Архіў

Юры Сьвірко. Шаўцы бяз ботаў, або Хлеб з разынкамі

№ 09 (218), 26 лютага — 5 сакавіка 2001 г.


 Юры Сьвірко

Шаўцы бяз ботаў, або Хлеб з разынкамі

эсэ

 

Дзе можна ў Менску перасекчыся з двума жывымі клясыкамі? Вядома, на скрыжаваньні двух клясыкаў памерлых – на рагу Маркса ды Леніна. Вось і я, шпацыруючы былою Францішканскаю-Губэрнатарскаю, каля крамы з дагэтуль загадкавым для мяне назовам “Белсаюздрук” пабачыў “Вольва” – машыну тае маркі, што найбольш падабалася мне, покуль яе не ўпадабаў Ціцянкоў. Ейны бел-чырвона-белы нумар пачынаўся з нуля і сканчаўся літарамі “МІ”. Верная прыкмета машыны з экс-ціцянкоўскага гаража.

Неўзабаве з газэтнае крамы, у нейкім агромністым спартовым касьцюме, выйшаў гаспадар аўто.

— Добры дзень, Паўле Ізотавічу! — сказаў я яму.

Павал Ізотавіч, нібы застуканы на месцы злачынства, асьцярожна павітаўся і, быццам апраўдваючыся, сказаў: “Я ўвогуле ў адпачынку, але даводзіцца па розных шапіках газэту шукаць. Не паверыш — нідзе няма!!! А там сёньня артыкул Каці Пранік выходзіць...”.

— А яна што – не ў адпачынку? – нахабна спытаўся я.

На што атрымаў прапанову зайсьці да Паўла Ізотавіча ў Дом прэсы дзён празь дзесяць, калі ягоны адпачынак скончыцца.

Неяк я туды ўжо заходзіў. Год таму спадар Павал вырашыў пажартаваць ды прапанаваў мне напісаць артыкул у ягоную “салідную газэту”. А я чалавек сур’ёзны: прапанавалі – напісаў. Ня тое каб мне вельмі хацелася ўбачыць сваё прозьвішча на ейных бачынах. Хутчэй наадварот. Але бываюць хвіліны, калі адчуваеш, што выконваеш нейкую місію — скажам, кансультацыйна-назіральную. Мая калега Марына падаравала мне цудоўны загаловак – “Прывітаньне з Фрыдрыхштрасэ. Зь Менску”, – і я вырашыў публічна паскардзіцца, што ў 2000 годзе вымушаны хадзіць па вуліцы імя Энгельса. Публічнасьць атрымалася на славу, бо наклад газэты складаў тады паўмільёна асобнікаў. І я нават цяпер не шкадую, што столькі народу менавіта ад мяне даведалася першыя, гістарычныя назвы ўсяе цэнтральнае часткі Менску.

Аднак яшчэ ніхто з рэдактараў ня зьдзекваўся зь мяне так, як Павал Ізотавіч. Месяцы тры ён думаў, ці друкаваць мой опус у сваёй “саліднай газэце”. А пасьля згубіў рукапіс. Добра, што я меў копію (якую, паміж намі, прапанаваў у часе тых ваганьняў газэце “Вечерний Минск”, чый рэдактар адмовіўся надрукаваць гэты матэрыял як антысавецкі). Забыўшыся на фанабэрыю, я ізноў прывёз у “салідную газэту” свой опус, і ён нарэшце пабачыў сьвет. Кансультацыйна-назіральная місія мая скончылася.

А тут нейкі цьмяны ўступ да – мажліва – новай прапановы! Дый дзе? На рагу ўсё тых жа вечна жывых Леніна й Карла Маркса. На скрыжаваньні тысячагодзьдзяў!

“Калі ж гэта ўсё скончыцца?” – думаў я, стоячы каля літаратурнага музэю Петруся Броўкі з шыльдай “ГОМ Ленинского РОВД”.

Гарадзкі аддзел міліцыі значыць. Трэ было б неяк інтэграваць гэтых “гомікаў” з амонаўцамі, абы добрае слова стварыць – ГАМОН!

Памятаю, як сюды, у гэты будынак, зацягнулі Віктара Ганчара – за “незаконную дзейнасьць незаконнага Цэнтравыбаркаму”. А Сямён Шарэцкі быў разам з намі, журналістамі, звонку ды спрабаваў трапіць у гэты ГОМ, але марна. Карцінкі мінулага стагодзьдзя...

Ад рэмінісцэнцыяў мяне адарваў іншы клясык, чыё імя супадае з назовам адной эгіпэцкай рачулкі. Клясыка я ведаю яшчэ зь Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, дзе ён ачольваў адну з камісіяў. Тады ён быў недаступны, нават непрыступны трыбун. А цяпер, як просты сьмяротны, зайшоў адразу за мной у краму “Консул”. Ды нават стаў пасьля мяне ў чаргу.

Але ж як стаў! Ён напіраў на мяне ўсім сваім целам, усім ростам, хаця я сам не такі ўжо й дробны. Я моўчкі адсоўваўся, а ён працягваў наступ, хаця месца навокал было дастаткова. Не люблю савецкіх людзей, тым больш калі яны ледзь ня штурмам уваходзяць у маю асабістую прастору.

Я не хацеў рабіць клясыку нейкую заўвагу, таму проста выйшаў з чаргі – ня вытрымаўшы націску, стаў паасобку. Прадаўшчыца тым часам гучна запытала: “Что следующему?” Я папрасіў свае “малако і сайку”, расплаціўся... І раптам пачуў, як клясык, трыбун, народны паэт, змагар за родную мову распытвае тую ж прадавачку: “А это мой любимый хлеб с изюмом? Ну тогда давайте. И еще две пачки творогу. Сколько-сколько?”.

Эх, “хлеб з разынкамі” — “хлеб с резинками”, незразумелы гандляркам...

Я ў той дзень пазбавіўся яшчэ адной ілюзіі, што нарадзілася ў мяне пры канцы васьмідзясятых, калі я ў Алма-Аце самастойна вывучаў беларускую мову.

Ілюзіі заўсёды зьнікаюць, сутыкаючыся з рэальнасьцю. З той рэальнасьцю, дзе рэдактар газэты ня мае сваёй газэты, а прапагандыст роднай мовы карыстаецца чужою. Дзе ўсе мы, беларусы, як шаўцы бяз ботаў. А калі цалкам шчыра – мажліва, ужо сапожнікі?


Каментары

Цяпер чытаюць

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць21

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Усе навіны →
Усе навіны

Каля тысячы турыстаў загінулі ці зніклі без вестак у Непале і Кітаі пасля катастрафічных паводак2

«Не магу вызваліць палітзняволеных, але магу палепшыць жыццё аднаго чалавека». Беларуска расказала, як стала прыёмнай маці

Пенсіянерка распавяла, як пад відам супрацоўнікаў райвыканкама яе ледзь не аблапошылі махляры5

Кіраўнік ЦРУ прылятаў у Маскву, каб папярэдзіць Расію аб недапушчальнасці атакі на краіны Балтыі — Politico23

Сель у Непале і Тыбеце: каля 1500 чалавек загінулі ці зніклі. Большасць з іх — турысты, сярод іх 53 украінцы1

У свеце ёсць медуза, якая можа жыць вечна2

Не атрымліваецца заснуць? Дапамагчы можа перасадка калу4

У Нясвіжскім замку для турыстаў адкрылі падземныя хады і бастыёны1

У Жлобінскім раёне пасябравалі свойскі конь і дзікі алень ФОТЫ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць21

«На такую х**ню павялася». Расіянка прыехала з Сібіры ў Беларусь і цяпер з мацюкамі расказвае, як тут складана жыць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць