Аднаго з самых таленавітых паэтаў 1920-1930-х закатавалі саветы.

Аднаго з самых таленавітых паэтаў 1920-1930-х закатавалі саветы.
Працоўны шлях пачаў мулярам.
Вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у 1934 г. скончыў літаратурна‑лінгвістычнае аддзяленне Менскага педінстытута.
Друкавацца пачаў з 1925 г. («Чырвоная змена», «Малады араты» ды інш.) Належаў да літаратурнага згуртавання «Маладняк».
Першы зборнік вершаў («Пялёсткі») выйшаў у 1926 г. У 1927 г. выйшаў зборнік «На залатым пакосе», у 1930 г. - «Вяршыні жаданняў», у 1933 г. - «Права на зброю».
У 1935‑м Маракова за публікацыю верша «Песня перамог» выключылі з Саюзу пісьменнікаў. Тады першы раз арыштавалі, праз год — паўторны арышт.
29 кастрычніка 1937 г. Валерыя Маракова расстралялі ў менскай турме.
У 2003 г. выйшаў зборнік «Рабінавая ноч: Выбранае. Вершы, паэмы, проза, публіцыстыка, крытыка, пераклады».
«Валеры Маракоў быў адным з самых таленавітых паэтаў 1920 — 30‑х.
Моладзь любіла ягоную паэзію. Дзіўна, але яе чамусьці вабіў той песімізм, разгубленасць. Мабыць, настрой паэзіі Маракова адпавядаў настроям чытачоў? Гэта была паэзія кахання, надзей і расчараванняў, адыходу ад грамадскага афіцыёзу ў свет хараства, у свет чалавечнасці», ‑‑ напісаў нью‑ёрскі даследчык Лявон Юрэвіч.
Пляменнік Валерыя Маракова — пісьменнік і даследчык рэпрэсій Леанід Маракоў, які, у прыватнасці, шмат зрабіў для вяртання памяці дзядзькі.
***
Рабiнавая ноч Валерыя Маракова
Імя гэтага чалавека, расстралянага ў 1937 годзе ва ўзросце 27 гадоў, было вернутае з небыцця амаль выпадкова.
— У канцы жнiўня 1997 года мне пазванiлi з выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». Пацiкавiлiся: цi не захавалiся ў нас у сям’i — можа нейкiм цудам? — рукапiсы майго дзядзькi — паэта Валерыя Маракова, — узгадвае Леанiд Маракоў, сёння таксама вядомы лiтаратар. — Я адказаў «Не захавалiся», а сам сябе, нiбы прачнуўшыся, спытаў: «А дзе маглi захавацца?» I паспрабаваў адказаць.
Пляменнiк паэта, на той час паспяховы бiзнэсмен, Леанiд Маракоў рукапiсаў дзядзькi, пра якога дагэтуль нiчога не ведаў, не знайшоў нi ў адным з беларускiх архiваў. Аднак у сваiх старанных пошуках ён натрапiў на звесткi, якiя раз i назаўсёды змянiлi не толькi яго жыццё, але ў многiм i наша ўяўленне пра айчынную гiсторыю.
Праз два гады на свет з’явiлася кнiга «Валеры Маракоў: Лёс, хронiка, кантэкст», якую лiтаратуразнаўцы адразу назвалi ўнiкальнай. У ёй было сабрана практычна ўсё, што Леанiду Маракову ўдалося знайсцi пра свайго дзядзьку, яго час i людзей, якiя падзялiлi з iм лёс, пра яго сяброў i ворагаў. Успамiны i фрагменты даследаванняў, рэцэнзii, артыкулы i дакументы, якiя раней нiколi не друкавалiся: пратаколы арыштаў i прысудаў, сведчаннi пра фiзiчнае i маральнае катаванне выдатных беларускiх пiсьменнiкаў. У вынiку атрымаўся страшны летапiс знiшчэння элiты беларускай iнтэлiгенцыi.
Аднак гэта было толькi пачаткам. Бiяграфiчны даведнiк пра Валерыя Маракова стаў асновай для складання зборнiка iмёнаў рэпрэсiраваных беларускiх дзеячаў культуры «Вынiшчэнне», якi ўбачыў свет у 2000 годзе. На сённяшнi дзень пляменнiк паэта выдаў 26 кнiг, з iх 15 — бiяграфiчныя даведнiкi рэпрэсiраваных у Беларусi ў перыяд з 20‑х па 50‑я гады мiнулага стагоддзя людзей: святароў, навукоўцаў, дзяржаўных i грамадскiх дзеячаў, настаўнiкаў, пiсьменнiкаў… Такiм чынам iмя паэта Валерыя Маракова паслужыла штуршком для вяртання тысяч i тысяч iмёнаў, аднаўлення знявечаных лёсаў, адкрыцця невядомых альбо малавядомых старонак нашай гiсторыi.
Валерый Маракоў нарадзiўся у простай сям’i, пасля заканчэння сямiгодкi ён працаваў разам са сваiм бацькам мулярам. Яго бацька на мяжы стагоддзяў прыехаў у Беларусь з Пскоўскай губернi, пасялiўся ў мястэчку Козырава Мiнскага павета (цяпер раён Лошыцы ў Мiнску), быў царкоўным старастам i адным з арганiзатараў рэлiгiйнай антысавецкай арганiзацыi ў 1933‑1935 гадах. «Яны сапраўды адгаворвалi сялян ад калгасаў», — кажа Леанiд Маракоў.
Валерый пачаў друкаваць свае вершы з 16 гадоў. У тым жа ўзросце быў прызначаны сакратаром рэдакцыi часопiса «Пiянер Беларусi». Першы зборнiк яго вершаў «Пялёсткi» быў выдадзены аб’яднаннем «Маладняк» у 1926 годзе. Вось як узгадвае пра той час паэт Алесь Звонак: «Прыехаўшы па нейкiх рэдакцыйных справах у Менск, я сустрэў Валерыя Маракова. Быў ён без пэўных заняткаў, пакрысе друкаваўся, рыхтаваў да друку другую сваю кнiжку паэзii «На залатым пакосе», матэрыяльна быў не забясьпечаны, вяртацца на бацькаўскую мулярку не хацелася, прывязваў тэхнiкум… Ня трэба забывацца на тое, што ў тыя гады iснавала беспрацоўе. Я запрасiў Маракова прыехаць часова ў Полацк, папрацаваць, падправiць сваё матэрыяльнае становiшча.
Неўзабаве ён прыехаў у Полацк. Тады Полацк i шэраг раёнаў Вiцебшчыны былi далучаныя да БССР, установы ўсе пераводзiлiся на дзяржаўную мову Беларусi, стваралiся амаль пры кожнай установе гурткi па вывучэньнi беларускай мовы. Вось тут Маракову была неабмежаваная педагагiчная практыка як студэнту Менскага белпедтэхнiкуму»…
Ён быў прыгожы, таленавiты i шматабяцальны. «Маракоў вызначаецца лiрычнасцю, эмацыйнай напружанасцю, гучальнасцю сваiх вершаў, — пiсаў пра маладога паэта М. Гарэцкi. — У яго шмат пачуцця, ён любiць яскравыя фарбы i гучанне». «Маракова заўважыў i акрылiў бацькоўскай ласкай i прыхiльнасцю Янка Купала,» — успамiнаў пазней С.Шушкевiч.
Пры жыццi выйшлi яшчэ два яго зборнiкi: «Вяршынi жаданняў» (1930) i «Права на зброю» (1933). Яго арыштоўвалi двойчы: у сакавiку 1935‑га i 6 лiстапада 1936‑га.
— У апошнiм выпадку магло мець месца ўзброенае супрацiўленне, — з гонарам распавядае пляменнiк Валерыя Маракова. — Потым, тыя, хто яго ведаў, расказвалi, што паэт, калi ад’язджаў з Мiнска на раён, узяў з сабой наган i сказаў, што будзе баранiць сябе. Але ён не паспеў выкарыстаць зброю, якая была хутчэй за ўсё схавана на яго кватэры ў Барысаве. Яго арыштавалi на Мiнскiм вакзале.
28 кастрычнiка 1937 года, пасля года катаванняў, знявечанага паэта Маракова тройка НКВД асудзiла (пасяджэнне працягвалася 15 хвiлiн) як «члена контррэвалюцыйнай нацыянал‑фашысцкай арганiзацыi» да вышэйшай меры пакарання з канфiскацыяй маёмасцi. У тую страшную ноч з 29 на 30 кастрычнiка 1937 года ў Мiнску былi знiшчаны каля ста дзеячаў беларускага грамадства i культуры. Сярод iх 22 — пiсьменнiкi.
— Мне ўдалося даведацца, што гэтых людзей першапачаткова не збiралiся расстрэльваць, — распавядае Леанiд Маракоў. —У адным з маскоўскiх архiваў я знайшоў тэлеграму‑запыт, датаваную пачаткам восенi 1937 года. Палкоўнiк КДБ з Мiнска пытаецца: «Што з iмi рабiць?» Маўляў, за год мы iх усiх так знявечылi, што iх нельга нi выпусцiць, нi адправiць у лагеры. Па‑сутнасцi iх забiлi, каб знiшчыць сляды катаванняў на iх целах i лiквiдаваць сведак свайго беззаконня.
Валерый Маракоў быў рэабiлiтаваны ваеннай калегiяй Вярхоўнага суда СССР 23 красавiка 1957 года.
Пасля смерцi выйшлi тры зборнiкi яго вершаў. Два — у юбiлейныя 1959 i 1989 гады. Апошнi — у 2003‑м. Ён называецца «Рабiнавая ноч», як i паэма паэта, якая пакуль так i не знойдзена (уступ да яе надрукавала 25 лiстапада 1928 года «Чырвоная Змена»), бо хутчэй за ўсё была знiшчана супрацоўнiкамi НКУС пры арышце.
Каментары