Архіў

АБ УСІМ ПАТРОХУ

№ 43 (200), 23 — 30 кастрычніка 2000 г.


 АБ УСІМ ПАТРОХУ


 

спорт

 

Пераможцы з-над Прыпяці

 

Мазырская «Славія» за тры туры да заканчэньня чэмпіянату Беларусі па футболе становіцца ўладальніцай залатых мэдалёў

 

Ад самага пачатку сэзону акрэсьліліся дзьве заяўкі на чэмпіёнства – ад менскага «Дынама» ды мазырскай «Славіі».

Увесну менчукі апярэджвалі «Славію». Улетку, пасьля ад’езду ў кіпрскую «Саламіну» галоўнага «забівалы» менчукоў — Аляксандра Вяжэвіча – іхныя справы пайшлі горай… «Славія» пачала адрывацца ад супернікаў. І тут – дзіўная мэтамарфоза ля штурвалу мазырскага клюбу. Каманда ідзе ў першым радку турнірнай табліцы, ня мае ніводнай паразы, і раптам — зьмена галоўнага трэнэра. Замест Аляксандра Кузьняцова ля руля «Славіі» стаў югаслаў Улада Пэтравіч, які дапамагаў Вуядзіну Божкаву рыхтаваць зборную Югаславіі да EURO’2000. Адразу ж са зьменай рулявога «Славія» пачала губляць ачкі, і ў апошнім туры першага кругу дома саступіла 0:1 менскім «дынамаўцам», якія ўжо дыхалі мазырчукам у сьпіну…

Аднак, відаць, у перапынку між фазамі чэмпіянату югаслаўскі трэнэр знайшоў паразуменьне з камандай. «Славія» не давала менчукам шанцаў наблізіцца да сябе, здабываючы перамогу за перамогай.

19 кастрычніка. 27-ы тур чэмпіянату. Менскае «Дынама» едзе на гульню ў Барысаў да леташняга пераможцы першынства – «БАТЭ», які зараз на трэцяй пазыцыі. Вельмі цяжкая гульня, улічваючы станоўчы для барысаўцаў балянс апошніх гульняў паміж супернікамі. «Славія» дома мае толькі адно пытаньне ў сустрэчы зь «Лідай»: колькі закаціць беднаму аўтсайдэру са сталіцы беларускага піваварства?.. І сапраўды: у той гульні на берагох Прыпяці ў гаспадароў не было праблемаў — 5:0! Праблемы былі ў менскага «Дынама» ў Барысаве. «БАТЭ» вырашыў дапамагчы «Славіі» ды заадно пакінуць сабе шанец на срэбра – 3:1 – вікторыя «жоўта-сініх», якой больш радаваліся не ў Барысаве, а ў Мазыры. «Славія» стала недасягальнай для «Дынама». Мазырчукі робяць у гэтым сэзоне дубль – да выйгранага Кубку Беларусі дадаецца цяпер першае месца ў чэмпіянаце. А менчукам яшчэ трэба абараніць сваё срэбра: «БАТЭ» ня траціць надзеі вырвацца на фінішнай прамой з-за сьпіны дружыны Паўла Раднёнка ды ўскочыць у другі вагон беларускага футбольнага цягніка.

Богусь Біятлянёнак


 

ДзяржУрнаЛіст

Таварыш Екель, старшыня Беларускага саюзу журналістаў, напярэдадні чарговага зьезду сваёй арганізацыі даў інтэрвію БелТА, дзе заявіў, што "журналісты павінны служыць інтарэсам дзяржавы, у гэтыя нялёгкія часы станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці і новай эканомікі працаваць на стварэньне, а не на разбурэньне, як гэта робяць прадстаўнікі выданьняў, якія называюць сябе незалежнымі".

Калі б не апошнія словы, дык можна было засумнявацца: а мо гэтая старая цытата з таго, што Леанід Екель казаў у брэжнеўскія часы, калі было "ўсё для чалавека, усё ў імя чалавека", ды ўсе ведалі гэтага чалавека.

Нечакана тав.Екеля падтрымаў таварыш Лукашэнка. У віншаваньні дзясятаму зьезду дзяржурналістаў ён напісаў: "На жаль, усё часьцей праяўляецца трывожная тэндэнцыя сучаснасьці - адыход ад чалавека. Так здараецца, што на зломе эпохаў адбываецца пераацэнка духоўнае спадчыны, падвяргаецца сумненьню тое, што зьяўляецца ўнікальным набыткам нацыі".

Хто ў нас унікальны набытак нацыі, напэўна, таксама ўсе ведаюць. Таму, таварышы дзяржаўныя УрнаЛісты, трымайцеся яго, не адыходзьце!

Зьміцер Калярадзкі


 

Ды-джэі Адраджэньня

16 кастрычніка ў Менску стартавалі Трэція курсы ды-джэяў Адраджэньня. Падрыхтоўку ўнівэрсальных спэцыялістаў у сфэры шоў, PR, інфармацыйных тэхналёгіяў, крэатыву й грамадзкага лідэрства сярод падлеткаў і моладзі ажыцьцяўляюць цягам 3-х месяцаў на панядзелкавых сэмінарах трэнэры з Маладога Фронту, “Маладога Адраджэньня” і ЗБМ “Эўрапейскі шлях”.

Рэйтынгі, выпрабаваньні, адмысловыя заданьні й інтэрактыўны рэжым заняткаў дазваляюць вылучыць сярод удзельнікаў групу лепшых, якія ў выніку й атрымліваюць адмысловыя сэртыфікаты DJ Адраджэньня, пэрспэктыву працы ў грамадзкім сэктары Беларусі й магчымасьць палітычнае кар’еры.

Першыя два выпускі “духовага спэцназу”, як называюць DJ-яў самі арганізатары праекту, сталіся сапраўдным фурорам у беларускім моладзевым руху. У ліку дыплямаваных DJ-яў Адраджэньня апынуліся і вундэркінды-праграмайстры, і паліглёты, і пераможцы рэспубліканскіх вучнёўскіх алімпіядаў, і таленавітыя маладыя мастакі, музыкі, журналісты. Сёньня палова DJ-яў — у кіраўніцтве Маладога Фронту й шэрагу грамадзкіх ініцыятываў.

Уваход на курсы вольны. Кантактныя тэлефоны: 245-97-54, 284-50-12 (Павал).

Малады Фронт


 

Майстэрства трох Інструмэнтаў

Пазаўчора ў Менску ладзілася першае нацыянальнае сьвята-конкурс выцінанкі “Ажурныя фантазіі”. Усяго на фэстываль прыехалі 45 чалавек, найбольш зь Віцебшчыны й Меншчыны. На фэстывалі прысутнічалі й “вэтэраны” выцінанкі, сярод якіх Вячаслаў Дубінка – ён раздаваў пасьлядоўнікам аўтографы на выдадзеным гэтымі днямі шыкоўным альбоме сваіх найлепшых работ.

Па заканчэньні конкурсу прафэсіяналаў адбылося спаборніцтва аматараў, што даводзіць – выцінаньнікам можа стаць кожны, для гэта патрэбны ўсяго толькі тры інструмэнты — папера, нажніцы й фантазія.

Віктар Мухін


Каментары

Цяпер чытаюць

Мінгарвыканкам пра вулічнае асвятленне: Гэта была разавая акцыя. Сёння ўключаць а 18-й13

Мінгарвыканкам пра вулічнае асвятленне: Гэта была разавая акцыя. Сёння ўключаць а 18-й

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія ваенкары скардзяцца на закрыццё сувязі праз Starlink. Паўздзейнічалі ўкраінскія контрмеры?2

Беларус параўнаў цану на айчынныя яблыкі і кітайскае памела. Розніца здзівіла3

Прызналі «экстрэмісцкай» зваротную сувязь з Чалым4

Ці можна вярнуцца ў дэкрэт, калі жанчына з яго выйшла?

Мінск у сераду вечарам пагрузіўся ў цемру. Пасля загаду Лукашэнкі61

Павышэнне камуналкі перанеслі на 1 сакавіка4

Шуневіч: Першы сезон палявання на рысяў скончыўся поўным правалам11

Мерц паехаў на Блізкі Усход шукаць альтэрнатыву амерыканскаму газу2

Міністр заклікаў бухгалтарак да супраціву начальнікам3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінгарвыканкам пра вулічнае асвятленне: Гэта была разавая акцыя. Сёння ўключаць а 18-й13

Мінгарвыканкам пра вулічнае асвятленне: Гэта была разавая акцыя. Сёння ўключаць а 18-й

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць