Адвакат і былы гулец перадачы «Што? Дзе? Калі?» Ілля Новікаў завочна асуджаны на 8 гадоў 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, пастанавіў Гагарынскі раённы суд Масквы, піша РБК.

Тэрмін зняволення будуць адлічваць з даты магчымай экстрадыцыі Новікава ў Расію ці яго тэарэтычнага затрымання ў Расіі.

Супраць Новікава таксама заведзеная справа аб дзяржаўнай здрадзе, яго падазраюць у «пераходзе на бок праціўніка», што пагражае пазбаўленнем волі аж да пажыццёвага тэрміну. ФСБ падкрэсліла, што ён з'ехаў з Расіі, уступіў у шэрагі тэрабароны Украіны, прайшоў вайсковую падрыхтоўку, удзельнічае ў баявых дзеяннях.

Новікаў нарадзіўся ў Маскве ў 1982 годзе, з адзнакай скончыў Расійскую акадэмію правасуддзя, а з 2005 года там жа выкладаў на юрыдычным факультэце і факультэце павышэння кваліфікацыі суддзяў. Са жніўня 2011 года — старшы партнёр юрыдычнага бюро «Ганчарова, Новікаў і партнёры». З 2002 па 2016 год быў гульцом тэлевізійнага клуба «Што? Дзе? Калі?». За гэты перыяд стаў уладальнікам «Брыльянтавай савы» (2014 год) і двух «Крыштальных соваў» (2004, 2014 гады).

Юрыст з 2021 года жыве ў Кіеве і працуе адвакатам у былога ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Сярод яго гучных спраў — абарона ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, рэжысёра Алега Сянцова, а таксама Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага.

Мінулым летам Адвакацкая палата Масквы пазбавіла Новікава статусу адваката ў Расіі, абвінаваціўшы яго ў «няправільных паводзінах». Там палічылі, што Новікаў парушыў Жэнеўскую канвенцыю, выказваючы меркаванне, што «выбухі складоў і мастоў — гэта рэч, якая дапушчальная».

Чытайце таксама:

Адвакат, былы знаток «Што? Дзе? Калі?» Ілля Новікаў: «Я больш не расійскі юрыст. Я ўкраінец»

Супраць адваката і былога знатака Іллі Новікава ў Расіі завялі справу аб дзяржздрадзе

У Гомелі развіталіся з вядомым інтэлектуалам, якога затрымлівалі падчас пратэстаў

Клас
9
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
14
Абуральна
27