Архіў

Сяргей Балахонаў. Сучасныя сагі

№ 33 (242), 13 жніўня 2001 г.


 Сяргей Балахонаў

Сучасныя сагі

 

Блакітная бездань

У аднаго хлапца бацькі зьехалі на лецішча, і ён запрасіў да сябе сябра зь сяброўкаю, каб гульнуць на вольнай “хаце”. Яны набылі ў цыганоў сушанае канаплі, накруцілі зь яе цыгарак, схавалі ў пачак ад “Астры” й выправіліся ў “начнік” па піва. Зайшоўшы зь півам у кватэру, яны пабачылі бацьку хлапца, які вярнуўся з паўдарогі — забыўся цыгарэты... Ён сядзеў у майтках і масцы для падводнага плаваньня пасярод залі й глядзеў па тэлевізары “Le grand Bleu” з Жанам Рэно. Пачак быў пусты.

У беларусаў ёсьць прымаўка: “Выскачыў, як Піліп з канапель”, над якой этымолягі доўгі час ламаюць сабе галовы. Сьведчыць яна, відаць, пра магутную гістарычную традыцыю ўжываньня гэтага прадукту.

 

Княская грыдніца

Адзін дальнабойнік вяртаўся з Масквы ў Глыбокае, адвёз туды машыну глыбоцкае згушчонкі і цяпер ехаў назад пусты. Ён так сьпяшаўся, што нават у Полацку не спыніўся, каб падсілкавацца. Але ўжо кілямэтраў праз дваццаць кішкі пачало зусім зводзіць ад голаду. Шафёр пабачыў пры дарозе кавярню “Княская грыдніца” і спыніўся. Там яму запрапанавалі юшку з курыцаю, сьвіныя каўбаскі з бульбай і грыбамі, запечаныя ў гаршку, лусьцікі з ракавым маслам, халодны журавінавы кісель з шафраннай булкай на заедак. Стравы былі выкшталцоныя, а цана памяркоўная. Падзякаваўшы гаспадарам, сыты ды ўсьцешаны дальнабойнік паехаў далей. Ніхто ягоным расповедам пра файную дарожную кавярню веры ня даў. Едучы наступным рэйсам у Расею, зьбянтэжаны кіроўца ня здолеў знайсьці ўпадабанае “Княскае грыдніцы”...

Сюжэт сустракаецца і ў іншых народаў. Вандроўнікі заўжды імкнуліся ўпрыгожыць расповеды пра свае падарожжы драбніцай фантазіі.

 

Паляўнічы ты мой...

Адзін паляўнічы з Касьцюковічаў, літаральна “завернуты” на традыцыях і звычаях паляваньня, адным пекным ранкам замест лася застрэліў каня, што зблудзіў у лесе. Ад перажываньняў з нагоды такое прыкрае няўдаліцы, якая пусьціла б яго на кпіны людзкія ды зьняважыла яго як паляўнічага, дзядзька вырашыў паквітацца з сабою ліхою квітаю. Ён застрэліўся ў самым гушчары.

Байка пра надмерны гонар і залежнасьць ад таго, “што людзі скажуць”. Хто-ніхто заміж сланоў усё жыцьцё забівае мухаў, і пра самагубства ня думае.

 

Ківач фізыкесы

Адна старая настаўніца фізыкі, лежачы ў больніцы, трымала ў сябе на тумбачцы мэтраном, які ўвесь час стукаў. Суседкі па палаце лічылі гэта старэчым маразмам, а адна нават сказала тое настаўніцы ў вочы. Яна прамаўчала, але калі адчула, што памірае, сказала нядобразычліўцы: “Я канаю, але й ты таксама памрэш, ледзьве спыніцца гэты ківач”. Тая паблажліва хітнула галавою, ідучы на перавязку пасьля выдаленьня скулы. Перавязны пакой быў на паверх вышэй, і жанчына, падымаючыся па прыступках, пасьлізнулася ды скацілася долу, скруціўшы галаву. Пазьней высьветлілася, што акурат у той час санітарка спыніла мэтраном памерлай настаўніцы.

Перадсьмяротны праклён здаўна лічыўся самым моцным. Гэта сага пра наканаванасьць, страх сьмерці і пра павагу да старых людзей.

Сяргей Балахонаў


Каментары

Цяпер чытаюць

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу6

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі паставіліся да амерыканскага папярэджання пра магчымы тэракт у Маскве сур'ёзна3

УСУ ўдарылі па вытворцы ракетнага паліва ў Растоўскай вобласці1

«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск18

Шмат гадоў футбольную «Іслач» на матчах падтрымліваў «люты баяніст». Куды ён дзеўся цяпер?2

«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі3

У Мінску пара ў прымерачных кабінках мяняла старыя адзенне і абутак на новыя

«Вы васал Масквы». Беларусь перастаюць бачыць асобна ад Расіі58

Пасольства ЗША ў Маскве папярэдзіла пра пагрозу тэракта ў адным з расійскіх музеяў. Так было і перад «Крокусам»3

«Дык якія ж вялікія ў вас шляхцічы былі!» Прэм'ер Ірландыі пажартаваў, прымаючы ад Ціханоўскай слуцкі пояс14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу6

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць