Гісторыя1111

Муза Заслонава: З’язджаю на Кубу назаўсёды!

Дачка Канстанціна Заслонава расказвае пра свайго бацьку, прадказанне Вангі і свой раман з афганскім прынцам.

Дачка Героя Савецкага Саюза жыве ў аднапакаёўцы ў Вілейцы. Пераехала сюды, каб напісаць кнігу пра сваю сям’ю. Прадала кватэру ў Мінску, каб на розніцу ў цэнах купіць камп’ютар і жыць: пенсіі на гэта не хапала. Тры гады пісала ўспаміны, пасля столькі ж спрабавала выдаць. Урэшце дапамаглі аршанскія чыгуначнікі: кніга «Фамілія» выйшла.

Лынькоў прыдумаў усё, апроч прозвішча

Пра Канстанціна Заслонава пісалі шмат. Але не ўсё было праўдай. Міхась Лынькоў, напрыклад, у рамане «Векапомныя дні» ад рэальнай асобы пакінуў выключна прозвішча — астатняе па-мастацку прыдумаў.

«Прыходзіў да нас пасля, выбачаўся. Тлумачыў, што атрымаў заданне партыі ў сціслыя тэрміны напісаць раман пра народнага героя: часу не было высвятляць справы сямейныя», — успамінае Муза Канстанцінаўна. Лынькоў выдумаў каханне Заслонава да настаўніцы. І сапраўдная жонка Раіса, прачытаўшы, засумнявалася: а раптам нешта і сапраўды было?

«НН»: А падставы для рэўнасці бацька даваў?

МЗ: Не. Так шчыраваў на працы, што не было часу на гулі. Ён баяўся беспартыйны і ўвесь час жыў на мяжы арышту. Яго не прымалі ў партыю, паколькі бацька быў раскулачаны. І яму трэба было працаваць як праклятаму, каб давесці сваю адданасць. Бо пры любой аварыі на чыгунцы, а іх было шмат, адразу дапытвалі беспартыйных.

А ў Навасібірску быў выпадак, калі тату ледзь не забілі. Ён вылічыў бандытаў, якія хлебныя эшалоны рабавалі. Іх пасадзілі, але, відаць, не ўсіх — і бацьку вырашылі адпомсціць. Калі позна вяртаўся з заняткаў па павышэнні кваліфікацыі, яму некалькі разоў усадзілі фінку пад сэрца. На шчасце, у кішэні на грудзях ляжалі нейкія чарцяжы, брашуры. Да сэрца фінка не дастала. Пасля гэтага яго перавялі на павышэнне ў Віцебск.

Дыверсант-разведчык

Затым была праца ў Раслаўлі, Оршы. З Оршы меркавалі пераехаць у Ленінград. Жонка з дочкамі паехала, Заслонаў застаўся чакаць афіцыйнага выкліку — звольніцца самому было немагчыма. І тут пачалася вайна.

Заслонаў эвакуіраваўся ў Маскву. Нават сямейнікі не ведалі, што ён яшчэ перад вайной скончыў школу разведчыкаў-дыверсантаў. Яго з Масквы вярнулі ў Беларусь. Быў у партызанах, пасля ўладкаваўся ў дэпо, пад выглядам вугалю падкладаў бомбы ў паравозы. Калі арышт стаў непазбежным, вярнуўся ў партызаны...

«Пра смерць таты мы даведаліся выпадкова. Былі ў эвакуацыі ў Бугуруслане (Арэнбургская вобласць). І мама аднойчы, у пачатку 1943, забягае і крычыць: «Пра нашага тату ў газеце напісалі!» Ёй перадалі нумар «Известий» з нарысам Эдуарда Віленскага. Нарыс заканчваўся апісаннем смерці і пахавання бацькі...

Маме цяжка было з дзвюма дочкамі. У вайну мы пераехалі да яе брата ў Алма­Ату, пасля адправіліся ў Выбарг... У галаву нават не прыходзіла паехаць у Беларусь. Тым больш, бацька быў рускім — з­пад Цверы.

Калі адмянілі карткі, пачалася галадуха. А мама шыла добра. І напісала дзядзьку Мішу Пілайнену, у якога ў Ленінградзе пакінулі свае рэчы, каб ён выслаў нашую швейную машынку. А ён адказаў, каб мы хутчэй у Беларусь прыязджалі — нас шукаюць.

«Жонка Заслонава? Гані!»

«Дзядзя Міша Пілайнен настаяў, каб мама схадзіла да Васіля Казлова, старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У прыёмнай яна пачула, як сакратарка кажа: «Прыйшла жонка Заслонава». — «Як, яшчэ адна? Гані, надакучылі!» Мама расплакалася. А сакратарка кажа: «Не, гэтая сапраўдная». — «Сапраўдную я пазнаю». Казлоў выйшаў і абняў: «Слухай, якія да мяне толькі ні прыходзілі, выдавалі сябе за жонак Заслонава». І адразу пастанавілі будаваць нам домік. Як кампенсацыю, што нас так пакрыўдзілі з ілжэсем’ямі, Казлоў узяў маму на працу сакратаркай.

Жыла ў татавым музеі

«Я пасля школы хацела паступаць ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі — марыла стаць актрысай. Але мама не дазволіла. У майго айчыма Івана Сяргеевіча дачка спрабавала паступіць туды ж. Але не прайшла, а бацьку паведаміла, што паступіла і прасіла высылаць грошы. І вяла разгульны лад жыцця. Айчым вырашыў, што і я так буду рабіць. Пайшла на журналістыку ў БДУ. А ўжо другі дыплом я атрымала ў Інстытуце кінематаграфіі — кінажурналістыка.

Пасля БДУ папрасіла, каб мяне скіравалі на працу ў музей Заслонава ў Оршу. І жыла ў музеі. Толькі месяцы тры і вытрывала: мне падабалася працаваць з людзьмі, а там даводзілася сядзець за паперкамі. І неяк уначы я прачнулася, падышла да татавага партрэта і выбачылася, што надумала пакінуць музей. Але дала клятву, што ствару пра яго штосьці.

«НН»: У кіно рэалізаваліся?

МЗ: Мо пяцьдзясят дакументальных фільмаў зняла. Але гэта кароткаметражныя стужкі. Я ганаруся фільмам «Бацька» пра свайго тату. Я яго доўга прабівала, а пасля мяне «білі». У 1972 гэта быў адыход ад традыцый. Нехта нават казаў, што я прынізіла свайго тату.

Індыйскі рэжысёр і прынц афганскі

«У 1970-я мяне запрасілі да сябе балгарскія сябры. Мы ездзілі па ўсёй краіне, нават да сляпой празорцы Вангі. Нам дапамаглі трапіць да яе без чаргі. У невялікім мястэчку Петрыч, на мяжы з Грэцыяй, — цэлы палявы лагер. У «жывой» чарзе стаялі па некалькі сутак, начавалі ў палатках, ежу гатавалі на вогнішчы.

Ёй перад сустрэчай патлумачылі, хто я. Яна кажа: усё ў цябе будзе добра, будзеш мець грошы, кватэру, машыну, фільмы будзеш здымаць дома і за мяжой, але побач нікога не бачу — адна заўсёды будзеш. Апошняе толькі і збылося...

«НН»: Але ж раманы былі?

МЗ: Калі вучылася ў БДУ, мне здавалася, што хлопцы мяне не заўважаюць. Я насіла акуляры — тады гэта лічылася ледзь не інваліднасцю. Пазней мой аднакурснік Іван Пташнікаў (са мной вучыліся таксама Іван Чыгрынаў і Вячаслаў Адамчык) казаў, што яны да мяне заляцаліся, а я была фанабэрыстай, маўляў, не адказвала ім. А ў мяне склаўся комплекс, што я непрыгожая.

Адзін раман быў сур’ёзны. Парыкшат Сахні з Індыі... Мы разам вучыліся ў ВГІКу. Мяне папрасілі пазаймацца з Парыкшатам расейскай мовай. І я закахалася. Наш інстытут быў прагрэсіўным, не асуджаў, калі нехта сустракаўся з замежнікам. Каб паказаць сваё каханне, я аднаго разу цыгарэтай тройчы прыпаліла далонь левай рукі. Ён зрабіў тое самае. Парыкшат быў першым чалавекам, які сказаў, што я прыгожая. Даў адчуць, што мяне можна кахаць.

Але бацька, калі пасылаў яго ў Маскву, папярэдзіў, каб не заводзіў раманы з мясцовымі дзяўчатамі. У бацькі было хворае сэрца, і Парыкшат абяцаў за канікулы яго падрыхтаваць да вяселля... Толькі пасля канікулаў мы нават не віталіся. Гэта была здрада.

Я ў інтэрнэце чытала, што Парыкшат стаў рэжысёрам у Балівудзе... Гэта, напэўна, маё першае і апошняе каханне.

«НН»: А раман з прынцам Афганістана?

МЗ: Так, Абдула! Але гэта было неяк несур’ёзна. У тыя часы прынц не лічыўся чымсьці адметным, наадварот... Афганцы звычайна былі такімі неакуратнымі. А Абдула быў іншым, меў доўгія музычныя пальцы. Прыходзіў да нас у інтэрнат і прыносіў цікавыя пласцінкі. Я падабалася яму. Але ён папярэдзіў, што ажаніцца не зможа — дома заручаны. Прапанаваў купіць кватэру ў Маскве і жыць разам. Я абурылася: як савецкай жанчыне можна прапаноўваць стаць наложніцай!

Куба — любоў мая

«Праз пару месяцаў збіраюся паляцець назаўсёды на Кубу. Я лічу, што выканала сваю клятву: зняла фільм пра тату, напісала кнігу. Цяпер магу дазволіць сабе і нешта несур’ёзнае. Задумала пісаць раман пра Атлантыду, і патрэбны антураж. Калі ўдасца напісаць — выдатна. А не — нічога страшнага: пайду ў пасольства і папрашу вярнуць мяне назад. Як і мама, пайду ў дом састарэлых. Мая мама дажывала ў інтэрнаце ў Ждановічах, ёй падабалася там. У яе і кавалеры там былі.

* * *

Муза Заслонава

Нар. у 1933 у Хабараўскім краі. Скончыла журфак БДУ (1957) і ВГІК (Масква) (1966). Рэжысёр­дакументаліст. Зняла фільмы «Салдаты крэпасці», «Бацька», «Школьныя акварэлі», «Гарачы подых Поўначы». Выдала кнігу ўспамінаў «Фамілія» (Мінск, 2011).

Канстанцін Заслонаў

(псеўд. Дзядзька Косця) — Герой Савецкага Саюза (пасмяротна). Нар. у 1910 у г. Асташкаў Цвярской вобласці. Працаваў на чыгунцы ў Расіі і Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі ўладкаваўся ў аршанскае дэпо. За тры месяцы падарваў 93 паравозы. Пад пагрозай арышту сышоў у партызаны. Загінуў у 1942 у баі каля в. Купаваць Сенненскага раёна. Перапахаваны ў Оршы.

Каментары11

Цяпер чытаюць

На аўташоу ў Лідзе ледзь не загінуў адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі — яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў. Што з ім цяпер?2

На аўташоу ў Лідзе ледзь не загінуў адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі — яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў. Што з ім цяпер?

Усе навіны →
Усе навіны

«Цікава, калі гэты сорам спыніцца». На «Салаўёў Live» разнеслі «Газпрам» за Канье Уэста і «старога педафіла» — бацьку Ілана Маска2

Ля берагоў Грэнландыі цяпер жывуць кіты — ім больш не перашкаджае лёд1

«Загадалі раздзецца і ўключылі відэарэгістратары». Беларуска расказала пра новую практыку надглядаў на мяжы15

«Ён, напэўна, у паралельным сусвеце жыве». Парады міністра Іванца выклікалі буру рэакцый12

«Калі пісаць — то толькі па гарачых сьлядах». Былы палітвязень Ігар Карней выпусціў кнігу турэмных успамінаў2

Беларусы пачалі атрымліваць поштай дзіўныя рэлігійныя газеты

У Італіі за рулём грузавіка памёр 43‑гадовы беларус1

«Ляжаў моцна пацярпелы чалавек». Падчас веламарафону на Палессі каля 10 чалавек атрымалі траўмы4

Выдавецтва «Тэхналогія» прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй»13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На аўташоу ў Лідзе ледзь не загінуў адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі — яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў. Што з ім цяпер?2

На аўташоу ў Лідзе ледзь не загінуў адзін з самых знакамітых каскадзёраў Беларусі — яго відэа сабралі амаль паўмільярда праглядаў. Што з ім цяпер?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць