Грамадства

«Шанцаў зусім мала». Збіты на «плошчы Перамен» Раман Бандарэнка знаходзіцца ў бальніцы ў коме

Фота з сацыяльных сетак.

31-гадовы жыхар Мінска Раман Бандарэнка быў учора ўвечары затрыманы сілавікамі на т.зв. «плошчы Перамен» — квартале між мінскімі вуліцамі Чарвякова і Сморгаўскі тракт. Праз кароткі час у Цэнтральнае РУУС была выклікана хуткая дапамога. Яна забрала мужчыну непрытомным.

Дактары з Бальніцы хуткай дапамогі перадалі ў СМІ дыягназ Рамана Бандарэнкі: цяжкая закрытая ЧМТ, вострыя субдуральныя гематомы на галаве, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак.

Стан хлопца цяжкі. Ён у коме. Па шкале комы Глазга ў яго — 4Б.

Чытайце таксама: «Ён між жыццём і смерцю»: медык расшыфраваў скарот «ШКГ 4б» з выпіскі збітага Бандарэнкі

Раман Бандарэнка жыў на вуліцы Чарвякова ў Мінску, не на самой «Плошчы Перамен», але побач з ёй.

«Плошчай Перамен» называюць свой квартал жыхары аднаго з мінскіх мікрараёнаў. Такая назва прыжылася пасля таго, як жыхары гэтага жылога комплекса намалявалі на адной са сцен мурал з дыджэямі перамен. Лукашэнкаўцы рознымі спосабамі замалёўвалі гэты мурал 14 разоў, але жыхары яго аднаўлялі. У гэтым квартале склалася моцная супольнасць. Жыхары запрашаюць музыкаў на вечаровыя канцэрты, самаадукоўваюцца на лекцыях і ўпрыгожваюць прастору нацыянальнай сімволікай.

11 лістапада Бандарэнка пабачыў у чаце, што ціхары чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі, і вырашыў не заставацца дома.

«Прыехалі ў цывільным шэсць мужчын і тры жанчыны. Жыхары шматпавярховікаў тут жа напісалі пра гэта ў мясцовым чаце. Сярод тых, хто вырашыў выйсці на вуліцу, быў 31-гадовы Раман Бандарэнка, ён паспеў напісаць: «Я выходжу!» Паміж чалавекам у балаклаве і невядомым хлопцам завязалася нейкая спрэчка, Рома ў ёй не ўдзельнічаў, ён стаяў побач і слухаў, — кажа сведка падзей. — Потым ён нешта сказаў, і чалавек у балаклаве спытаў: «Ты чаго борзы такі?» Адштурхнуў Рому, той спрабаваў ухіліцца, але невядомы схапіў яго і з усёй сілы адкінуў да горкі на пляцоўцы. Ён моцна стукнуўся галавой», — расказалі мясцовыя жыхары парталу Tut.by.

«Наша Ніва» пагаварыла са стрыечнай сястрой Рамана.

«Сведкі сказалі яго маме, што Рамана закінулі ў бус, пасля бус вельмі моцна трэсла — магчыма, яго білі? — задаецца пытаннем сястра. — Потым яго адвезлі ў РУУС. Рома быў у запаволеным стане, яго пачало ванітаваць. Але чамусьці ў РУУСе ён правёў ажно 2 гадзіны, — расказвае сястра. — Пасля ён трапіў у бальніцу, дзе зрабілі аперацыю. 

Сёння ў бальніцы кансіліум, прыехаў нейкі прафесар. Кажуць, каб раней прывезлі ў бальніцу, то былі б нейкія шанцы, а цяпер шанцаў мала зусім. Дактары кажуць, што яго вельмі позна даставілі. Цяпер Раман у коме».

Вось дакумент, перададзены дактарамі:

Сястра кажа, што Раман быў асцярожным чалавекам, на Маршы не выходзіў: «Мне казаў, што ведае, што могуць з ім зрабіць, калі затрымаюць, бо ён служыў у спецназе — часці 3214 Унутраных войскаў».

Раман адслужыў у спецназе ўжо пасля Акадэміі мастацтваў.

Працаваў апошнім часам дырэктарам адной з крамаў «Востраў чысціні». Ён прыйшоў туды ўвогуле адміністратарам, паступова дарос да дырэктара, распавяла яго сястра.

Міліцыя адрэагавала на сітуацыю словамі «канфрантацыя поглядаў». Паводле праваахоўнікаў, у двары «біліся невядомыя». Па гэтым факце, маўляў, праводзіцца, праверка.

«МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай данясення да асяроддзя свайго асабістага меркавання з нагоды сваёй палітычнай пазіцыі вывешваюць, малююць, наляпляюць недзяржаўную сімволіку на фасадах будынкаў, гарадскіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях. Іншыя неабыякавыя грамадзяне аднаўляюць парадак і не дапускаюць парушэння правілаў добраўпарадкавання. З наступствамі падобных канфліктаў, часам вельмі сумнымі, разбіраецца МУС», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Чытайце таксама: «На пляцоўцы была валтузня, а не бойка». Відавочца нападу на Рамана Бандарэнку расказала падрабязнасці інцыдэнту

Між тым журналісты і жыхары Мінска не раз фіксавалі, як здымаюць сцягі і стужкі, замалёўваюць муралы брыгады з удзелам сілавікоў у масках і балаклавах ці пад аховай сілавікоў у балаклавах са спецыяльных падраздзяленняў. Ніякай законнай асновы, каб здымаць нацыянальныя сцягі і стужкі, няма. Таму гэта абгрунтоўваюць нібыта «архітэктурнымі» і т.п. нормамі. Па факце ж знішчаецца ўсё, што нясе ў сабе сімволіку пратэсту або вальнадумства.

Каментары

Цяпер чытаюць

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club8

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Усе навіны →
Усе навіны

Сілавікі правялі ператрус у мінскай кватэры вядомага даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Станкевіча2

Два беларускія нобелеўскія лаўрэаты сустрэліся ў Варшаве ФОТАФАКТ5

Прэзідэнцкі спартыўны клуб Дзмітрыя Лукашэнкі стварыў мерч для беларускіх ВНУ2

«Я не ведаю нічога больш страшнага, чым каханне». Пра што гаварыла Алексіевіч на Maldzis Фэсце16

Кароткі дамен Telegram перастаў працаваць па ўсім свеце4

У Беларусь вернецца карціна мастака Парыжскай школы Якава Балглея3

Месца памерлага сенатара Ліндсі Грэма ў Сенаце ЗША зойме яго сястра

З бензінам бяда, а елі на бардзюры: былая фрыстайлістка Асоль Слівец з чатырма дзецьмі вяртаецца з адпачынку ў Расіі11

Збой на БЧ: цягнікі з Полацка і Брэста затрымліваюцца на некалькі гадзін3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club8

Свецкае жыццё Дар’і Шманай: дні нараджэння дзяцей Кіркорава і Comedy Club

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць