Архіў

Заўтра лета

Нарачанскія й браслаўскія азёры безнадзейна заваленыя сьмецьцем. Пакуль спакайней на Дрысеншчыне, Воранаўшчыне. А ці спрабавалі вы Гарадоччыну?

Маршруты летніх вандровак прапануе Сяргей Харэўскі.

Варта толькі экіпіравацца воднаю маскаю ды параю ластаў, каб засьведчыць, што з году ў год нават у самых аддаленых вадаёмах Беларусі несупынна нарастае антрапагенны хлуд з плястыку й шкла. Чамусьці менавіта тыя, каму найлягчэй вывезьці сьмецьце ў аўто, лічаць за асалоду параскідаць яго чым далей у вербалоз, а то й проста ў ваду. Вусьцішна выглядаюць гэткія месцы «адпачынку» вясною, пакуль наступствы чалавечага дзікунства не схавае сакавітая трава. Хаця надыдзе дзень, калі не схаваеш ужо й гэтак!

Дый проста палезьці ў ваду ня ўсюды можна. У Менскім моры плаваць не дазволена, у Дзьвіне, Мухаўцы і Вушы няможна, нават у вушацкім Вечальлі нельга!.. Паазер’е аказалася датклівым. Антрапагенная нагрузка нарачанскіх азёраў зашкальвае.

Адны людзі аддаюць перавагу камфортнаму адпачынку «без камароў» ды каб было паглядзець што цывілізацыйнае. Гэты кантынгент людзей задаволіць найцяжэй. Як вядома, самы лепшы гатэль у Беларусі — наваполацкі «Нафтан». Пераканаць чалавека ехаць не за мяжу, а ў Наваполацак — справа амаль нерэальная. Хоць тамака, з пляцоўкі гатэлю «Нафтан», па-над Дзьвіною відаць увесь старажытны Полацак з Сафіяй, «нібы карабель». А цераз вуліцу — некалькі прыстойных (ня горшых за менскія) рэстаранаў. Аматары могуць пагойсаць па Дзьвіне на катэры. Наведаць 10 (!) полацкіх музэяў цераз мост. Альбо пасяліцца і ў самім Полацку. Альбо ў Пінску ці Горадні. Варыянты ёсьць, але гучаць яны для расьпешчанага замежнымі вандроўкамі прыкладна як і сэнтэнцыя пра Мазыр як беларускую Швайцарыю.

Паазер’е аказалася датклівым

Курортныя зоны камфартабэльнага адпачынку на Мядзельшчыне й Браслаўшчыне становяцца ўсё больш недаступнымі для большасьці беларусаў. Цэны як у Крыме, але магчымасьці для прыманьня гасьцей амаль вычарпаныя. Прырода Паазер’я аказалася надзвычай даткліваю. Хай вас ня ўводзяць у зман зеляніна тамтэйшых лясоў й сінеча азёр. Штогод там становіцца ўсё болей, у геамэтрычнай прагрэсіі, машын. І нярэдкія выпадкі, калі паміж карчоў у лясным бездарожжы, напрыклад, на Блакітных азёрах, ня могуць разьехацца колькі «наварочаных» аўто. Лішне казаць, што іх папярэдне мыюць проста ў тых самых некалі чысьцюткіх азёрах.

Прыкметы цывілізацыйнага заняпаду навідавоку. Мне ніяк не зразумець паводзін людзей, якія, абзавёўшыся летнікам у садовым таварыстве, выкідаюць тоны сьмецьця ў лес проста сабе за плот. Як сэнс ехаць за дзясяткі кілямэтраў, каб паблукаць па велізарнай стыхійнай сьметніцы вакол сваіх шасьці сотак? Які сэнс заехаць у лясную цішу і ўключыць на поўную магутнасьць свае аўдыёпрыборы, каб заклала ўвушшу й каб птушкі пазьляталі са сваіх гнёздаў?

Паўночная глуш

Але для тых, хто насамрэч хоча пазнаёміцца зь дзікай прыродаю Беларусі альбо з шэдэўрамі старасьвецкага дойлідзтва, месцаў пакуль хапае — Дрысеншчына, Мсьціслаўшчына, Воранаўшчына.

Вазьміце хоць Гарадоччыну — найменш населены раён Беларусі. Тут на тэрыторыі 3 тысячы км2 жыве толькі 36 тыс. чалавек, 12 чалавек на км2. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Эўропе.

Цывілізаваны турызм мог бы прынесьці туды з сабою ня толькі людзкія кантакты, але і грошы. Грошы, за якія будуць пракладзены добрыя дарогі, дагледжаны рэкі. Будуць пабудаваны дамы й гатэлі на тых самых замшэлых падмурках, дзе сёньня вецер гойдае цыбукі скрыпеню. Грошы, за якія будуць урэшце выхаваныя тыя самыя турысты. І дасканаласьць прыроды будзе прымножаная гаспадарскімі рукамі. Якім яно будзе, наша заўтра, залежыць адно ад нас.

Турызм: факты

Сёлета ў красавіку Беларусь далучылася да Сусьветнае турыстычнае арганізацыі(WTO). Яна стала ажно 146 дзяржаваю ў гэтае міжнароднае арганізацыі.

Зь Беларусі штогод выяжджае ў 17 разоў больш турыстаў, чым уяжджае ў яе. Агульная вага турызму ў аб’ёме экспарту паслуг не складае нават 1%. У аб’ёме платных паслуг паказчык не складае нават 0,5%, а ягоная вага ў ВУП... 0,06%. Гэта ня дзівіць, бо ў Беларусі толькі 10 гатэляў маюць «зоркавую» катэгорыю, зь іх адзін — чатыры зоркі.

Бальшыня беларусаў аддаюць перавагу «дзікаму» ўнутранаму турызму: на лецішчах, у бацькоўскіх вёсках, з намётамі ў лесе. Усё болей шырыцца практыка аплаты часовага жыльля прыватным гаспадарам, напрыклад, у Лепелі ці Браславе. Сёньня гэта ня меней як $10 з чалавека за начлег.

Харызмай па турызьме

Пастанова Саўміну «Аб унясеньні дапаўненьняў у Палажэньне аб ліцэнзаваньні турыстычнай дзейнасьці» патрабуе ад турапэратараў выкананьня «асаблівай умовы» аказаньня паслугі «турапэратарская дзейнасьць», а менавіта абавязковай арганізацыі ўязнога турызму. Так, ліцэнзіяты абавязаны падаваць у Міністэрства спорту і турызму не пазьней за шэсьць месяцаў ад дня атрыманьня ліцэнзіі статыстыку аб прыёме замежных турыстаў. Цяпер і для атрыманьня ліцэнзіі яе суіскальнік павінен мець пагадненьне з замежным партнэрам аб арганізацыі прыёму замежных турыстаў у Рэспубліцы Беларусь. Трэба ж неяк падымаць культуру правядзеньня перамоў на эўрапэйскі ўзровень!

Апошнія ўказы закранулі ня толькі турапэратараў. Днямі ўказам №274 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку накіраваньня ў службовыя камандзіроўкі за мяжу» прэзыдэнт ня мілаваў і чыноўніцтва. Два дні, што даюцца на само знаходжаньне за мяжой, татальны кантроль за кожным, хто туды выпраўляецца, пэўна, не павінны дазволіць «ненадзейным» і «нячэсным» неяк выкарыстаць магчымасьць заразіцца аранжавым ці іншым якім вірусам. Алергія на цытрусавыя, здаецца, ня лечыцца. Але які клопат пра блізкага!

Зрэшты, хай гэты дзяржапарат застаецца сам-насам зь яго апэратарамі.

Андрэй Баеў

Дзе вы будзеце адпачываць сёлета?

Юлія Несьцярэнка, алімпійская чэмпіёнка:

— Я ня буду гэтым летам адпачываць — буду ўдзельнічаць у чэмпіянаце сьвету ў Фінляндыі.

Сьвятлана Зелянкоўская, актрыса:

— Я ня буду адпачываць — буду працаваць. Але мая праца і ёсьць адпачынак, бо я буду вандраваць з гастролямі. Мабыць, Польшча, Калінінград…

Віктар Шалкевіч, актор:

— Ва Ўкраіне — як заўжды, у Крыме. Мы кожны год стараемся зь сям’ёй на 12 дзён вырвацца. У Беларусі? А які тут можа быць адпачынак — мы тут жывём!

Васіль Коктыш, генэральны дырэктар УП «Кінавідэапракат» Менгарвыканкаму:

— Пляную паехаць на Нарач, калі ўдасца. На жаль, працы бывае так шмат, што проста не пасьпяваю адпачываць, — як летась. Тады я таксама зьбіраўся паехаць на Нарач. Увогуле, лічу за лепшае адпачываць у Беларусі: надта вялікая нагрузка на працы, каб яшчэ траціць час і сілы на акліматызацыю. Я люблю пахадзіць на самоце па лесе. А дзе яшчэ можна так адпачыць, як ня ў нас, у Беларусі?

Уладзімер Басалыга, мастак:

— На лецішчы ў сябе, у Астрашыцкім Гарадку. Там лецішчы ва ўсіх архітэктараў, мастакоў. Вельмі маляўнічы куток, я ў ім нешта для сябе знаходжу…

Уладзіслаў Місевіч, лідэр гурту «Беларускія песьняры»:

— Калектыў па агульнай дамоўленасьці падзяліў адпачынак на дзьве часткі: 15 дзён узімку, 15 — улетку. Узімку мы зь сям’ёй ужо некалькі гадоў выбіраемся ў Эгіпет, адпачыць на Чырвоным моры. А ўлетку заедзем на тыдзень у Брытанію (там вучыцца дачка, яе трэба наведаць). І хочам з жонкай на колькі дзён зьезьдзіць у Прагу, — я аматар піва.

Каментары

Цяпер чытаюць

З праекта будаўніцтва мінскага метро выкінулі яшчэ дзве станцыі — «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічную»7

З праекта будаўніцтва мінскага метро выкінулі яшчэ дзве станцыі — «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічную»

Усе навіны →
Усе навіны

Курэйчык: Дзеці Ціханоўскіх пераехалі ў ЗША50

У мінскім шматпавярховіку разам з ледзяшамі збілі і кандыцыянер ВІДЭА2

Фядута памыліўся (і гэта не першы раз!)36

Летам Нацыянальны мастацкі музей закрыецца на рэканструкцыю

У Расіі заявілі пра запаволенне працы Telegram2

Пасля расійскіх удараў ва Украіне не засталося ніводнай цэлай электрастанцыі10

У Гродзенскім заапарку найбольш цешацца з зімы жыхары Афрыкі ВІДЭА4

«Ігар Брыло сядзеў у камеры без туалета. Падчас следства ён «укінуў» па хабарах больш за 50 чалавек»3

Вечны прэзідэнт Уганды перамагае на выбарах сёмы раз. Ён кіруе краінай з 1986 года5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З праекта будаўніцтва мінскага метро выкінулі яшчэ дзве станцыі — «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічную»7

З праекта будаўніцтва мінскага метро выкінулі яшчэ дзве станцыі — «Кіеўскі сквер» і «Політэхнічную»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць