Меркаванні3939

Глеб Лабадзенка. Палюбіць Саладуху

Каму з вас не даводзілася чуць: «У нас з архітэктуры няма чаго паглядзець, а вось у Егіпце піраміды — гэта да!..». Прасунутыя юзеры назавуць вам Мір і Нясьвіж, а далей пачнуць чухаць рэпу… Аднойчы я спытаўся ў дзетак у школе, якія будынкі ў Менску самыя старыя? І пачуў адказ: вакзал і Траецкае прадмесьце.

Мы, беларусы, дзіўныя людзі — я б нават і гімн так падкарэктаваў. Сказаць, што мы ня любім сваё, няправільна. Каго не спытай — і мову любіць (толькі не гаворыць). І песьні народныя любіць (толькі не пяе). І вершы любіць (але на памяць нічога не прыгадае). І архітэктуру любіць (але ня ведае).

Гэта галоўная праблема: што мы свайго ня ведаем. А немагчыма любіць тое, чаго ня ведаеш.

Бо будзе як з фотакарткай актрысы: любіш яе, любіш… А пазнаёміўся — яна грубіянка і распусьніца.

«Сваё» можа быць не такім абстрактным, як сядзібы й палацы. Да якога калена вы ведаеце свой радавод? Да прадзедаў? Добра, калі так. Я вось стаў цікавіцца — і з жалем зразумеў, што далей шостага калена без архіваў ужо ня знойдзеш. У мінулым годзе пашчасьціла знайсьці пад Слуцкам магілу прапрадзеда Кандрата Вітка, які нарадзіўся ў 1870 годзе. Гэта дзед мае бабулі. Як яна была маленькая, то гасьцявала яшчэ ў яго ў хаце. І я задумаўся: чаму яна за ўсё жыцьцё ні разу ня зьезьдзіла да яго на магілу? Чаму гэтага не зрабіла і мая мама? Чаму гэта стала цікава толькі нам з братам?.. Ці то савецкі час павыбіваў зь людзей памяць, ці то і выбіваць не асабліва давялося… Ня ведаем і не памятаем — і адчуваем сябе пры гэтым досыць камфортна.

Калі пачынаеш корпацца ў прычынах няведаньня і нелюбові да свайго — усплывае яшчэ адзін стэрэатып: сваё — кепскае, імпартнае — добрае. Ад джынсаў да палацаў.

Вось і прыязджаюць беларусы ў Варшаву, ідуць у каралеўскі парк Лазенкі, глядзяць на палац і кажуць: «Ах, как красіва!..». І ведаць ня ведаюць, што ў Жамыславе (Івейскі раён) стаіць такі самы палац! Пан Умястоўскі так захапляўся каралём Панятоўскім, што нават мэблю сабе замовіў на той жа фабрыцы, што і кароль. Але што нам Жамыслаў? Жамыслаў — фуфло. А вось Лазенкі…

Так, часам сваё любіць досыць цяжка. Чым больш бачыш эўрапейскіх гарадоў, тым складаней любіць менскую архітэктуру.

Калі вяртаешся з Прагі і едзеш па праспекце-то думка адна: архітэктурнае ўбожаства. А калі прыгадваеш, колькі старых будынкаў грохнулі гэтыя піцерскія гастарбайтэры, каб узвесьці нам Горад Сонца (©Артур Клінаў) — робіцца ўвогуле млосна!

Але ты мусіш укусіць сябе за палец і любіць гэта. Бо гэта — сваё. Ня лепшае і ня горшае за іншае, проста сваё.

І іншага свайго ня будзе. Хоць зьнявечаны горад-герой — сумнае месца ў плане турыстычнай атракцыі. Найлепшая экскурсія па Менску — экскурсія па горадзе, якога няма. Тут стаяў такі дом, там быў касцёл, тут ішла вуліца… Іначай давядзецца паказваць убогую халупу «Кемпінскага» і вечны агонь…

Я палюбіў сваё, калі пачаў вандраваць па Беларусі, калі аб’ехаў больш за 600 гарадоў, вёсак і мястэчак. Калі зразумеў, што прыгожым касьцёлам у Італіі я проста любуюся, а выгляд касьцёла ў Нясьвіжы прымушае маё сэрца калаціцца іначай, бо гэта — сваё.

Памятаю, як вадзіў аднаго паляка па Менску, падыйшлі да прысутных месцаў каля ратушы, чытаем шыльду: тут вучыліся Бенедыкт Дыбоўскі, Тамаш Зан, Станіслаў Манюшка… «То вшыстко нашы!» — радасна выгукае паляк. Ідзем далей, каля помніка забойцу Дзяржынскаму кажу: «Вось яшчэ адзін ваш, паляк». Мой паляк пачынае круціцца і кажа: «То наш вспульны!». Атрымліваецца, Манюшка — ваш, а Дзяржынскі вспульны?

І вы спытаеце: дык што, любіць гэтага падонка, калі ён наш?..

Не, скажу я вам, не любіце Дзяржынскага. Палюбіце Саладуху. Саладуха для мяне — зборны вобраз. Прыклад таго, што сваё можа быць сьмешным і недарэчным, але трэба любіць гэта.

Бо лепей вы будзеце любіць Саладуху, чым Стаса Міхайлава і Грыгорыя Лепса!

Любіць Элтана Джона — але не крывіць морду ад Саладухі. Захапляцца Саграда Фаміліа ў Барсэлоне — і паралельна ехаць глядзець найпрыгажэйшы касьцёл у Гервятах.

Абмяркоўваць новы твор Умбэрта Эка — але прачытаць пры гэтым усяго Валянціна Акудовіча.

Сваё — гэта як бацькі. Іншых бацькоў у нас ня будзе.

І не выпадае думаць, ці добрыя яны, ці так сабе, ці ў суседа лепшыя? Любіце сваё сэрцам. І ведайце сваё розумам.

Каментары39

Цяпер чытаюць

Гісторыя 12‑гадовай Веры ў мінскай інфекцыйнай бальніцы настолькі ўразіла беларусаў, што цяпер чарга з ахвотных дапамагчы

Гісторыя 12‑гадовай Веры ў мінскай інфекцыйнай бальніцы настолькі ўразіла беларусаў, што цяпер чарга з ахвотных дапамагчы

Усе навіны →
Усе навіны

«Ці паедзе кіроўца пры такіх умовах працаваць?» Што будзе з таксі і пасажырамі пасля абяцання не павышаць цэны7

Даляр апусціўся ніжэй за 2,8 рубля6

Як ідзе будаўніцтва падземнага перахода на Арлоўскай у Мінску2

Для вайны з Іранам Ізраіль стварыў сакрэтную базу ў Іраку2

МУС Германіі паведаміла пра выкарыстанне Расіяй арганізаваных злачынных груповак для здзяйснення забойстваў2

«Ён расійскі лабіст». Калас заявіла, што Шродэр не можа быць перамоўшчыкам ЕС з Расіяй4

Марына Золатава — ЗША, ЕС: Калі ласка, не спыняйцеся!9

У Польшчы рыхтуюць маштабныя змены ў атрыманні грамадзянства107

Адвакат патлумачыў, чым рызыкуюць пары без штампа ў пашпарце11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гісторыя 12‑гадовай Веры ў мінскай інфекцыйнай бальніцы настолькі ўразіла беларусаў, што цяпер чарга з ахвотных дапамагчы

Гісторыя 12‑гадовай Веры ў мінскай інфекцыйнай бальніцы настолькі ўразіла беларусаў, што цяпер чарга з ахвотных дапамагчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць