Архіў

Юры Андруховіч. Канфэрансы

№ 6 (268), 8 лютага 2001 г.


Юры Андруховіч

Канфэрансы

Петрасаняк

У сваіх лістох у Зальцбург я пісаў пра яе ўсякія небыліцы, якія мяжуюць з праўдаю.

Я, да прыкладу, пісаў, што яна паходзіць з найдалейшай у сьвеце вёскі, вакол якой адно горы, а далей ужо толькі мядзьведзі й мяжа з Румыніяй, то бок з Трансыльваніяй, краінай вампіраў. Зрэшты, для вампіраў не існуе ўкраінска-румынскай мяжы. З гэтай прычыны людзі ў ейнай вёсцы паміраюць ад гарэлкі й ціхага зьнякроўленьня. Хоць сама яна лічыць, быццам гэта час спыніўся.

Я пісаў, што ў адной са сваіх шыфраграмаў яна раптам ужыла недвухсэнсоўны выраз “Мы перайшлі мяжу. Мы рвалі краскі ў чужых палёх”. Ці мелася на ўвазе менавіта румынская мяжа, я ня ведаю. Зрэшты, свайго часу яе бачылі таксама ў Празе, Вене, ня кажучы ўжо пра меншыя й найменшыя гарады старой Эўропы, дзе яна нібыта зарабляла сабе на вершы.

Я пісаў, што выпадкова ўбачыў у яе срэбным люстэрку. Гэта можа азначаць толькі адно — кантакты з аднарогам. Я пісаў, што ўсе мае спробы зазірнуць у ейнае люстэрка цераз плячо сканчаліся нічым, і гэта тым болей красамоўна.

Я таксама пісаў, што яе падарожжы ня маюць нейкага глыбейшага зьместу, апрача назіраньня за зьменай ляндшафту, але што можа быць глыбейшым? У сувязі з гэтым яна мусіць працаваць на чыюсьці выведку (найхутчэй — адразу на некалькі выведак альбо на ўсе бяз вынятку выведкі). Бо зьбіраньне інфармацыі пра ляндшафты ёсьць ці ня самым галоўным заняткам выведнікаў.

Я нават дазволіў сабе запытацца… Не, не пра гэта.

Я таксама пісаў пра самотнасьць, добрае віно, бэхераўку й баравічку, сьлівовіцу й Zwetschkenschnaps, пра ўрыўкі чужых моваў, пра поўдзень, дакладней — паўднёвы захад, схілы рэк, рэха дзён, храмы сноў, пра парк на схіле, пра, вядома ж, дрэвы, пра кожнае асобнае паркавае дрэва, пра верасьнёвы кайф у Станіславе, я да таго ж ані словам не згадаў пра музыкаў на Карлавым мосьце, як і пра ўдзячнасьць, дарэчнасьць, дакладнасьць, нагляднасьць, вышуканасьць, асацыятыўнасьць, сафійнасьць, сафічнасьць, арфічнасьць і мэтафарычнасьць усяго, на што ёй удаецца намякнуць.

Затое я з прыемнасьцю напісаў пра ейнае ліставаньне зь Ёзафам Ротам і Стэфанам Цвайгам, раптоўна абарванае зьяўленьнем Бруна Шульца. Хоць зь вядомых прычынаў усё-ткі закрэсьліў напісанае.

Але я не закрэсьліваў таго, што саму сябе яна неяк назвала “пералётным птахам”, чаго выявілася дастаткова для пачатку сьледчай справы пад грыфам “Rara Avis” — словазлучэньнем, якое не патрабуе перакладу з лаціны, асабліва сёньня.

У апошнім лісьце я толькі пацьвердзіў вэрсію пра тое, што насамрэч яна назаўсёды засталася ў школе дамініканак паблізу Вены. Сярод асаблівых прыкметаў: моліцца выключна па-ўкраінску сёстрам на дзіва.

І толькі мы з вамі будзем ведаць, што напраўду яна тут. Гэтая рэдкая птушка, гэтая Rara Avis, гэтая Галя Петрасаняк!

 

Саўка

Мар’яна Саўка — адна зь першых дзьвюх літараў у дзіўным словазлучэньні “ММЮННа — Туга”. На пачатку 90-х быў такі дзявочы атрад, львоўская гарадзкая партызанка. Імпэрыя завалілася, горад ляжаў у руінах, цемры, без вады, газу й паэзіі — ляжаў у чаканьні. Тады й зьявілася гэтая банда сырэн-пачатковак, і Мар’яна Саўка сярод іх, часам на чале. Часам нешта мела на чале.

О, яна ўмела ладзіць засады ў найцямнейшых падворках, сярод хломазду эпохаў, на ўсіх гэтых посткультурных сьметніках Львова, на ўсіх больш-менш прыдатных для сцэны ўзвышшах, сярод аблезлых аздобаў барока ды ржавых ракавінаў ракако. Напалоханыя мінакі абміналі такія падворкі дзясятаю дарогай: гэта было небясьпечна — ператварэньне дзяўчынкі ў жанчыну, жанчыны — у паэтку. Гэта магло скончыцца крывёю, гэта было паляваньне. Ці не таму яна абрала паляваньне?

Гэта былі ловы дрэнна замаскаваных пад сны пэйзажаў.

Яе тэксты візуальныя, гэта ў большай ступені візіі, чым гукі. Але гэта ня фільмы — хутчэй фатаздымкі, нават дагератыпы, унутраныя сполахі сьвятла, якое памірае, падмесячная статыка, тут не абышлося без караімаў, не абышлося без дэкадансу й добрага філялягічнага вышкалу. Адно звычайна суправаджае другое: усе дэкадэнты на дзіва добра вяршуюць, форма — апошні прытулак для роспачы, дакладны рытм — апошні шанец пазьбегнуць хаосу.

Яна лічыць іх малюнкамі на камені. Я сказаў бы — на парцэляне. У найлепшым выпадку — на скуры. Татуяваныя строфы як асабістая прыкмета злачынкі.

Але апошняе слова за імі, за строфамі — хай пакажуць сябе, хай яна пакажа іх.

 

Кіяноўская

Нейкая зь першых дзьвюх літар у дзіўным словазлучэньні “ММЮННа — Туга” — гэта таксама й яна, яе завуць Марыяна. Зрэшты, магчыма, менавіта яна ўвасабляе й другую частку гэтай агульнай назвы — Тугу.

Па-наскаму “туга” гучыць занадта паэтычна. Гэта найчасьцей ужыванае слова, і кожны паэт мусіў хоць раз яго вымавіць. Вершы ад гэтага здаюцца тужлівымі, а трэба, каб былі тужэйшымі. Паэзія зьяўляецца там, дзе ў матэрыю птахам улятае дух, а можа, адно ўсхліп.

Яна прыраўнавала паэзію да інкарнацыі. Пакуль ты жывеш недзе па-за целам, паэзія абыдзецца безь цябе. Напэўна, інкарнацыя — гэта спроба прывязацца да агнявога хваста паэзіі, да яе двухсечнага мяча. Паэзія цялесная, яна мае рукі, ногі, усе часткі цела, яна не павінна мець галавы, але яна мае голас.

Я гадамі марыў пра тое, каб Марыяна сьпявала джаз: у яе джазавы голас найгоршай у мястэчку вучаніцы, прагульніцы ўсіх на сьвеце ўрокаў і школаў — нібыта яна вечна паліла па пад’ездах і патаемных гарышчах. Нібыта ўся ейная родная Жоўква глядзела ёй усьлед і жоўкла ад жаху. Нібыта яна вечна імправізавала. У найгоршым выпадку — блюз. У найгоршым, бо там зашмат мэлянхоліі. Нібы тугі ва ўкраінскіх вершах.

Напраўду я ня меў рацыі, напраўду гэта зусім ня джаз, гэта іншыя трубы, гэта, магчыма, начныя херувімскія канцэрты. Гэта, магчыма, прарыў да самых таемных гарышчаў Львова ды Індыі — у тым сэнсе, што Львоў роўны сьвету, а Індыя — гэта іншая назва яго апошняй ваколіцы, Ultima Thule самых занядбаных львоўскіх ускраінаў. Гэта, вядома, мэтафара. Але й мэта.

Зрэшты, гаворка покуль не пра мэту — хутчэй пра мэтад. Гаворка пра голас. Я пэўны, вы яго пачуеце.

Пераклад з украінскай


Каментары

Цяпер чытаюць

Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах8

Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах

Усе навіны →
Усе навіны

З панядзелка пачне цяплець

Акунін расказаў, што неабходна, каб выжыць, калі ты застаўся ў кепскай краіне8

64‑гадовага віцэ-чэмпіёна па аўтаспорце кінулі ў калонію за палітыку. Арыштавалі пасля вяртання з-за мяжы3

Трамп паабяцаў Венгрыі росквіт, калі ва ўладзе застанецца Орбан22

Вэнс — Ірану: Не гуляйце з намі!6

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго8

Самая дзіўная выбарчая сістэма ў свеце. Пяць невідавочных рэчаў, якія важна ведаць пра выбары ў Венгрыі2

Студэнтку, якая раптоўна памерла ў польскай Лодзі, пахавалі ў Беларусі1

Яна баіцца толькі аднаго — што не хопіць часу. Старшыні Рады БНР Івонцы Сурвіле — 90 гадоў29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах8

Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць