Праваслаўная царква прызнала святымі пакутнікамі 30 беларусаў, забітых польскімі партызанамі
Усе беларускія праваслаўныя фурманы, забітыя ў 1946 годзе на Беласточчыне атрадам Рамуальда Райса «Бурага», па імёнах далучаныя да групы пакутнікаў Холмскіх і Падляшскіх земляў. Так вырашылі епіскапы Польскай праваслаўнай царквы, піша Радыё Свабода.

Іх ушанаванне прызначанае на дзень Іконы Заляшанскай Божай Маці, гэта значыць на апошнюю суботу ліпеня. 31 студзеня 1946 «выклятыя жаўнеры» з аддзелу «Бурага» забілі 30 праваслаўных фурманаў з 12 вёсак на Гайнаўшчыне — Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька — якія, на загад улады, паехалі ў пушчу на нарыхтоўку дроваў для школы.
Фурманоў, якія ўмелі перажагнацца па-каталіцку і згаварыць пацер па-польску, «Буры» адпусціў дадому. А праваслаўных ягоныя жаўнеры, паводле некаторых сведчанняў, забівалі сякерамі, бо шкадавалі патронаў.
Рамуальда Райса камуністы злавілі ў 1948 годзе, судзілі ў Беластоку і павесілі пад канец 1949 году. У судзе «Буры» сваёй віны не прызнаў, звальваючы адказнасць за спаленыя вёскі і забітых беларускіх сялян на свайго намесніка.
Назва «выклятыя жаўнеры» ўжываецца з 1993 года, калі яе ўпершыню выкарасталі ў назве выставы, прысвечанай антыкамуністычнаму пасляваеннаму падполлю ў ПНР.
Холмскія і падляшскія пакутнікі — гэта быў зборны тэрмін для праваслаўных святых пакутнікаў, кананізаваных 7 і 8 чэрвеня 2003 года Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой. Усе яны загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Большасць зь іх былі забітыя польскімі партызанамі.
Каментары