Грамадства2929

«Вар’яцтва з фантанамі прыйшло да нас з Расіі»: гутарка з дэсантнікам, які служыў у 94-м 

Спадчынны дэсантнік распавёў «Нашай Ніве», як яму служылася ў першыя гады незалежнасці.

Сяржук Кедышка — сяржант, намеснік камандзіра ўзвода. Служыў у 103-й Віцебскай дывізіі. Пасля арміі паступіў ва ўніверсітэт і скончыў магістратуру па гістарычным кірунку

Чым горай — тым лепш

«У той вар’яцкі дом я трапіў 18-гадовым хлопцам, паўтарыўшы шлях бацькі, — пачынае расповед дэсантнік Сяржук, трымаючы ў руках свой стары берэт з Бел-Чырвона-Белым сцягам. — Але памяці ўласціва адкідаць негатыўныя ўспаміны, таму сёння я магу сказаць, што

служба ў дэсанце заклала падмурак майго характару, які дапамагае мне па жыцці.

Але тады быў шок — цябе закінулі ў шалёны асяродак, дзе ўвесь час падтрымліваецца вельмі напружаная атмасфера.

Дэсант — гэта ж смяротнікі фактычна.

Войскі створаны для таго, каб закідваць іх у тыл ворага і ўтрымліваць плацдарм. Гэты фаталізм — ён паўсюль. Ён ламае псіхіку і пакідае адбітак на душы.

Хоць у нас тады была поўная галеча — верталёты не лёталі, зімою ў казармах віселі сасулькі, а з ежы было толькі «мяса белага мядзведзя» і «бігас» [кіслая капуста, тушаная з салам — АГ], нам было абыякава. Чым горай — тым лепш».

Сяржук адзначае, што ягоная служба выпала на нявызначаныя часы сярэдзіны 90-х, калі «дзедаўшчыну» – спадчыну савецкага войска, яшчэ не выкаранілі, а ўся краіна перажывала глыбокі крызіс.

«Былі нестатутныя адносіны — гэта называлася «мятацца» і «нараджаць».

«Нараджаць» цыгарэты для сяржантаў, напрыклад, ці крэм для ботаў. Была ж татальная галеча — не было нават чым падшывацца. Усё прапівалі прапаршчыкі альбо хавалі на складзе на выпадак праверкі.

Памятаю, да нас нейкія італьянцы прыязджалі, дык хлопцы, што іх сустракалі, хадзілі і «стралялі» значкі і іншую дробязь, каб хоць неяк больш-менш выглядаць», — прыгадвае Сяржук і кажа, што

ўся «дзедаўшчына» ішла зверху, ад афіцэраў-танкістаў,

якімі затыкалі дзіркі ў дэсанце, бо сваіх афіцэраў бракавала.

Танкісты, маўляў, дазвалялі сабе тое, чаго ніколі не рабілі афіцэры-афганцы: пілі ды падымалі ўвесь батальён уначы на страявую.

Страшны час

«Тады якраз выбары былі. Першы тур я яшчэ дома галасаваў, за Пазняка. А другі тур — ужо ў войску. Нас тады ўсіх пастроілі і палітрук сказаў, каб усе галасавалі за Лукашэнку, бо «вы ж разумееце». Але я і так галасаваў за Лукашэнку — тады такая мода была, што хто заўгодна, абы не Кебіч. Зрэшты, нам тады па 18 гадоў было, хто там што разумеў», — кажа Сяржук і адзначае, што перыяд ягонай службы быў страшным і небяспечным часам.

«Я ўжо быў сяржантам, цягнуўся 95-ы год. Гэта часы разборак у парламенце. Нас хацелі кідаць на Мінск, і разам з намі яшчэ некалькі дэсантных палкоў. Тады камбат усіх мінскіх сяржантаў сабраў на курылцы і сказаў, што можа прыйсці загад страляць у сваіх, каб мы гэта ведалі.

Я думаю, што ён не проста так гэта зрабіў, ён хацеў, каб мы асэнсавалі гэтыя словы. Бо потым мы паміж сабою гаварылі і думалі, што ён бы гэтаму загаду не падпарадкаваўся б.

Але калі што, то мы б стралялі.

Я так сабе тады ўяўляў — вось мы стаім дзесьці, а майму сябру прылятае камень у галаву, а потым мне. Мы проста баранілі б сябе і з пярэпалаху стралялі. Так бы ўсё і было», — расказвае Сяржук і прыгадвае, што акурат тады пачалася і чачэнская кампанія — афіцэры ўсур’ёз абмяркоўвалі магчымасць камандзіровак.

«Прыгадваю, як мы ўзбуджаныя глядзелі навіны пра першы штурм Грознага, дзе перабілі Майкопскую брыгаду. І мы разумелі, што з нашай падрыхтоўкай мы б там таксама галовы б склалі, але

быў бы загад — і ніхто б не думаў, а адразу б паляцелі. І пляваць на Канстытуцыю, што нельга і ўсё такое…

Пра яе ніхто б і не задумаўся», — упэўнены былы дэсантнік.

«Крокам руш»

«За часамі маёй службы нацыянальная сімволіка была дзяржаўнай, у людзей трохі прачыналася свядомасць.

Памятаю, як нас паслалі «на бульбу» у нейкі калгас. І «дзембель» вырашыў нас па дарозе паганяць.

Карціна такая — бягуць тры маладыя уздоўж дарогі, змораныя ўсе. А крыху далей дзембель ідзе. Дык каля яго машына з мясцовымі «браткамі» спыняецца і адтуль мужык пытаецца: а гэта чые?

Сяржант кажа, што нашы. Тады на яго гэтыя «браткі» наехалі, маўляў, чаго ты сваіх так ганяеш, яны ж беларусы, а не з Саюза. Ён з тым пагадзіўся і мы перасталі бегчы», — прыгадвае дэсантнік і расказвае яшчэ адну гісторыю.

«У тыя часы якраз рыхтавалася ўвядзенне беларускай мовы ў войску. Мне камбат казаў, што неўзабаве я буду казаць не «шагом марш», а «крокам руш». Гаварылася гэта з усмешкай, з добрым жартам. У людзей не было негатыву, усе былі гатовыя да гэтага.

Але мы ведаем, як усё атрымалася.

А за дваццаць гадоў мы маглі б ужо пабудаваць беларускае войска», — з жалем адзначае Сяржук і прыгадвае, як яны вымушана куплялі кустарныя значкі.

«Нейкія знакі памятныя, яшчэ штосьці — гэта ўсё кустарна майстры рабілі і мы куплялі, каб потым кіраўніцтва гэтыя значкі нам уручала. Але

ўсё ж было — і кукарды з Пагоняй, і шмат іншага.

Але нам не выдавалі — мы служылі, як леўкі, з савецкай зоркай на кукардзе і Бела-Чырвона-Белым сцягам на берэце. Я потым сам для калекцыі купіў той берэт, які меў быць у мяне за часамі службы. Але я яго не нашу, вядома», — кажа Сяржук.

Купанне ў фантанах — вар’яцтва з Расіі

Сяргей рэзка крытыкуе сённяшнюю традыцыю святкавання Дня дэсантніка.

«Як у нас звычайна асвятляюць 2 жніўня? — разважае Сяржук, — Дэсантнікі напіліся, лезлі ў фантан. Мяне асабіста гэта вельмі абражае,

калі па неадэкватнай частцы ставіцца цэтлік на ўсіх. І што да фантанаў, то гэта асобная гісторыя.

Старэйшыя за мяне дэсантнікі казалі, што гэтае вар’яцтва прыйшло да нас з Расіі. Маўляў, неяк у маскоўскім парку Горкага п’яныя дэсантнікі залезлі ў фантан, а СМІ гэта падхапілі, як «традыцыю», і разнеслі па ўсёй краіне а потым і да нас дайшло», —

распавядае дэсантнік і кажа, што сам святкуе 2 жніўня з 1996 году, але раней гэта выглядала так: былыя службоўцы ішлі разам з афганцамі ўскладаць кветкі да Вострава слёз.

Традыцыя мела элементы смутку.

«А цяперака ўжо шмат народу з майго прызыву і не выходзіць у горад, бо баяцца ўляпацца ў прыгоды», — падсумоўвае Сяржук.

Чытайце таксама:

Дзень ВДВ у Мінску: спецназ блакуе фантаны ад дэсантнікаў ФОТЫ

Каментары29

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр сёння падаражэў на шэсць капеек, еўра — на 122

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →