Архіў

Лісты

№ 20 (282), 31 траўня 2002 г.


Лісты

 

Паліграфавічы

Хачу сказаць колькі словаў на тэму, удала пазначаную як “поўны касьцян”, хоць не такі ўжо ён і поўны. Здарылася тое, што калі-небудзь мусіла здарыцца, бо дыктатура літаратурнага люмпэн-пралетарыяту цалкам лягічна вынікае з дыктатуры агульнае. Літаратурны Паліграф Паліграфавіч дачакаўся свайго і з ласкі “ўпраўдома” займеў даўно жаданую пасаду ды жылплошчу ў кватэры інтэлігента-прафэсара. “Начальнік пададдзелу зачысткі” — здаецца, гэтак звалася пасада Шарыкава.

Тутэйшыя паліграфавічы ўзьбіліся на тую самую пасаду. Зачышчаць Беларусь ад беларушчыны – іхная сёньняшняя задача, бо трэба ж неяк адваёўваць жыцьцёвую прастору. А як яшчэ пра сябе заявіш, калі ты нікому не цікавы і нават беларускамоўныя людзі не жадаюць чытаць тваю пісаніну. І можаш хоць дзяржпрэмію сабе выпрасіць – а не чытаюць!

Колькі дзён таму, загадзя ведаючы вынік, пачаў я тэлефанаваць знаёмым беларускамоўным людзям, задаючы ім адно пытаньне: ці маюць яны якія кніжкі новапрызначаных літкамандзіраў. Абзваніў блізу сарака сем’яў, а твораў “начальнікаў зачысткі” ні ў кога не знайшлося. У хатніх бібліятэках беларускамоўных сем’яў ёсьць кніжкі трох-чатырох дзясяткаў беларускіх пісьменьнікаў – ад Багушэвіча да Глёбуса, Скоблы, Бабкова ды яшчэ сіх-тых зь іхнага ці маладзейшага пакаленьня. А існаславянцаў няма. І ня дзіва. Бо сярод гэтае кампаніі нямашака ніводнага таленту ці хоць-кольвек значнае асобы. І калі адзін зь іх публічна называе Быкава, Барадуліна, Брыля, Гілевіча “старымі маразматыкамі”, дык гэта праява даўно знаёмага: лютай нянавісьці Паліграфа Паліграфавіча да інтэлігенцыі.

Дарэчы, пра існаславянства. Ёсьць у Дастаеўскага прыблізна такія словы: “За немажлівасьцю быць расейцам стаў славянафілам”. Калі ўважлівей прыгледзішся да тутэйшых ды суседзкіх славянарупліўцаў, разумееш, наколькі слушна казаў наш вялікі зямляк.

Марны занятак – усялякія палемікі з тымі, хто ня варты нашых інтэлектуальных і духоўных высілкаў. Пакіньма іх зь іхнай дзіцячай радасьцю ды думайма, як найлепей зрабіць тое, што мусіла быць зробленым яшчэ колькі гадоў таму: для новай, сапраўднай, незалежнай, беларускай літаратуры мусяць паўстаць новыя незалежныя выданьні. Даўно сказана, але праўда: “Новае віно ў старыя мяхі не наліваюць”. Беларускае, апроч усяго іншага, павінна зрабіцца сучасным, высакаякасным таварам. Дзякуй богу, прыклады ўжо маем. А дзеля запачаткаваньня добрае справы можна было б і капейчынай скінуцца, папярэдне заснаваўшы належны рахунак. Талака, як вядома, – нашая найлепшая традыцыя. Як і ўзаемадапамога.

Днямі, забіраючы з “Полымя” свой падрыхтаваны да друку матэрыял, я падумаў, што, можа, слушна было б шаноўнай “Нашай Ніве” адвесьці адну старонку для тэкстаў, адрынутых найноўшаю цэнзураю з “заКасьцянелых” выданьняў ці зьнятых з друку самімі аўтарамі па прынцыповых меркаваньнях. Ня думаю, каб “зачышчаныя” творы Барадуліна ці Брыля сталіся лішнімі для нашаніўскіх чытачоў.

“Поўны касьцян” надышоў для тых, хто яго й заслугоўвае, хто гатовы прыняць яго з клясычным выразам: “Што ж паробіш, неяк жа жыць трэба…” Жыць трэба ня “неяк жа”, а годна. Адзінае, чаго павінна ставаць беларускай інтэлігенцыі, дык гэта вытрымкі, рашучасьці, адказнасьці – тых якасьцяў, што дапамаглі прафэсару Праабражэнскаму вярнуць Шарыкава ў ягоны першародны стан.

Рыгор Сітніца, Менск


Маё credo

Пранесьліся чатыры мае гады ў Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Добра памятаю дзень, калі ўпершыню пабачыў тых, хто сёньня зьяўляецца маімі блізкімі сябрамі і дарадцамі. Памятаю першы клясны сход, першы ўрок фізкультуры, першы ліцэйскі твор па літаратуры, у якім пісаў нешта пра сярэднявечныя замкі ды дурнаватых рыцараў. Успаміны дазваляюць прасачыць за зьменамі, якія адбыліся са мною ў ліцэі. Цяжка паверыць, што за чатыры гады чалавек можа так зьмяніцца...

 

Згадваю, як у дзіцячым садку выхавацелька пыталася: “Кто знает, как по-белорусски “цветок”?” Ніхто з “кветак перабудовы” ёй правільна не адказаў. 1991 год – прыйшоў час ісьці ў школу. Колькі было бацькоў, якія жадалі аддаць дзяцей у клясу зь беларускай мовай навучаньня! Колькі было скаргаў у РАНА з прычыны абмежаванай колькасьці беларускіх клясаў!

Памятаю першыя рыцарскія клюбы, якія засноўвала рамантычна настроеная моладзь. Памятаю свайго дзядзьку яшчэ студэнтам на мітынгах. Памятаю атмасфэру бязьмежных пэрспэктываў і пад’ёму нацыянальнага духу... 1994 год – прэзыдэнцкія выбары. Перамог чалавек, у якога стралялі. Зьмяняецца герб, сьцяг, Канстытуцыя, зьмяняюцца людзі. Я працягваю вучыцца на паўзабароненай мове, пераходжу з школы ў школу і трапляю ўрэшце ў ліцэй.

Я дзякую ліцэю менавіта за тое, што ў ягоных сьценах знайшоў мэту свайго жыцьця... Яна ня зводзіцца да заробку вялікіх грошай, набыцьця шыкоўных кватэраў, заваёваў нейкіх статусаў... Усё, што мне патрэбна, – гэта той час, калі людзі былі больш рашучыя, школы больш беларускія, пэрспэктывы больш далёкія. Урыўкі гэтага часу, як здані, блукаюць па ліцэйскіх калідорах, грукаюць дзьвярыма, адчыняюць форткі. Яны сыплюцца з падручнікаў, напаўняюць ліцэйскія пакоі. А можа, гэта ўрыўкі не мінулага? Можа, гэта весткі з будучыні? Тады кроч хутчэй, каб не спазьніцца! Прыкладзі ўсе намаганьні, здольнасьці на тое, каб высьлізнуць зь сёньняшняга чорнага кола, каб час “падстрэлкаў” і ціхіх згоднікаў незваротна мінуў!

Для гэтага зусім ня трэба зьдзяйсьняць штодня гераічныя ўчынкі. Дастаткова стаць чалавекам, да якога б прыслухоўваліся, зь якім раіліся б, якога б паважалі. Менавіта такому чалавеку па сілах дасягнуць запаветнага часу, калі будуць ганарыцца сваімі дзецьмі, шанаваць продкаў, адчуваць гонар за сваю Айчыну, гісторыю. Калі Беларусь будзе асацыявацца зь якаснай прадукцыяй, з годным народам, зь веліччу! Гэтаму варта прысьвяціць усё жыцьцё.

Ягор Шумскі, Менск


Камбінат імя Сьцяпана Разіна

Шпацыруючы неяк па Берасьці, зайшоў у прадуктовую краму па піва. Узяў “Берасьцейскае сьветлае”, а на паліцах пабачыў вялікую колькасьць расейскай прадукцыі. Вырашыў пералічыць расейскія бровары, што працуюць у Беларусі. І вось што з гэтага атрымалася: “Вена”, “Піваварня Масква-эфэс”, “Цьвер-піва”, “Піваварня Івана Таранава”, “Піваварная кампанія Калугі”, “Бахус”, піваварная кампанія “Балтыка” і яе філіі, “Валот”, “Расар”, “Камбінат імя Сьцяпана Разіна”, “Ярпіва”, “Амстар”, “Афанасій-піва”, піўзавод “Остарк”. А ў дататак – “Клінскае”, “Варонескае” і г.д.

Кожны з гэтых вытворцаў прэзэнтуе прыблізна дзесяць гатункаў. Цікава, а ў якім Мурманску знойдзеш у продажы хоць пяць гатункаў беларускага піва?

Берасьцейскі спажывец


“БАТЭ” — сіла

З кожным годам барысаўскі “БАТЭ” робіцца ўсё больш эўрапейскай і камэрцыйнай камандай на фоне “саветызаванага” менскага “Дынама” і паўжабрацкай “Белшыны”. “БАТЭ” ставіць на беларускіх хлопцаў, а не на “прывазны тавар” з Расеі ці Афрыкі. Штогод у “БАТЭ” зьяўляецца зорачка. Спачатку быў Мікалай Віндзюк, пасьля – Вадзім Скрыпнічэнка, Аляксандар Глеб, Віталь Кутузаў, цяпер – Арцём Канцавы.

Тым часам былы менскі “дынамавец”, а цяпер гулец барысаўскага клюбу Чумачэнка забівае менчукам два галы і прымушае сысьці ў адстаўку самога Малафеева. Іншым разам мне здаецца, што вучань-Пунтус некалі пераўзыдзе вялікага настаўніка-Малафеева. Але гэта будзе пасьля.

Зьміцер Панкавец, Кастрыца (Барысаўшчына)


Каментары

Цяпер чытаюць

Як 25‑гадовы Алесь уратаваў ад знікнення калекцыю беларускіх экспанатаў. Ён нарадзіўся і вырас у Германіі, але гаворыць па-беларуску

Як 25‑гадовы Алесь уратаваў ад знікнення калекцыю беларускіх экспанатаў. Ён нарадзіўся і вырас у Германіі, але гаворыць па-беларуску

Усе навіны →
Усе навіны

Макрон Трампу: Сур’ёзныя людзі не кажуць сёння адно, а заўтра другое4

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне32

Страшна і сумна: жыхарка Жлобіна паказала мясцовы парк5

Муж былой кіраўніцы Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША любіць адзяваць жаночае і бамбічныя накладныя грудзі10

Прыпынена дзеянне пасведчання выдавецтва «Тэхналогія»2

Гарасім Ігнатавіч з-пад Віцебска аказаўся панцырным баярынам. Гісторык расказаў пра яго лёс12

Прапаганда расказала, ці звольнілі маёра міліцыі, якога затрымалі на «Гуканні вясны» ў Гомелі4

«Ён да гэтага часу прыходзіць у сябе пасля ўдару ў сківіцу». Трамп высмяяў Макрона і яго жонку на фоне новай атакі на НАТА11

«Аршанскі афшор» для ўнука Лукашэнкі. Малодшы Аляксандр Лукашэнка пабудуе цэх за дзяржаўныя мільёны12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як 25‑гадовы Алесь уратаваў ад знікнення калекцыю беларускіх экспанатаў. Ён нарадзіўся і вырас у Германіі, але гаворыць па-беларуску

Як 25‑гадовы Алесь уратаваў ад знікнення калекцыю беларускіх экспанатаў. Ён нарадзіўся і вырас у Германіі, але гаворыць па-беларуску

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць