Літаратура1111

Эліс Манро. Чырвоная сукенка ўзору 1946 года

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі 2013 года Эліс Манро. Апавяданне.

«Майстар сучаснага апавядання», — гэтак сціпла і не прэтэнцыёзна гучала афіцыйная фармулёўка Нобелеўскага камітэта па літаратуры пры прысуджэнні прэміі 82­-гадовай канадцы Эліс Манро. Гэта не «галюцынаторны рэалізм» Мо Яня і не «картаграфія структуры ўлады» Варгаса Льёсы.

«Некалі я думала, што мае апавяданні — гэта прэлюдыя да рамана. А потым аднойчы я зразумела, што гэта ўсё, на што здольная», — прызнавалася пісьменніца ў адным з інтэрв’ю.

Амерыканскі літаратурны крытык Харальд Блум называў Манро сярод наймацнейшых навелістаў ХХ ст., але адзначаў, што яна ўсё ж саступае ў майстэрстве Хорхе Луісу Борхесу, Джэймсу Джойсу і Антону Чэхаву.

Эліс Манро піша традыцыйна, сказы ў яе творах простыя і лаканічныя. Пры гэтым яна захоўвае вялікую ўнутраную напружанасць і трагізм. Героі ж нібыта вашы суседзі, хай і дзеянне адбываецца ў вёсках і малых гарадках канадскага Антарыа.

Манро мала вядомая ў нашых краях. Па сёння ніводная яе кніга не перакладзеная на расейскую мову.

«Наша Ніва» друкуе першы пераклад на беларускую.

***

Мама шыла мне сукенку. Цэлы лістапад, калі я вярталася са школы, яна сядзела на кухні, абкладзеная абрэзкамі чырвонага аксаміту і выкрайкамі. Яна шыла на старой нажной машынцы, якую падсоўвала бліжэй да акна, каб было відней і каб паглядаць, ці не ідзе хто па дарозе за голым агародам, за іржышчам. Але там рэдка хто ходзіць.

Аксаміт — матэрыя складаная: ён сыплецца, дый фасон мама абрала не самы просты. Яна не вельмі добра шыла. Яна любіла рабіць штосьці сваімі рукамі. Гэта інакшае.

На фастрыгаванні, прапарванні дэталяў прасам мама час, па магчымасці, эканоміла, а такія тонкасці кравецтва, як абкіданне пяцелек на гузікі ці швоў, дык і зусім не выклікалі ў яе энтузіязму, не тое што ў цёткі ці, скажам, бабулі.

У адрозненне ад іх, маму вяло натхненне — смелая, яркая задумка; але чым бліжэй да мэты, тым менш ёй было ахвоты шыць. Пачнем з таго, што мама ніколі не магла падабраць выкрайку сабе па душы. Дзіва што: якая выкрайка магла параўнацца з ідэямі, што квітнела ў яе галаве.

Яна была пашыла мне кісейную сукенку ў кветачкі з глыбокім віктарыянскім выразам, аточаным колкімі карункамі, і адпаведны каптурок у дадатак; гарнітурчык з шатландкі, з аксамітным пінжачком і берэцікам; вышыванку з пышным чырвоным андаракам і чорнай карункавай гарсэткай.

Усе гэтыя дзіцячыя строі я насіла паслухмяна і нават з прыемнасцю — тое было ў часы, калі мяне не хвалявала меркаванне людзей навокал. Цяпер я стала разумная і марыла пра сукенкі, як у маёй сяброўкі Лоні, — фірмовыя, з універмага «Білз».

Мяне чакала прымерка. Часам Лоні заходзіла да мяне пасля школы, сядзела на канапе і назірала. Я саромелася, што мама поўзае вакол мяне, саромелася яе сапення, хрусту яе каленак. Яна нешта мармытала сабе пад нос.

Дома яна хадзіла без станіка і панчохаў, на ёй былі тапкі на танкетцы і шкарпэткі — на нагах бугрыліся сінюшныя вены. Від мамы на кукішках здаваўся мне ганебным і нават непрыстойным; я старалася заняць Лоні размовай, каб, наколькі гэта было магчыма, адцягнуць яе ўвагу ад мамы.

Перад дарослымі Лоні ўмела напускаць на сябе выгляд стрыманай, ветлівай, зычлівай дзяўчыны, а калі тыя не бачылі, люта высмейвала іх.

Мама энергічна паварочвала мяне, абколваючы шпількамі. Яна прымушала мяне то кружляць па кухні, то дэфіляваць, то стаяць на месцы. «Як табе, Лоні?» — пыталася яна, не выпускаючы шпілек з куточка вуснаў.

«Прыгожа», — адказвала Лоні, мякка і пяшчотна, як яна ўмела.

У самой Лоні мама памерла. Лоні жыла з татам, і яму было на яе напляваць, і таму я адначасова моцна спачувала ёй і моцна зайздросціла.

«Будзе прыгожа, калі толькі ўдасца падагнаць па росце, — адказвала маці. — Ну вось, — тэатральна працягвала яна, з крэхканнем уздымаючыся. — Не ведаю, ці яна гэта ацэніць».

Я шалела, калі мама размаўляла з Лоні вось так, нібы Лоні — дарослая, а я ўсё яшчэ дзіця. «Стой спакойна», — казала яна, сцягваючы сфастрыгаваную і сколатую шпількамі сукенку мне цераз галаву.

Аксаміт душыў мяне, агаляючы маё цела ў старой баваўнянай камбінашцы, якую я насіла пад форму. Я здавалася сабе няўклюднай калодай, пакрытай гусінай скурай. Мне хацелася быць, як Лоні — тоненькай, ху­дзенькай, з бледна-­блакітнай скурай; раней у яе быў парок сэрца.

«Калі я хадзіла ў школу, мне не было каму шыць, — казала мама. — Або шый сама, або ідзі без сукенкі». Я баялася, што яна зноў пачне расказваць, як ішла ў горад пешкі адзінаццаць кіламетраў наймацца афіцыянткай у пансіянат, каб было на што вучыцца.

Усе гісторыі матчынага жыцця, якія раней захаплялі мяне, цяпер здаваліся меладраматычнымі, нуднымі і расказанымі не да месца.

«Аднойчы мне пазычылі сукенку, — працягвала яна, — з крэмавага кашэміру, з ярка­сінім кантам і мілымі перламутравымі гузікамі. Вось цікава, ці яна яшчэ ёсць?»

Калі прымерка скончылася, мы з Лоні падняліся ў мой пакой. Там было халодна, але мы засталіся там.

Мы размаўлялі пра хлопцаў з класа, перабіралі іх, парту за партай, пыталіся адна ў адной: «А гэты табе падабаецца? Не, ну трошкі? Ты яго ненавідзіш? А ты з ім хадзіла б, калі б ён прапанаваў?»

Але ніхто нам не прапаноўваў. Нам было трынаццаць, і мы ўжо два месяцы вучыліся ў дзявятым класе. Мы праходзілі тэсты ў жаночых часопісах, каб даведацца, ці маем мы індывідуальнасць і ці будзем мець поспех у супрацьлеглага полу.

Мы чыталі пра тое, як накласці макіяж, як падкрэсліць выгадныя рысы, пра што размаўляць на першым спатканні і што рабіць, калі ён зайшоў занадта далёка.

Таксама мы чыталі пра фрыгіднасць, менапаўзу, аборты і чаму мужы ходзяць налева. Увесь свабодны ад заняткаў час мы збіралі, асэнсоўвалі і абмяркоўвалі інфармацыю пра сэкс.

Мы пакляліся дзяліцца адна з адной усімі сакрэтамі. Але я ніяк не магла сказаць Лоні пра танцы — пра калядную вечарыну ў школе, дзеля якой мама і шыла мне сукенку. Не магла сказаць ёй, што не хачу ісці.

Школа была для мяне адным бясконцым стрэсам. Я не ведаю, ці для Лоні таксама. Перад іспытамі ў яе халадзелі рукі і заходзілася сэрца, а я, я была ў роспачы ўвесь час.

Калі мне задавалі пытанне на ўроку — любое, нават самае лёгкае, — я магла адказваць толькі хрыплым дрыготкім голасам. Калі мяне выклікалі да дошкі, я была перакананая — нават у дні, калі гэта было немагчыма, — што на спадніцу ззаду пратачылася кроў.

Калі матэматык прасіў накрэсліць кола на дошцы вялікім цыркулем, мае рукі рабіліся ліпкімі ад поту. Я не магла адбіць мяч у валейболе; калі трэба было зрабіць нешта на вачах у іншых, у мяне знікалі любыя рэфлексы.

Я ненавідзела ўрокі эканомікі, ба там трэ’ было разлінеіць сшытак для бухуліку, а як толькі настаўнік зазіраў мне цераз плячо, роўныя радкі з’язджаліся разам і йшлі хвалямі.

Я ненавідзела фізіку; мы рассаджваліся на крэслы пад зыркімі лямпамі за сталамі, застаўленымі незнаёмымі, крохкімі прыборамі, а выкладаў фізіку дырэктар — мужчына з халодным, самазадаволеным голасам, якім ён шторанку чытаў нам Евангелле, і вялікім талентам прыніжаць іншых.

Я ненавідзела англійскую, бо хлопцы гулялі ў лато на задніх партах, а настаўніца, мажная, нерашучая і крыху касавокая маладзіца, чытала нам Уодсварта.

Яна ўшчувала іх, крычала на іх да чырвані твару і, такога ж, як у мяне, зрыву ў голасе. Яны карцінна прабачаліся і калі яна працягвала верш, прымалі захопленыя позы, рабілі натхнёныя твары, ускідвалі вочы да столі, прыціскалі далоні да сэрца.

Часам яе даводзілі так, што яна выбягала з плачам на калідор. Хлопцы мычалі ёй услед — і наш рогат — мой у тым ліку — здаганяў яе. У класе тады панавала атмасфера бязлітаснага карнавалу, якая прыгнятала такіх слабых і спанявераных асобаў, як я.

Але эканоміка, фізіка, англійская мова — гэта было не галоўнае ў школе. Нешта іншае надавала жыццю бляск і інтэнсіўнасць.

Стары будынак з яго сырымі пячорыстымі скляпеннямі, з цёмнымі гардэробамі і партрэтамі мёртвых каралёў ды зніклых першапраходцаў брыняў мандражом у чаканні вялікага полавага спаборніцтва.

Мроячы пра гучную перамогу ў гэтым спаборніцтве, я ўсё­-ткі прадчувала свой татальны правал. Трэ’ было, каб хоць нешта не дало мне пайсці на вечар.

Прыйшоў снежань і прыйшоў снег. І мне ў галаву прыйшла ідэя. Яшчэ раней я беспаспяхова спрабавала ўпасці з ровара і пашкодзіць нагу, вяртаючыся дадому па наледзі прасёлку, спярэшчанага каляінамі. Але гэта было не так проста.

У той жа час, як лічылася, у мяне былі слабыя горла і лёгкія — чаму б не скарыстацца з гэтага? Уначы я ўздымалася і прыадчыняла фортку. Я кленчыла, падстаўляючы разяўлены рот ветру, змяшанаму са снегам.

Я расшпільвала верх піжамы. Я паўтарала сабе выраз «сінець ад холаду» і, кленчачы з заплюшчанымі вачыма, уяўляла, як мае грудзі і горла сінеюць і шэра­блакітная сетка венаў праступае пад скурай.

Я стаяла так, пакуль магла трываць, а потым заграбала снег з падваконня, расцірала сабе грудзі і зашпільвала піжаму. Снег таяў пад фланэллю, і я спала ў мокрым — гатовая хвароба!

Зраніцы, прачынаючыся, я прачышчала горла, спраўджвала, ці не баліць, рабіла кантрольны кашаль, з надзеяй мацала лоб, спраўджваючы тэмпературу. Але ўсё было кепска. Штораніцы, у тым ліку калі надышоў дзень танцаў, я прачыналася пераможанай і — абсалютна здаровай.

У дзень танцаў я накруціла валасы на стальныя бігудзі. Ніколі раней я гэтага не рабіла, бо ў мяне валасы і так віюцца, але ў той дзень я прагнула абараніць сябе любымі даступнымі мне рытуаламі жаноцкасці.

Я ляжала на канапе ў кухні, чытала «Апошнія дні Пампеяў» Бульвера­-Літана, і мне самой хацелася апынуцца пад тонамі лавы. Мая перфекцыяністка­-маці прышывала да сукенкі белы карункавы каўнерык; яна лічыла, што карункі — гэта па­даросламу.

Я не зводзіла вачэй з гадзінніка. Гэта быў адзін з найкарацейшых дзён у годзе. Шпалеры над канапай былі спярэшчаныя даўнімі «крыжыкамі­-нулікамі», старымі рысункамі і крамзоламі, якія я ці брат пакідалі тут, пакуль ляжалі з бранхітам. Я глядзела на іх і хацела назад, у ратаўнічы манежык дзяцінства.

Калі я зняла бігудзі, валасы, завітыя як натуральна, так і штучна, стрэлілі ў бакі ільсняным феерверкам. Я мачыла іх вадой, прычэсвала, залізвала грабянцом, прымушаючы абрамляць авал твару. Я нанесла пудру, якая, нібы тынкоўка, абляпіла мой гарачы твар.

Мама выцягнула з шафы сваю туалетную ваду Ashes of Roses, якой ніколі не карысталася, і дазволіла мне папшыкаць на плечы. Потым яна зашпіліла мне сукенку і павярнула мяне да люстра. Там была прынцэска з асінай таліяй. Грудзі, абцягнутыя тугім ліфам, неяк па­новаму, з дарослым апломбам вытыркаліся наперад з-­пад дзіцячых фальбонак каўнерыка.

«Шкада, няма фотаапарата, — сказала мама. — Я — геній падгонкі. Ты мусіш сказаць мне дзякуй».

«Дзякуй», — сказала я.

Першае, што я пачула ад Лоні, калі адчыніла ёй дзверы, было: «Божа, што ў цябе на галаве?»

«Завіўка», — сказала я.

«Проста зулус нейкі. Але спакойна. Дай грабянец, зраблю табе гульку. Нармальную прычоску. Ты нават выглядаць будзеш дараслейшай».

Я села перад люстэркам, а Лоні ўстала за мной, пачаўшы ўкладваць мне валасы. Мама, як выглядала, прыклеілася да нас навечна. «Ідзі ўжо», — подумкі прасіла я. Гле­дзячы, як заплятаецца гулька, яна ўсклікнула: «Ты цуд, Лоні! Табе варта пайсці вучыцца на цырульніцу!»

«О, гэта ідэя», — адказала Лоні.

На ёй была блакітная сукенка з вялікай баскай і бантам; яе сукенка выглядала больш дарослай, нават калі здзерці з маёй каўнерык. Валасы ў яе былі гладкімі, як у дзяўчыны з рэкламы невідзімак.

Я заўсёды ўпотай думала, што Лоні не можа быць прыгажуняй, бо ў яе крывыя зубы, але цяпер я бачыла, што крывыя не крывыя, а побач з яе моднай сукенкай і гладкімі валасамі я выглядала зацягнутым у чырвоны аксаміт, лупатым, кудлатым пудзілам, на мяжы псіхічнага разладу.

Мама праводзіла нас да дзвярэй і крыкнула ў цемру: «О рэзэрвуар!» Гэта было наша з Лоні традыцыйнае развітанне; з яе вуснаў яно прагучала недарэчна і па­-дурному, і я так раззлавалася на гэтае малпаванне, што не адказала. Толькі Лоні прыкрычала ў адказ бадзёрым і радасным голасам: «Да пабачэння!»

Гімназія пахла хвояй і кедрам. Чырвоныя і зялёныя шары з гафраванай паперы звісалі з баскетбольных колаў; высокія вокны з частымі рамамі былі ўпрыгожаныя хваёвымі галінамі.

Усе старшакласнікі, здавалася, прыйшлі парачкамі. Некаторыя дзяўчаты з дванаццатага і трынаццатага класаў прывялі выпускнікоў, якія ўжо мелі працу ў горадзе.

Гэтыя маладыя людзі курылі ў школе, і ніхто не мог ім нічога сказаць, яны былі свабодныя. Іх дамы стаялі побач, як бы між іншага трымаючы сваіх кавалераў за рукавы пінжакоў, з нуднымі, адчужанымі і прыгожымі тварамі.

Мне б хацелася гэтак жа. Гэтыя дзяўчаты паводзіліся так, нібы яны — старэйшыя — адзіныя легітымныя госці вечара, а рэшта нас, што віецца навокал — нябачныя, бясплотныя духі; калі абвесцілі першы танец — Пол Джонс — яны пасунуліся ў танцзалу з грацыяй амёбаў, паблажліва пасміхаючыся адна адной, так, нібы іх запрашалі да паўзабытай дзіцячай гульні. За імі, трымаючыся за рукі, у трымценні папаўзлі мы, дзяўчаты­дзевяціклашкі.

У танцы Пол Джонс ніхто нікога не запрашае — кавалеры і дамы рухаюцца двайным карагодам у супрацьлеглыя бакі, а калі музыка спыняецца, разбіваюцца на выпадковыя пары.

Я не падымала вачэй на знешняе кола, якое круцілася перада мной, баючыся пабачыць кагосьці, хто, насуперак добрым манерам, прыспешваецца, каб са мной размінуцца.

Калі музыка спынілася, я спынілася таксама і, прыўзняўшы вочы, пабачыла перад сабой хлопца па імені Мэйсан Уільямс, які неахвотна спыніўся перада мною. Ён пачаў танчыць са мной, ледзьве кранаючыся маіх пальцаў.

Ногі ў мяне падкошваліся, плечы мае калаціла, я не магла выціснуць з сябе ні слова. Гэты Мэйсан Уільямс быў героем школы; ён гуляў у баскетбол ды хакей і хадзіў па калідоры самотны, як кароль, і нахабны, як варвар.

Танчыць з такой нікчэмнасцю, як я, было ніжэй за яго гонар, усё адно што вучыць на памяць Шэкспіра. Мы абое выдатна гэта разумелі, і я фізічна адчувала непамысныя погляды, якімі ён абменьваўся з сябрамі.

Спатыкаючыся, ён павёў мяне ў танцы да краю танцпола. Зняў руку з маёй таліі і адпусціў маё плячо.

«Пакуль», — развітаўся ён і сышоў.

Хвіліну да мяне даходзіла, што адбылося, што ён не вернецца. Я адышлася і падперла сцяну. Настаўніца фізкультуры, якая энергічна танцавала з дзесяцікласнікам, кінула на мяне выразны позірк.

І я страшна баялася, што яна зверне ўвагу на сітуацыю і пачне публічна змушаць Мэйсана датанцаваць са мной да канца. Мэйсанаў учынак ані здзівіў, ані раззлаваў мяне. Я выдатна разумела, хто ён, а хто я ў вачах школы.

Ён быў сапраўднай зоркай — не нейкай афіцыйнай зоркай кшталту старасты ці алімпіядніка, якога чакаў поспех за сценамі школы: гэтыя з ветлівай паблажлівасцю пратанчылі б са мной да канца — і я адчувала б сябе не лепей.

Усё ж я вельмі спадзявалася, што мала хто заўважыў мяне і Мэйсана. Усеагульнай увагі я не выносіла. Я пачала грызці вялікі палец.

Калі танец скончыўся, я змяшалася з дзяўчатамі, якія памкнулі да кутоў спартзалы, дзе мы танчылі. Уяві сабе, што танцы яшчэ не пачыналіся, пераконвала я сябе. Што вось гэта самы пачатак.

Музыкі зноў зайгралі. Тлум на нашым канцы залы варухнуўся і вокамгненна рассмактаўся. Падышлі хлопцы, дзяўчаты пайшлі танчыць. Лоні таксама.

Дзяўчына злева ад мяне таксама. Мяне не запрасілі. Я згадала артыкул, які мы чыталі з Лоні, у ім гаварылася: «Усмешачку! Хай мальцы пабачаць бляск у тваіх вачах, пачуюць смех у тваім голасе! Простая ісціна, але куча дзяўчат ігнаруе яе!»

І праўда. Я і забылася. Мае бровы звяло ад напругі, мусіць, выглядала гэта жахліва. Я глыбока ўздыхнула і паспрабавала расслабіць твар. Я пасміхнулася. Але пасміхацца проста так было тупа.

Да таго ж, як я заўважыла, дзяўчаты ў зале, тыя, каго запрасілі, зусім не пасміхаліся; у многіх з іх былі сонныя, надзьмутыя твары — ніякіх усмешак.

А дзяўчат усё запрашалі. Некаторыя, страціўшы надзею, запрашалі адна адну. Але збольшага запрашалі хлопцы. Запрашалі тоўстых, запрашалі прышчавых, запрашалі бедных, у якіх не было сукенкі і якія прыйшлі на танцы ў швэдры са спадніцай, іх запрасілі, і яны танчылі.

Чаму запрасілі іх, а мяне не? Усіх, але не мяне? На мне была чырвоная аксамітная сукенка, я завіла валасы, я напырскалася дэзадарантам і туалетнай вадой.

«Маліся», — сказала я сабе. Я не магла заплюшчыць вачэй, але подумкі паўтарала: «Калі ласка, ну, калі ласка», — я склала пальцы за спінай у знак, магічнейшы за просты крыжык — сакрэтны знак, які я і Лоні ўжывалі, каб нас не выклікалі да дошкі на матэматыцы.

Не спрацавала. Тое, чаго я баялася, аказалася праўдай. Я засталася стаяць ля сценкі. Са мной было нешта няяснае. Гэта не было нешта, што можна было выправіць, кшталту смуроду з роту, ці праігнараваць, як прышчы, і ўсе гэта ведалі, і я гэта ведала; я заўжды гэта ведала.

Але да сёння я не ведала напэўна, я спа­дзявалася, што памылілася. Раптам мне стала млосна. Я прамінула пару дзяўчатак, якіх таксама не запрасілі, і схавалася ў дзявочай прыбіральні. Замкнулася ў кабінцы.

І сядзела там. У перапынках дзяўчаты імкліва заходзілі і выходзілі. Кабінак было шмат; ніхто не заўважыў, што адна была ўвесь час занятая мною. Я слухала музыку, якая мне падабалася, але больш не кранала. Мне хацелася пераседзець, незаўважна выбрацца, пайсці дахаты.

Падчас аднаго з танцаў нехта ўвайшоў. Нейкая дзяўчына доўга мыла рукі, потым доўга прычэсвалася. Я падумала, яна заўважыць, што я столькі часу тырчу ў кабінцы. Я палічыла за лепшае выйсці і пачаць мыць рукі. Можа, пакуль я пастаю ля ўмывальніка, яна пойдзе сабе.

Гэта была Мэры Фартуна. Я ведала, як я завуць, бо яна была капітанам Дзявочага атлетычнага таварыства, яе фота вісела на дошцы гонару і яна была галоўнай арганізатаркай у школе.

Гэта яна дапамагала рыхтаваць калядны вечар — абыходзіла класы, запрашаючы ахвочых развешваць упрыгожанні. Яна была ў адзінаццатым ці дванаццатым класе.

«Тут добра. Прахалода! — сказала яна. — Я зайшла, каб асвяжыцца. Там проста парылка».

Яна працягвала прычэсвацца, калі я дамыла рукі. «Як табе музыка?» — спыталася яна.

«Нармальна», — сказала я.

Я не ведала, што сказаць. Мне ўвогуле было дзіўна, што старшакласніца марнуе час на размовы са мною.

«Фуфло, а не музыка, фу, — адказала яна. — Я ненавіджу танцы і я ненавіджу музыкаў. Толькі паслухай. Што за рваны рытм. Лепш не танчыць увогуле, чым танчыць пад гэта».

Я прычэсвалася. Яна абаперлася на рукамыйнік, назіраючы за мною.

«Не хачу танчыць дый заставацца тут не хачу. Хадзем пакурым».

«Куды?»

«Давай за мной. Я пакажу».

На іншым канцы прыбіральні былі дзверы. Незачыненыя, яны вялі ў цёмную каморку з вёдрамі і швабрамі. Яна папрасіла мяне прытрымаць дзверы ў прыбіральню, каб было святло, а сама стала намацваць наступныя дзверы. Яны адчыніліся ў цемру.

«Святло ўключаць нельга, а то нехта пабачыць, — сказала яна. — Гэта пакойчык вахцёра».

Я падумала, што атлеты ведаюць пра школу як пра будынак больш, чым астатнія; яны ведаюць, дзе ляжыць інвентар і заходзяць у недаступныя астатнім дзверы з незалежным, заклапочаным выглядам.

«Глядзі пад ногі, — папярэдзіла яна. — Дзесьці ў канцы прыступкі. Яны вядуць у каморку на трэцім паверсе. Каморка замкнёная, але там ёсць пераборка. Таму, калі сесці на прыступкі, то нават калі нехта выпадкова зойдзе, тут нас не заўважаць».

«А цыгарэтны пах?» — спыталася я.

«Ды ладна. Рызыка — наша ўсё».

Над сходамі было вакенца, якое давала крыху святла. Мэры Фартуна выцягнула з торбачкі цыгарэты і запалкі. Раней я курыла толькі самакруткі, якія мы з Лоні рабілі з тытуню, што яна крала ў бацькі; самакруткі развальваліся пасля пары зацяжак. Гэтыя цыгарэты былі лепшыя.

«Я толькі таму сёння прыйшла, — сказала Мэры Фартуна, — бо я вешала гірлянды, мне проста хацелася паглядзець, як яно выглядае ў антуражы і ўсё такое. Інакш бы мяне тут не было. Я не пацанаманка».

Высокае акенца асвятляла яе вузкі, пагардлівы твар, смуглявую скуру, пашытую прышчыкамі, яе магутныя сківіцы, што сціскаліся ў начальніцкі выскал.

«Ва ўсіх баб у гэтай школе проста манія на пацаноў. Ты не заўважыла? Проста парад пацанаманак, а не сярэдняя навучальная ўстанова».

Мне былі прыемныя яе ўвага, яе кампанія, яе цыгарэта. Я сказала, што яна мае рацыю.

«Напрыклад, сёння. Я ўпрошвала іх развесіць шары і іншы хлам. А яны проста стаялі на драбінах і выпендрываліся перад хлопцамі. Упрыгожанні — па барабане. Галоўнае — пакрасавацца. Іх жыццёвая мэта — выпендрывацца перад хлопцамі. Яны ідыёткі, я так лічу».

Мы абмяркоўвалі настаўнікаў і школьныя справы. Яна сказала, што хоча стаць настаўніцай фізкультуры, таму збіраецца ў коледж, але ў яе бацькоў няма чым плаціць.

Яна сказала, што пой­дзе працаваць, бо па­любому хоча быць незалежнай, яна пойдзе ў афіцыянткі, а летам уладкуецца на ферму, напрыклад, збіраць тытунь.

Слухаючы яе, я пачувалася не такой няшчаснай. Я сустрэла такую ж, як я, няўдачніцу — я бачыла гэта, — але, у адрозненне ад мяне, гэтая дзяўчына была поўная энергіі і самапавагі. Яна знайшла выйсце. Яна будзе збіраць тытунь на ферме.

Так мы стаялі, размаўлялі і курылі, у танцах быў вялікі перапынак, і ўсе там частаваліся кавай з пончыкамі. Калі музыкі зноў зайгралі, Мэры сказала: «Слухай, а што мы ўвогуле тут забылі? Давай забярэм палітоны і звалім. Можна пайсці ў забягалаўку да Лі і спакойна паразмаўляць за какавай. Ты як?»

Мы прабраліся праз пакойчык вахцёра, заціскаючы ў далонях попел і недапалкі. У каморцы са швабрамі мы спыніліся і прыслухаліся, каб пераканацца, што ў прыбіральні пуста. Мы выйшлі на святло і змылі недапалкі ва ўнітаз. Нам трэба было прабрацца да шатні праз натоўп танцораў; шатня была ў вестыбюлі.

Пачаўся новы танец. «Абыдзі спартзалу па перыметры, — сказала Мэры. — Ніхто нас не заўважыць».

Я пайшла за ёй. Ні на каго не гледзячы. Не шукаючы вачыма Лоні. Я, відаць, больш не буду сябраваць з Лоні. Прынамсі, не так, як раней. Яна была з тых, каго Мэры называла пацанаманкамі.

Я пабачыла, што не так гэта і страшна — цяпер, калі я вырашыла пайсці з танцаў. Я не чакала, што нехта мяне запросіць. У мяне былі свае планы. Мне не трэ’ было пасміхацца, каб прыцягнуць удачу. Гэта больш не мела значэння. Я ішла па сваіх справах — піць какаву з сяброўкай.

Нейкі хлопец нешта мне сказаў. Ён заступіў мне дарогу. Мне здалося, ён сказаў, ты нешта ўпусціла ці куды ты, гордэроб жа замкнёны. Я не зразумела, што ён запрашае мяне на танец, пакуль ён не паўтарыў запрашэння.

Гэта быў Рэйманд Болтынг з нашага класа, з якім я ў жыцці не абмянялася ні словам. Яму здалося, што я сказала «так». Ён паклаў руку мне на талію, і, амаль не ўсведамляючы, што раблю, я пачала танчыць.

Ён вёў мяне ў цэнтр залы. Я танчыла. Мае ногі не падкошваліся, а рукі і не думалі пацець. Я танчыла з хлопцам, які мяне запрасіў. Ніхто не намаўляў і не прымушаў яго — ён проста мяне запрасіў. Як гэта было магчыма, ці можна было ў гэта паверыць, урэшце, ці ўсё са мной у парадку?

Я збіралася сказаць яму, што гэта памылка, я збіралася сыходзіць, я ішла на какаву з сяброўкай. Але прамаўчала. Я злёгку скурчыла твар, каб надаць яму хмуры, адсутны выраз у стылі тых, каго абралі, тых, хто танчыў.

І менавіта такі твар пабачыла Мэры Фартуна, калі выйшла з шатні, ужо захутаная ў шалік. Я млява махнула рукой, знятай з хлапечага пляча, маўляў, прабач, я не ведаю, што здарылася, не чакай мяне. Потым я адвярнулася, а калі павярнулася зноў, яе ўжо не было.

Рэйманд Болтынг правёў дадому мяне, а Гаральд Сіманз — Лоні. Учатырох мы дайшлі да павароту на Лоніну вуліцу. Хлопцы абмяркоўвалі хакей, мы з Лоні не маглі падтрымаць гэтай размовы.

Потым мы разбіліся на пары, і Рэйманд працягнуў пераконваць мяне ў тым, у чым толькі што пераконваў Гаральда. Здавалася, ён не заўважаў, што перад ім я, а не ён. Пару раз я ўставіла: «Не ведаю, я ў хакеі не разбіраюся», — але потым ужо адно ўгукала ды падтаквала — гэтага было больш, чым дастаткова.

Не пра хакей ён сказаў наступнае: «Я не ведаў, што ты жывеш так далёка», — і шмыргнуў носам. Ад холаду я таксама засаплівіла; пахрабусцеўшы цукеркавымі фанцікамі ў кішэні, я намацала пакамечаную сурвэтку.

Вагалася, ці прапанаваць яму, але ён зноў гучна шмыргнуў, таму я сказала: «Вось сурвэтка, здаецца, нават не вельмі чыстая, я атрамант выцірала. Але калі разарваць напалам, то бу­дзе мне і табе».

«Дзякуй, — сказаў ён, — Я вазьму».

Здорава, што я так зрабіла, бо, калі ля нашых веснічак я сказала: «Ну, да пабачэння», — а ён сказаў: «Ага, да пабачэння», — ён раптам нахіліўся да мяне і пацалаваў, злёгку, з выглядам чалавека, які ведае, што і калі рабіць, у куток вуснаў.

Гэта быў не сон. Я магла жыць. Я падышла да акна кухні і пабачыла маму. Яна ся­дзела, паставіўшы ногі ў адчыненую духоўку, піла гарбату з кубка, проста сядзела і чакала, калі я вярнуся і раскажу пра ўсё, што адбылося.

А я не збіралася расказваць ёй ні цяпер, ні ў будучыні. Але калі я пабачыла святло на кухні, маму ў выцвілым махровым халаце з персідскімі ўзорамі, яе сонны, але поўны нясцерпнага чакання твар, я зразумела, што ў мяне ёсць таямнічая і амаль непад’ёмная місія — быць шчаслівай, і што сёння я ледзь не праваліла яе, і, магчыма, ў будучыні многа раз правалю, але мама ніколі пра тое не даведаецца.

З дэбютнага зборніка «Танец шчаслівых ценяў ды іншыя гісторыі» (1968) (Red Dress—1946).

Каментары11

Цяпер чытаюць

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы3

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Многія беларусы не заўважаюць гэты дзіўны надпіс у мінскім метро. Што з ім не так?20

Чэшскі ўрад пашырыў магчымасць атрымаць візы для беларусаў6

Сабака моцна пагрыз буйную купюру, але яе ўсё адно прынялі. У якіх выпадках не варта адчайвацца?3

Што такое рабатызаваныя турэлі, якія павінны выратаваць Кіеў ад рэактыўных «шахедаў»2

Кіеў пачаў аддзяляць беларусаў ад Лукашэнкі. Калі гэта зменіць жыццё беларусаў ва Украіне?11

Рамзану Кадыраву далі ордэн ад РПЦ7

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?8

Расія ўдарыла дронамі па турэцкім судне з кукурузай

Беларус сабраў грыбы ў Чарнобыльскай зоне і аднёс у лабараторыю. Якія вынікі?12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы3

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць