Парламент Каталоніі прагаласаваў у чацвер за правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці ад Іспаніі. Як паведамляе Reuters, за адпраўку ў Мадрыд адпаведнай петыцыі выступілі 87 дэпутатаў, супраць выказаліся толькі 43 парламентарыі. Яшчэ трое ад галасавання ўстрымаліся.
У дакуманце, які Барселона накіруе ў іспанскі парламент, будзе ўтрымлівацца патрабаванне даць Каталоніі права арганізаваць рэферэндум. Зрэшты, як чакаецца, каталонцы атрымаюць адмову.
За незалежнасць аўтаномнай вобласці выступае кіруючы блок «Канвергенцыя і Саюз», чый лідэр Артур Мас ўзначальвае рэгіянальны ўрад. Ён і яго прыхільнікі ставяць у прыклад сітуацыю ў Шатландыі, жыхары якой ў 2014 годзе павінны прагаласаваць па пытанні аб незалежнасці ад Лондана.
Большасць у абедзвюх палатах іспанскага парламента належыць Народнай партыі. Яе узначальвае прэм'ер міністр краіны Марыяна Рахой, які выступае супраць рэферэндуму.
У выпадку адмовы Мас плануе аб'явіць аб правядзенні плебісцыту, аднак галасаванне, хутчэй за ўсё, забароніць канстытуцыйны суд. Заменай рэферэндуму кіраўнік рэгіёну лічыць парламенцкія выбары, якія павінны адбыцца ў 2016 годзе.
За незалежнасць Каталоніі выступаюць каля паловы яе жыхароў. Зрэшты, тых, хто гатовы на размежаванне з Мадрыдам пры ўмове выхаду з ЕС, істотна менш. Між тым ідэю аб самім рэферэндуме добра ўспрымаюць каля 80 адсоткаў каталонцаў.
Патрабаванні аб суверэнітэце Каталонія, якая да пачатку XVIII стагоддзя ўваходзіла ў каралеўства Арагон, вылучае не першае дзесяцігоддзе. Свае памкненні жыхары вобласці абгрунтоўваюць моўнымі і культурнымі адрозненнямі з астатняй Гішпаніяй. Дадатковым аргументам прыхільнікаў незалежнасці з'яўляецца больш спрыяльная эканамічная сітуацыя, чым па краіне ў цэлым.
Каментары