Літаратура55

Выбары на мове архетыпаў

З якога боку толькі не глядзелі на гэтыя выбары: і з эканамічнага, і з геапалітычнага, і з медыцынскага, і з ваеннага. Піша Алесь Кіркевіч.

З якога боку толькі не глядзелі на гэтыя выбары: і з эканамічнага, і з геапалітычнага, і з псіхафізіялагічнага, і з медыцынскага, а нехта, пэўна, нават з ваеннага. Застаўся ж некранутым фальклорна-міфалагічны бок справы — мова сімвалаў і архетыпаў, самая таемная, таму цікавая і… праўдзівая.

Сімвалы будуць нагадваць пра сябе ў нашым жыцці незалежна ад таго, верым мы ў іх, ці не. Хочаце ўбачыць прыклад палітычнай «кармы» — звярніце ўвагу на камуністаў, якія ў пагоні за паліткарэктным назовам перайменаваліся ў «Справядлівы свет», аўтаматычна стаўшы… СС-аўцамі. Вам цікавая тэма прываротных зёлак? Звярніцеся да Саннікава з Някляевым, у кампаніі якіх чаргой стаяць салідныя партыйныя актывісты, дзеячы культуры і шоу-бізнэсу (па некаторых сведчаннях, менавіта зёлкі былі ўжытыя зухаватымі беларускімі палітыкамі падчас перамоваў з уплывовымі асобамі ў Крамлі).

Што ж, давайце паспрабуем паглядзець на феномен нашай краіны ў кантэксце выбараў вачыма казкі, бо глядзець на іх вачыма палітолагаў абрыдла нават тым, хто не бачыць розніцы паміж Януковічам, Янукевічам і Якубовічам, а ўвесь кастрычнік патраціў на збор подпісаў за… атрыманыя на вахце ключы.

…Калі «Імперыя Зла» нечакана абрынулася, прывід камунізму пачаў тужліва блукаць над незасеянымі палямі СНД у пошуках прыдатнага цела для свайго ўвасаблення. Сумныя і нецікавыя збольшага расійскія ды ўкраінскія палітыкі не задавальнялі — нехта занадта папсаваў сваю фізічную абалонку моцнымі напоямі, нехта ўжо быў жытлом для таго-другога іншага беса, ды й грахі іх былі занадта дробнымі: распродаж зброі з савецкіх складаў, прыватызацыя, нейкія там катэджы… Але вось… Хто гэта там ідзе?… Бабах!… Наступным ранкам пазаўчорашні кіраўнік калгаса расплюшчыў са сну вочы з дзіўнаватай, але вельмі навязлівай ідэяй: «Хачу стаць прэзідэнтам!»

Першай ідэяй было аднаўленне Імперыі з самім сабой на чале, ясны факт. Калі не пакаціла, яна замянілася на думку пра пабудову Імперыі Зла ў асобна ўзятай рэспубліцы. На тым і вырашылі.

Імгненна закіпела праца: вырубаліся чароўныя лясы з папараць-кветкамі, усе дамавікі пасля вакцынацыі размяркоўваліся ў аграгарадкі, зачараваны народ, пасля курсу прыёму «адваротнага зелля» з пладова-ягадным прысмакам (каб забылі Радзіму і мову), масава звозіўся на паклон да свяцілішча імя Сталіна,
пабудаванага ў форме лініі ўмацаванняў а-ля ВАВ, ці да яго філіялаў у рэгіёнах.

Прафесійныя ўпыры Зімоўскі і Азаронак ствараюць сетку замбавання і кадавання разгубленага электарату. Вядомы некрамант Рубінаў выклікае прывід савецкай сістэмы адукацыі. Банда пярэваратняў пад маскай «КДБ» трымае ў страху большую частку насельніцтва. У краіне скарачаецца колькасць сонечных дзён, павялічваецца колькасць поўняў — гэты феномен тлумачыцца як асабістая заслуга прэзідэнта і элемент беларускага эканамічнага цуду. Рытуальныя рысы набывае гульня ў хакей — прайграўшая каманда добраахвотна робіцца часткай бронзавага барэльефу ля ног «правадыра рэвалюцыі» на плошчы ягонага імя (якую нехта памылкова працягвае называць плошчай Незалежнасці).

Надзея Аляксандра Рыгоравіча — ягоны малодшы сын, які мусіць пераняць уладу і ўрэшце сесці ў Крамлі. Аднак, згодна з паданнем, запісаным на Шклоўшчыне, Міколка аднойчы стане зоркай дзіцячага Еўрабачання і сыдзе ў шоу-бізнэс, ад чаго бацька сканае ў журбоце.

Лідзія Ярмошына, бясспрэчна, займае адметнае месца ў мясцовым фальклоры, з’яўляючыся на гарызонце, па вялікім рахунку, раз на чатыры гады. Астролаг, віртуозна маніпулюе лічбамі. Кампутары, калькулятары і нават звыклыя вагі ў яе прысутнасці паказваюць ілжывыя дадзеныя. За гэткую паганую аўру яна атрымала пракляцце, згодна з якім не можа перасунуцца ні на крок далей за Заходні Буг — нічога не зробіш! Уратаваць яе цудоўным чынам можа толькі пакаянне і добраахвотны сыход на пенсію.

Прадстаўнікі БРСМ і вертыкалі адпавядаюць казачным рэчам (жорны, яйкі, сякера), якія ўмеюць размаўляць, рухацца, нават даваць інтэрв’ю, але толькі зрэдку — думаць.
Часам гутараць на невядомай мове, накшталт: «Выбары-дурыбары, мурыбары-бурыбары». Толькі недасведчаны чалавек ці падкуплены апазіцыянер можа прыняць гэта за бязглуздзіцу, чым адразу выкрые сваё бескультур’е і празаходнія погляды.

Адпаведнікам міфалагічнага вобразу старога справядлівага караля, які страціў уладу, з’яўляецца Аляксандр Мілінкевіч. Цягам нарады ў маёнтку ў Берштах перадаў уладу і блаславіў трох прыёмных сыноў: Глушакова (дакладна прыёмны), Міхалевіча і Кастусёва. Мае сур’ёзнае хобі, акурат для рэспектабельнага чалавека — ускладаць кветкі ў прысутнасці 30-тысячнага натоўпу. Апошнім разам надзяваў латы і браў у рукі зброю падчас бітвы, якая адбылася 600 гадоў таму…

Зянон Пазняк — народны прарок, які сышоў у духоўную пустыню, дзе знаходзіцца да сённяшняга дня. Да яго след звяртацца маладым палітыкам па аўтографы і сумесныя фотаздымкі.
Ёсць версія, што знакамітыя відэазвароты з крытыкай апазіцыі — умелы крок Зянона для адводу вачэй спецслужбаў, сапраўдныя ж ягоныя дырэктывы і парады надзейна схаваныя ў вершах-хоку і фотаздымках аўтара. Кажуць, Пазняк перыядычна наведвае Радзіму праз патаемны ход і з’яўляецца звычайна недзе ў ваколіцах Нясвіжа ў вобразе жабрака, які падарожнічае стопам. Апошні раз ён расказваў маладой жанчыне-кіроўцу пра тое, як Лукашэнку заб’юць на дажынках у Лідзе (гэты матыў зрабіўся сюжэтам для некалькіх народных песняў Наваградчыны, напрыклад, «Ой, нахілілася галовушка» ці «У апошні дзень»). Перад ад’ездам калісьці абяцаў вярнуцца на чале калоны амерыканскіх танкаў, забіць гранта-Цмока і пабудаваць сцяну на мяжы з Расіяй. Групоўку, якая ўтварылася на аснове веры ў вяртанне Пазняка, некаторыя рэлігіязнаўцы прызнаюць сектай; хор імя Пазняка можна пачуць і сёння на мінскіх вулічных акцыях.

Някляеў, вандроўны трубадур шляхецкага паходжання, не так даўно атрымаў дар ператвараць любы прадмет у золата, а разам з ім — дар ператвараць любы мітынг у паэтычную вечарыну.

Прывід Някляева на кані часта з’яўляецца ў гарадах і мястэчках Беларусі, раскідвае шчодрай рукой грошы каля корчмаў, але ўбачыць гэтыя грошы могуць толькі маладыя ды чыстыя сэрцам авантурысты і паэты.
Ёсць павер’е, што калі адразу, на злом галавы, кінуцца на грошы, яны ператворацца ў раскіданыя па зямлі томікі «Кону» з парай цёплых словаў аўтара. Сівыя лірнікі ходзяць па кірмашах, спяваючы песні на словы паэта, а вясковыя бабы за пару цёртых грошаў ткуць ручнікі з лагатыпам «Zа НекляеVа». Някляеў узначальвае грамадскую кампанію «Палож на месца!» — калі кліч «Палож на месца!» разносіцца па-над вёскай халоднай лістападаўскай ноччу, каровы пачынаюць цяліцца, чыноўнікі масава сканчаюць жыцці самагубствам, а мясцовыя выбарчыя ўчасткі бяруцца полымем.

Лесуноў, палевікоў, гномаў увасабляюць дыпламаты і міжнародныя назіральнікі, якія, калі што, могуць дапамагчы схавацца, але ў справу ўмешвацца не будуць (павыць ды пашамацець таямніча могуць, не болей). Кажуць, што гномы хаваюць незлічоныя багацці і часам імі дзеляцца… але я вам пра гэта не казаў!

З журналістамі ўсё прасцей — гэта казачныя птушкі, якія разносяць хай, калі ў лесе нешта адбываецца. Калі птушка-дабрадзей якасна разнясе навіну (а можа, і ад сябе нешта ўставіць) — можна разлічваць на заступніцтва тых жа гномаў з лесунамі…

Народ… А што народ? Тыя, каго яшчэ не звазілі на Лінію Сталіна (такія яшчэ ёсць!), душаць піва ў шынках, спяваюць сумныя песні, спрачаюцца… не, не пра масці коней і якасць клінкоў, а пра нейкія санкцыі, дэбаты ў жывым эфіры, інтэрнэт-сайты… Але сям-тампрагучыць-такі легенда пра збаўцу, хтосьці прызнаецца, што нават паціскаў яму руку ў пачатку 90-х, нехта зацягне баладу пра «Вясну-96» ды «Белы Легіён», а ў вечары маці над калыскай праспявае немаўлятку калыханку пра Захаранку, Ганчара, Красоўскага, Завадскага, а з падваконня ў маўклівы горад будзе ўзірацца самотная знічка, нагадваючы, што сёння 16-е чысло месяца…

Вочы людзей штодня з журбой будуць глядзець у тэлеэкраны, мераць вокам Кастрычніцкую плошчу з акна 100-га аўтобуса, загарацца іскрай нянавісці каля будынку КДБ ці праязжаючага аўтазака. І ўсе яны будуць чакаць аднаго — падзеі.

Застаецца нераскрытым, пэўна, галоўнае пытанне: хто ж у гэтай казцы з’яўляецца станоўчым героем, пераможцам зла і збаўцам беларускага народа? Што тут хаваць, ніводзін з кандыдатаў не змог прапанаваць мне сумы, дастатковай для літаратурнага надання яму «геройскага» статусу. Сквапнасць пары тройкі мэнэджараў і старамодных піяршчыкаў аўтаматычна вызваліла паважанаму чытачу шырокае поле для фантазій і здагадак — настолькі шырокае, наколькі гэта мажліва цяпер. Ды й наогул, чаму вы думаеце, што гэта абавязкова мусіць быць нехта з кандыдатаў? Мажліва, гэта будзе давераная асоба, ці сакратар чаго-небудзь… а мажліва, рабочы з МТЗ, які здолее вырваць гучнагаварыльнік з рук састарэлага «партайгеносе»… Госпад вельмі часта абірае «нямудрых гэтага свету», каб засаромець «мудрых» і «вопытных».

Для мяне зразумела адно: хутчэй гэта будзе той, хто першым крыкне: «На штурм!», чым той, хто не спыняючыся будзе енчыць: «Ні ў якім выпадку не паддавайцеся на правакацыі!». Адкуль я ведаю? Сарока на хвасце прынесла…

Каментары5

Цяпер чытаюць

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў20

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

«Пад канец адпачынку даведаліся, што тут няма сховішчаў». Беларусы, што знаходзяцца ў ААЭ, расказалі, як ім там цяпер1

Трамп заявіў пра спыненне гандлю з Іспаніяй, бо тая не дазволіла карыстацца сваімі вайсковымі базамі18

Севярынца абралі старшынёй аргкамітэта па святкаванні Дня Волі2

Пагражаў вайскоўцам раскрыць, хто з іх гомасэксуал, каб выпытаць сакрэты і прадаць Украіне. Вось за што адыёзны функцыянер БРСМ атрымаў 17 гадоў калоніі12

Пуцін ведаў пра планаваную атаку на Іран, але нічога не зрабіў, каб ёй перашкодзіць. Чаму?17

У Нясвіжы збіраюцца рэканструяваць Ратушную плошчу. Ёсць чатыры варыянты, як гэта зрабіць4

Чатыры шляхі завяршэння вайны ў Іране5

З Дубая вылецеў першы вывазны рэйс «Белавія» на Мінск

Стала вядома, адкуль пачнуць будаваць кальцавую лінію мінскага метро

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў20

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць