Нядаўна звольнены старшыня Рэчыцкага райвыканкама знаходзіцца за кратамі
Экс-старшыня Рэчыцкага райвыканкама Віталь Панчанка затрыманы сілавікамі.

Пра гэта паведамілі гомельскаму выданню «Флагшток» дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.
Віталь Панчанка быў старажылам сярод кіраўнікоў раённых адміністрацый Гомельскай вобласці. Пасля некалькіх гадоў працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, ён узначаліў Рэчыцкі райвыканкам яшчэ ў лістападзе 2012 года.
У кар'еры Віталя Панчанкі на пасадзе кіраўніка маецца вельмі характэрны выпадак. 16 жніўня 2020 года ён быў адным з раённых кіраўнікоў, які выйшаў да народа, які пратэставаў супраць фальсіфікацый на выбарах і збіцця грамадзян.
Аднак дыялогу не атрымалася. Ухіленне старшыні райвыканкама ад адказаў на прамыя пытанні абурыла прысутных. Урэшце Панчанка заявіў, што гатовы пакінуць сваю пасаду: «Я тут працую не першы год. Калі я нешта раблю не так, я ніколі за ўладу не трымаўся і не трымаюся».
У адказ на прапанову напісаць заяву аб адстаўцы Панчанка адказаў: «Добра, я вас пачуў, мы вызначымся».
Аднак ён сышоў у адстаўку толькі праз два гады. Але цяпер ужо разам з крымінальнай справай. Як распавёў «Флагштоку» чалавек, знаёмы з сітуацыяй, экс-старшыні райвыканкама інкрымінуюць нястачу свіней і буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках Рэчыцкага раёна.
Каментары