Саміт Мытнага саюза меў большае значэнне, чым паралельная сустрэча аморфнай СНД. Прэзідэнты сустракаліся ў раскошных інтэр'ерах новазбудаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі «Палац Незалежнасці» ў Мінску.

Саміт Мытнага саюза меў большае значэнне, чым паралельная сустрэча аморфнай СНД. Прэзідэнты сустракаліся ў раскошных інтэр'ерах новазбудаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі «Палац Незалежнасці» ў Мінску.

На паверхні заставаліся супярэчнасці па лініі «Расія — меншыя дзяржавы (Казахстан і Беларусь)». Аднак праявіліся і адрозныя геапалітычныя інтарэсы трох краін і розныя амбіцыі трох кіраўнікоў.

Казахстан зацікаўлены ў еўразійскім ухіле інтэграцыйнага аб'яднання. Прапанова Нурсултана Назарбаева далучыць да Мытнага саюза Турцыю характэрная ў гэтым сэнсе. Канструкцыя з удзелам вялікай цюркамоўнай краіны ператварыла б саюз з рэканструкцыі былога СССР у сітуацыйны альянс славянскіх і цюркскіх дзяржаў.

Беларусі трэба расійскія субсідыі, а ўсё астатняе пастолькі паколькі.

А Пуцін стараецца захаваць як мага больш краін у сферы ўплыву Расіі. Таму Масква гатова прыняць у Мытны саюз Арменію і нават слаба кіраваныя Кыргызстан і Таджыкістан. Беларусь жа і Казахстан гэтаму пярэчаць і гатовыя толькі на статус назіральнікаў для апошніх і доўгі працэс прыняцця першай.

У цэлым саміт Мытнага саюза меў большае значэнне, чым паралельная сустрэча аморфнай СНД.

Варта адзначыць, што мінскі саміт прайшоў у новазбудаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску, што носіць назву «Палац Незалежнасці».

Прапануем падборку асноўных паведамленняў з саміта.

Прэзідэнт Расіі публічна падкалоў Аляксандра Лукашэнку

Тэлеканал «Расія-24» адзначае, што для Аляксандра Лукашэнкі сённяшні саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД супаў з улазінамі. У толькі што збудаваным Палацы Незалежнасці ён прымаў гасцей упершыню. «Рэзідэнцыю будавалі ўдарнымі тэмпамі, прычым разам з беларусамі на будоўлі працавалі і рабочыя з сяброўскай Паўночнай Карэі. Напэўна, таму ў архітэктуры ўлоўліваецца азіяцкі акцэнт. Мікрафоны правяралі, наладжвалі да апошняга. Але апаратура ўсё ж такі схібіла», — паведамляе тэлеканал.

«Работает все! Здесь управляется, за стенкой», — растлумачыў Лукашэнка сваім калегам.

«В застенках все управляется у Александра Григорьевича», — тут жа пажартаваў Уладзімір Пуцін.

Лукашэнка зрабіў выгляд, што жарту не заўважыў, пішуць «Ізвестія».

Расія згодная на ліквідацыю выключэнняў у Мытным саюзе, але паступова і ў абмен на нешта

Расія згодная на паступовую ліквідацыю ўсіх выключэнняў з рэжыму гандлю Мытнага саюза, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі вечарам 24 кастрычніка ў Мінску паводле вынікаў пасяджэння Найвышэйшай еўразійскай эканамічнай рады. Ліквідацыя рэжыму выключэнняў найперш прывяло б да зніжэння цаны нафты для Беларусі — і фактычнага росту расійскіх энергетычных субсідый.

«Кіраўнікі дзяржаў «тройкі» дамовіліся рухацца да таго, каб поўнасцю ліквідаваць дзейныя выключэнні і абмежаванні з агульнага рэжыму Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта значыць, што будуць знятыя ўсе астатнія бар'еры на шляху свабоднага абмену таварамі, паслугамі, капіталам, тэхналогіямі і працоўнай сілай», — сказаў Пуцін. Прэс-канферэнцыя лідараў Беларусі, Казахстана і Расіі транслявалася ў жывым эфіры на тэлеканале «Мір».

Асобна Пуцін пракаментаваў нафтавыя выключэнні, заклапочанасць адносна якіх раней выказвалі яго беларускі і казахстанскі калегі: «Мы разумеем, што для нашых партнёраў важна пазбавіцца ад вось гэтых выключэнняў, звязаных з нафтапрадуктамі і нафтай і гэтак далей. Мы гатовы. Для нас гэта страты бюджэту, але мы гатовы гэта зрабіць. Разлічваем на тое, што і партнёры пойдуць нам насустрач, выдаляючы тыя выключэнні, якія для іх, як яны лічаць, важныя». Пры гэтым расійскі прэзідэнт зазначыў, што гэта запатрабуе пэўнага часу.

«Казахстанскія партнёры прапанавалі формулу — да такога вось часу ўзгоднім тэрміны і рух па кірунку такіх выключэнняў. Мы пагадзіліся, мы мяркуем, што гэта разумны прафесійны падыход», — сказаў Пуцін.

Прэзідэнт Расіі закрануў і іншыя пытанні супрацоўніцтва. «У нас ёсць агульнае разуменне, што саюз павінен праводзіць збалансаваную макраэканамічную і бюджэтную палітыку. Мы плануем таксама больш цесна каардынавацца ў пытаннях занятасці і развіцця інфраструктуры, уключаючы стварэнне еўразійскіх транспартных і энергетычных сетак», — сказаў Пуцін.

Расійскі лідар паведаміў, што кіраўнікі дзяржаў ухвалілі мадэльны закон аб развіцці канкурэнцыі, скіраваны на збліжэнне прававога рэгулявання ў сферы канкурэнтнай палітыкі Беларусі, Казахстана і Расіі.

Апрача таго, Пуцін прывітаў цікавасць іншых краін да еўразійскай інтэграцыі: «Мы падтрымалі намеры Арменіі і Кыргызстана далучыцца да нашага інтэграцыйнага праекта, дамовіліся аб стварэнні рабочай групы, якой пастаўлена задача ў самы кароткі тэрмін падрыхтаваць адпаведную дарожную карту».

Нагадаем, сёння прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў паскардзіўся на наяўнасць бар'ераў для руху тавараў унутры Мытнага саюза. «Захоўваюцца цяжкасці ў доступе казахстанскай прадукцыі на рынкі паміж намі, выкарыстоўваюцца нетарыфныя тэхнічныя бар'еры, завышаны санітарныя і фітасанітарныя патрабаванні, меры па сертыфікацыі і ліцэнзаванні», — сказаў ён.

21 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД заявіў, што спадзяецца на зняцце ўсіх выключэнняў і абмежаванняў з 1 студзеня 2014 года.

«Калі дамовіліся, дык давайце ствараць рэальную адзіную эканоміку і знімем гэтыя выключэнні. Скажам, захацелі казахі прапампоўваць нафту ў Беларусь па агульных трубах — аднолькавы доступ. Хоча Казахстан пастаўляць сваю прадукцыю ў Беларусь, Еўропу праз чыгуначныя дарогі Казахстана, Расіі, Беларусі — аднолькавыя ўмовы. А зараз у нас куча выключэнняў, вы гэта цудоўна разумееце», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

(Інф. БелаПАН; МБ)

Назарбаеў: Давайце прымем у Мытны саюз Турцыю і распусцім ЕўрАзЭС

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў у сваім выступе канстатаваў наяўнасць недахопаў у працы Еўразійскай эканамічнай камісіі. Таксама ён звярнуў увагу на неабходнасць ліквідацыі дзейных абмежаванняў у Мытным саюзе.

Але самай цікавай яго прапановай стала «падключэнне» да Мытнага саюза… Турцыі. Як вядома, гэтая краіна імкнецца ўступіць у Еўрасаюз.

«Прэзідэнт Турцыі звярнуўся да мяне з просьбай уступіць у наш Мытны саюз. Давайце і прымем Турцыю», — сказаў Назарбаеў.

За мяжой, сказаў Назарбаеў, да яго часта звяртаюцца з пытаннем аб тым, што «мы ствараем СССР ці нешта пад Расіяй».

«Можа, Турцыю прыняць, вялікая краіна, і размова скончыцца», — прапанаваў Назарбаеў прэзідэнтам Расіі і Беларусі.

Таксама прэзідэнт Казахстана прапанаваў распусціць Еўразійскую эканамічную супольнасць. Аднак прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заклікаў не спяшацца з ліквідацыяй ЕўрАзЭС. 

Інф. Еўрарадыё; РІАН

Не так селі

Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета памылкова сеў у крэсла, што прызначалася Уладзіміру Пуціну, паведамляе «Інтэрфакс».

«Не так селі», — пажартаваў Лукашэнка, паўтарыўшы знакамітае выказванне першага прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына.

Лукашэнка бачыць выгаду для сябе ў перадачы паўнамоцтваў на наднацыянальны ўзровень

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што не трэба баяцца перадачы дадатковых паўнамоцтваў у Мытным саюзе на наднацыянальны ўзровень. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады ў вузкім складзе.

«Суверэнітэт — не ікона. Усё мае сваю цану. І калі мы хочам жыць лепш, то трэба ад чаго-небудзь адступіцца, чымсьці ахвяраваць. Галоўнае — гэта дабрабыт людзей», — мяркуе ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?