Архіў

Барыс Тумар. Прорва

№ 9 (271), 1 сакавіка 2002 г.


дзяржаўны інтарэс

Прорва

Алімпіяда чарговы раз засьведчыла, што Беларусь ад Расеі аддзяляе прорва. І прорва гэтая — ня ў колькасьці мэдалёў.

Расея ў агульным алімпіядным заліку чацьвертая з 16 мэдалямі, побач з Аўстрыяй, а беларусы толькі ў другім дзясятку. Тым ня менш, мы з пакораю прынялі жорсткія меры МАКу да Паўловіч і Барычкі. А нізкая “прадукцыйнасьць” расейцаў справакавала скандалы і дэмаршы.

Вячэрнія Вести на РТР былі падобныя на паведамленьні з фронту. У студыю запрашалі далёкіх ад спорту палітыкаў і культурнікаў, якія кляймілі нячэсных судзьдзяў, МАК, ЗША і цэлы сьвет. Работнік эстрады Задорнаў проста ў студыі перакрэсьліў амэрыканскую візу. Дума ў пятніцу ўсё пасяджэньне прысьвяціла Алімпіядзе, загадаўшы расейскім алімпійцам разам зь беларусамі (!) пакінуць гульні. Дзякуй богу, што Пуцін “параіў” застацца. Толькі калі паўторны допінг-тэст пацьвердзіў, што расейскія лыжніцы ўжывалі дарбіпаэцін, аналяг эрытрапаэціну, прэпарат, які моцна падвышае колькасьць гемаглябіну ў крыві, расейская дэлегацыя зьвяла.

У Беларусі на гэтыя скандалы глядзелі з іроніяй і відавочна з пазыцыі “цывілізаванага сьвету”. Павал Якубовіч у калёнцы рэдактара Советской Белоруссии пакпіў з расейскай гістэрыі: “Сур’ёзныя людзі павінны ўсё-ткі адрозьнівацца ад падлеткаў-фанатаў”. Былы алімпійскі чэмпіён Ўладзімер Парфяновіч быў яшчэ больш катэгарычны: “Каб расейцы не ўжывалі забароненых прэпаратаў, ня мелі б праблемаў”. “Калі беларуская каманда сабралася і разьбіла швэдаў, дык справа зусім не ў арбітрах”, — завяршае Якубовіч свой камэнтар вечных нараканьняў расейскіх спартоўцаў і палітыкаў на антырасейскасьць судзьдзяў.

У такім жа духу асьвятляла скандалы і перамогі Алімпіяды і астатняя беларуская прэса. На гэтым фоне дысанансам глядзеліся хіба ацэнкі радыё “Свабода”, якое настойліва даводзіла, што беларусы на Алімпіядзе церпяць поўны правал.

Посьпех беларускіх хакеістаў (перамогі ў індывідуальным заліку робяць славу ў большай ступені самому спартоўцу, чым дзяржаве, якую ён прадстаўляе) прымусіў сьвет пабачыць Беларусь на мапе. І гэта каманда, выгадаваная на дзьвюх-трох лядовых пляцоўках савецкае пары! Можна толькі ўявіць патэнцыял будучых беларускіх зборных, калі дадуць свой плён цяперашнія хакейныя палацы. Беларусь усё ж — краіна Поўначы.

Толькі ня варта пяяць хвалу беларускім хакеістам, што адкрылі сьвету незалежную Беларусь. Варта пяяць хвалу Беларусі, што заваявала і адстаяла незалежнасьць і тым самым адкрыла сьвету беларускіх хакеістаў.

Барыс Тумар

Меркаваньні аўтараў-калюмністаў могуць не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі


Каментары

Цяпер чытаюць

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу95

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Жыткавічамі BMW разбіўся ўшчэнт аб дрэва. Малады кіроўца цудам выжыў

Пачатак новаму кварталу пакладзены. На Кальцова зносяць двухпавярховікі1

Непатапляльны былы кіраўнік Рэчыцы, асуджаны на працяглы тэрмін, узначаліў калгас у Ельскім раёне5

У гэтых мінскіх кватэрах квадрат каштуе больш за 10 тысяч даляраў. Што за яны?4

У «Суседзяў» з’явіўся інвестар з Казахстана. Сетка плануе пашырыцца на 67 крам2

Ціханоўская: Не верце Пуціну. Не верце Лукашэнку. І не бойцеся іх15

Шасціпалосную дарогу да «Паўночнага берага» плануюць адкрыць сёлета

Адміністрацыя Трампа пагражае заблакаваць пастаўкі зброі Украіне з-за атак на расійскія НПЗ12

Камандуючы НАТА заклікаў Еўропу ўзмацніць падтрымку Украіны ў адказ на расійскія гібрыдныя атакі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу95

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць