56

Выступіў адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі. Ён выказаў пэўнасць, што некалі дзяржава будзе займацца стварэннем музея Курапатах. Між прысутных збіраюць подпісы супраць будаўніцтва каля Курапатаў забаўляльнага цэнтра «Бульбаш-хол».

14.48

Выступае намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі. Ён кажа, што злачынствы ў Курапатах «сталі магчымыя пасля акупацыі краіны расійскімі бальшавікамі». «Нармальная ўлада не стане будаваць у такіх месцах забаўляльныя ўстановы з абразлівымі для беларусаў назвамі, — адзначыў ён. — Нам трэба быць салідарнымі ў супрацьстаянні такім дзеянням з боку рэжыму».

Таксама палітык закрануў тэму мінулых парламенцкіх выбараў. Паводле яго словаў, афіцыйныя лічбы яўкі былі моцна завышаныя. У прыватных размовах, сказаў Беленькі, супрацоўнікі выбарчых камісій казалі яму, што прагаласавала ўсяго 12% выбаршчыкаў.

14.32

У Курапатах пачаўся мітынг. Выступае адзін з ветэранаў КХП-БНФ Валеры Буйвал. Ён кажа пра значнасць Курапатаў, адкуль у 1980-я пачалося ўшанаванне памяці ахвяраў рэпрэсій, пра вялікую ролю ў гэтым Зянона Пазняка. Валеры Буйвал зачытаў ліст лідара КХП-БНФ. Пазняк з жалем адзначае, што сам не можа прысутнічаць сёння на Дзядах. У Курапатах «паднялася нацыянальная воля беларусаў, грамадства змянілася і заявіла, што яно працягвае жыць». Пазьняк упэўнены, што мемарыял у Курапатах «павінен быць вечным». Аднак, падкрэсліў ён, цяперашні беларускі рэжым, а таксама «пуцінская Масква» будуць «хлусіць пра Курапаты, будаваць вакол іх рынкі і казіно», цытуе палітыка БелаПАН.

14.16

Галава калоны дайшла да Курапатаў. Мітынг пакуль не пачынаецца: чакаюць, калі збяруцца ўсе ўдзельнікі шэсця. Прыехаў паэт і лідар «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў.

13.52

Шэсце ідзе вуліцай Мірашнічэнкі. Народу, нягледзячына холад, не менее.

13.15

Калона ідзе па вуліцы Карбышава.

13.00

Шэсце ідзе па вуліцы Сядых. Аўтамабілі вітаюць яго сігналамі.

12.35

Мая Кляшторная дайшла да «Аляксандраў-пасажа». Далей сваякі яе падвязуць на машыне ў самі Курапаты. Вытрымаць 10-кіламетровы шлях ёй ужо не пад сілу.

12.35

Віталь Рымашэўскі нясе на плячах маленькую дачку.

12.20

Моладзь спявае песні: «Грай» «Ляпіса Трубяцкога», «Пагоню» Багдановіча.

12.16

Падчас руху шэсця да яго далучаюцца людзі. Не, відаць, першыя ацэнкі былі памылковымі. Колькасць удзельнікаў застаецца на ўзроўні мінулых гадоў — у калоне ідуць каля 500 чалавек.
Шэсце мінула Нацыянальную бібліятэку, станцыю метро «Усход» і зараз будзе павяртаць на вуліцу Каліноўскага.

11.44

Галава калоны мінула вуліцу Валгаградскую. Супрацоўнікі ДАІ спынілі рух, каб прапусціць шэсце.

Пад руку з намеснікам старшыні КХП-БНФ Юрасём Беленькім ідзе Мая Кляшторная. Архітэктарка, яна дачка Тодара Кляшторнага — беларускага паэта, які ляжыць недзе ў Курапатах. Яна была адной з аўтараў канцэпцыі мемарыялу. За апошні год яна вельмі моцна пастарэла і зусім сагнулася. Ужо дваццаць гадоў яна бярэ ўдзел у шэсцях на Дзяды, такая жывая сведка гісторыі. Яна трымае букет аранжавых ліхтарыкаў.
У калоне ёсць і моладзь, і людзі старэйшага веку. Але пераважае моладзь. Маладыя, як і заўжды, легкадумныя: вятруга, галуза, а яны без шапак, у модных, лёгкіх строях, што дзеўкі, што хлопцы.

Хапае абапал і «асобаў у цывільным», якія дэманстратыўна, нахабна здымаюць удзельнікаў шэсця на камеры.

11.29

Калона рушыла.

На чале калоны ідзе былы палітвязень Сяргей Каваленка з Віцебска з вялікім сцягам у руках. За ім ідуць жанчыны з сцягамі, у тым ліку жонка Каваленкі Алена — яна вельмі высокая, аказваецца.

11.26

Шэсце рушыць з хвіліны на хвіліну. Моладзь перыядычна гукае «Жыве Беларусь!»

11.19

Маладыя людзі на чале з Алегам Корбанам разгарнулі плакаты супраць будаўніцтва забаўляльнага цэнтра каля Курапатаў: «Бульбаш-хол у пекла з чарцямі», «Стоп будаўніцтву бардэля», «Ганьба»

11.16

Сёлетняе шэсце — пакуль самае малаколькаснае за апошнія гады. На пляцоўцы каля Гадзінікавага завода ўсяго каля чатырохсот чалавек. Так супала, што актыўная моладзь з’ехала на канцэрт «Ляпісаў» у Вільню (кажуць, там было 4000 чалавек з Беларусі), а палітыкі высвятляюць адносіны між сабой на форумах у Варшаве, Празе і інтэрнэце.

11.14

Фатаграфуе Антон Сурапін, які сядзеў у СІЗА КДБ па справе «плюшавай медзведзіроўкі». Таксама сярод прысутных — зусім сівы ўжо Славамір Адамовіч.

11.08

Раздае інтэрв’ю арганізатар шэсця — намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, а найбольшую расцяжку «Дзяды», выкананую ў чорна-белых колерах, трымаюць Артур Фінькевіч і яго сябры па суполцы «Маладая Беларусь».

11.04

Моладзь трымае выкананыя ў стылістыцы стэнсілаў партрэты-харугвы палітвязняў Дашкевіча і Лобава з надпісам: «Свабоду!»

11.00

На месцы збору — некалькі сотняў чалавек. Людзі трымаюць сцягі — бел-чырвона-белыя, хрысціянскіх дэмакратаў, Еўрасаюза, а таксама каля дзесяці новых крыжоў, якія сёння будуць пастаўленыя ў Курапатах.

Сярод прысутных — былы палітвязень Сяргей Каваленка з жонкай, яны прыехаўшы з Віцебска, археолаг Эдвард Зайкоўскі, рэжысёр, былы мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Валерый Мазынскі, былыя кандыдаты ў прэзідэнты — намеснік старшыні БНФ Рыгор Кастусёў і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, перакладчык і педагог, былы дэпутут Вярхоўнага Савета Лявон Баршчэўскі, пісьменніца Наталка Бабіна, маці палітвязня Алена Ліхавід, палітвязень Алесь Кіркевіч з Гродна, скульптар Гэнік Лойка, Аляксей Янукевіч з Партыі БНФ, шоўмэн Усевалад Сцебурака.
Вакол шмат «асобаў у цывільным». Сярод журналістаў ёсць аператар дзяржаўнага тэлеканала АНТ.

10.40

Сёння будзе цяжкае шэсце, адзначаюць карэспандэнты НН, бо пасля ўчорашняга моцнага снегападу пад нагамі — халепа. На вуліцы каля нуля градусаў, пранізлівы вецер.

10.30

Да месца збору пачынаюць падыходзіць людзі.
Некаторыя ўдзельнікі акцыі нясуць з сабой кветкі. Таксама да месца збору прынеслі 5 крыжоў. Нікога з палітыкаў і грамадскіх дзеячаў пакуль няма.

10.00

З’явіліся першыя ўдзельнікі шэсця.

9.20

Ад самай раніцы на месцы збору дзяжурыць машына сапёрна-піратэхнічнай службы ўнутраных войск, паведамляе радыё «Свабода». Cупрацоўнікі службы разам з сабакам пачынаюць аглядаць месца збору ўдельнікаў акцыі. Людзей у цывільным паболела прыкладна ў два разы. Удзельнікаў акцыі пакуль няма.

* * *

У нядзелю, 28 кастрычніка, мае адбыцца традыцыйная акцыя ўшанавання памерлых продкаў — Дзяды. Ад 1988 г. акцыя праводзіцца ў форме шэсця ў Курапаты — месца масавых расстрэлаў беларускага насельніцтва сталіністамі ў 1930-я гады. Людзі панясуць новыя крыжы, які паставяць на Крыжовай гары, сцягі і кветкі.

Традыцыйна заяўнікам і арганізатарам акцыі выступае Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

Збор удзельнікаў акцыі пачнецца, а 10.30 каля будынка Гадзіннікавага завода на праспекце Незалежнасці ў Мінску (ст. метро «Парк Чалюскінцаў»).
Шэсце мае пачацца, а 11-й і адбудзецца па маршруце: праспект Незалежнасці — вуліца Каліноўскага — вуліца Сядых — вуліца Карбышава — вуліца Гамарніка — вуліца Мірашнічэнкі, паведамляе сайт dziady2012.org

Мітынг у Курапатах павінен пачацца, а 15 гадзіне.
Меркаваная колькасць удзельнікаў акцыі, згодна з заяўкай — да 5 тысяч чалавек.

Акцыя дазволена гарвыканкамам.
Сёлета перад акцыяй зазначалася, што ўдзельнікі шэсця выкажуць сваё стаўленне да будаўніцтва ля Курапатаў забаўляльнага комплексу «Бульбашъ-Хол».

«Наша Ніва» будзе весці анлайн-рэпартаж з шэсця і мітынга, будзе фота- і відэарэпартаж.

Праз тыдзень, 4 лістапада, адбудзецца акцыя ўшанавання памяці расстраляных у Лошыцы, Маршрут традыцыйны: шэсце ад Палаца культуры камвольнага камбіната па вуліцы Маякоўскага да Лошыцкага яра.

У першыя гады незалежнасці Дзяды былі дзяржаўным святам і адзначаліся 2 лістапада. Лукашэнка Дзяды як свята адмяніў. Цяпер акцыя ўшанавання продкаў у Курапатах праводзіцца ў апошнюю нядзелю кастрычніка.

Надвор’е на нядзелю, 28 кастрычніка: халаднавата, каля 0 градусаў, мокры снег, вецер паўночны.

Каментары38

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года4

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія беспілотнікі атакавалі Казань2

Сёння самы кароткі дзень у годзе і самая доўгая ноч1

Школьніка затрымалі за інтэрнет-афёру на 90 тысяч рублёў

Рэцэпт на выхадныя: французскія калядныя пячэнькі «Сабле»1

Дзяўчына ў Расіі пакінула водгук пра касіра, які пахне як скунс. А пасля закруцілася — псіхбальніца, хэйт, вэбкам-мадэль і нават суіцыд13

Фрыдман: Уся гэтая рыторыка пра ўдзел Лукашэнкі ў перамовах ужо надакучыла ўкраінцам7

Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі17

Пад пераслед трапіў вядомы віцебскі блогер3

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года4

Халезін: Неўзлін фінансуе Хартыю'97 яшчэ з прэзідэнцкіх выбараў 2010 года

Галоўнае
Усе навіны →