Эканоміка1010

Танней, чым на Ждановічах: што і як выгадна купіць на рынку Гаруны пад Вільняй

Найбуйнейшы рэчавы рынак Прыбалтыкі, Гаруны (па-літоўску Гарунай), што пад Вільняй, прачынаецца з першымі промнямі сонца. Штодзень, апроч панядзелка, тут ад досвітку пачынаюць працу тысячы прадаўцоў.

На наступны дзень іх тавар з’явіцца на прылаўках крамаў іншых літоўскіх прадпрымальнікаў. Зрэшты, купцоў шмат і з-за мяжы. Аўто з беларускімі, латвійскімі ці нават эстонскімі нумарамі — не рэдкасць. Шоп-туры прыязджаюць нават са Скандынавіі. Ці акупляе сябе паездка ў Гарунай?

Крама на колах

Ужо а 6-й раніцы складана знайсці свабоднае месца на паркоўцы.
Аб’язджаю рынак з адваротнага боку, тут вольных месцаў больш. Але трэба быць асцярожным, каб не заняць «чужое» месца. «Вы будзеце тут гандляваць?» — адразу падыходзіць да мяне жанчына. «Не…» — «Тады ад’едзьце назад, каб быў падыход да нашай машыны, я буду тут тавар раскладваць». Яна з мужам прыехала з Алітуса, што за 100 км ад Вільні. Столькі ж ехаць ад яе дома да Польшчы. Стары «Фальксваген» даверху забіты пральнымі парашкамі.
Напрыклад, 4,8-кілаграмовы «Персіл» можна набыць за 100 тысяч рублёў — знайдзіце такія цэны ў Беларусі.
Яшчэ некалькі гадзінаў таму прадаўцы закупляліся ім у польскіх супермаркетах на мяжы, а цяпер перапрадаюць тавар з невялікай накруткай. Выходзіць усё адно танней, чым у віленскіх гіпермаркетах.

На стаянцы штодня сотні прадаўцоў вядуць гандаль проста з багажнікаў машын: нехта прадае канцылярскія тавары, нехта — гарбату і каву.
У Беларусі такіх імправізаваных рынкаў, бадай, не засталося. А вось у Гарунах такая форма гандлю цалкам законная.

Кітай ці Польшча?

Чаго на рынку мала, дык гэта заатавараў, а таксама свежай садавіны і гародніны. Прадаўцы раяць звяртацца на іншы віленскі кірмаш, Кальварыйскі.

Затое ў Гарунах шмат адзення.

Беларус, які прывык закупляцца на мінскіх Ждановічах, будзе ў захапленні. Асартымент пад Вільняй такі самы ці нават большы, затое цэны нашмат меншыя. Розніца нават у два разы!
Напрыклад, мужчынская зімовая куртка каштуе 300—500 тысяч рублёў. Можна яшчэ і патаргавацца…

На суседнім прылаўку раскладзеныя акуратна пашытыя красоўкі. «Колькі каштуюць?» — «50 літаў». Гэта каля 150 тысяч рублёў. «Не парвуцца пасля першай прабежкі?» — «Ты што, гэта ж фірмовае, з-пад Варшавы». У адрозненне ад Ждановічаў, на Гарунах прадаецца больш польскага адзення і абутку. Ці лічыць яго больш якасным у параўнанні з кітайскімі ці турэцкімі аналагамі? Раз на раз не прыпадае, прызнаюцца прадаўцы, але раяць купляць менавіта польскае. «А не спрабавалі беларускае адзенне ў сябе на кропцы прадаваць?» Гандляры глядзяць вырачанымі вачыма, нібыта на вар’ята.

Эвалюцыя рынку

Як і ў Беларусі, гарадскія ўлады і гаспадары рынку спрабуюць зрабіць гандаль «больш цывілізаваным». Іншымі словамі, перацягнуць прадаўцоў з намётаў пад дах. За месца ў ангарах можна браць большую арэндную плату.

Спачатку гаспадары Гаруноў збудавалі чатыры вялікія «тэматычныя» ангары. Напрыклад, у адным з іх прадаюцца аўтамабільныя тавары, у другім садовая тэхніка.

Праўда, даверу да такіх збудаванняў у прадаўцоў няма. Год таму адзін такі ангар цалкам згарэў, разам з усім пакінутым на ноч таварам. Прадпрымальнікам давялося пачынаць свой бізнэс з нуля.

Цяпер патроху запаўняецца прадаўцамі яшчэ большае памяшканне, гіганцкі трохпавярховы комплекс. Ён нагадвае мінскі «Імпульс» каля Камароўскага рынку. Ужо цяпер праштурхнуцца ў праходах між шклянымі павільёнамі складана, а свабоднай стаіць яшчэ з палову будынка.

Беларусы скупляюць гуму

Праз дарогу ад рэчавага кірмашу знаходзіцца вялікі аўтарынак. З увядзеннем вялікіх мытаў на увоз машын у Беларусь перагоншчыкі саступілі месца прадаўцам запчастак, расходнікаў і аксесуараў. Ехаць спецыяльна для таго, каб набыць масла ці фільтры, немэтазгодна. Напрыклад, эканомія на куплі пяцілітровай упакоўкі маторнага масла Elf склала ўсяго 20 тысяч рублёў, на масляным фільтры — каля 10 тысяч.

Але па б/у запчасткі ці гуму заехаць у Гаруны варта.
Камплект з чатырох б/у-колаў памеру R15 вядомага еўрапейскага брэнда можа абысціся ў $100. Але найбольшая эканомія дасягаецца пры куплі новай гумы вялікага памеру. У параўнанні з мінскімі цэнамі на кожным коле можна ашчадзіць да $50. На месцы працуе і шынамантаж, каб хуценька перакінуць гуму.

Недапрацаваны сэрвіс

Чаго Гарунам не стае, дык гэта дадатковага сэрвісу. Калі хочацца пад’есці, дык толькі стоячы, а ў меню — хот-дог і шаурма. Паклапаціцеся загадзя і пра патрэбную валюту.

Банкамат на шляху мне сустрэўся толькі адзін, абменнікаў больш, але курс на іх нявыгадны.

Зрэшты, пры вялікай куплі можна ўгаварыць прадаўца прыняць еўра ці, у крайнім выпадку, даляры. А вось на чэкі ці выпісаныя квітанцыі для атрымання TaxFree лепш не спадзявацца. Да таго ўзроўню развіцця рынак у Гарунах яшчэ не дайшоў.

Што скупляюць беларусы?

Упакоўка молатай кавы — 28 000 рублёў за 0,5 кг.

Пральны парашок Percil — 100 000 за 4,8 кг.

Туалетная папера — 25 000 рублёў за 16 двухслойных рулонаў.

Кітайскія джынсы — ад 65 000 рублёў.

Кітайская танная тэхніка (прасы/фены і г.д) — ад 40 000 рублёў за штуку.

Даведка. Рынак Гарунай

Час працы: 6.00—14.00 (апроч панядзелка).

Адрас: Вільня, вул. Гаруну, 68.

Шлях з Беларусі: ад пераходу «Каменны Лог» ехаць проста, нікуды не зварочваць, аж да самога рынку.

Каментары10

Цяпер чытаюць

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала14

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Усе навіны →
Усе навіны

«Нам людзі патрэбныя, і пажадана з Узбекістана». Лукашэнка запрасіў узбекаў масава ехаць у Беларусь23

У Гродне насмерць засыпала зямлёй кіраўніка будаўнічай фірмы3

Кіраўнік МЗС Літвы: Палітыка ў дачыненні да Беларусі мяняцца не будзе, змены толькі ў фармулёўках4

Мінздароўя прыпыніла працу буйнога прыватнага медцэнтра «Лазар» у Баранавічах3

Цэны на малочнае ў свеце зніжаюцца3

У Магілёве зваршчык загінуў, захацеўшы спусціцца на грузавым ліфце

У які час найбольшая рызыка нарвацца на кляшча?

У Гродне на беразе Нёмана знайшлі труп без галавы2

Стартап з беларускімі каранямі распрацаваў ШІ-інструмент для праграмавання

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала14

Беларусаў па вяртанні дамоў на мяжы ўсё часцей раздзяваюць дагала

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць