Упраўленнем Следчага камітэта па г. Мінску распачата крымінальная справа ў дачыненні да мінчука і двух грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія падазраюцца ў выкраданні чалавека.
Паводле дадзеных, атрыманых у ходзе работы супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь, а таксама ў выніку першапачатковых следчых дзеянняў, устаноўлена, што падазраваныя, маючы намер завалодаць грашыма пацярпелага, некаторы час за ім сачылі.
Знайшоўшы момант, калі мужчына знаходзіўся адзін на вуліцы, надзелі на яго кайданкі і, змясціўшы ў арандаваны аўтамабіль, перавезлі ў загадзя знятую кватэру, дзе працягвалі патрабаваць ад яго перадачы грошай у памеры не менш за 100 тысяч даляраў ЗША.
Аднак давесці злачынны намер да канца падазраваным не ўдалося, бо яны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі.
У цяперашні час следчыя працуюць з затрыманымі. Па месцы жыхарства падазраваных праведзеныя ператрусы. Следствам сумесна з аператыўнымі супрацоўнікамі праводзіцца комплекс следчых дзеянняў, накіраваны на праверку датычнасьці да гэтых асоб да здзяйснення іншых злачынстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Дзеянні падазраваных кваліфікаваныя па ч.2 ст.182 (выкраданне чалавека, здзейсненае групай асоб) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Расследаванне працягваецца.
Каментары