Як я пагаварыў з міліцыянерамі, якія прыйшлі мяне прафілактаваць, пра Бога, закон і сумленне
На асабістай старонцы аднаго з беларусаў з'явілася красамоўнае апісанне, як да яго прыехала міліцыя з праверкай, — яскравае сведчанне пра той час, які мы цяпер пражываем, сапраўдны дакумент эпохі.
Сёння ў раёне гадзіны дня гатую абед. Чую званок. Выходжу на ганак — за плотам нейкая пыльная машына «ГАЗель». Каля веснічак два таварышы ў форме. Цікавяцца, ці ёсць сабака.
— Ёсць.
— Падыдзіце да нас.
— А што здарылася?
— Падыдзіце сюды…
— Навошта?
— Праверка.
Госпадзе, ратуй!
Іду да веснічак як быў, у тапках. Унутры нацягнутая струна.
— Якая праверка?!
— Прыцягваліся раней…
— Да чаго прыцягваўся?
— Да 19.11. За ідэйныя мерапрыемствы. За распаўсюд або за ўдзел у мітынгах.
(Ён не ўдакладніў — распаўсюджванне чаго. Я б зразумеў іх неспакой, калі б гаворка ішла пра наркотыкі і іншае. Але ў працэсе размовы высветлілася, што меліся на ўвазе ўлёткі і налепкі «пратэснай накіраванасці».)
Я ім спрабую растлумачыць, што ў маім паслужным спісе такога артыкула няма. Яны, не бянтэжачыся, працягваюць дапытваць. Дата нараджэння, дзе і кім працую, калі прыцягваўся?
— Вы пытаеце мяне пра адміністрацыйнае спагнанне?
— Так, за несанкцыянаваныя…
— Значыць, гаворка ідзе пра артыкул 23.34. Не спадабаліся ўчастковаму мае жалюзі…
Міліцыянты ўважліва ўзіраюцца ў вокны, на якіх дагэтуль вісяць дзіцячыя малюнкі з хрысціянскай сімволікай (сонца праўды, альфа і амега, якар, крыж, рыба). Малады кажа старэйшаму з адной зоркай на пагонах:
— У яго дагэтуль нешта цікавае такое вісіць…
Старэйшы:
— Гэта добра, такое не адносіцца да экстрэмісцкага.
(Фух… ну, дзякуй богу, хоць хрысціянская сімволіка ў гэтую катэгорыю пакуль не патрапіла.)
Старэйшы працягвае:
— Пасля 2020 года ўсіх, хто паводле пратэсных артыкулаў, усіх паставілі ў базу і на праверкі. Не ведаю, як тут у вас, а ў нас практычна штодня праходзяць. Таму вы не павінны здзіўляцца.
(Не павінен, а ўсё роўна дзіўлюся. Два дарослыя чалавекі, якія знаходзяцца на дзяржслужбе, якія атрымліваюць заробак з падаткаў, якія я плачу, марнуюць працоўны час не на пошук рэальных злачынцаў, а на абʼезд адрасоў, дзе пражываюць удзельнікі «ідэйных мерапрыемстваў». І відавочна, не яны адны гэтым займаюцца ў сваім аддзеле.)
Я спрабую зразумець, што за праверка ў іх такая. Малады паведамляе:
— Вы раней прыцягваліся і мы павінны пераканацца, што цяпер у вас няма нічога такога… разумееце, пра што гаворка?
— Якога такога? Пра што вы?
— Вы ад сваіх ідэй адмовіліся?
— Ад якіх ідэй?
— Апазіцыйных!
Я ледзь не засмяяўся. Коратка распавёў таварышам гісторыю з маімі прыгожымі чырвона-белымі жалюзі, якія адлюстроўваюць мае хрысціянскія перакананні. Старэйшы (С) пытаецца:
— Дык вы хто? Гэты… (паўза) адвентыст?
— Не, баптыст.
— Баптыст, так?.. Зразумела.
— А вы хто? Праваслаўны?
— Праваслаўны-праваслаўны.
Малады (М) дадае: «Мы людзі простых храмаў…»
Старэйшы: «Не, не… я нічо».
Прыйшлося прачытаць міні-лекцыю пра тры канфесіі хрысціянства проста ля веснічак.
— Мы нічога супраць вашай веры не маем… Што вы тут прапаведуеце?
— Хрыста!
— (М) А чаму так… своеасабліва?
— Чаму «своеасабліва»? Як у Бібліі напісана, так і прапаведую. А вы ў курсе, што азначаюць сімвалы на маіх вокнах?
Старэйшы паведаміў, гледзячы на малюнак літары Ω (амега —апошняя літара грэцкага алфавіта):
— Ведаю! Гэта падкова…
Улічваючы, што побач знаходзілася першая літара таго ж алфавіта — α (альфа), можна было і здагадацца, што да падковы гэтыя сімвалы не маюць ніякага дачынення. Прыйшлося зноў праводзіць лікбез (ліквідацыю непісьменнасці).
І тут старэйшы вырашыў бліснуць:
— Які Запавет больш правільны: Стары або Новы?
— У сэнсе?
— Ну… Больш такі… (памахаў рукой у паветры) на вашу думку.
(Скажу шчыра — нечаканае пытанне. Але прыемна, што чалавек цікавіцца.)
— Яны дапаўняюць адно аднаго. Стары Запавет быў «дзетавадзіцелем да Хрыста». Грэцкае слова, ужытае апосталам Паўлам, азначала раба, які суправаджаў дзяцей у школу і сачыў, каб яны не ўцяклі з заняткаў. Задача Закона была не выправіць чалавека, але адкрыць чалавеку яго грахоўнасць перад Богам. Ахвярапрынашэнні наглядна паказвалі, што пакаранне за грэх (непаслушэнства Богу) адно — смерць.
З прыходам Ісуса Хрыста пачалася эпоха Новага Запавету. Па-іншаму — Евангелля (Добрай Навіны). Кожны чалавек можа атрымаць прабачэнне за свае грахі і наладзіць адносіны з Богам праз пакаянне і веру ў тое, што Ісус заплаціў сваёй смерцю на крыжы за яго злачынствы.
— А калі няма ў мяне граху, то што — неўміручасць?
— Ну так. Калі б Адам з Евай не зграшылі, мы жылі б у раі і не паміралі.
— (С) Колькі б нас было? Калі нас цяпер ужо восем мільярдаў…
— Думаю, знайшлося б месца для ўсіх. Але людзі скарысталіся дарам Бога — свабоднай воляй і выбралі шлях непаслушэнства. У нас цяпер таксама падобная сітуацыя. Кожны выбірае, на чыім ён баку…
— (С) Гэта факт… гэта факт…
— Мы перад Богам нясём адказнасць. Ён даў нам сумленне. Мы перад Богам ходзім перш за ўсё.
— Ну, згодны… я вось што ведаю. У Старым Запавеце напісана «зуб за зуб», а ў Новым — «падстаў другую шчаку». Вось якую я бачу ў двух Запаветах розніцу.
— Тут няпростая тэма. Самаабарона ніколі не была забаронена. Ісус на судзе перад распяццем не прамаўчаў, калі яго слуга першасвятара ўдарыў.
— Ну, ён жа не ўдарыў у адказ… добра, я зразумеў. Доўгая гутарка. Часу няма.
На ўсялякі выпадак напішыце на паштовай скрыні ваш нумар тэлефона, каб вас не шукаць. Будзем да вас прыязджаць.
— Я так і не зразумеў, навошта?
— (С) Ёсць база, вы ў яе патрапілі. Наўмысна, выпадкова — я не ведаю. Не мая праца — разважаць. Усе пратэстанты, якія выступалі за звяржэнне ўлады і г. д. Там вельмі шмат выпадковых людзей… таму, калі вы ў гэтай базе, — не крыўдуйце, але…
— (М) Каб лішніх пытанняў не было — пазначце нумар на скрыні, каб да вас з нагоды вашага веравызнання не прыйшлі… можна па-рознаму вытлумачыць…
(Што? Вось тут я не зразумеў… Яны прыналежнасць да адной з традыцыйных галін хрысціянства (пратэстантызм) прыраўноўваюць да пратэстаў і апазіцыі?)
— Дык вы будзеце кожны месяц да мяне прыязджаць? Або раз на год?
— (М) Я дакладна не скажу. Не ведаю. Павесьце тэлефон.
— Ну, добра. Але вы разумееце, што прыезд міліцыі — гэта стрэс і для мяне, і для дзяцей.
— (М) Ну мы ж вас асабліва не чапалі. Спыталі дзе-што…
— (С) Мы ж не палохаем, не палохаем, так… Паглядзець, што вы не друкуеце ўлёткі там для звяржэння ўлады, што вы тут сцягі не развесілі, не збіраеце там групы тэрарыстычныя, самалёты ў Мачулішчах не падрываеце… Вось для чаго мы прыязджаем. Паглядзець, што вы так і засталіся…
— Нармальным чалавекам?
— (С) У агульным і цэлым — так.
(Ха… раз яны зʼехалі, мяне не забраўшы, — значыць можна выдыхнуць, я ўсё яшчэ падобны да нармальнага.)
— Дык што рабіць дзецям, калі вы прыязджаеце, а мяне няма дома?
— (М) Хай дадуць! ваш нумар тэлефона…
— (С) Я ў шоку, што да вас з дваццаць першага года ніхто на праверку не прыязджаў… можа, памылка…
— У вас жа нават артыкул не той!
— Ну, мы можам артыкул напісаць. Накіраванасць артыкула адна. Ёсць артыкул за распаўсюд у інтэрнэце, артыкул за вывешванне, за пратэсты… розныя. Але яны адной накіраванасці. І ўсе гэтыя людзі, незалежна па якім артыкуле, яны павінны правярацца.
— І вы курсіруеце ўвесь час па гэтых людзях?
— (М) Ну, як атрымаецца…
— (С) Ну, увогуле і цэлым, зрэдку, часам…
— Проста ведаеце, да мяне два разы ў дом залазілі злодзеі. У першы раз я іх сам знайшоў па слядах. Падлеткі аказаліся мясцовыя. А другі раз прыехалі на бусе, шмат чаго вывезлі. Іх не знайшлі. Потым у машыне разбілі шкло і выцягнулі рознае. Іх таксама не знайшлі. І выходзіць, злачынцаў злавіць не атрымліваецца, а час марнаваць на тое, каб людзей палохаць…
— Ну разумееце… Скажу так… Я сам шмат чым не задаволены, шмат з чым не згодны. Ну, калі я пакуль тут, пакуль апрануў гэтую форму, я буду рабіць тое, што пакуль мне кажуць. І нікуды ад гэтага не пайду. І вы далёка не пойдзеце.
— Але ж ёсць не толькі форма, але і сумленне!
— (С) Ну, пакуль мы пры гэтай пасадзе, мы павінны рабіць. І будзем мы падпарадкоўвацца гэтаму. І я, і мы. І іншага выйсця ў нас, паверце, пакуль няма.
Тут я не вытрымаў і коратка абмаляваў сітуацыю, якая адбылася са мной і маімі братамі ў жніўні 2020. Як на нас напалі людзі ў чорным, збілі, катавалі шокерам…
— Мы прыехалі туды памаліцца! Ніякай пратэснай сімволікі…
— (С) А ідзі знай, чаго вы туды прыехалі… а ідзі знай!
— Людзі прыпаркаваліся ў дазволеным месцы, стаяць размаўляюць, а на іх накідваюцца з дубінкамі. Браты спрабавалі ўцячы, але ім пагражалі, што будуць страляць. Хіба гэта законна?
— Вы бачылі, што рабілася ў дваццатым годзе? Мы былі вось на столькі (паказвае пальцамі) ад таго, што цяпер адбываецца ва Украіне. Вось на столькі, разумееце?
— (С) Давайце да гэтага ставіцца так: лес сякуць — трэскі ляцяць.
— Якія трэскі? Дзе закон?
— (М) Ну глядзіце, вы падалі скаргу? Знайшлі вінаватага?
— Нікога.
— (С) Нікога! Дык пра што мы будзем цяпер казаць? Пра што казаць?
— Там усюды камеры, а Следчы камітэт не ўстанавіў вінаватага…
— (М) З намі пра такое лепш не размаўляць…
— (С) Міліцыя занятая. Шукае [пратэстоўцаў], што тых блох. Так. Нешта было. Ці вінаватыя вы… Я не вінаваты. Адкуль я ведаю — вінаваты вы ці не? Адкуль я ведаю, вы прыехалі з братамі пратэставаць ці маліцца? Я ж не ведаю гэтага!
— Я ж крычаў ім, што мы хрысціяне і тут для таго, каб маліцца!
— (М) Ну, па-першае, нас там не было…
— (С) А тут мы таму, што ёсць парадак і ён павінен выконвацца. Усяго добрага.
— У любым выпадку, прашу вас, старайцеся па сумленні.
— (С) Так і ёсць. З Богам.
— З Богам.
Здзіўлены тым, што размова скончылася згадваннем Бога, я зачыніў веснічкі. Спадзяюся, хоць нешта застанецца ў памяці і душы гэтых людзей.
Каментары
сэнс з імі філасофскія размовы весці?
Нічога ў іх не застанецца. Богі ў вас розныя. У іх з рагамі і вусамі. І яны свайму богу ахвяруюць любога, кто не ідзе ў іх веру.