Народжаныя ў свабодзе
каляндар «НН»
Мінулы год “Наша Ніва” часта пісала пра сьмерць, пахаваньні і магілы. Так склалася аб’ектыўна. Імкнучыся вычуваць кантэкст часу і роднае культуры ў ім, ня можаш не разважаць пра найважнейшыя здарэньні ў нас і ў сьвеце. Гэтыя здарэньні на працягу 2001 г. і дыктавалі нам тэмы. У Менску памерла найстарэйшая гарадзкая вуліца — Замкавая. Памёр пісьменьнік, аўтар “Чужой Бацькаўшчыны” Вячаслаў Адамчык... Памёр кумір гіпі Кен Кізі... Памёр музыка экс-Beatles Джордж Гарысан... Пасажыры скрадзеных тэрарыстамі амэрыканскіх боінгаў шукалі апошняе чароўнае слова, якое б іх уратавала... Мастак і этнограф Дзяніс Раманюк знайшоў у Беларусі ўнікальныя дзіцячыя пахаваньні, што рабіліся ў нас у ХХ ст., а па ўсім сьвеце — на мяжы каменнага і бронзавага вякоў. У Вільні адшукалася дакладнае месца пахаваньня Кастуся Каліноўскага... Хіба не аб’ектыўны зьбег абставінаў зноў і зноў павяртаў да тэмы сьмерці? Урэшце і сам гэты Новы год некаторыя з нас адзначалі на могілках — у Курапатах. Мала хто са сьведамых беларусаў не згадае пра іх у сьвяточную ноч. Злом эпохаў, а для нас яшчэ й злом сацыяльных, эканамічных, сьветапоглядных фармацыяў, паміраньне чалавека ХХ ст. зь ягонымі стэрэатыпамі — усё гэта вялікія адзнакі сёньняшняй зьмены гадоў. І ў гэтым найпершая прычына таго, чаму так шмат гаварылася пра сьмерць у 2001-м. Аднак усякі канец ёсьць пачаткам іншага. Вось чаму, раскрываючы загадкі магіл і заўчасных сьмерцяў, мы як ніколі шмат гаварылі менавіта пра нараджэньне, пра будучыню, зашыфраваную ў былым.
Мне згадваюцца савецкія навагоднія паштоўкі з тагачаснай сьвяточнай сымболікай. Год мінулы ў выглядзе старога Дзеда Мароза і год наступны — у выглядзе малога, апранутага ў дзедмарозаўскі жупан. Стары прыводзіў да нас малога, нібы перадаваў эстафэту, або, па-багушэвіцку, штахвэт. І тады часьцяком у дзіцячай душы нараджалася пытаньне: стары дзед прывез са сваёй Лапляндыі хлопчыка, які, у сваю чаргу, праз год стане такім самым дзедам (пра што будзе сьведчыць тая самая лічба на ягоным жупане) і прывядзе нам новага хлопчыка з наступнай лічбай, і так будзе паўтарацца бясконца. Тое, што хлопчык — гэта Новы год, зразумела. Але куды кожнага разу дзяюцца старыя? Паміраюць? Ці, можа, растаюць? Адказу не было.
Між тым, у гэтай казцы можна разгледзець зусім хрысьціянскія алегорыі. Стары Дзед Мароз насамрэч уваскрос у новым. Сьмерцю сьмерць зваяваў. Борхес мог бы параўнаць іх з чарговымі нумарамі аднаго часопісу, бо казаў, што жыцьцё — ня вечнае і не канечнае, а пэрыядычнае.
У 2001 г. споўнілася 150 гадоў з дня нараджэньня Янкі Лучыны. На старонках “НН” мы спрабавалі разгадаць таямніцы жыцьця і творчасьці паэта.
Па сканчэньні вышэйшае навукі ў Пецярбургу Лучына спрабаваў уладкавацца на працу ў родным Менску, але яго скіравалі ў далёкі Тыфліс. Рэч у тым, што ягоны бацька быў пад наглядам паліцыі. Неўзабаве Лучына вяртаецца ў Менск на пабыўку і тут на ганку гарадзкога тэатру яго раптам разьбівае паралюш. Натуральна, у Тыфліс ён ужо не вярнуўся. Рэшту жыцьця пражыў у Менску на мыліцах, але пры тым надта любіў выяжджаць на паляваньні. Усе гэтыя абставіны далі нам магчымасьць дапусьціць, што Лучына сымуляваў хваробу.
Яшчэ адно важнае адкрыцьцё чакала нас у паэзіі Лучыны. Гаворка ідзе пра плач. Той самы плач па страчаным, забраным краі, нішчымным, бедным і цёмным, які насамрэч быў плачам паэта-шляхціца па адабранай маёмасьці. Наступнікі Лучыны працягнулі гэтае рыданьне, хаваючы яго ў бядотныя сцэны беларускага жыцьця, у шэрыя ды ўбогія краявіды, хоць насамрэч гэта была рэакцыя на ўласнае сацыяльнае паніжэньне. Гэты плач прайшоў праз усё ХХ ст. Ён страціў свой першаматыў і камуфляваўся пад самыя розныя, ужо сацрэалістычныя вобразы. Да нашага часу ён дакалываў у выглядзе плачу па роднай мове і незалежнасьці. І вось акурат у 2001 г. адбылася ня дужа заўважная, але надта істотная перамена інтанацыі. Загаварылі пра тое, што мова нікуды ня дзенецца і незалежнасьць далёка ня страчаная. І што ня плакаць над імі трэба, а мацаваць іхныя пазыцыі. Можа, найбольш выразна з прадстаўнічае публікі сказаў пра гэта нядаўна старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Нарэшце, трэці важны момант. Лучына — найбольш значны дзяяч беларускай культуры — мянчук. У ХІХ ст. ён стаў сапраўдным і ўнікальным культурным героем цяперашняе сталіцы.
Які ж будзе наступны 2002 г.? Чыім імем мы назавем яго? Калі кіравацца лёгікай клясычнага юбілею, дата мусіць быць кратная 25 гадам. Юбілеяў дастаткова: 25 гадоў таму паляцеў у космас Кавалёнак. 50 гадоў таму нарадзіўся Юры Захаранка. 75 гадоў назад пачаў выходзіць самы беларускі і самы літаратурны за савецкім часам часопіс “Узвышша”, у Заходняй Беларусі адбыўся Косаўскі расстрэл, на сьвет зьявіліся Алесь Адамовіч і Вітаўт Кіпель. 125 гадоў споўніцца адраджэнцу-кампазытару Антону Грыневічу, столькі ж — прэзыдэнту БНР Васілю Захарку. 150 гадоў таму ў Менску паставілі першую беларускую опэру “Сялянка”. 175 гадоў таму нарадзіліся паўстанцы Аляксандар Далеўскі і Якуб Гейштар. І вось цяпер — імя, бадай, найбольш важкае і сваім значэньнем, і датай, каб стаць імем году. У ліпені споўніцца 200 гадоў як нарадзіўся Ігнат Дамейка, філямат і паўстанец, вучоны з сусьветным імем. Лёс ягоны дастаткова тыповы для тагачасных беларускіх патрыётаў. Удзельнікі вызвольнага руху супраць расейскае акупацыі ўцякалі ад рэпрэсіяў па ўсім сьвеце і рабіліся першапраходцамі ў розных краёх, аддаючы свой розум іншым народам. Беларус Дамейка вывучаў чылійскую зямлю і меў у гэтай справе вялікія посьпехі. Ягоным імем названыя мінэралы, кветкі, горны хрыбет у Андах, мястэчка ў Чылі, вуліцы ў Сант’яга ды іншых тамтэйшых гарадах. А чылійскі ўрад назваў гэтага ў сябе на радзіме “государственного преступника” нацыянальным героем сваёй краіны.
У коле сваякоў ды знаёмцаў можна зладзіць такі экспэрымэнт. Пачытайце прысутным які-небудзь беларускі вершык Янкі Лучыны. Вы пабачыце, што асабліва старэйшыя векам людзі адрэагуюць на яго зь цеплынёю. Гэта наша, беларускае, такое, як песьні, што мы часам зацягваем у часе застольля. Палітычныя ды нацыяналістычныя спрэчкі тут недарэчы. На выгляд недасканалы вершык прамаўляе проста да сэрца. Калі ж вы возьмеце штосьці з сучаснага прыгожага пісьменства — бясспрэчна, больш літаратурнага, прафэсійнага і дасканалага ў словах, вобразах і рыфмах — эфэкт будзе ня той. Менавіта тут зьявіцца момант таго балеснага адчужэньня ад роднае мовы і распаляцца спрэчкі пра палітыку. Мне даводзілася гуляць у такія гульні, і кожнага разу я пераконваўся, што беларускасьць беларусаў у ХХ стагодзьдзі праляцела міма іх на тым транзытным цягніку, на які яны ня тое што спазьніліся, але й не маглі ўскочыць. Затое стагодзьдзе ХІХ-е, да якога храналягічна можна залічыць і нашаніўцаў, як натуральны працяг Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Лучыны, сталася набыткам беларускае душы. У такога парадоксу шмат прычынаў, але вылучаецца сярод іх адна.
Паэт Іосіф Бродзкі ў сваім эсэ, прысьвечаным нябожчыкам-бацькам, дзякуе богу, што бацькі ягоныя нарадзіліся ў свабодзе, г.зн. да савецкага часу, а таксама за тое, што ім не ўдалося выхаваць яго, Бродзкага, несвабодным чалавекам. Гаворка тут ідзе пра ўсіх, хто меў дачыненьне да краіны саветаў. Гэта праблема свабоды і несвабоды. Калі ў 1906 г. вулічныя хлопцы-газэтчыкі вынесьлі на віленскую вуліцу першы нумар самай першай беларускай газэты, людзі абдымаліся і плакалі, упершыню чытаючы друкаваны тэкст на той самай мове, на якой яны гавораць і думаюць. Выходзіць, гэта былі яшчэ свабодныя людзі. І паміж імі і беларушчынай не было і не магло быць ніякага адчужэньня. Але пройдзе якіх дзесяць гадоў, і ўсё пераменіцца. Літаратурна дасканалая і прафэсійная беларушчына прыйдзе да іх ужо разам з паклёпамі, арыштамі, расстрэламі. Яна будзе праслаўляць новы прыгнёт, хлусьліва называючы яго свабодай. Усё перамяшаецца ў галовах. І новая творчасьць ня знойдзе месца ў душах, дзе застанецца як на сёньня, дык ужо генэтычная вернасьць спрадвечнаму, беларускаму, спазнанаму некалі ў свабодзе.
Сяргей Паўлоўскі
Каментары