«Камуналка» каля 250 рублёў. Мінчанка расказала, як жыве ў электрадоме
У Мінску на вуліцы Грушаўскай стаіць незвычайны дом — без цэнтральнага ацяплення і гарачай вады. Замест звыклых труб у кожнай кватэры свой электракацёл і бойлер, піша aif.by.

Электрадом — гэта будынак, дзе цяпло і гарачая вада выпрацоўваюцца індывідуальнымі катламі і бойлерамі, якія ёсць у кожнай кватэры. Выкарыстоўваецца альбо сухое канвектарнае, альбо індывідуальнае вадзяное ацяпленне.
Сям'я Кацярыны з пяці чалавек вось ужо амаль тры гады жыве ў кватэры плошчай 90 «квадратаў» у электрадоме на вул. Грушаўскай у Мінску. Да гэтага сям'я жыла ў «сталінцы».
Для грувасткага абсталявання ў кватэры выдзелена спецыяльнае тэхнічнае памяшканне, у якім размешчаны электракацёл і бойлер на 200 літраў.
Па словах Кацярыны, жыццё ў электрадоме ў міжсезонне мае нямала пераваг: «Памятаю дажджлівыя дні, калі бялізна ў кватэры сохла тыдзень. Я проста ўключыла ацяпленне, і да вечара ўсё высахла. Жывем як у загарадным доме — цёпла, утульна. Дзеці нават у маразы ў нас бегаюць басанож і ў шортах».
Што датычыцца «камуналкі»? У кватэрах устаноўлены два прыборы ўліку электраэнергіі.
Першы лічыльнік фіксуе бытавое спажыванне (асвятленне, уся тэхніка — ад кавамашыны да духавой шафы). Другі лічыльнік улічвае выдаткі на ацяпленне і падагрэў вады. Тут прымяняецца льготны тарыф — каля 5 капеек за 1 кВт·г. Для параўнання: звычайны тарыф у дамах, абсталяваных электраплітамі, складае 0,2581 руб., газавымі — 0,3037 руб.
«Камуналку» трэба аплачваць стандартна, паказанні лічыльнікаў штомесяц перадаюцца праз сістэму АРІП.
«Калі ўспомніць студзеньскія маразы, калі пры тэмпературы за акном да -30°C у кватэры былі камфортныя +28°C, толькі за электраэнергію на ацяпленне плацілі 100‑150 руб. З улікам усіх астатніх ЖКП выніковая жыроўка за «трохпакаёўку» складала каля 250 руб., у кагосьці з суседзяў набягала нават 300 руб. Калі казаць пра летнія выдаткі, то прыкладна 30 руб. выходзіць за гарачую ваду, а ўзімку — ад 100 руб. і вышэй», — кажа Кацярына.
Але жыццё ў электрадоме мае і свае нюансы. Так, бойлера на 200 літраў для сям'і з пяці чалавек хапае ўпрытык. Па словах Кацярыны, прыняць ванну ўсім па чарзе не атрымаецца — ваду даводзіцца расходаваць эканомна. Яшчэ адна складанасць — гэта рамонт або паломка абсталявання.
«Дагавор аб абслугоўванні катла заключаны (каштуе каля 80 руб. на год). А вось знайсці спецыялістаў для рамонту або замены бойлера — праблема. Афіцыйныя службы за гэта бяруцца неахвотна. Калі бойлер зламаецца, то гэта нам абыдзецца ў круглую суму», — наракае мінчанка.
Але пакуль за ўвесь час пражывання ў электрадоме ніякіх сур'ёзных паломак не было. У тым ліку і аварый, звязаных з адключэннем электрычнасці.
«Калі рэзюмаваць досвед пражывання, то можна сказаць, што тут ёсць свае правілы: дзесьці даводзіцца больш беражліва ставіцца да вады, дзесьці — уважлівей сачыць за тэхнікай», — заключыла гаспадыня кватэры.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары