Грамадства1818

Падпалкоўнік міліцыі: Лукашэнка будзе расчараваны «вернасцю» сілавікоў

Падпалкоўнік Юры Гушча, які ў свой час працаваў у цэнтральным апараце МУС, у гутарцы з Радыё Свабода аналізуе прычыны брутальнасьці дзеяньняў сілавікоў 9—12 жніўня, тлумачыць асаблівасьці выхаваньня байцоў АМАПа і заяўляе, што Лукашэнка будзе расчараваны «вернасьцю» сілавікоў.

— Юры, вы апошнія тыдні перад выбарамі шмат пісалі ў сацыяльных сетках пра стан сілавых структураў у Беларусі, і гэтыя вашыя допісы былі вельмі папулярныя. Раскажыце трошкі пра сябе: кім вы цяпер працуеце, кім працавалі раней у сілавых структурах, чаму сышлі адтуль.

— Я і цяпер актыўна пра гэта пішу, бо лічу ўсё зьвязанае зь сілавымі структурамі надзвычай актуальнай і вострай тэмай, асабліва апошнім часам.

Сам я дваццаць гадоў аддаў сыстэме МУС, прычым пачынаў служыць у самых «нізах», як кажуць, у «акопах» — гэта Цэнтральны раён Гомеля, у той момант, калі там дзейнічала так званая «банда Марозава». Прайшоў усе ступені службовай лесьвіцы, скончыўшы службу падпалкоўнікам у цэнтральным апараце МУС Рэспублікі Беларусь. Маёй спэцыялізацыяй было выяўленьне і раскрыцьцё эканамічных і карупцыйных злачынстваў у стратэгічных галінах эканомікі, у тым ліку ў фінансавай сыстэме.

Сышоў я ў лістападзе 2013 году на ўласнае жаданьне. Здарылася гэта таму, што пасьля заканчэньня ад’юнктуры Акадэміі МУС у верасьні 2013 году я зразумеў, што вычарпаў сябе ў якасьці супрацоўніка органаў унутраных справаў і мае жыцьцёвыя прынцыпы сталі вельмі слаба спалучацца з тым становішчам у міліцыі, якое сфармавалася на працягу трох апошніх гадоў, пакуль я быў у ад’юнктуры і пісаў кандыдацкую дысэртацыю. Асабліва цяжкае ўражаньне на мяне зрабілі падзеі 19—20 сьнежня 2010 і красавіка-чэрвеня 2011 гадоў, пасьля якіх я ўвогуле для сябе ўжо ўсё вырашыў.

Пасьля заканчэньня службы я даволі добра адаптаваўся да цывільнага жыцьця, працаваў кіраўніком прадстаўніцтва буйной расейскай карпарацыі ў Маскве, ачольваў службу эканамічнай бясьпекі банку, і цяпер ужо працяглы час працую як праўны, інвэстыцыйны і падатковы кансультант у шэрагу прыватных кампаніяў, якія да апошняга моманту (маю на ўвазе эпідэмію COVID-19) пасьпяхова дзейнічалі на беларускім і замежных рынках.

— Ведаючы сытуацыю знутры, ці чакалі вы такога ўзроўню зьверстваў і жорсткасьці, які паказалі супрацоўнікі сілавых органаў падчас падзеяў 9—12 жніўня? Чым вы можаце гэта патлумачыць?

— Шчыра прызнаюся: такога я наўрад ці чакаў. Больш за тое, удзень 9 жніўня, знаходзячыся ў аб’яднаным штабе, я ў размове зь «Белсатам» спрабаваў заспакоіць людзей і аргумэнтамі пераканаць, што дзеяньні «сілавікоў» могуць быць агрэсіўнымі і зь ціскам, але ж да шырокамаштабнага ўжываньня зброі і спэцсродкаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама да жорсткага іх катаваньня і ахвяраў — ня дойдзе. Але ж я памыліўся. Я вельмі пераацаніў кіраўніцтва МУС і «перачалавечыў» некаторых яго прадстаўнікоў. На мой вялікі жаль.

Тое, што зрабілі сілы АМАП і асобныя злучэньні ўнутраных войскаў 9—12 жніўня, — гэта, безумоўна, на мой погляд як юрыста, — злачынства без усякіх кампрамісаў. Пераважна ў выглядзе шматлікіх фактаў перавышэньня службовых паўнамоцтваў, якія суправаджаліся гвалтам, катаваньнямі і неабгрунтаваным ужываньнем агнястрэльнай зброі і спэцыяльных сродкаў, што прадугледжана часткай 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу, зьяўляецца цяжкім злачынствам і караецца пазбаўленьнем волі ад трох да дзесяці гадоў. Другая частка пытаньня: чаму так адбылося і чым усё гэта я магу патлумачыць?

Па-першае. Сам факт таго, што сілавікі на вуліцах Менску будуць паводзіць сабе жорстка — нас ужо аднойчы аб гэтым нехта папярэджваў, маўляў «соберем в одном месте и разберемся со всеми сразу». Як могуць «разобраться» — мы памятаем з былых часоў, у тым ліку зь сьнежня 2010 году.

Але ж мы лічылі, што гэтыя дзеяньні будуць мець адмысловыя межы і мець толькі мэту перашкодзіць спробам людзей сабрацца на плошчы ці на вуліцах выключна сталіцы.

Аднак тое, што адбудзецца, — жахліва празьмернае, непрапарцыйнае і неадэкватнае абстаноўцы ўжываньне зброі і спэцсродкаў у маштабе ўсёй краіны, і тое, што гэтыя дзеяньні будуць дакладна сплянаваныя, з халодным сэрцам распрацаваныя з адзінай дакладнай мэтай запалохаць грамадзтва, дэмаралізаваць і пазбавіць яго волі да процідзеяньня ўладам, узбудзіць страх — гэта было цяжка сабе ўявіць.

На думку ініцыятараў, наступальныя і дэманстрацыйна жорсткія дзеяньні сілавікоў мусілі надоўга адбіць у людзей жаданьне мітынгаваць увогуле, «высоўваць нос» на вуліцу.

У выніку атрымалася ўсё цалкам наадварот.

Жахлівыя дзеяньні міліцыянтаў выклікалі ў людзей адваротную рэакцыю, абудзілі гнеў і цяпер выводзяць на вуліцу сотні тысяч беларускіх грамадзян, якія да 9 жніўня нават і ня думалі аб гэтым.

І мы зноў вяртаемся да пытаньня: чаму так адбылося? Адказ адзіны: ініцыятары і вялікія міліцэйскія начальнікі, імкнучыся дасягнуць мэтаў, аб якіх мы казалі раней, дапусьцілі дзьве велізарныя стратэгічныя памылкі. Гэтыя памылкі будуць мець, у тым ліку асабіста для іх, вельмі цяжкія наступствы ў будучыні, перш за ўсё — праўныя. За іх ужо вельмі хутка дорага прыйдзецца заплаціць, прыкметы гэтага праяўляюць сябе ўжо цяпер.

Што гэта за памылкі?

Першая: ініцыятары разгону пратэстаў моцна памыліліся ў колькасьці пратэстоўцаў, да якіх можна будзе ўжыць самы жорсткі і бязьлітасны варыянт дзеяньняў сілавікоў, а таксама — у працягласьці падзеяў. Прагназавалі, што агульная колькасьць «адшчапенцаў» і «майданутых» складзе сама больш 500—1000 чалавек, якія паспрабуюць, карыстаючыся слэнгам сілавікоў, «дестабилизировать обстановку» цягам двух дзён, 9 і 10 жніўня. Менавіта пад такі сцэнар і разьлічвалі сілы, сродкі і выпрацоўвалі тактыку дзеяньняў. Паводле іхных папярэдніх разьлікаў, ужо 11 жніўня ўсё мусіла сьціхнуць і абстаноўка ў Менску ператварыцца ў «магільны спакой».

Але ж тая колькасьць людзей, іх апантанасьць у адстойваньні сваіх правоў, зь якою прыйшлося сустрэцца АМАПу і «спэцам 3214», абвергла ўсе ўяўленьні апошніх аб сытуацыі і моцна шакавала іх саміх. Ні міліцыя, ні АМАП, ні войскі не былі падрыхтаваныя да таго, што толькі ў першыя дні давядзецца затрымаць 5000 чалавек і што пратэсты ў іх гарачай стадыі ня скончацца ня толькі 10-га, але ж ані 11-га, ані ў наступныя дні.

Уявіце сабе: вы — вялікі міліцэйскі начальнік АМАПу, які разьлічвае, што менавіта 9 жніўня ўдасца цалкам з усімі «разабрацца». Такі загад вы атрымалі «зь вярхоў» пад сваю пэрсанальную адказнасьць строгага выкананьня.

Аднак вам гэта не ўдалося ня толькі 9-га, але ж і на наступны дзень. Больш за тое, 10 жніўня, нягледзячы на поўную мабілізацыю і «бразганьне зброяй» каля стэлы «Менск — горад-герой», сытуацыя стала абвастрацца, пачалі праглядацца прыкметы жорсткага супраціву з боку пратэстоўцаў — а ваш АМАП ужо выбіваецца зь сілаў, рэзэрваў няма, падмяніць выбылых і стомленых байцоў няма кім, а затрыманых проста ўжо няма куды «пакаваць»: усе ізалятары перапоўненыя.

А тут яшчэ зь «вярхоў» на вас ціснуць, каб хутчэй усё «заканчвалі і зачышчалі тэрыторыю».

Што ў такой сытуацыі вы будзеце рабіць з улікам таго, што вы заўсёды былі аматарам «простых рашэньняў»?! Правільна: вы аддаяце падначаленым каманду: «Действовать максимально жестко. На устрашение. Всех «мочить». Полная зачистка».

Вось у гэтым і была другая велізарная, фатальная для ініцыятараў і выканаўцаў у асобах кіраўніцтва МУС, стратэгічная памылка. Спушчаныя «з ланцуга» і атрымаўшы «карт-блянш», сілавікі пачалі бязьлітасна і жорстка крышыць усё, што траплялася на іх шляху. У імкненьні навесьці жах і адпомсьціць за спробы супраціву яны пайшлі ў «спальныя» раёны… Пачалі лютаваць у месцах затрыманьня людзей у РУУСах і на Акрэсьціна. Невядомыя супрацоўнікі сілавых спэцпадразьдзяленьняў пераапрануліся ў форму ДПС ДАІ і пачалі паказальныя экзэкуцыі з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі супраць аўтамабілістаў і матацыклістаў. Для сілавых акцыяў сталі браць машыны «хуткай дапамогі». Людзей пачалі проста катаваць.

Вынікі мы ведаем і скаланаемся да сёньняшняга дня.

Па-другое, яшчэ адной непрыемнай нечаканасьцю для міліцэйскага высокага начальства было тое, што адначасова зь Менскам падняліся ўсе абласныя цэнтры, а таксама буйныя і дробныя гарады, у якіх, дарэчы, супрацьстаяньне стала найбольш жорсткім. А начальства тым часам разьлічвала, што толькі Менскам усё і абмяжуецца, таму загадзя мэтанакіравана сьцягнула ў сталіцу дадатковыя рэзэрвы з рэгіёнаў, дзеючы паводле «мэтадычак» 2010 году, аслабіўшы пазыцыі на месцах. Таму, сутыкнуўшыся зь мітынговай актыўнасьцю насельніцтва ў рэгіёнах, якая не саступала вастрынёю сталічнай, а ў нейкім сэнсе нават перасягала яе (Берасьце, Пінск, Жабінка), цэнтравыя і мясцовыя міліцэйскія босы вельмі разгубіліся і напалохаліся.

Асэнсоўваючы, што сілаў на месцах можа бракаваць (а іх насамрэч па ўсёй краіне ня так і шмат увогуле, і я аб гэтым неаднаразова пісаў у сваіх артыкулах), яны і ў рэгіёнах зь перапуду аддалі каманду: «Всех «мочить по-жёсткому».

І вось тут даў вынік кумулятыўны эфэкт.

На простых людзей гэта зрабіла самае страшнае ўражаньне і шок, і ў наступныя суботу і нядзелю яны ня тое што не супакоіліся, але ж у адным толькі Менску сабраліся больш за 200 тысяч абураных і разгневаных грамадзян, якія крычалі: «Не забудзем, не даруем!» і «Трыбунал!».

Наступным тыднем колькасьць людзей яшчэ павялічылася і дасягнула, па розных ацэнках, амаль аднаго мільёна ўва ўсёй краіне. Народ адышоў ад шоку, угнявіўся, і цяпер сытуацыя для ўладаў выйшла з-пад кантролю на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Скажу больш: я ўскладаю адказнасьць за прынесеныя ахвяры, за зьбітых і зьнявечаных людзей і за тыя жудасьці, што адбыліся, менавіта на дзяржаўныя органы, якія былі абавязаныя забясьпечыць грамадзкі парадак і грамадзкую бясьпеку. Менавіта праз мэтанакіраваныя дэструкцыйныя, а часам правакацыйныя дзеяньні асобных іх прадстаўнікоў і адбыліся тыя жахлівыя падзеі, якія мы цяпер абмяркоўваем. Бо як растлумачыць, што ва ўмовах поўнай адсутнасьці «сілаў правапарадку» ў месцах масавага збору грамадзян 16 і 23 жніўня, калі, паводле розных ацэнак, у адзін момант зьбіраліся ад 150 да 300 тысяч чалавек, не адбылося ніводнага інцыдэнту і не было прычынена нікому аніякай шкоды?

— Я, так атрымалася, таксама быў на Акрэсьціна — і там, і пасьля вызваленьня шмат думаў аб прычынах такіх паводзінаў сілавікоў. Думаю, тут важную ролю адыгрывае, па-першае, калектыўная адказнасьць і «салідарнасьць», па-другое, ідэалёгія бітвы, вайны, падзелу на сваіх і чужых. А ў такім выпадку супраць «чужых» усе сродкі дапушчальныя… Якое ваша тлумачэньне?

— Тое, што адбылося на вуліцах нашых гарадоў 9—12 жніўня, — наглядная дэманстрацыя таго, што створана рэжымам Лукашэнкі за апошнія 26 гадоў знаходжаньня ва ўладзе, што ён узрасьціў і на што ўвесь час абапіраўся. Гэта не нарадзілася за апошнія некалькі гадоў — яно высьпявала як фурункул цягам доўгага часу, і гэтая скула адпаведным часам ускрылася мінулымі тыднямі, паказаўшы ўсім сваё жахлівае зьмесьціва. Карані гэтага ідуць з агульнай накіраванасьці рэжыму, які абапіраецца на сілавы блёк і арыентаваны вырашаць складаныя пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця дзяржавы выключна мэтадамі ціску і гвалту.

У параўнаньні з пачаткам 1994 году колькасьць наяўных сілаў АМАП узрасла ў 4 разы — з 350 чалавек да амаль што 1500. Колькасьць унутраных войскаў — у 5 разоў. Так, напрыклад, 1-я асобная брыгада апэратыўнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС, больш вядомая як вайсковая частка 3214, у 1993—1994 гадах колькасна ўяўляла сабой усяго адзін спэцбатальён з разьмяшчэньнем у старым вайсковым гарадку Белпалку на вуліцы Грушаўскай.

Асобна трэба згадаць спэцыфіку кадравай палітыкі і «тэхналёгіі» кадравага камплектаваньня і выхаваньня ў тым жа АМАПе.

АМАП яшчэ ў савецкія часы быў задуманы і выкарыстоўваўся як эфэктыўны інструмэнт для вырашэньня спэцыфічных задач — барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і асабліва небясьпечнымі крымінальнымі групоўкамі і бандамі, сілавога захопу асабліва небясьпечных злачынцаў, ліквідацыі бунтаў у калёніях і турмах. АМАП звычайна накіраваны дзейнічаць жорстка і брутальна. Па-іншаму ён ня можа, гэта супярэчыць яго сутнасьці.

Таму і сыстэма баявой, спэцыяльнай і маральна-псыхалягічнай падрыхтоўкі — адпаведная, заснаваная на жорсткасьці, грубай сіле пры давядзеньні дзеяньняў байца да суровага аўтаматызму ў яе ўжываньні. Баец АМАПу павінен думаць толькі ў рамках даведзенага яму загаду і ніяк інакш. Пры гэтым загад павінен быць просты, прымітыўны: падысьці, схапіць, заблякаваць, захапіць, раззброіць і абясшкодзіць. Так байцоў і рыхтуюць. Баец АМАПу апрыёры пазбаўлены сантымэнтаў. Для яго «вораг» і «чужы» — той, на каго пакажуць яго камандзіры.

Таму выкарыстоўваць АМАП ва ўмовах сутыкненьня з простымі грамадзянамі ва ўмовах масавых мерапрыемстваў ці мірных пратэставых акцыяў — цалкам няправільна, а ў нашай сытуацыі стала злачынным. АМАП проста не прызначаны для такіх мэтаў, а мэтады яго звычайнай «паўсядзённай» работы, абсалютна натуральныя для яго спэцыфікі, здольныя шакаваць і надоўга маральна і фізычна траўмаваць кожнага звычайнага грамадзяніна.

— Калі я стаяў на каленях галавой уніз на Акрэсьціна, то слухаў усе тыя размовы, якія сілавікі заводзілі з затрыманымі. Амаль у кожнай першай размове гучала пытаньне: «Колькі вам заплацілі за тое, што вы выйшлі на вуліцу?» Я думаў, такое засталося недзе ў мінулым, але гэта існуе надалей. Як прамываюць мазгі супрацоўнікам гэтых структураў? Ці яны проста хочуць у гэта верыць, каб апраўдваць свае дзеяньні?

— Тут таксама няма нічога складанага, адказ на гэтае пытаньне вынікае з папярэдняга.

Тыя «пытаньні», якія байцы АМАП задавалі затрыманым мірным людзям, проста заклалі ў галовы байцоў іх камандзіры. Тут няма ніякай кансьпіралёгіі — маўляў, мазгі былі старанна загадзя «прамытыя». Паверце, там ня трэба нічога «прамываць»: байцу проста дастаткова паставіць задачу і давесьці «ўводную» аб умовах яе выкананьня.

Байцы АМАП вядуць сябе менавіта так, як ім загадалі, як іх праінструктавалі і арыентавалі. Я ўжо казаў: байца АМАПу ня вучаць думаць, аналізаваць, супастаўляць і разьбірацца. Яму проста ставяць задачу, аддаюць загад — а ягоная справа загад дакладна выконваць. У гэтым беларускі АМАП нічым не адрозьніваецца ад сваіх амэрыканскіх ці эўрапейскіх аналягаў.

Зь іншага боку, калі казаць справядліва і шчыра (а гэта важна!), калі, напрыклад, заўтра АМАПу будзе пастаўлена задача сапраўды ваяваць за народ і Беларусь з сапраўдным (а ня ўяўным) ворагам — яны выканаюць сваю задачу, не шкадуючы сваіх жыцьцяў. Гэта суровая, але ж праўда.

Баец АМАПу, як і ў цэлым увесь АМАП, — гэта сілавы інструмэнт, які 9—14 жніўня апынуўся ў не зусім чыстых руках і быў спушчаны на мірных людзей з выразна бруднымі мэтамі. Таму адказнасьць за тыя жудасьці, што нарабіў АМАП, павінны несьці найперш тыя, хто аддаў яму каманду «фас» на народ і ўвёў у зман наконт мэтаў і аб’ектаў спэцапэрацыі супраць яго.

Але ж гэта не скасоўвае пэрсанальнай адказнасьці канкрэтных байцоў АМАП і падразьдзяленьня ў цэлым за тое, што адбылося 9—12 жніўня. І гэта важна ўсьведамляць.

Што датычыць сапраўднай матывацыі супрацоўнікаў сьлепа выконваць загады кіраўніцтва — гэта асобная складаная актуальная тэма, якая заслугоўвае сур’ёзнай гутаркі.

— Ці можна сказаць, што пэўныя сілавыя структуры прынялі філязофію нейкай арганізацыі, якой усё дазволена дзеля «вялікай мэты» (абароны існай улады) і якая фактычна стаіць па-над законам?

— Так, дакладна можна. Гэта мы зараз і назіраем.

Але ж праўная, грамадзкая і гістарычная адказнасьць за гэта будзе немінучай у будучай свабоднай Беларусі. Тут дастаткова згадаць вялікі гістарычны досьвед суседніх з намі народаў, якія знаходзіліся прыкладна ў тых самых умовах, як цяпер мы, і прайшлі праз тыя ж праблемы. Наконт гэтага раю вывучыць досьвед польскага спэцпадразьдзяленьня ZOMO (поўны аналяг АМАПу), таксама румынскай Securitate, ці нямецкай Stasi. Будзе цікава пераканацца, як шмат у нас агульнага.

— Калі кажуць, што там ёсьць «добрыя» і ёсьць «кепскія», то ў мяне ўзьнікае пытаньне, што мусіў зрабіць «добры» супрацоўнік праваахоўных структураў у такой сытуацыі. А ён мусіў, паводле ўсіх законаў, зрабіць усе захады, каб спыніць правапарушэньне, якое творыцца на ягоных вачах (зьбіцьцё затрыманых). Ці — калі ня можа спыніць, то потым напісаць рапарт, што ён бачыў парушэньне закону і правоў грамадзян. Ці ня так?

— Няма паняцьця «добры» ці «кепскі» супрацоўнік.

Існуе паняцьце «законныя» ці «незаконныя» дзеяньні супрацоўніка, а таксама «прафэсійныя» яны ці «непрафэсійныя». Гэта — асноўныя крытэры, вельмі простыя і зразумелыя.

Ува ўсіх выпадках кожны супрацоўнік павінен дзейнічаць згодна з заканадаўствам (не выключэньне і падзеі 9—12 жніўня). Гэта, па-першае, артыкулы 22—25, якія рэглямэнтуюць правы і абавязкі супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, а таксама артыкулы 26—30 Закону «Аб органах унутраных спраў», якія строга акрэсьліваюць умовы і межы ўжываньня імі фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі. А па-другое, я ўжо не кажу пра нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія дакладна і ясна апісваюць паўнамоцтвы і межы дзеяньняў супрацоўнікаў у адносінах да грамадзян у адміністрацыйным працэсе зь іх удзелам, у тым ліку затрыманьня, асабістага надгляду (таксама агляду зьместу іхных тэлефонаў), дастаўленьня і знаходжаньня ў РУУС.

На жаль, абсалютна ўсе гэтыя нормы і праўныя прадпісаньні былі груба і цынічна парушаныя — у тым ліку тымі, хто павінен забясьпечваць іх строгае выкананьне.

Аналягічна кожны супрацоўнік, які паважае сябе і гонар свайго мундзіра, быў абавязаны наяўнымі ў яго распараджэньні сродкамі спыніць незаконныя гвалтоўныя (а пагатоў злачынныя) дзеяньні сваіх калег у адносінах да затрыманых. Аднак у СМІ адзначалі выпадкі, калі асобныя супрацоўнікі менскіх РУУС самі шалелі ў прысутнасьці байцоў АМАПу і катавалі затрыманых. Калі такія факты пацьвердзяцца, я ўпэўнены, што гэтыя службовыя асобы павінны панесьці самае строгае пакараньне.

— Словы АМАПаўцаў Лукашэнку «Мы з вамі да канца!» (прынамсі аднаго зь іх, магчыма, камандзіра) — як іх варта ацаніць? Па-першае, паказальна, што яны загаварылі пра «канец». Па-другое, ці стануць гэтыя ды іншыя структуры, па-вашаму, сапраўды абараняць аднаго чалавека да апошняга, ці, калі адбудуцца палітычныя перамены, яны іх спакойна ўспрымуць і пачнуць працаваць на новую ўладу?

— Магу вельмі расчараваць Лукашэнку. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі тыя, хто кляўся ў вернасьці, — першымі і здраджвалі. Што тычыцца становішча, у якім апынуўся гэты грамадзянін, то я б вельмі асьцярожна ставіўся да падобных абяцанак. Калі супраць цябе ўжо выступіў Бог рукамі і сіламі народу — наўрад ці можна ўскладаць надзею на нейкую купку ўзброеных людзей, адданых табе настолькі, наколькі ты ў стане іх карміць, і толькі таму, што яны «атрымліваюць ежу» з тваіх, як ты лічыш, рук.

Умоўна, заўтра іх можа «пакарміць» хтосьці іншы.

Каментары18

Цяпер чытаюць

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!3

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША просяць Ізраіль спыніць удары па энергетычнай інфраструктуры Ірана. На гэта ёсць тры прычыны7

У Малайзіі мужчына мае ажно 42 зубы. Гэта сусветны рэкорд1

Пад Мінскам для адпачынку здаюць трохпавярховую вежу

«Пытанне ў выхаванні моладзі». Міністр гандлю патлумачыў, чаму беларуская прадукцыя не вытрымлівае канкурэнцыі на ўнутраным рынку11

Расійскія агуркі ў крамах каштуюць ужо танней за беларускія

Амерыканская разведка даведалася пра пачатак мінавання Армузскага праліва5

Ва Украіне паказалі, як ударылі па заводзе «Крэмній Эл» у Бранску ВІДЭА1

Патрыярх Кірыл назваў новага вярхоўнага лідара Ірана «дарагім братам»11

Беларусь увайшла ў топ-40 сусветных імпарцёраў зброі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!3

Мінскі школьнік праспаў прыпынак. Але кіроўца аўтобуса давёз яго дадому!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць