Праграміст страціў працу ў Германіі і скардзіцца, што не можа знайсці за тыя ж грошы
Сітуацыя на рынку вельмі складаная.
Сяргей — Frontend-распрацоўшчык. Працаваў у беларускім офісе EPAM. Два гады таму, у самым пачатку вайны ва Украіне, з'ехаў у Германію. Зараз шукае новую працу, бо з ранейшай яго звольнілі. З ягоных слоў, сітуацыя на рынку «даволі сумная», піша Devby.io.
— Маё рашэнне з'ехаць у Германію не было спантанным. Яшчэ працуючы ў EPAM у Беларусі, я вучыў нямецкую мову. На працягу паўтары-двух гадоў шукаў працу ў Германіі. У выніку знайшоў прапанову ад адной кампаніі з кантрактам ад красавіка 2022 года.
Новая праца
Так выйшла, што з кампаніяй, з якой быў заключаны кантракт, супрацоўніцтва не атрымалася. У верасні 2022 года ён змяніў працу — перайшоў у каманду распрацоўкі нямецкага стартапа, які займаецца здзелкамі з камерцыйнай нерухомасцю.
— Сярод аб'ектаў на продаж — былыя запраўкі, склады, адзін раз нават прадавалі бардэль.
У Германіі вельмі мала ўгодаў праходзіць паміж прыватнымі асобамі. Прадаўцоў і кліентаў знаходзяць з дапамогай маклераў. Таму ў нас ёсць каманда рыэлтараў, якая працуе з маклерамі і кліентамі, дапамагае адшукаць найбольш прыдатныя варыянты для пакупкі. І ёсць каманда, якая адказвае за пытанні фінансавання здзелак — збірае дакументы і шукае найбольш выгадныя крэдытныя прапановы ў банках.
Кошт аб'ектаў, якія ўдзельнічаюць ва ўгодах куплі/продажу — ад 100 тысяч да мільёна+ еўра. Кампанія ў залежнасці ад здзелкі атрымлівае 3-7% ад сумы продажу.
Зрэшты, з-за высокай працэнтнай стаўкі ў еўразоне ўгодаў па куплі нерухомасці заключаецца не так шмат. З-за гэтага кампанія расце не так, як запланавана, і з цяжкасцю выходзіць на самаакупнасць.
Свае паслугі па пошуку аб'ектаў камерцыйнай нерухомасці і заключэння здзелак нямецкі стартап прасоўвае з дапамогай двух сайтаў. Сяргей займаецца іх распрацоўкай і падтрымкай.
— На момант майго прыходу каманда распрацоўкі складала каля 15 чалавек, але асноўная маса, у адрозненне ад мяне, не была ў штаце. Праз месяц пасля пачатку працы ад паслуг кантрактараў адмовіліся, засталіся толькі тыя, хто ў штаце — 5 чалавек. З тых часоў склад і колькасць каманды мяняліся, на канец сакавіка гэтага года нас было 6 чалавек.
Звальненне
У студзені 2024 кіраўніцтва расказала камандзе, што падчас адной з угодаў буйны гамбургскі банк затрымаў сродкі кліента ў памеры некалькіх мільёнаў еўра. Прычына — праверка аперацый на прадмет адмывання грошай.
У выніку аказаліся замарожаныя і сродкі нямецкага стартапа — 10% ад сумы ўгоды, якія кампанія планавала атрымаць.
Па словах Сяргея, гэта прывяло да затрымкі заробку — «неймаверная па мерках Германіі сітуацыя». Кампанія была вымушаная звярнуцца да інвестараў з просьбай аб дадатковых уліваннях рэсурсаў, каб хаця б выплаціць заробкі.
— Пасля ўлівання грошай інвестары запатрабавалі скараціць аператыўныя выдаткі, каб будучыя ўліванні не спатрэбіліся. Гэта прывяло да звальнення аднаго неайцішнага супрацоўніка і двух распрацоўшчыкаў, сярод якіх аказаўся і я.
Аб звальненні мяне апавясцілі ў канцы красавіка. Раніцай напісаў шэф. Ён быў у адпачынку, таму я вельмі здзівіўся таму, што ён кліча мяне на размову. Мы стэлефанаваліся, ён без хітрыкаў усё патлумачыў і паведаміў, што ў канцы ліпеня я перастаю быць супрацоўнікам кампаніі.
Выбачаўся, што так атрымалася, сказаў, што яму падабаецца са мной працаваць, і паабяцаў паспрыяць у пошуку новай працы (напісаць рэферэнс і т.п.). Так што я пакуль дапрацоўваю апошнія тыдні. Ніякіх асаблівых выплат пры звальненні не прадугледжана.
Дарэчы, грошы кліента па выніку размарозілі ў канцы мая. Але гэта ніяк не паўплывала на патрабаванне інвестараў аб скарачэнні выдаткаў і звальненні. Факт звальнення ўжо адбыўся, па кантракце мяне папярэдзілі аб звальненні за тры месяцы.
Пошук працы і сітуацыя ў ІТ
— Сітуацыя на рынку даволі сумная — пакуль не знайшоў працу з бягучым узроўнем заробку (гадавая 80000 еўра брута, вілка 75-80 тысяч). Я ў цэлым дастаткова гнуткі — асабліва не пераборлівы ў плане тэхналогій і гатовы на гібрыд-варыянты, уключаючы пераезд у іншы горад.
Вакансій быццам бы шмат, але нават трапіць на размову з HR — гэта поспех. За ўвесь час пошуку я атрымаў адну прапанову з фіксаванай зарплатай на 15% ніжэй запытанай. З чым гэта звязана — незразумела. 80% вакансій маюць на ўвазе добры ўзровень нямецкай, што адразу ж выключае варыянт таго, што новыя мігранты (з пакуль яшчэ недастатковым узроўнем мовы) неяк паўплывалі на рынак.
У цэлым, па назіраннях, мала кампаній, гатовых укладвацца ў развіццё, у тым ліку і за кошт найму ІТ-спецыялістаў. Прычым асаблівай розніцы паміж дробнымі фірмамі і вялікімі канцэрнамі няма.
У вялікіх канцэрнах таксама можа быць нейкае падабенства градацый па заробку ў залежнасці ад досведу, і ў сувязі з гэтым атрымаць нешта вышэй пэўнай планкі ўжо немагчыма.
Каментары