Архіў

Адзінае, што нам патрэбна ў Маскве

№ 24 (286), 28 чэрвеня 2002 г.


усіхны клопат

Адзінае, што нам патрэбна ў Маскве

На гэтых мармуровых плітах пад лесьвічным пралётам гатэлю “Масква” загінуў Янка Купала. Парэнчы, між іншым, не такія ўжо нізкія і вузкія, каб церазь іх можна было б, нават і нападпітку, зваліцца без дапамогі некага іншага.

Здымак я зрабіў летам 1994 г. А за пару гадоў да гэтага, калі, згодна з законам, міністры яшчэ былі абавязаныя адказваць на запыты дэпутатаў Вярхоўнага Савету, зьвярнуўся я да тагачаснага старшыні КДБ з просьбай дамагчыся ад Лубянкі дакумэнтаў у справе гібелі Купалы. Бо ня верылася, што не вялося сьледзтва і не апытвалі сьведкаў — калі НКВД ня меў адносінаў да здарэньня. Калі ж нават падзеньне у пралёт гатэлю было арганізаванае НКВД — і тады нейкія сьляды ў самых сакрэтных архівах павінны былі застацца. Бо зрабілася ж урэшце вядомай праўда пра забойства ў Менску Міхоэлса — з імёнамі арганізатараў і выканаўцаў.

Хутка старшыня КДБ паведаміў тое самае, што, здаецца, адказаў і на аналягічны запыт Анатолю Вярцінскаму: захаваўся толькі кароткі рапарт ў Крэмль пра няшчаснае здарэньне.

У той жа прыкладна час па патрэбе менскіх кіношнікаў я прасіў старшыню КДБ скапіяваць відэазапісы першых мітынгаў БНФ (якія не з адной камэры вялі чэкісты). “Не захаваліся, усё сьцерлі! Бачыце, ня ўсе ў нашым апараце яшчэ разумеюць гістарычную вартасьць такіх матэрыялаў”, — быў адказ генэрал-палкоўніка. Празь некалькі гадоў, аднак, шмат якія кадры зьявіліся ў фільмах БТ, што шальмавалі апазыцыю. Дык вось жа — разумелі і ня сьцерлі. Магчыма, нават і падманулі генэрала. Бо шэфы прыходзяць і сыходзяць, а сыстэма застаецца.

Наўрад ці гэтая сыстэма зьнішчае нешта вартаснае. І ўжо, вядома, нічога не рассакрэчвае, калі толькі ня бачыць у тым сваёй выгады. Выгады ж раскрыць таямніцу гібелі беларускага генія ў расейскіх чэкістаў, якія не адмовіліся ад ідэі рэстаўраваць імпэрыю, сёньня няма ніякай.

Ісьціна той трагедыі пакуль схаваная ў здагадках, і адзінае бясспрэчнае, што не патрабуе гіпотэзаў і доказаў, — гэтыя мармуровыя пліты.

Але хутка могуць зьнікнуць і яны. Ужо распрацаваны праект рэканструкцыі гатэлю “Масква”, нібыта ўжо знойдзеная і фірма, якая за некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў цалкам пераробіць інтэр’еры гатэлю, пакінуўшы адно толькі фасад. У найлепшым выпадку, пліты апынуцца на летніку якога прараба, а магчыма, будуць проста разьбітыя адбойным малатком у друз.

Беларусы ўжо шмат сьвятых камянёў дазволілі ператварыць у пыл, у той час як іншыя нацыі, якім не пагражае ні вынішчэньне культуры, ні заняпад мовы, ні асыміляцыя, ні ліквідацыя дзяржаўнасьці, па кавалках аднаўляюць усё, што хоць нейкім чынам зьвязанае зь іх гісторыяй. Напрыклад, японцы. Ці немцы, якія па старых абмерах, а часам толькі па фатаздымках узводзяць зруйнаванае саюзьніцкімі войскамі ў 1945 г.

Для беларусаў гэтыя пліты — сымбаль вялікай трагедыі, захаваць іх — справа нашага нацыянальнага гонару і самапавагі.

Энтузіясты беларушчыны без асаблівых высілкаў перавезьлі б пліты з “Масквы” ў менскі Купалаўскі музэй (прафінансаваць гэта магла б Рада БНР) — але для адміністрацыі гатэлю, зразумела, павінна быць каманда “зьверху”. Праблема б зьнялася адным тэлефанаваньнем Лукашэнкі да маскоўскага мэра. Такі ўчынак мог бы стаць і падставай дыялёгу з нацыянальнай інтэлігенцыяй, у тым выпадку, зразумела, калі Лукашэнка мае ў такім дыялёгу патрэбу.

А магчыма, лідэры апазыцыі, якія як па графіку наведваюцца ў Маскву да “правых” расейскіх палітыкаў, маглі б дамовіцца зь імі? Бо слова лідэра фракцыі Дзярждумы, які абяцаў падтрымку беларускай дэмакратыі, нешта ж ды значыць? Ці на справе яно нічога ня вартае?

Дарэчы, уваход у гатэль “Масква” — якраз насупраць уваходу ў Думу.

Сяргей Навумчык, Прага


Каментары

Цяпер чытаюць

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром44

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром

Усе навіны →
Усе навіны

Латвія заявіла, што не будзе гуляць у хакей супраць Беларусі і Расіі. І яна такая не адна22

Сына Крышціяну Раналду ўпершыню запрасілі ў юнацкую зборную Партугаліі

На беразе Камсамольскага возера нарэшце завяршаюць 15‑гадовы даўгабуд. Ужо ідзе запіс на закрыты старт продажаў

У Еўропе моцна не ўрадзілі труфелі. Цэны на іх выраслі на траціну2

У Даніі хочуць забараніць развядзенне турбакурэй. Яны набіраюць два кілаграмы ўсяго за 33 дні2

У Польшчы злавілі беларуса-педафіла, які паўгода хаваўся пасля суда4

Былы слесар вайсковай часці ў Плешчаніцах ішоў на рэкорд па колькасці судзімасцяў — але знік у першым жа мясным штурме5

«Знайшоў перапіску ў тэлефоне цешчы». Што вядома пра падазраванага ў двайным забойстве ў Брэсце3

«Маё вяртанне — дакладна ў турму». Алесь Бяляцкі — пра прыклад Пачобута і магчымую рэальную колькасць палітвязняў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром44

Партыя Трампа перажывае сапраўдны разгром

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць