Карына ўвечары выйшла выкінуць смецце і пачула каля кантэйнера ціхі піск — ці то дзіцяці, ці то кацяняці. У поцемках нічога не ўбачыла, але наткнулася на трохлітровую банку, што стаяла за смеццеправодам. Унутры задыхалася і пішчала даволі вялікае кацяня. Гісторыю распавядае «Наш край».

Пра здарэнне стала вядома толькі зараз, але справа была ў кастрычніку, у Тэкстыльным.
— На сённяшні розум я, вядома ж, адразу б паднялася дадому і адкрыла накрыўку, — згадвае падзеі таго дня дзяўчына. — Але тады я вельмі спалохалася, запанікавала: што рабіць, куды бегчы? Таму проста пабегла з гэтай банкай у ветклініку. Доктарка ўжо сыходзіла, стаяла на парозе, але вярнулася, адкрыла банку і пачала ратаваць жывёлу — як аказалася, маладую кошачку: адразу дала кісларод.
Дарэчы, грошай доктарка не ўзяла. Калі стала зразумела, што котка ўжо ў адносна нармальным стане, Карына панесла яе дадому. Пакінула ў сябе і назвала Ірыскай.
Прыйшла ў сябе котка даволі хутка — толькі цэлы дзень і нават больш адпівалася вадой.

А на ежу кідаецца да гэтага часу, хоць ужо даўно адкормленая гаспадыняй. Ранкі невядомага паходжання зажылі за лічаныя дні, і цяпер пра мінулае нагадваюць толькі вялікія праблемы з дзясной, якія Карына лечыць ёй дагэтуль.
А вось на характары перажыты стрэс калі і адбіўся, то толькі ў лепшы бок.
— Такіх ласкавых кошак я яшчэ не бачыла, — кажа Карына. — Прыйдзеш, дапусцім, з вуліцы ці з ваннай — яна так лапкамі пяшчотна цябе мацае, масажуе…
У Карыны ўжо жыве кошка — сіямская, з характарам, як, напэўна, усе прадстаўнікі гэтай пароды. Дзяўчына баялася, што абарыгенка не прыме новенькую. Але Моня паставілася да Ірыскі на здзіўленне добразычліва:
— Даходзіла да таго, што першым часам нават сама падсоўвала ёй проста ў лапы кураціну — гэта пры тым, што гатовая душу за яе прадаць! Калі Ірыска дурэе, замяўкае-запішчыць — Моня тут жа на ўсякі выпадак бяжыць правяраць, ці не патрэбна той абарона.
Сама Карына ўладкоўваць яе далей у нечыя рукі не збіраецца: «Яна ўжо мая». Фатаграфіі задаволенай жыццём Ірыскі пацвярджаюць, што кошка відавочна не супраць.
Што кажуць у міліцыі
Гэта гісторыя магла скончыцца не сімпатычнымі здымкамі, а смерцю жывёлы ў страшных пакутах. Дарэчы, суседка распавяла Карыне, што таксама знайшла на гэтым сметніку кошку з кацянятамі ў завязаным мяшку, у якіх захоўваюць бульбу. Яны таксама ўсе выжылі, усе ўладкаваныя, але гэта не адмяняе факту бесчалавечнага стаўлення да жывёл, якое павінна быць пакарана.
Якая адказнасць па законе іх можа чакаць?
Як распавялі ў Баранавіцкім ГАУС, у гэтых дзеяннях насамрэч ёсць склад адміністрацыйнага правапарушэння або крымінальнага злачынства. Чаго менавіта — гэта высвятляецца ў працэсе праверкі, якую супрацоўнікі міліцыі правядуць у выпадку паступлення заявы (ад дзяўчыны, якая знайшла жывёлу).
У выпадку адміністрацыйнага правапарушэння можа быць накладзены штраф да трыццаці базавых велічынь, грамадскія працы або адміністрацыйны арышт. Але ёсць важны нюанс: калі высветліцца, што гэта было адміністрацыйнае правапарушэнне, то тэрмін даўнасці па ім — два месяцы. Адпаведна, па заканчэнні гэтага часу прыцягнуць жывадзёра да адказнасці ўжо будзе немагчыма.
Зусім іншая справа, калі праверка пакажа, што бесчалавечнасць усё ж падпадае пад кваліфікацыю крымінальнай справы. Тады не важна, калі заява паступіла ў міліцыю. Адказнасць напаткае вінаватага хоць праз год. Калі будзе распачатая крымінальная справа за жорсткае абыходжанне з жывёлай, вінаватага можа чакаць пакаранне аж да пазбаўлення волі да 4 гадоў.
Каментары