Меркаванні

Невыязная мадэль

Лукашэнкаўцы, апазыцыя і мяккія санкцыі Эўразьвязу – тэма рэфлексіі Віталя Тараса.

Рэакцыю Эўразьвязу на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі нечаканай не назавеш. Яшчэ задоўга да выбараў у шэрагах апазыцыі абмяркоўваўся ня столькі характар санкцыяў Захаду стасоўна цяперашняга рэжыму, колькі пэрсанальны сьпіс чыноўнікаў, якім абавязкова забароняць уезд у краіны ЭЗ. Аб’яднаная апазыцыя настойвала на пашырэньні гэтага сьпісу за кошт чыноўнікаў розных рангаў, чальцоў выбарчых камісіяў, міліцэйскага начальства і судзьдзяў, што спрычыніліся да рэпрэсіяў, а таксама журналістаў дзяржаўных СМІ і артыстаў, што ўдзельнічалі ў прапагандысцкай кампаніі «За Беларусь!».

Бюракратыяй па дыктатуры

ЭЗ абмежаваўся сьпісам з трыццаці аднаго прозьвішча – як пра тое было заяўлена яшчэ некалькі тыдняў таму. Было б няправільна вінаваціць чыноўнікаў Эўразьвязу ў абыякавым стаўленьні да Беларусі. Міністар замежных справаў ЭЗ, аўстрыйка Урсула Пласьнік, была шчырая ў сваім выказваньні аб тым, што Беларусь цяпер у ейным сэрцы. Кожны ці амаль кожны міжнародны чыноўнік у Эўропе, сутыкаючыся з рэальнымі фактамі жыцьця ў сёньняшняй Беларусі, выказвае, хаця б навонкі, падтрымку дзеяньняў апазыцыі ў яе памкненьні да дэмакратыі. Але ж выпраўленьне палітычнай сытуацыі ў Беларусі, зусім відавочна, не належала й не належыць да замежнапалітычных прыярытэтаў Эўразьвязу. Сытуацыя на Блізкім Усходзе сёньня значна болей хвалюе эўрапейскія краіны, чым становішча блізкага суседа. Бо, на думку большасьці эўрапейскіх палітыкаў, з Блізкага Ўсходу зыходзіць пагроза тэрарызму ў Эўропе. А з боку Расеі, чыім найбліжэйшым хаўрусьнікам фармальна выступае Беларусь, такой пагрозы няма.

Наколькі правільны такі падыход і ці ўсе сябры Эўразьвязу яго падзяляюць – іншая размова, далёкая ад тэмы гэтага артыкулу.

Я згодны на мэдаль

Абвяшчэньне ЭЗ згаданых санкцыяў – толькі адзін бок мэдаля. Дакладней было б гаварыць пра цэлы трыццаць адзін мэдаль, паводле колькасьці ўлучаных у сьпіс «неўязных» чыноўнікаў. Калі падумаць, кожны з гэтых чыноўнікаў, сапраўды, заслужыў на мэдаль ці нават ордэн з рук свайго вышэйшага кіраўніка за адданасьць рэжыму. Можна ўявіць сабе сытуацыю, калі за ўлучэньне ў падобныя сьпісы стануць у будучыні заахвочваць дзяржаўнымі ўзнагародамі. А тых, хто ня трапіў у іх, напрыклад, кіраўнікоў некаторых дзяржаўных СМІ, можна будзе прынагодна спытаць: а чаму ты, нягоднік, дагэтуль выязны? Чаму цябе яшчэ не залічылі ў «ворагі дэмакратыі»?

Калі сур’ёзна, дык санкцыі з боку Эўразьвязу ня могуць прынесьці вялікіх прыкрасьцяў высокапастаўленым чыноўнікам: яны заўсёды могуць паехаць адпачываць куды-небудзь на курорты Тайлянду, Эгіпту ці ў Ізраіль. А вось крытэрам набліжанасьці да вяршыняў улады такія сьпісы аб’ектыўна могуць стаць. Іншымі словамі, няма ў беларускіх чыноўнікаў памкненьня пашыраць сувязі з эўрапейскімі палітыкамі, а вось жаданьне дагаджаць патрону ў іх ёсьць. Бо ад гэтага залежыць іх матэрыяльнае становішча, бясьпека й будучыня дзяцей, а зусім не ад ступені разьвіцця стасункаў паміж Беларусьсю і Эўропай, а тым болей не ад узроўню дэмакратыі ў роднай краіне.

Хто праплыве міма?

Так што маральна-псыхалягічны эфэкт ад пашырэньня санкцыяў магла атрымаць толькі апазыцыя. На яе гэтыя санкцыі й разьлічаныя. І цяпер выстаўляць нейкія прэтэнзіі да ЭЗ – маўляў, абмежаваньні недастаткова строгія, а сьпіс няпоўны – недарэчна. Па-першае, лідэры аб’яднанай апазыцыі не аднойчы публічна выступалі супраць эканамічных санкцыяў, бо яны могуць пашкодзіць насельніцтву. Пасьля гэтага трохі непасьлядоўна гучалі просьбы апазыцыі пра далучэньне да сьпісу «неўязных» шараговых сяброў участковых выбарчых камісіяў, бо яны таксама нясуць адказнасьць за фальшаваньне вынікаў выбараў. А самі выбарцы – тыя, хто галасаваў «за Беларусь», – ніякай адказнасьці за свой выбар, за палітыку, якую яны падтрымалі, не нясуць? Дзе тая грань, якая аддзяляе шараговага мясцовага чыноўніка ад «простага грамадзяніна»? А шараговыя міліцыянты – тыя, хто зьбіваў дэманстрантаў, – ці яны таксама не павінны несьці адказнасьць за свае ўчынкі? Ці яны не такія самыя грамадзяне Беларусі, як і дэманстранты, іхныя суайчыньнікі?

Калі працягнуць думку, дык выйдзе, што трэба альбо запісваць у «неўязныя» большую частку беларускага насельніцтва, альбо адмаўляцца ад санкцыяў наагул. Бо пры любых санкцыях Беларусі як дзяржаве наносіцца пэўная маральная альбо й фінансавая шкода. А значыць, апазыцыя займаецца ня толькі дыскрэдытацыяй дзяржавы, але й прычыняе ёй канкрэтную шкоду.

Каб разарваць гэтае заганнае кола развагаў, трэба зразумець простую рэч. Апазыцыя не павінна мець за самамэту санкцыі з боку іншых дзяржаваў. Яны прымаюцца постфактум і ёсьць толькі вынікам, рэакцыяй, але не прычынай падзеяў, якія адбываюцца паводле ўнутраных законаў. Няможна наступствы ставіць паперадзе прычынаў. Калі ў барацьбе з рэжымам разьлічваць на тое, што ён самахоць зьнікне ў выніку вонкавага ўзьдзеяньня, дык найлепшая пазыцыя – гэта пазыцыя малпы, якая сядзіць ля ракі ў чаканьні, пакуль міма праплыве труп ворага. Гэта па-свойму зручная пазыцыя. Але ніякага дачыненьня да змаганьня за зьмену існага становішча яна ня мае.

На фота: Некаторыя актывісты апазыцыі прапаноўвалі, каб удзельніцу наступнага «Эўрабачаньня» Паліну Смолаву таксама ўключылі ў сьпіс неўязных у Эўропу.

Фота Юліі Дарашкевіч

Каментары

Цяпер чытаюць

Рыта Дакота ўпершыню распавяла, за што беларускія сілавікі схапілі яе маці ў 2022 годзе9

Рыта Дакота ўпершыню распавяла, за што беларускія сілавікі схапілі яе маці ў 2022 годзе

Усе навіны →
Усе навіны

Севярынец: Варта зразумець адну простую рэч — ёсць час змагароў і ёсць час майстроў12

«З пяці варыянтаў тры кватэры здаваліся толькі грамадзянам Беларусі». Расіяне пераехалі ў Гомель пасля атакі УСУ на Бранск — што іх дзівіць?36

Дзе-нідзе ў Беларусі выпаў град ФОТАФАКТ

Як вайна Трампа з Іранам наблізіла канец нафты і газу і адкрыла дарогу электрычнасці22

Агракамбінат «Дзяржынскі» паглынуў Слуцкі мясакамбінат

У Крупках прадаюць з аўкцыёну цэлы вайсковы гарадок

Што за графітавыя бомбы, якімі ўкраінцы ўдарылі па «ДНР»5

Адзін з асуджаных за тэракт у «Крокусе» скончыў жыццё самагубствам1

У Беларусі распрацавалі калькулятар хуткасці старэння2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рыта Дакота ўпершыню распавяла, за што беларускія сілавікі схапілі яе маці ў 2022 годзе9

Рыта Дакота ўпершыню распавяла, за што беларускія сілавікі схапілі яе маці ў 2022 годзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць