Нерухомасць22

У Мінску ў 5 разоў больш свабодных офісаў, чым у 2019-м. Што пустуе?

На рынку арэнды офісаў з'яўляюцца плошчы, якія раней здымалі IT-кампаніі. Як правіла, гэта высокатэхналагічныя камфортныя памяшканні, дзе ў кожнае працоўнае месца часам укладзена па $10 тысяч і нават больш. У параўнанні з 2019 годам свабодных офісных плошчаў у Мінску стала больш у пяць разоў, піша Оffice Life. 

Фота: sigmapolus.com

«Вялікія акварыумы для маленькіх рыб»

Прыкладна так можна апісаць сітуацыю, якая склалася ў сталіцы. Бізнэс-цэнтры пустуюць, вялікія плошчы амаль нікому не патрэбныя.

— У 2019 годзе прапанова свабодных офісаў была на ўзроўні 38-40 тысяч кв. метраў. Цяпер, па апошніх даных, — 212 тыс. «квадратаў». Вакантныя плошчы выраслі больш чым у пяць разоў! Нават у 2014-2015 гадах было менш, — кажа кіраўнік агенцтва «Твая сталіца. Нерухомасць для бізнэсу» Руслан Арлоў.

Ён адзначае, што на гэтым фоне зменшыліся і стаўкі. У сярэднім з 2019 года — на 33%. Менш за ўсё пацярпеў клас С — тут падзенне каля 23%. У так званых «мурашніках» арэнда офіса і раней не каштавала так дорага. І зніжаць стаўку яшчэ, калі попыт на рынку пераарыентаваўся на маленькія плошчы, не было сэнсу. 

У той жа час стаўкі офісаў класа B+ страцілі 38%, класа А — 35%.

Руслан Арлоў пералічвае асноўныя трэнды рынку:

— велізарны прафіцыт прапановы;

— звужэнне попыту ў бок груп арандатараў, якія не настолькі плацежаздольныя, як у свой час IT-кампаніі;

— запатрабаванасць невялікіх офісаў, да 150 кв. метраў (77% усяго попыту);

— высокая цэнавая лаяльнасць уласнікаў офісаў.

Выканаўчы дырэктар NAI Belarus Андрэй Алешкін дапускае, што фактычная вакантнасць можа быць вышэйшая за лічбы, якія агучваюцца афіцыйна:

— Нам дакладна вядома пра свабодныя 140 тыс. кв. метраў офіснай плошчы. Але рэальна можа быць вакантна на 15-20% больш, бо не ўсе вакансіі афішуюцца. Ці, напрыклад, кампанія фактычна згарнула дзейнасць, але офіс за ёй яшчэ замацаваны па дамове. Бываюць і іншыя выпадкі схаванай вакантнасці. Гэта значыць, на рынку, верагодна, ёсць 160-170 тыс. «квадратаў» незанятых офісаў. Гэта 17-18% офіснай плошчы.

IT-кампаніям цяпер не патрэбныя вялікія офісы

IT-галіна моцна паўплывала на развіццё арэнднага рынку офіснай нерухомасці.

Да 2015 года кампаніі, у тым ліку IT, яшчэ разглядалі варыянт куплі ўласнага офіса, таму што нерухомасць тады ўспрымалася як добры актыў, які будзе расці. Але затым арэнда стала больш выгадным варыянтам, а ў выпадку з IT-кампаніямі — яшчэ і лагічным, бо штаты актыўна пашыраліся, патрэба ў плошчах змянялася.

Менавіта з гэтага моманту павялічваўся попыт на вялікія і якасныя офісныя прасторы з рознымі выгодамі. Арандатары маглі дазволіць сабе досыць высокія стаўкі, бо яны працавалі ў асноўным на замежных заказчыкаў і не залежалі ад курсу валют.

БЦ Fortune. Фота: sigmapolus.com

— 2019 год можна лічыць апошнім, калі на гэтым рынку яшчэ ўсё было добра. Тады на долю IT прыходзілася больш за 40% усіх запытаў на арэнду плошчаў. Прычым калі ў сярэднім запатрабаваныя плошчы да 150 кв. метраў, то айцішнікам патрэбныя былі офісы ад 1000 «квадратаў» і вышэй, — распавядае Руслан Арлоў.

На лістапад бягучага года ў аб'ёме попыту на IT-кампаніі прыпадае не больш за 10%. І ім ужо патрэбныя значна меншыя плошчы — да 300 кв. метраў.

Частка арандатараў проста вывезла бізнэс з краіны, астатнія — скарацілі штат і выдаткі, пераехаўшы ў больш кампактныя офісы. Напрыклад, велізарныя плошчы вызвалілі EPAM (БЦ «Арлан», Fortune, «Тытан», «Рам Глобал»), Wargaming (БЦ «Хваля», «Футурыс») і іншыя.

БЦ Fortune. Фота: sigmapolus.com

Якія прапановы з'явіліся на рынку

Вольныя офісы здаюцца хутчэй, калі планіроўка дазваляе падзяліць паверх на блокі, а таксама калі ўладальнік прапануе аб'ектыўную стаўку з улікам кан'юнктуры рынку і месцазнаходжання.

— Цяпер цана прапановы ў класе А — €19, і гэта на маленькія плошчы. Трэба таксама разумець, што рэальныя дамовы заключаюцца з істотным дысконтам, — каментуе Руслан Арлоў.

Напрыклад, у Fortune на Прытыцкага, 27а, дзякуючы ўдаламу месцазнаходжанню і палітыцы ўласніка, месцы паступова разбіраюць. Цяпер застаюцца свабоднымі 7 тыс. кв. метраў з агульнай офіснай плошчы ў 10 тыс. «квадратаў».

БЦ «Орлан». Фота: sigmapolus.com

Затое «Арлан» амаль пусты, толькі на другім паверсе арандавана некалькі сотняў «квадратаў». Якія яшчэ крутыя прапановы ў класах В+ і А ўсё яшчэ чакаюць сваіх «навасёлаў»?

1. Новы якасны бізнэс-цэнтр класа В+ схаваны ў жылым сектары, але зусім недалёка ад станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» — на вул. Талбухіна, 3а. Гэты офіс першапачаткова праектаваўся і ўзводзіўся пад патрэбы IT, а канкрэтна — для EPAM. Супрацоўнікі часам называлі яго найлепшым сярод усіх офісаў кампаніі. Утульны, на чатыры паверхі, з лаўнж-зонамі, падземным паркінгам і тэрасай на даху, сучаснай планіроўкай, сістэмай кандыцыянавання і вентыляцыі, оптавалакновай сувяззю. Цяпер прастору запоўніць вельмі складана. Застаюцца свабоднымі 7,5 тыс. кв. метраў.

БЦ «Арлан». Фота: sigmapolus.com

2. Высокатэхналагічны офіс на 1220 кв. метраў прапануюць у адным з «караблёў» бізнэс-цэнтра «Рыўера Плаза».

БЦ адносіцца да класа B+, але гэты офіс цалкам можна ацаніць як клас А. Адна з яго «фішак» — серверная для ўласнага дата-цэнтра магутнасцю больш за 140 кВт.

Офіс быў спраектаваны для мінскага падраздзялення буйной міжнароднай карпарацыі IFC Markit. У кожнае працоўнае месца ў выніку інвесціравана $13,2 тыс. У распараджэнні патэнцыйных арандатараў 147 працоўных месцаў з мэбляй, тэлефоннай і інтэрнэт-сувяззю, сучасныя перагаворныя. А таксама кухня, душавыя з сушылкамі і шафкамі на цокальным паверсе. Плюс адкрытая тэраса на 600 «квадратаў», якая не тарыфікуецца ў дамове.

Фота: rplaza.by

3. Пара офісных паверхаў па 1050 кв. метраў гатовыя да засялення арандатараў у сучасным БЦ А1 (клас А), плошчу можна драбіць на блокі па 200 «квадратаў». Прапануюцца не голыя сцены, а кабінеты з офіснай мэбляй, праведзеным высакахуткасным інтэрнэтам (сваім дата-цэнтрам на ўвесь БЦ), аўтаматызаванымі інжынернымі сістэмамі жыццезабеспячэння будынка, мультызанальнымі VRV-сістэмамі кандыцыянавання і вентыляцыі з рэкуперацыяй. Ёсць абсталяваная кухня, паркоўкі, сістэма электронных пропускаў, відэаназіранне.

Фота: А1

4. БЦ «Тытан» класа А на пр. Дзяржынскага прапануе як асобныя блокі, так і цэлы офісны паверх плошчай 549 кв. метраў у «Вежы Еўропы». Сярод добрых якасцяў — зручнае размяшчэнне з развітой інфраструктурай, разумныя аўтаматызаваныя інжынерныя сістэмы (ад вентыляцыі да асвятлення), сучасная планіроўка, шмат парковачных месцаў, хуткасныя ліфты па ID-карце і г.д.

Фота: sigmapolus.com

5. Прапаноў (прынамсі выстаўленых афіцыйна) у 27-павярховым БЦ «Футурыс» не так і шмат: тры офісы плошчай ад 1000 кв. метраў і яшчэ два паменш. Wargaming пакінуў вельмі прыгожыя інтэрʼеры, якія ідэальна падыходзяць для IT.

Адна з прапаноў — камфартабельная офісная прастора на 130 працоўных месцаў з мэбляй і бытавой тэхнікай. Паверх падзелены на кабінеты, перагаворныя пакоі, open space, зоны кухні і адпачынку.

Іншы офіс, амаль роўны па плошчы, разлічаны на 80 працоўных месцаў. Ён таксама поўнасцю гатовы да заезду. Трэці і самы вялікі па плошчы офіс, на 1072,1 кв. метра, нікім раней заняты не быў — цяпер гэта голыя сцены. БЦ «Футурыс», які сваім мультымедыйным фасадам нагадвае гіганцкую плазму, абсталяваны тэхнічна: ад сістэм бесперабойнага электрасілкавання і перадавых інжынерных камунікацый да кантролю доступу і відэаназірання. Плюс багатая ўнутраная інфраструктура, у тым ліку рэстаран, фітнес-клуб, салон прыгажосці і іншае.

Фота: futuris-bc.by

Прычыны вызвалення офісаў неабавязкова звязаны з рэлакацыяй цэлага бізнэсу. Хтосьці проста аптымізуе выдаткі з улікам «удалёнкі» шматлікіх супрацоўнікаў. 

Хто будзе здымаць офісы далей?

Асноўныя арандатары, якія застаюцца на рынку, — кампаніі ў сферы гандлю, абслугоўвання. Але іх выручка прывязана да абароту, што зніжае плацежаздольнасць і павышае ратацыю. Гэта тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца ўласнікі бізнэс-цэнтраў: тэрмін акупляльнасці іх аб'ектаў расцягваецца ў часе.

Гэта значыць, прэтэндэнтаў на вольныя офісныя пляцы ў класах B+ і B становіцца менш.

Попыт на абʼекты класа А ніколі не быў масавым, а зараз зусім згарнуўся. У 2019 годзе вакантнымі былі каля 3 тыс. кв. метраў, а цяпер — 33 тыс.

Руслан Арлоў адзначае, што нейкі бізнэс прыходзіць у Беларусь, у тым ліку расійскія IT-кампаніі. Але пакуль гэта моцна не ўплывае на попыт у сегменце буйных офісаў высокага класа.

Акрамя таго, падобна, кампаніі, якія займаюць месцы тых, што сышлі, не такія шматлікія. Напрыклад, той жа Wargaming замяніла значна меншая па штаце Lesta.

— А каму яшчэ патрэбны вялікія плошчы? Уявім, што сітуацыя цалкам нармалізуецца. Дапусцім, пачнуць адкрываць свае прадстаўніцтвы міжнародныя кампаніі, яшчэ нейкія. Але яны не маюць патрэбы ў буйных офісах, дастаткова 200 кв. метраў. Хто здыме ўсё астатняе? Таму мы лічым, што бягучая сітуацыя захаваецца не толькі да канца 2022-га, але і ў наступным годзе. Гэта як мінімум. Пакуль тэндэнцыі паказваюць менавіта на такое развіццё падзей, — рэзюмуе кіраўнік агенцтва «Твая сталіца. Нерухомасць для бізнэсу».

Каментары2

  • першы паверх
    07.12.2022
    Ха-ха. Але цікава, хто гэтым усім валодае?
  • Максим Дизайнер
    08.12.2022
    Никому эта пролетарская клоака не патрэбна. 80% Минска - пролетарии и крестьяне в третьем поколении. Какие офисы

Былая дэпутатка Марыя Васілевіч сабралася замуж ФОТА3

Былая дэпутатка Марыя Васілевіч сабралася замуж ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Мінабароны Расіі заявіла аб захопе Курахава. Гэта крытычна важны лагістычны вузел5

Ураджэнец Полаччыны загінуў у вайне на баку Расіі. Ён сам вызваўся на фронт7

У Барысаве на акно шматпавярховіка прыляцеў паўлін ФОТАФАКТ9

Зяленскі распавёў, як дамагаўся абароны ад падпісантаў Будапешцкага мемарандуму. «Ім было пох*ру на Украіну»10

Прэм'ер Канады можа пакінуць пасаду кіраўніка партыі і прэм'ера

Дабратвор збіраецца ладзіць у Варшаве пікеты ў падтрымку Канапацкай17

«Стань часткай вялікай Беларусі». Геймеры пачулі нешта дзіўнае ў папулярнай гульні2

Зяленскі распавёў, калі адбудуцца выбары ва Украіне2

Сталі вядомыя пераможцы кінапрэміі «Залаты глобус»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былая дэпутатка Марыя Васілевіч сабралася замуж ФОТА3

Былая дэпутатка Марыя Васілевіч сабралася замуж ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →