Удзельнік падпольных незалежніцкіх групаў у савецкі час, ён выкладаў у Акадэміі і стварыў геніяльнае палатно «Свята ў Докшыцах».
Падпольная вечарына памяці Івана Луцкевіча ў мастэрні Віктара Маркаўца. Мінск, 1981. Віктар Маркавец — крайні справа ў першым шэрагу.
«Свята ў Докшыцах» (1976). Мастак намаляваў сябе з сёстрамі Валянцінай і Галінай на фоне роднага горада.
Такім ён быў. Віктар Маркавец на лецішчы ў Вайшкунах. Фота Дзяніса Раманюка.
Віктар Маркавец і Алесь Разанаў. Іх «Яйкаквадраты» — унікальны прыклад супольнага праекта пісьменніка і мастака.
Віктар Маркавец у майстэрні. 1980-я. Фота Анатоля Клешчука.
Віктар Маркавец быў вучнем славутага Ахрэмчыка, сябрам Саюза мастакоў ад 1977, выкладчыкам Акадэміі мастацтваў. З яго курсаў выйшлі вядомыя сёння мастакі і пісьменнікі. Разам з Марачкіным, Караткевічам, Чарняўскім ён браў удзел у дысідэнцкай групе беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку». Ягоная майстэрня ў Ракаўскім прадмесці была мазгавым цэнтрам руху за незалежнасць у 1980-я. У часы незалежнасці ён належаў да суполкі мастакоў «Пагоня». Нават ягонае лецішча ў Вайшкунах на возеры Балдук было цэнтрам прыцягнення для творцаў.
У Віктара Маркаўца была анкалогія. 66-гадовы мастак згас за месяц ад вострай лейкеміі.
Сябры мяркуюць, што лейкемію выклікала прафесійная хвароба — атручванне феноламі.
«Мне дактары сказалі, што гэта хвароба, якая часта сустракаецца ў мастакоў і маляроў, — кажа сябар мастака Алесь Пушкін. — Віктар Пятровіч рэстаўраваў царкву ў Докшыцах, і атруціўся фарбамі, дакладней феноламі.
Я быў у ягонай палаце яшчэ ўчора, трымаў яго за руку.
Віктар Маркавец — той чалавек, які сціпла, па-за медыйнай прасторай, рабіў сапраўдную беларускую справу. Маркавец і Алесь Марачкін для нас, дзесяцікласнікаў, сталі сапраўднымі аўтарытэтамі. Менавіта тады я ўбачыў ягоныя маляваныя дываны… Апошняя ягоная выстава была на 20-годдзі суполкі «Пагоня», ён выставіў велізарны краявід, надзвычай прыгожы. Я вельмі абрадаваўся, што Віктар Пятровіч ізноў пачаў пісаць.
Апошнія гады ён займаўся аздабленнем дзвярэй, шафаў, ладзіў выставы ў фальварку «Добрыя мыслі». Спадар Маркавец разам з жонкай стварылі ў «Добрых мыслях» сапраўды сямейную атмасферу,
выстава там у 2011 годзе стала найлепшай маёй выставай за апошнія гады.
Я лічу, што галоўнае цяпер — працягнуць ягоныя няскончаныя праекты: маляваць беларускую Вільню, напрыклад. Каб фарба на палітры Віктара Маркаўца ніколі не засохла».
«Ён стварыў сапраўды геніяльную карціну «Свята ў Докшыцах», — кажа вучань мастака Адам Глобус. — За савецкім часам мастакі малявалі свята на заводзе ці ваенны парад. Гэта ўсё было, але ўласна свята ў гэтых карцінах не было. А Віктар Маркавец паказаў, што звычайнае свята ў мястэчку можа мець велізарную колькасць святла, быць сапраўдным святам. Проста танец у мястэчку. Шкада, што спадара Віктара болей з намі няма».
«Асоба Віктара Маркаўца — з ліку легендаў беларускага Адраджэння, — расказвае мастак Рыгор Сітніца. —
Калісьці разам з Алесем Марачкіным яны на матацыклах аб’ехалі ўсе тыя сцежкі, якімі хадзіў Язэп Драздовіч, літаральна вярнуўшы гэтага творцу ў гісторыю мастацтва.
Цяпер і Марачкін і Маркавец сталі сапраўднымі класікамі. Віктар Маркавец быў вельмі сціплай, але яркай і харызматычнай асобай.
Ён спраектаваў і распісаў царкву ў Заслаўі, ён стварыў два праекты з Алесем Разанавым, у тым ліку знакамітыя «Яйкаквадраты» —
не памятаю, каб калісьці раней мастак і паэт у Беларусі мелі супольны праект. Ён стварыў згуртаванне «Мастак» у Заслаўі, рабіў пленэры, напрыклад — па маляваных дыванах. Гэта рэдкае, вельмі прыгожае мастацтва, і ніхто не рабіў па ім пленэраў да Маркаўца. Віктар быў сапраўдным рупліўцам беларускай справы».
Рэдакцыя «НН» смуткуе разам з роднымі і сябрамі мастака.
Чытайце таксама:
100 твораў мастацтва ХХ ст.: Віктар Маркавец. Вечар на вуліцы Замкавай у Менску