Меркаванні11

Тонкая бетонная сцяна

Ангела Меркель даказала і здольнасць жанчыны кіраваць вялікай дзяржавай, і моц «мяккай сілы», і пазітыўны эфект аб'яднання Германіі. Піша Віталь Тарас.

27 верасня пройдуць выбары ў нямецкі Бундэстаг. Аглядальнікі мяркуюць: іх вынікі дазволяць Ангеле Меркель захаваць пасаду канцлера ФРГ. Меркель даказала і здольнасць жанчыны кіраваць вялікай дзяржавай, і моц «мяккай сілы», і пазітыўны эфект аб'яднання Германіі. Піша Віталь Тарас.

Бікфордаў шнур

Падзеі 1989‑га, падобна агню бікфордавага шнура, набліжалі крах камуністычнай сістэмы. Вывад савецкіх войск з Афганістана, першыя альтэрнатыўныя выбары ў СССР, поўная перамога «Салідарнасці» на выбарах і фармаванне першага некамуністычнага ўрада Польшчы…

А 10 верасня здарылася яшчэ адна падзея, выключна важнае значэнне якой стане зразумелым не адразу.

Абноўленае кіраўніцтва Венгерскай сацыялістычнай рабочай партыі вырашыла ў парадку эксперыменту ненадоўга адкрыць участак мяжы паміж Венгрыяй і Аўстрыяй. Меркавалася, што гэта будзе такі міжнародны турыстычны пікнік. Але адкрыццём мяжы скарысталіся, найперш, грамадзяне ГДР, якія адпачывалі ў Венгрыі. Некалькі сот чалавек праз тое «акенца» паспелі выбрацца ў Аўстрыю, а адтуль — у ФРГ. Гэта стала пачаткам канца.

Пазней у верасні некалькі гэдээраўскіх турыстаў у Празе пералезлі цераз сцяну пасольства ФРГ, каб атрымаць палітычны прытулак. Праз некалькі дзён там было ўжо некалькі тысяч уцекачоў з Усходняй Германіі. Яны жылі проста на лужайцы пад адкрытым небам, многія былі з дзецьмі. Увесь цэнтр Прагі, раён Мала Страна, быў літаральна забіты кінутымі «Трабантамі» — малалітражнымі аўтамабілямі вытворчасці ГДР.

Улады Чэхаславакіі не рашаліся арыштоўваць тых, хто імкнуўся патрапіць у пасольства Заходняй Германіі. Скончылася тым, што ў Прагу прыляцеў тагачасны міністр замежных спраў ФРГ Ганс‑Дытрых Геншэр. (Ён тады ўзначальваў Свабодную дэмакратычную партыю, якая была ў каліцыі з ХДС‑ХСС). Геншэр заявіў, што яго краіна вырашыла ўпусціць 4 тысячы уцекачоў. Гэта ўжо было прадвесце хуткага зруйнавання Берлінскай сцяны, якая сімвалізавала сабой падзел Еўропы на Усход і Захад.

Рэстаўрацыя разбуранага

Мне давялося наведаць Берлін у 1994 годзе. Хоць ужо не было ніякай мяжы, яшчэ існаваў выразны падзел на Заходні Берлін і Усходні. Заходні быў фешэнебельным і камфортным у параўнанні з усходнімі раёнамі з паўразбуранымі панельнымі будынкамі, сапсаванай каналізацыяй і шумнымі трамваямі. Але затое там усё было танней. Жыхары заходніх раёнаў вонкава дэманстравалі пагарду да «осі» (так звалі тых, хто жыў раней ва Усходняй Германіі), але ўпотай многія «весі» ездзілі атаварвацца у знакаміты ўнівермаг на Аляксандар‑пляц. Універмаг карыстаўся, дарэчы, шалёнай папулярнасцю і ў турыстаў з усіх краін СНД.

Тады адным з найбольш папулярных месцаў усё яшчэ заставаўся Берлінскі мур — дакладней, тое, што ад яго засталося. Памятаю, уразіла, наколькі ж тая знакамітая сцяна была танклявая, наспех зробленая. (Успомніўся Ленін: «…тыцні, яна і разваліцца».) Зрэшты, пры сацыялізме ўсё так будавалася, нават у Германіі.

Праз пяць гадоў пасля падзення сцяны ў Берліне даволі жвава йшоў гандаль яе бетоннымі кавалкамі. Самыя маленькія з іх насыпалі ў сувенірныя бутэлечкі. Хто там ведае, адкуль былі тыя кавалкі з пяском, але набыў некалькі сувеніраў і я, а потым усе іх раздарыў.

Сёлетняй вясной падчас рэстаўрацыі сцяны з нагоды дваццатай гадавіны яе разбурэння (што само па сабе гучыць даволі забаўна) улады Берліна ўзялі і чамусьці замазалі фарбай славутае графіці — пацалунак кіраўнікоў СССР і ГДР Брэжнева і Хонекера. У аснове графіці — рэальны фотаздымак эпохі «развітога сацыялізму». Маскоўскі мастак Дзмітры Урубель назваў кампазіцыю «Божа! Дапамажы мне выжыць у гэтай смяротнай любові» .

Гісторыя папялушкі, прадавачкі чарніц

Ангеле Меркель напярэдадні руйнавання сцяны споўнілася трыццаць пяць гадоў. У той час яна была ўжо ў разводзе з першым мужам — студэнтам Ульрыхам Меркелем. Ангела Каснер (гэта яе дзявочае імя) вянчалася з ім у 1977 г., а праз чатыры гады яны развяліся. Яшчэ праз два гады Меркель пазнаёмілася са сваім цяперашнім мужам Ёахімам Заўэрам, але шлюб яны ўзялі толькі ў 1998 г. Дарэчы, Заўэр не прысутнічаў на інаўгурацыі Меркель у якасці канцлеркі, каб не прыцягваць да сябе ўвагу прэсы.

Да 1989 года Ангела Меркель працавала ў Інстытуце фізічнай хіміі Акадэміі навук ГДР, дзе атрымала доктарскую ступень.

Між іншым, яна актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, была сакратаром раённага камітэта Саюза студэнцкай нямецкай моладзі па агітацыі і прапагандзе.

І гэтая дзейнасць, як яна сама прызнаецца, ёй падабалася. Што ніколькі не перашкодзіла Меркель, як і многім жыхарам ГДР, з падзеннем камунізму памяняць левыя погляды на правыя. Праўда, яна, хоць і вырасла ў сям’і лютэранскага пастара, ніколі не была ідэалісткай. У інтэрв’ю нямецкаму выданню «Вельт ам Зонтаг» з нагоды свайго 55‑годдзя Меркель прызналася, што ў школе яна, як і многія іншыя, спекулявала… чарніцамі. За кілаграм чарніц нарыхтоўшчыкам плацілі 4 маркі. А дзяржаўны кошт яго быў 2 маркі. Можна было купіць ягады ў краме, а потым зноў іх прадаць, але ўжо ўдвая даражэй…

У 1989 годзе Меркель уступіла ў новую партыю «Дэмакратычны прарыў». Спачатку партыя ўвайшла ў «Альянс за Германію» разам з ХДС і ХСС, а пасля аб’яднання краіны ўлілася ў ХДС. Пасля першых агульнанямецкіх выбараў у Бундэстаг

у 1990-м канцлер Германіі Коль прапанаваў дэпутатцы ад ХДС Меркель пасаду міністра па справах моладзі і жанчын. Яна стала самым маладым міністрам у гісторыі федэральнага ўрада
.

У 1994‑м Меркель ўзначальвае Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя.

Жалезная канцлерка

Яшчэ праз чатыры гады Гельмут Коль адмовіўся ад пасады ганаровага старшыні ХДС праз фінансавы скандал. Ангела Меркель скрытыкавала ў прэсе свайго былога пратэжэ і заклікала партыю пазбавіцца «ад старой гвардыі». Падаў у адстаўку і тагачасны старшыня партыі, лідэр фракцыі ХДС‑ХСС у парламенце Вольфганг Шойбле. Пакуль ХДС заставалася без лідэра, Меркель была генеральным сакратаром партыі. У 2000 годзе на з’едзе ХДС яе абралі старшынёй. Партыя на чале з Меркель некалькі гадоў заставалася ў апазіцыі сацыял‑дэмакратычнаму ўраду, а з 2005, калі ў выніку выбараў была ўтворана «вялікая кааліцыя» ХДС і СДПГ, яна федэральная канцлерка — першая жанчына ў Германіі на гэтай пасадзе. Сёння яна выступае за кааліцыю са свабоднымі дэмакратамі.

Меркель часам называюць «тэўтонскай Тэтчэр». (Між іншым, калі верыць апублікаванай нядаўна інфармацыі, сапраўдная жэлезная ледзі — Маргарэт Тэтчэр падчас перамоваў з Міхаілам Гарбачовым канфідэнцыйна прасіла яго супрацьдзейнічаць маючаму адбыцца аб’яднанню Германіі.) Але імідж Меркель, прынамсі, у замежнай палітыцы, зусім не такі жорсткі. Яна паводзіць сябе досыць гнутка.

Ніхто не сумняваецца у яе адданасці дэмакратычным прынцыпам. Напрыклад, яна прыняла ў сябе духоўнага лідэра Тыбета Далай‑ламу, нягледзячы на раздражнёную рэакцыю Кітая.

Падчас вайны ў Грузіі яна падтрымала прэзідэнта Саакашвілі, а потым выступіла ў падтрымку планаў уваходжання Грузіі і Украіны ў НАТО. З другога боку, нямецкая канцлерка не аднойчы апошнім часам сустракалася з Пуціным і Мядзведзевым, трымаючыся прагматычнай лініі ў палітыцы, асабліва ў пытаннях эканомікі.

Выступаючы за далейшую прысутнасць нямецкіх войск у Афганістане ў складзе кааліцыйных сіл начале з ЗША і за ўзмацненне санкцый ААН супраць Ірана з‑за яго ядзерных амбіцый, Меркель вітала рашэнне Вашынгтона адмовіцца ад размяшчэння элементаў ПРА ў Польшчы і Чэхіі.

У 2007 годзе на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы з нагоды 50‑й гадавіны ўтварэння Еўрасаюза Ангела Меркель, адказваючы на пытанні дэпутатаў, у прыватнасці, зазначыла, што гісторыя ЕС дае надзею і грамадзянам Беларусі, якія не хочуць цярпець несправядлівасці.

«Сёння беларусы святкуюць Дзень Волі, — сказала тады канцлерка Германіі. — Мы думаем пра іх і кажам: Еўропа на вашым баку!»

Мінула два гады. Беларусь са свайго боку, практычна, не вызначылася — з кім жа ёй быць? Адказ залежыць не столькі ад выбараў у Бундэстаг, колькі ад таго, ці адбудуцца ў Беларусі дэмакратычныя выбары. І тады апошняя сцяна ў Еўропе абрынецца сама сабой.

Віталь Тарас

Каментары1

Цяпер чытаюць

Новы канал СТБ таксама выдалілі з Ютуба7

Новы канал СТБ таксама выдалілі з Ютуба

Усе навіны →
Усе навіны

У Белавежскай пушчы правядуць гучны тэхнарэйв. Ці не будуць панікаваць звяры і ці ўседзяць на яйках птушкі?6

Пры выратаванні пілота ў Іране ЦРУ выкарыстала сакрэтны інструмент «Прывідны шэпт». Ён ловіць самыя слабыя сігналы чалавечага арганізма6

Нацбанк выпускае манеты з выявай трактара — упершыню з нейзільберу

Беларусь праз два гады збіраецца запусціць новы касмічны апарат5

Іран спыніў прамыя перамовы з ЗША пасля рэзкіх заяў Трампа2

Памёр славуты футбольны трэнер Мірча Лучэску

Чаму амерыканцы так ірвуцца на Месяц, што там будуць здабываць? І што да таго беларусам? Тлумачыць беларускі астрафізік17

Астранаўты з «Артэміды-II» зрабілі ўнікальныя ФОТЫ Месяца4

Памёр Генадзь Цярэня4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новы канал СТБ таксама выдалілі з Ютуба7

Новы канал СТБ таксама выдалілі з Ютуба

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць