Сірыйскі ўрад перажывае скандал з прычыны яшчэ адной уцечкі.
Катарскі тэлеканал Al Jazeera атрымаў ад уцекача за мяжу, высокапастаўленага аналітыка, канфідэнцыйныя дакументы, якія расказваюць аб стратэгіі падаўлення паўстання супраць рэжыму прэзідэнта Башара Асада. Раней хакеры ўзламалі асабістую пошту Асада і яго блізкіх, паказаўшы, што кіраўнік дзяржавы насміхаецца з прапанаваных ім самім дэмакратычных рэформаў.
Крыніцай уцечкі стаў былы высокапастаўлены функцыянер кіроўнай у Сірыі партыі БААС Абдэль Маджыд Баракат, які ў мінулым месяцы ўцёк з краіны ў Турцыю. Да ўцёкаў у яго абавязкі ўваходзіў збор і аналіз інфармацыі, якая паступала з розных разведвальных службаў аб ходзе паўстання супраць асадаўскага рэжыму. Баракат, які быў сталым удзельнікам сакрэтных сустрэч урадавай антыкрызіснай групы, некалькі месяцаў дапамагаў сірыйскай апазіцыі, але «ўрэшце трапіў пад падазрэнне і зразумеў, што павінен выбрацца з Сірыі, каб выратаваць ўласнае жыццё», паведамляе Al Jazeera.
Аб’ём сакрэтных дакументаў, якія трапілі ў распараджэнне Al Jazeera, складае некалькі сотняў старонак.
За іх аўтэнтычнасць катарскі тэлеканал, які стаў адным з рупараў антыасадаўскай апазіцыі, ручаецца: дзве незалежныя каманды экспертаў правяралі іх сапраўднасць некалькі дзён. Дакументы, сабраныя Баракатам падчас сустрэч прадстаўнікоў разведструктур, якія праходзілі штодня ў 19.00 паводле дамаскскага часу, паказваюць, што «ўрад адчайна спрабуе захаваць кантроль над Дамаскам», аддаючы адназначныя загады не дапусціць пранікнення праціўнікаў Асада ў сталіцу. Выкананню гэтай задачы служаць як верныя ўраду войскі, так і спецыяльныя атрады праўрадавых дружыннікаў, вядомыя як «шабіха» (духі), што часцяком уключаюць партыйных актывістаў БААС. Частка гэтых атрадаў ахоўвае ўсе 35 уездаў у горад, гатовая ў выпадку абвастрэння сітуацыі адрэзаць Дамаск ад вонкавага свету. У горадзе нясуць службу прадстаўнікі ўжо рэгулярнага сілавога апарату, у тым ліку ўпраўлення разведкі ВПС краіны, вядомага як самае жорсткае ўрадавае падраздзяленне. Сілавікі трымаюць пастаянны кантроль за кожнай буйной плошчай сталіцы.
У малітоўны дзень, пятніцу, калі па гарадах Блізкага Усходу ўжо традыцыйна пракатваюцца масавыя дэманстрацыі, прысутнасць сілавікоў на вуліцах горада робіцца яшчэ большай.
Сярод дакументаў ёсць і асабіста падпісаны Асадам дэкрэт аб узмацненні жорсткасці палітыкі ў дачыненні да дэманстрантаў,якім удзел у акцыях пратэсту можа абысціся ў турэмнае зняволенне на тэрмін ад месяца да года.
Іншая частка файлаў датычыць аперацый па падаўленні бунту ў буйных сірыйскіх гарадах Алепа і Ідліб. У прыватнасці, у іх апісваецца, якім чынам павінная аказвацца фінансавая і маральная падтрымка лаяльных Асаду груп насельніцтва ў Алепа: для заспакаення горада былі аддадзеныя распараджэнні змагацца з манапольнымі гандлярамі і прыняць меры для супакаення студэнтаў мясцовага ўніверсітэта. Змест іншага файла паказвае, як праводзілася сачэнне за членамі Назіральніцкай місіі Лігі арабскіх дзяржаваў, якія прыбылі ў Сірыю ў канцы мінулага года. У яшчэ адным файле, апублікаваным Al Jazeera, прадстаўнікі сірыйскага ўрада скардзяцца на тое, што спартыўныя клубы і рэлігійныя гурткі мала робяць, каб прапагандаваць версію міжнароднай змовы ў дачыненні да Сірыі, вынікам якога і сталі хвалявання.
«Кожны, хто прачытае гэтыя даклады, будзе шакаваны, ён зразумее, што Сірыя перажывае сапраўдны крызіс — забойства, крымінал, падаўленне пратэстаў, — заявіў Баракат тэлеканалу. — Аднак начальнікі службаў бяспекі малююць у сваіх дакладах ідылічную карціну: яны ігнаруюць многія значныя факты проста для таго, каб падтрымаць прэзідэнцкі дух». Усе дакументы пасля зверкі і аналізу перадаваліся на раніцу наступнага дня Асаду, сцвярджае перабежчык, усе асноўныя распараджэнні адносна мер бяспекі і спецаперацый аддаваў ўжо асабіста прэзідэнт.
Афіцыйны Дамаск на распаўсюджаную Al Jazeera інфармацыю не адрэагаваў.
-
Прыбытак Volkswagen упаў на 44%. Канцэрн скароціць 50 тысяч працоўных месцаў у Германіі
-
У Польшчы паведамілі пра затрыманне беларускага «злодзея ў законе». Вось толькі незразумела, што з ім рабіць далей
-
Украіна прапаноўвала ЗША тэхналогіі процідзеяння іранскім беспілотнікам. Тыя не зацікавіліся, цяпер лічаць гэта «найбольшым промахам»
Цяпер чытаюць
«Чаму я павінен даказваць, што не дармаед?» Прадпрымальніка з Гомеля памылкова запісалі ў незанятыя — ён даведаўся толькі пасля вялізных рахункаў за камуналку
Каментары