Па «справе BYPOL» траіх беларусаў асудзілі на вялізарныя тэрміны
Ад 17 да 25 гадоў калоніі. Сярод асуджаных — былы сілавік, выкладчык БНТУ і былы падпалкоўнік Ваеннай акадэміі.

Прысуд вынеслі 26 кастрычніка, паведамляе «Вясна». Агулам у справе фігуравалі дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усіх траіх прызналі вінаватымі ў «здрадзе дзяржаве» і «арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзеле ў ёй».
Паводле інфармацыі, якую праваабаронцы атрымалі ад сукамернікаў Агеева і Васілеўскага, іх пераслед звязаны з ініцыятывай BYPOL. У 2022 годзе Вярхоўны суд абвясціў яе «тэрарыстычнай арганізацыяй».
32‑гадовы Генрых Агееў — былы сілавік з Брэстчыны. Яго затрымалі ў лютым 2024 года ў Крыме. Паводле былога сукамерніка, Агееў расказваў, што ездзіў туды нібыта паводле задання прадстаўніка BYPOL Аляксандра Азарава.
Каля сямі месяцаў беларуса трымалі ў СІЗА ФСБ разам з украінскімі ваеннапалоннымі. Увесь гэты час ягонае месцазнаходжанне заставалася невядомым. Паводле сукамерніка, Агеева збівалі і катавалі, а ў верасні 2024 года вывезлі ў Беларусь — дарога заняла суткі, мужчыну везлі з мяшком на галаве.
Акрамя «здрады дзяржаве» і абвінавачанняў, звязаных з «тэрарыстычнай арганізацыяй», яму інкрымінавалі падрыхтоўку і замах на акт тэрарызму, а таксама на прывядзенне ў непрыдатнасць транспарту або шляхоў зносін.
Юрый Васілеўскі — выпускнік і былы выкладчык БНТУ. Ён працаваў на кафедры электразабеспячэння, а з 2017 года быў уключаны ў Рэестр судовых экспертаў па будаўніча-тэхнічнай экспертызе. Яго затрымалі ў верасні 2025 года. Спачатку трымалі ў СІЗА КДБ, пазней перавялі ў СІЗА № 1.
Агееў і Васілеўскі прызнаныя палітзняволенымі.
39‑гадовы Іван Балашэнка — былы падпалкоўнік і выкладчык факультэта вайсковай разведкі Ваеннай акадэміі. Паводле «Кіберпартызанаў», раней ён служыў у 103‑й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе.
На мяжы 2021 і 2022 гадоў Балашэнка пакінуў вайсковую службу. Пасля працаваў у прыватных аўтапарках, таксі, на СТА і ў лагістычных кампаніях.
Яго асудзілі паводле васьмі артыкулаў. Сярод абвінавачанняў — падрыхтоўка да акту тэрарызму, незаконныя дзеянні са зброяй і боепрыпасамі, саўдзел у распальванні варожасці і ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары