Прэзідэнту УЕФА Мішэлю Плаціні не паступалі скаргі беларускіх балельшчыкаў на працэдуру надгляду падчас футбольных матчаў. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанне БелаПАН на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння выканкама УЕФА ў Мінску 4 кастрычніка.

Плаціні адзначыў, што ў любой краіне знойдуцца незадаволеныя прапускным рэжымам на стадыёнах. «Але калі мы хочам арганізаваць бяспеку, лепш правесці надгляд да матчу, чым потым разграбаць наступствы», — заявіў прэзідэнт УЕФА.

Што да катэгорый залішняга і дастатковага надгляду, то, паводле слоў Плаціні, гэта вызначае «мясцовая паліцыя».

26 верасня футбольныя фанаты байкатавалі матчы чарговага тура чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе, пратэстуючы супраць, на іх думку, залішне жорсткай працэдуры надгляду на стадыёнах.

За два тыдні да таго ва УЕФА, ФІФА і КХЛ са скаргамі на парушэнне правоў балельшчыкаў звярнуліся актывісты кампаніі «Гавары праўду!». Як паведамлялася, 7 верасня супрацоўнікі міліцыі затрымалі пры ўваходзе на мінскі стадыён «Дынама» каля 50 актывістаў кампаніі «Гавары праўду!». Іх не дапусцілі на матч адборачнага турніру Еўра-2012 Беларусь — Румынія: на іх былі майкі з лагатыпам кампаніі. Майкі былі надзетыя пад верхняе адзенне. Актывісты правялі ва УУС Ленінскага раёна больш за тры гадзіны і не змаглі трапіць на матч, нягледзячы на купленыя білеты. 9 верасня ў спарткомплексе «Мінск-Арэна» было затрымана каля 15 актывістаў кампаніі. Аматары хакея прыйшлі на матч Кантынентальнай хакейнай лігі «Дынама» (Мінск) — «Тарпеда» (Ніжні Ноўгарад). Ахова «Мінск-Арэны» патрабавала расшпіліць адзенне і паказаць, у якія майкі яны апранутыя. Усіх, у каго знайшлі майку з лагатыпам кампаніі «Гавары праўду!», затрымалі і даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска.

«Былі парушаныя правы людзей, якія купілі білеты, але не змаглі трапіць на футбол і хакей толькі з-за таго, што на іх былі надзетыя майкі, якія, на думку ахоўнікаў мерапрыемства, не адпавядалі дзяржаўнай ідэалогіі. Але гэта не мае нічога агульнага з футболам або хакеем», — заявіў прадстаўнік кампаніі.

Як паведаміла прэс-сакратар «Гавары праўду!» Юлія Рымашэўская, скаргі былі накіраваныя электроннай і звычайнай поштай. Адказаў пакуль няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?