Архіў

Зьміцер Бартосік. Урок Памяці

№ 20 (229), 14 траўня 2001 г.


 Зьміцер Бартосік

Урок Памяці

 

Не залюбіў я савецкіх вэтэранаў яшчэ са школы. З травеньскіх урокаў Памяці, падчас якіх абчапляныя ўзнагародамі, зласнатварыя пыхлівыя старыя нясьціпла распавядалі нам пра свае подзьвігі — штогод усё больш фантастычныя. Мы, дзеці, адчувалі няшчырасьць.

Аднак ёсьць сярод вэтэранаў іншыя людзі. Людзі, якія ніколі без дай прычыны не гаварылі пра сваё геройства. Такі мой сусед Аляксей Пятровіч – мілы чалавек, вясёлы гаварун, сталы чытач “НН” і слухач “Свабоды”, які штодня робіць ля нашага пад’езду “эўропу” (то ўслончыкі пафарбуе, то пасадзіць нешта). Травеньскай раніцай я ўпершыню ў жыцьці пабачыў яго з ордэнскімі планкамі на пінжаку. «Нямеччыну браў», — адказаў на мой зьдзіўлены погляд Пятровіч і запрапанаваў пайсьці на сход у Палац Рэспублікі. Ня столькі паслухаць нашага фюрэра, колькі паглядзець інтэр’еры. Я з ахвотаю пагадзіўся.

Як ні дзіўна, мой бел-чырвона-белы значак не перашкодзіў мне прайсьці праз кантроль. Сівыя франтавікі таксама глядзелі на яго хутчэй з павагаю. Блукаючы па гіганцкіх мармуровых фае, сусед Пятровіч пачаў згадваць тыя пераможныя дні, калі баяліся ня немцаў, а СМЕРШаўцаў, калі мірнае насельніцтва сьпешна ўцякала са сваіх дамоў, каб не замінаць вызваліцелям іх рабаваць, і калі, як ніколі, панавала сапраўдная радасьць і гонар за сваё сёньня й, вядома, сьветлае заўтра.

Маё месца было ў амфітэатры. Побач са мною сеў клясычны вэтэран. Мэдалі, нібы дасьпехі, укрывалі ягоныя грудзі, сівыя пышныя бакенбарды выдавалі ў ім найменей палкоўніка, а суворы погляд з-пад калматых броваў красамоўна сьведчыў пра ого-го які камандзірскі голас. Я дастаў апошнюю «НН». Як толькі яна не закурэла пад ягоным позіркам!

«Президент Республики Беларусь Александр Григорьевич Лукашенко», — ўрачыста абвесьцілі з дынамікаў. Вялізная заля, нібы па камандзе, устала. А я для сябе вырашыў яшчэ па дарозе: устаю толькі падчас Хвіліны маўчаньня. Мой сусед-вэтэран быў памкнуўся ўзьняцца перад Лукашэнкам разам з усімі, але, стрэльнуўшы вачыма ў мой бок, застаўся сядзець. Яшчэ сіплы голас не прамовіў: «Садзіцесь пажалуста таварышчы» — а паміж намі ўжо ўсталяваўся нейкі цёплы кантакт. Як ад руканьня з паважаным табою чалавекам.

Той, хто выйшаў на сцэну, гаварыў доўга й нецікава. Ён бічаваў і праклінаў усялякіх гразных атшчапенцаў, насьледнікаў цех гітлераўскіх халуёў ды іхных заакіянскіх хазяеў. Гразіўся даць адпор, кляўся, што ў нас Югаславіі ня будзе, і абяцаў «правесьці ваенныя учэнія на граніцэ сь Літвой».

Я слухаў і думаў: як яму бракуе вайны ці хоць якой вайсковай пагрозы! Жыць ён ня можа без мабілізацыяў і нябачных франтоў. Мне было па-чалавечаму шкада гэтага палкаводца, на якога ніхто ня хоча нападаць, армія якога ваюе зь непаўналетнімі дзяўчаткамі ды адзінокімі палітыкамі. Хоць сам усяму сьвету вайну абвяшчай...

Я вельмі ўдзячны суседу-франтавіку, што пабыў на тым сходзе. Ён дапамог мне адчуць сорам за сябе й за свае непрыгожыя думкі пра людзей, якія паўстагодзьдзя таму прагналі адсюль вайну. Дай Бог ім здароўя. І каб не было вайны. Як бы каму гэтага ні хацелася.


Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе20

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебску дзяўчына зачыніла сабаку ў камеры захавання. Яе шукае міліцыя3

Найбуйнейшы тэрмінал Расіі на Чорным моры спыніў экспарт нафты пасля атакі ўкраінскіх дронаў2

Каля Егіпта на фоне іранскага крызісу знайшлі вялікае радовішча прыроднага газу

Пад Гроднам нарадзілася авечка-панда ФОТЫ1

Рыбак злавіў на Нёмане сазана памерам з парася ФОТА5

Самая паспяховая беларуская бізнэсвумен удвая павялічыла прыбытковасць здабычы рыбы на Далёкім Усходзе5

Амаль паўтары тысячы гектараў на Гомельшчыне больш не будуць лічыцца радыяцыйна небяспечнымі5

Сельскую гаспадарку Дубровенскага раёна даручылі ратаваць бізнэсмену Баскіну3

У Будапешт для ратавання Орбана перад самымі выбарамі прыехаў Джэй Дзі Вэнс31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе20

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць