Грамадства33

«Выкінулі мяне, як бруднага сабаку». Як студэнт БДУІР з Камеруна палюбіў Беларусь, але не змог давучыцца

Як камерунцу ўдалося трапіць у БДУІР, якімі ў яго памяці засталіся Мінск і Беларусь і чаму яму так і не ўдалося атрымаць дыплом, піша Devby.io.

Жан жыве ў Дуале, самым вялікім горадзе і эканамічнай сталіцы Камеруна. Цяпер ён працуе супервайзерам у аддзеле забеспячэння невялікай камерунскай кампаніі, звязанай з нафтагазавай галіной. Але ў 2017 годзе ў яго былі зусім іншыя планы: ён хацеў стаць айцішнікам і паступіў у галоўную айцішную ВНУ далёкай Беларусі. 

«О, Мінск! Я яго абагаўляў!»

— У 2017 годзе я ўжо вучыўся ў магістратуры Вышэйшай тэхнічнай школы пры Універсітэце Дуалы. Вырашыў працягнуць адукацыю ў адной з еўрапейскіх краін і звярнуў увагу на БДУІР. Я ведаў, што гэта адзін з найлепшых універсітэтаў Беларусі. А пра самую Беларусь я тады ведаў, што гэта маленькая, спакойная краіна з працавітымі жыхарамі.

Я падаў заяўку для навучання на спецыяльнасці «Кіраванне ІТ-праектамі», і, дзякуючы таму, што я ўжо вучыўся ў магістратуры, мяне прынялі. Праўда, для падачы дакументаў на візу мне прыйшлося паехаць у суседнюю Нігерыю [у гэтай краіне, у адрозненне ад Камеруна, ёсць амбасада Беларусі]. Пасля некалькіх дзён у Нігерыі я атрымаў візу. Не ведаю, як цяпер, але ў той час камерунец з беларускай студэнцкай візай быў вялікай рэдкасцю.

Верагодна, Жан быў адным з першых камерунскіх студэнтаў БДУІРа. У публікацыі ўніверсітэцкай газеты «Імпульс» за 2017 год ёсць згадванне пра тое, што «ва ўніверсітэце навучаюцца грамадзяне 45 краін, і геаграфія пастаянна пашыраецца. <…> З гэтага года прыступаюць да вучобы прадстаўнікі Чада і Камеруна. Вядуцца перамовы пра навучанне грамадзян Саудаўскай Аравіі».

Вярнуўшыся ў Камерун, я сабраў рэчы і адправіўся ў пяцідзённае падарожжа да Беларусі.

Упершыню прыехаўшы ў Мінск, я быў зачараваны абаяльнасцю гэтага горада. Да таго я ніколі не бываў у еўрапейскай краіне, а тым больш — у такім прыгожым, мілым горадзе, чыстым і спакойным. Я адчуваў сябе нібыта ў іншым свеце і падумаў: «Гэта менавіта тая краіна, у якой я хачу застацца, каб жыць і развівацца».

О, Мінск! Я яго абагаўляў. Я закахаўся ў гэты цудоўны горад. Мне падабаліся яго супермаркеты, рэстараны і кавярні, падабаліся ежа і напоі (тым больш што ежа не была асабліва дарагой). Я добра памятаю раён Нямігі — такі ажыўлены, з яго рэстаранамі і ракой побач. Там было поўна ўсмешлівых, жыццярадасных маладых людзей, і я сябе там адчуваў вельмі вольна.

Вельмі хутка я пазнаёміўся з рознымі раёнамі Мінска, у якія прыязджаў, каб адпачыць і пагуляць. Я адчуваў сябе вельмі камфортна. Асабліва ўтульна мне было ў бібліятэках.

«Ніколі не адчуваў у Беларусі ксенафобіі»

— У Камеруне дзве афіцыйныя мовы, англійская і французская, і абедзве я ведаю. Навучанне ў БДУІР вялося на рускай, але і гэта не было праблемай. Я разумеў, што павінен вучыцца старанна, і адразу ўзяўся за вывучэнне новай мовы. Памятаю, што ўжо на трэці дзень вучобы я пісаў першы невялікі тэст на рускай мове, выканаў яго хутка і без памылак, чаму вельмі радаваўся. У Мінску я наведваў як мінімум тры бібліятэкі, і з гэтым у мяне не было ніякіх праблем.

Маё знаходжанне ў Мінску было не асабліва доўгім, менш за год (чаму так здарылася — пра гэта я раскажу крыху пазней). Але я да гэтага часу памятаю, што зносіны з большасцю беларусаў, з якімі я пазнаёміўся, былі прыемнымі. Мяне заўсёды добра прымалі. Многія пыталіся, як я так хутка вывучыў рускую мову, некаторыя падазравалі, што я пачаў вучыць яе яшчэ ў Камеруне — але гэта не так, усе веды я атрымаў ужо ў Беларусі. Я хацеў яе вывучыць — і ў тым ліку таму не саромеўся знаёміцца з людзьмі. Наведваў канферэнцыі, форумы і івэнты ў бібліятэках, на якіх заводзіў карысныя знаёмствы.

Фота: Wikimedia Commons

З даволі блізкіх знаёмых, якія з’явіліся ў мяне ў гэты час, магу ўзгадаць студэнтку Наталлю. Нашы адносіны былі выключна прафесійнымі, але яна мяне шмат чаму навучыла. Дзякуючы ёй я зразумеў, што беларусы — вельмі добрыя людзі. Часта яны могуць здавацца насцярожанымі і кансерватыўнымі, але калі ты нядрэнна валодаеш расейскай мовай, яны становяцца адкрытымі.

Я ніколі не адчуваў у Беларусі ксенафобіі, мяне ніколі не абражалі. У вашай краіне я адчуваў сябе бяспечна і камфортна — за выключэннем таго дня, калі іміграцыйная служба, як я лічу, дапусціла ў дачыненні да мяне памылку.

Фатальная пятніца

— Я не памятаю нейкіх асаблівых складанасцяў з адаптацыяй. У мяне не ўзнікала праблем ні з людзьмі, ні з успрыманнем мясцовай ежы. Я хутка асвоіўся ў Беларусі, мне не было чаго там баяцца: краіна аказалася чыстай, спакойнай і добра ўладкаванай. І ўсе неабходныя дакументы ў мяне былі ў парадку. Так я правучыўся амаль год.

Але аднойчы… У тую фатальную пятніцу ў сакавіку 2018 года я быў у класе на моўных занятках. Мая выкладчыца, спадарыня Ірына, падышла да мяне і сказала, што мяне хоча бачыць адміністрацыя. Я пайшоў туды, каб даведацца, што здарылася — і да майго вялікага здзіўлення мне сказалі, што я павінен вярнуцца дадому, у Камерун.

Неба раптам пацямнела. Я нічога не разумеў: як аказалася, іміграцыйная служба без усялякіх тлумачэнняў проста анулявала маю візу. Я думаў, што выпускаю нейкія важныя дэталі і нават запрасіў туды свайго сябра, які больш свабодна размаўляў па-руску. Але і з ім сітуацыя не праяснілася.

Я не зрабіў ніякіх правапарушэнняў, быў чысты перад законам, выконваў усе правілы, своечасова плаціў за арэнду жылля, у поўным аб’ёме аплаціў за навучанне (больш за $2000), набыў неабходную страхоўку, быў здаровы. Таксама я добра вучыўся, мяне любілі людзі навокал, у Мінску ў мяне ні з кім не было праблем. Тым не менш, візу мне проста анулявалі, без тлумачэння прычын. Мне не далі ніякіх тлумачэнняў, не паказалі ніякіх дакументаў, ніякіх доказаў маёй магчымай віны ў чымсьці.

Пасля гэтага я патэлефанаваў сям'і, каб паведаміць ім дрэнныя навіны. Родныя былі шакаваныя. Маё жыццё перавярнулася з ног на галаву. Купля білетаў на самалёты, аплата навучання і выдаткі на пражыванне «з’елі» большую частку нашых зберажэнняў. У Беларусі я быў зусім адзін, і мне не было да каго звярнуцца па дапамогу.

Краіна, якую я палюбіў і ў якой хацеў застацца, выкінула мяне, як бруднага сабаку. Асабліва крыўдна было праз тое, што гэта была Беларусь — краіна, пра якую я распавядаў родным толькі добрае. У мяне з ёй было звязана столькі планаў… Я хацеў быць злучным звяном паміж Беларуссю і іншымі камерунскімі студэнтамі, але мае мары абрынуліся.

Іміграцыйныя ўлады не далі мне ніякага часу. Універсітэт таксама нічога не змог зрабіць, фактычна ён мяне кінуў. Мне прыйшлося вярнуцца ў Камерун і пачынаць усё спачатку. Гэта было вельмі цяжка. Якраз у гэты час памёр мой бацька, і дапамагчы мне больш не было каму.

Сёння я ні пра што не шкадую: раз так здарылася, значыць, на тое была воля Божая. Але калі б у мяне з’явілася магчымасць наведаць Мінск і пажыць у ім, я б зрабіў гэта зноў. Таму што ведаю: Беларусь — гэта добрая, цудоўная краіна з мноствам магчымасцяў. Якія я хацеў бы мець і выкарыстоўваць.

«Да гэтага часу сумую па Мінску»

Пасля ад’езду з Беларусі мае кантакты з вашай краінай абарваліся. У тэлефоннай запісной кніжцы ў мяне былі нумары маёй выкладчыцы, спадарыні Ірыны, і кагосьці са студэнтаў. Але гэты тэлефон я згубіў.

Дуала, фота Wikimedia Commons

У любым выпадку, я быў добрым, старанным і спакойным студэнтам. Мне не ў чым сябе папракнуць. Гэта лёгка праверыць па архіўных дадзеных, ды і мае выкладчыкі, думаю, павінны памятаць пра камерунскага студэнта, які вучыўся ў іх у 2017—2018 гадах.

Напэўна, я да гэтага часу мару вярнуцца ў Беларусь і давучыцца ў БДУІРы. Я хацеў бы стаць амбасадарам гэтага ўніверсітэта і прасоўваць яго ў Афрыцы. Менавіта таму я прапаную тут, у Камеруне, урокі рускай мовы маладым камерунцам. І я заклікаю моладзь з Заходняй, Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі вучыцца ў Беларусі і ў Расіі. За гэта ў Камеруне мяне нават называюць «рускім».

Дадам, што ў Беларусі мне падабаюцца магчымасці для адукацыі. Ваша краіна добра развіта ў сферы інфармацыйных тэхналогій, мае развітую аўтамабільную прамысловасць і даследчыя цэнтры, а жыхары Беларусі працавітыя і ўважлівыя да дэталяў. Я б хацеў дасягнуць поспеху ў Беларусі. На жаль, я да гэтага часу сумую па Мінску.

Каментары3

  • Отец Засандалий
    08.04.2026
    Любить можно только родину
  • Хмарочос
    08.04.2026
    Господину Александру перешёл дорогу. Пиши покаянное письмо господину в администрацию, бей челом, просись на телевидение
  • странная история
    08.04.2026
    просто так от иностранных студентов, платящих долларами, не отказываются.

    Может, при подаче документов на визу как-то смухлевал и это открылось почти год спустя? Я не осуждаю, я сам в начале 2000-ых при продлении временного вида на жительство немного мухлевал: чтоб доказать наличие средств, снимал деньги с кредитной карты, ложил их на банковский счет, и делал выписку.

Цяпер чытаюць

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь нарасціла пастаўкі бензіну ў Расію да гістарычнага максімуму. Гэта можа паставіць беларускія НПЗ пад удар Украіны49

У якім выпадку Кіеў будзе лічыць, што мае права нанесці ўдар па беларускіх НПЗ? Украінскі эксперт назваў галоўную ўмову31

Два легкавікі лоб у лоб сутыкнуліся каля Лагазы ў Лагойскім раёне1

За 4 ліпеня Расія страціла 1290 вайскоўцаў забітымі і параненымі10

Музычны кіраўнік дзіцячага садка з Кармы разам з жонкай стаў зоркай сацсетак. Ужо нават бухога Ігара абышоў5

Свіння з'явілася і знікла ў тэлеграм-канале Дзмітрыя Мядзведзева7

«На тобе й кош і рыба». 81‑гадовая Вера запісала ўспаміны пра Давыд-Гарадок 1950‑х і зрабіла аўдыязапісы дарагой яе душы гаворкі13

Беларускі інтэрнэт пад ботамі: як іх распазнаваць і што з імі робяць20

«Камунізм — гэта сістэма-няўдачніца, і так будзе заўсёды». Трамп выступіў з прамовай на святкаванні 250‑годдзя незалежнасці ЗША18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Загінуў былы палітвязень Аляксей Ляўкевіч. Яго вызвалілі тры месяцы таму пасля візіту Коўла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць