Каля мяжы з Беларуссю плануюць пабудаваць яшчэ адну атамную электрастанцыю — Смаленскую АЭС-2. Яна будзе размяшчацца ў Смаленскай вобласці Расіі, піша «Інтэрфакс».

Растэхнагляд пацвердзіў гатоўнасць «Расатама» да будаўніцтва двух новых энергаблокаў Смаленскай АЭС-2. Пра гэта паведаміла ўпраўленне камунікацый атамнай станцыі.
Камісія Федэральнай службы па экалагічным, тэхналагічным і атамным наглядзе Расіі праверыла дакументы, неабходныя для атрымання ліцэнзій на будаўніцтва першага і другога энергаблокаў. Эксперты вывучылі абгрунтаванне бяспекі, праграмы забеспячэння якасці, вынікі інжынерных даследаванняў, пытанні падрыхтоўкі кадраў, арганізацыі будаўнічага кантролю і ўзаемадзеяння з падрадчыкамі.
Акрамя таго, камісія наведала будаўнічую пляцоўку, дзе азнаёмілася з падрыхтоўчымі работамі. Праверка не знайшла недакладных звестак у прадстаўленай дакументацыі. Паводле высноў Растэхнагляду, перашкод для выдачы ліцэнзій на будаўніцтва двух энергаблокаў няма.
Смаленская АЭС-2 з двума рэактарамі тыпу ВВЭР-оптым уключаная ў генеральную схему размяшчэння аб'ектаў электраэнергетыкі Расіі да 2042 года. Сумарная ўстаноўленая магутнасць станцыі складзе 2,4 ГВт. Яе будаўніцтва павінна забяспечыць паступовую замену дзейных энергаблокаў Смаленскай АЭС па меры заканчэння тэрмінаў іх эксплуатацыі.
На цяперашнім этапе на будаўнічай базе ўзводзяць будынкі арматурнага цэха, заказчыка і генеральнага падрадчыка, а таксама сталовую. Пракладаюцца дарогі і інжынерныя сеткі, закладваюцца падмуркі для бетоннай гаспадаркі і іншых аб'ектаў, ствараецца электрасеткавая інфраструктура.
Наступным этапам павінна стаць атрыманне заключэння Галоўнай дзяржаўнай экспертызы па праектнай дакументацыі асноўнага перыяду будаўніцтва абодвух энергаблокаў. Яго чакаюць да 15 снежня 2026 года.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары