Архіў

Кандыдат на ролю збаўцы (Беларусь шукае чалавека, якому па сілах будзе адолець яе мінулае)

№ 50 (207), 11 — 18 сьнежня 2000 г.


 Алег Грузьдзіловіч

Кандыдат на ролю збаўцы

Беларусь шукае чалавека, якому па сілах будзе адолець яе мінулае

 

На апазыцыйных тусоўках, на кухнях абывацеляў, нават у чыноўніцкіх кабінэтах ужо спрачаюцца, хто лепш пасуе на ролю збаўцы ад Лукашэнкі, рыцара Анцалота з п‘есы “Дракон”, пастаўленай на купалаўскай сцэне падчас перабудовы з алюзіямі на беларускія рэаліі. Слаўны Анцалот у гэтай павучальнай байцы перамог у адкрытым змаганьні жудаснага Цмока, але на ягонае месца прыйшоў яшчэ горшы Цмок. Адолеў і таго, аднак жыцьцё чамусьці ня стала лепшым. Аказалася, Дракон жыве ў сэрцы кожнага жыхара казачнага гораду, і адным подзьвігам нічога не зьменіш. Трэба ўпарта і паступова мяняць сам лад жыцьця.

Баюся, пакуль мы вядзем пошукі толькі ў адным накірунку. Нам патрэбны пераможца Дракона. Мы кажам адзін аднаму: у вашага кандыдата моцны біцэпс, затое ў нашага больш разьвітая сьцёгнавая цягліца, а яна на заключным этапе больш карысная… Карацей, амаль паводле Шварца, па-за ўвагай застаецца лёс спадчыны, што дастанецца пераможцу Цмока. Між тым відавочна, што выратавальніку беларусаў ад Лукашэнкі трэ будзе за якіясьці пяць наступных гадоў вярнуць краіну на арбіту цывілізаванага разьвіцьця і прыдаць ёй такі імпульс, каб яна з гэтай арбіты ўжо не сышла. А гэта значна цяжэй, чым перамагчы Лукашэнку, дзеля гэтага спатрэбяцца зусім іншыя якасьці. І наш кандыдат павінен імі валодаць ці хаця б праявіць пэўныя прыкметы, што ў яго ёсьць такія якасьці і тым самым пераканаць выбарцаў галасаваць за яго. (Дарэчы, сам Лукашэнка ў пэўнай ступені ўжо быў тым Анцалотам, які перамог Дракона, але аказалася, што, акрамя як разбураць, ён на большае ня здольны).

Але безумоўна, спачатку трэба Дракона перамагчы. Ці па сілах гэта, напрыклад, Аляксандру Дабравольскаму ці Сямёну Домашу?

 

Палітык Дабравольскі
жі гаспадарнік Домаш

Усё залежыць ад пазыцыі, зь якой штурмуецца крэпасьць, і ад таго, якая ў руках зброя. Гэтак скажуць вайскоўцы. Дык вось, “узброены” нашыя кандыдаты нядрэнна. Дабравольскі ў беларускай палітыцы ад яе “пачатку”, з канца 80-х. Ён бліскуча перамог на выбарах у апошні Вярхоўны Савет СССР. Быў адным з заснавальнікаў Дэмакратычнай Партыі, якая і стала базай для цяперашняй АГП, дзе ў Дабравольскага моцныя пазыцыі аднаго зь лідэраў. У свой час Дабравольскі аказаўся здольны на кампраміс — ня стаў прэтэндаваць на месца старшыні АГП, каб не парушыць адзінства дэмакратаў . У выніку, пакуль сацыял-дэмакраты, а потым і фронтаўцы, актыўна дзяліліся, аб’яднаныя дэмакраты сталі лідэрамі апазыцыі. Цяпер гэта дапамагае Дабравольскаму паступова ўмацоўваць свой палітычны аўтарытэт. Ён ня самы вядомы дзеяч апазыцыі ў краіне, але вядомы добра і добрым. І, што істотна, яго ведаюць як у Маскве, так і на Захадзе. Прычым у Маскве — як палітыка ўраўнаважанага, зь якім можна весьці справы, а на Захадзе — як чалавека, які не гандлюе айчынай і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. Безумоўна, рэйтынг Дабравольскага ў агульнанацыянальных апытаньнях ніжэйшы за ягоны аўтарытэт сярод палітыкаў, але гэта справа нажыўная. На маю думку, у Аляксандра проста бліскучыя рэпрэзэнтацыйныя дадзеныя, у гэтым яму амаль няма роўных. Малады, высокі, прывабны. Жывая ўсьмешка ня сходзіць з твару. Бадай, у гэбэшных і мянтоўскіх апэратараў, ня тое што на БТ, ня знойдзецца кадраў, на якіх Дабравольскі выглядаў бы злым ды разьюшаным, каб можна было выставіць яго “экстрэмістам”. Увогуле, калі казаць пра так званы адмоўны рэйтынг, дык у Дабравольскага тут поўны ажур. Узорны муж і бацька, ні ў якіх карупцыйных скандалах не замяшаны, ніякіх махінацыяў з дамамі ці банкаўскімі крэдытамі. Дый прозьвішча чаго вартае! З такім прозьвішчам можна горы зьвярнуць.

Вельмі ўдалае прозьвішча дасталася і Сямёну Домашу. Цёплае, беларускае, дамашняе. Лёгка чытаецца, адразу запамінаецца. І выгляд у яго таксама прывабны — сур’ёзны, зь цьвёрдым поглядам, зь ветлівай, прыемнай усьмешкай. Адукаваны начальнік. Які ведае, што рабіць, і не выстаўляецца сваімі ведамі. На ягоным плякаце будзе вялікімі літарамі напісана, што кандыдат кіраваў цэлай вобласьцю, прычым не абы-якой, а самай багатай, Гарадзенскай. Што быў дэпутатам і нават сябром прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Праўда, чальцоў прэзыдыюмаў наш выбаршчык інстынктыўна недалюблівае, але Домаш сядзеў там нядоўга. Тое, што кіраваў вобласьцю, — вялікі плюс. Калі я сам чыноўнік, вайсковец ці просты бюджэтнік, я аддам належнае досьведу менавіта гэтага кандыдата. Я ж разумею, што пасьля Лукашэнкі адразу ўсяго ня зьменіш, што зь дзяржаўным апаратам трэ абыходзіцца, як зь цяжарнай жанчынай, годзе “ламаць праз калена”. Гэты, хутчэй за ўсё, ламаць і ня будзе, ён жа чалавек свой, дасьведчаны.

Варта адзначыць і тое, што ў зьвесткі на плякаце, пэўна, ня ўвойдзе. Гарадзенцы сярод дэлегацыяў апошняга, разагнанага Лукашэнкам парлямэнту былі самымі арганізаванымі прыхільнікамі імпічмэнту. І ў той частцы ВС, якая захавала адданасьць Канстытуцыі 1994 году, яны застаюцца самай моцнай групай. А лідэрам у іх якраз Сямён Домаш. Такім чынам, у пасьлядоўнасьці, прынцыповасьці і сьмеласьці палітыку Домашу не адмовіш.

Тое, як дружна гарадзенскія дэмакратычныя актывісты выказваюцца за кандыдатуру Домаша, дадаткова пераконвае ў ягоных арганізацыйных здольнасьцях і пэўнай амбітнасьці. Дабравольскаму якраз гэтай амбітнасьці і не хапае, а вось у Домаша зь ёю ўсё ў парадку.

 

Дом Домаша

Але ёсьць у гэтых двух кандыдатаў істотныя недахопы, і, я ўпэўнены, іхны праціўнік міма гэтых недахопаў ня пройдзе.

Гарадзенцу стаць лідэрам Беларусі вельмі цяжка. Хоць няпэўны ў нас падзел на заходнікаў і ўсходнікаў, але ён спрацоўвае ў якасьці аргумэнту супраць, калі людзі ў сваім выбары вагаюцца. Нават Вячаславу Кебічу, на якога на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах працаваў увесь дзяржаўны апарат, не ўдалося нэўтралізаваць гэты няпэўны аргумэнт. Супраць Зянона Пазьняка ён быў другім паводле важкасьці і таксама вельмі спрычыніўся да паразы лідэра Народнага Фронту… Але нават ня гэта галоўны зь мінусаў.

Гісторыя з домам, у які Сямён Домаш засяліўся падчас свайго начальніцтва, а потым яго прыватызаваў — вось што можа парушыць ягоную перадвыбарчую кампанію. Хоць у прынцыпе — звычайная гісторыя. У 90-х гадах палова гарадзкога насельніцтва прыватызавала сваё жыльлё, і нічога, ніхто сам сябе за гэта не дакарае. Домаш усё рабіў паводле закону. Гэта пацьвердзіў суд, калі ўлады спрабавалі зганьбіць імя Домаша. Толькі пра дом “намэнклятуршчыка ў апазыцыі” Домаша здымуць асобны фільм і будуць круціць на БТ дзясяткі разоў у зьвязцы зь сюжэтамі пра сапраўдных карупцыянэраў – гэтага нельга выключыць. Каб супрацьстаяць такой навале, патрэбны быў бы незалежны тэлеканал, якога ў нас няма. І што тады? Крычаць на мітынгах пра чарговую ману дзяржаўнага тэлебачаньня?

 

Праблема бацькі

Вядома, ад чорнай контрапрапаганды не застрахаваны і Аляксандар Дабравольскі. Яму можа зашкодзіць імя па бацьку – Альгердавіч. Бо пошук праваслаўнымі беларусамі ўяўнай “каталіцкай інтрыгі” ўва ўсім і ўсіх – рэч таксама няпэўная, але якую лёгка інсьпіраваць афіцыйнай прапагандзе. І даказвай тады, што князь Альгерд быў ня проста праваслаўны, але нават насаджаў праваслаўе ў Вялікім Княстве.

Зрэшты, і дом можа стаць аргумэнтам “за” (дамавіты, ня тое што Лукашэнка, у якога вакол хаты плоту не было), і імя па бацьку (прыгожае, запамінальнае, беларускае, гістарычнае, а чапляюцца да яго несправядліва, абы брудам абліць). Пытаньне, значыць, у тым, ці будуць падставы, каб насельніцтва паверыла аўтарам кампрамату.

Калі перад мінулымі выбарамі замяталінскія прапагандысты распаўсюдзілі гісторыю пра тое, быццам дэпутат Лукашэнка залез у торбу нейкай ст’юардэсы і скраў адтуль фэн, гэтаму мала хто паверыў. А ў тым, што начальнікі забіраюць сабе лепшае жыльлё, і тады, і цяпер пераконваць нікога няма патрэбы. А вось Дабравольскаму “карупцыйнае абвінавачваньне” не прычэпіш ніколі, хоць дзесяць фільмаў здымі. Не паверыць наш чалавек, што просты інжынэр, які ні дня ня быў пры ўладзе, нечага там накраў. Хіба што шрубоў якіх.

Але ёсьць у Дабравольскага другая ахілесава пята. За ім, як за лідэрам расейскага “Яблыка” Грыгорыем Яўлінскім, няма вядомай людзям справы і гучнага ўчынку. Апошнія дзевяць гадоў Дабравольскі нідзе, акрамя як у апазыцыйнай палітыцы, не працаваў. Гэткі чалавек з “апазыцыйнай намэнклятуры”. Шушкевіч вылучаў яго на сякія-такія адказныя пасады, але камуністычны Вярхоўны Савет не зацьвердзіў.

Сямён Домаш можа паказаць у Горадні ці вобласьці дзясятак і больш будынкаў, якія пры ім, пры ягоным непасрэдным удзеле падняліся. У хакейныя палацы абавязкова будзе тыкаць падчас выбарчай кампаніі Аляксандар Лукашэнка — вось, скажа, што пасьля майго прэзыдэнцтва засталося, памацаць можна. І будзе мець рацыю. А што прадэманструе выбарцам Дабравольскі? Тузін рэзалюцыяў? Палітычныя заявы? Камэнтары ў газэтах? Рэчы патрэбныя, але дзе справы? — спытае выбаршчык.

 

Не хто заўгодна

Толькі апазыцыйным лідэрам падаецца, што Лукашэнка надакучыў народу да той ступені, што яго гатовы замяніць на каго заўгодна. А рабацяга ў інструмэнтальным цэху, швачка-матарыстка ці даярка перакананыя — лепш дрэнны брыгадзір, чымсьці ніякага. Дабравольскі і можа быць прадстаўлены гэткім “ніякім брыгадзірам”. “Што ён можа, — запытаецца з экрану малады аракул, — толькі балбатаць?” А каб пераканаць рабацягу, што сёньня толькі дасьведчаны палітык здольны сабраць каманду прафэсіяналаў, якая зьменіць становішча ў эканоміцы — дзеля гэтага зноў жа патрэбны магутны прапагандысцкі аппарат. Ці Дабравольскі здолее яго арганізаваць? Лукашэнка — здолеў.

Мы марна страцім час, перабіраючы нават найлепшых кандыдатаў, калі будзем шукаць клясычнага пераможцу. Трэба зьмяніць ня толькі крытэры, але і зьмест. Ня толькі лёзунгі, але і кірунак. Каб пераканаць людзей у тым, што яны нічога ня страцяць, адмовіўшыся ад Лукашэнкі, аднаго толькі вобразу “спакойнага палітыка”, які выкарыстоўваюць Дабравольскі ці Домаш, мала. Хоць задачаю новага прэзыдэнта будзе “пераадоленьне мінулага”, здаецца, больш шанцаў перамагчы Лукашэнку ў таго кандыдата, хто выступіць у пэўным сэнсе разважлівым пераймальнікам ягонай спадчыны, а не зьнішчальнікам і разбуральнікам мінулага. А менавіта такі цень ляжыць на кожным апазыцыянэры. Да выбараў яшчэ ня менш за паўгода, ёсьць час знайсьці энэргічнага кандыдата. Таксама ёсьць спадзеў, што такі чалавек сам сабою выявіцца ў падзеях напярэдадні выбараў, бо паўгодзьдзе абяцае быць вельмі бурным.


Каментары

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →