Меркаванні

Пачатак рэвалюцыі духу

Няўдачу беларускага Майдану запраграмавалі ня дзеяньні апазыцыі, а адсутнасьць рэвалюцыйнай сытуацыі. Але скатаць вялікі камяк сьнегу немагчыма без таго, каб першапачаткова не зьляпіць невялічкую сьнежку… Аналізуе Віталь Сіліцкі.

Няўдачу беларускага Майдану запраграмавалі ня дзеяньні апазыцыі, а

адсутнасьць рэвалюцыйнай сытуацыі. Але скатаць вялікі камяк сьнегу немагчыма без таго, каб першапачаткова не зьляпіць невялічкую сьнежку… Аналізуе Віталь Сіліцкі.

Усё пазнаецца ў параўнаньні. 7 верасьня 2004 году, калі Лукашэнка ў жывым этэры абвясьціў пра чарговы рэфэрэндум, у натоўпе, што стаяў на Кастрычніцкай плошчы, раздаўся толькі адзін крык супраць. 19 сакавіка 2006 году плошча была перапоўнена людзьмі, а ў паветры панавала шматгалосьсе. Палітычнай рэвалюцыі не адбылося. Але пачатак рэвалюцыі духу відавочны.

Гэтаму пачатку папярэднічаў ня менш уражвальны шэраг падзеяў падчас прэзыдэнцкай кампаніі, якую большасьць назіральнікаў, у тым ліку і аўтар, разглядалі хіба як адміністрацыйную працэдуру пацьвярджэньня паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. У рамках гэтай працэдуры апазыцыя, здавалася б, была цалкам асуджана. Ёй трэба было прыкладаць звышвысілкі, каб дамагчыся мінівынікаў, плён ад якіх быў вельмі сумнеўны ў той час, калі аўтарытарная ўлада была цалкам здольная ліквідаваць наступствы любых дзеяньняў сваіх апанэнтаў. Аксіёмай нашага мысьленьня напярэдадні выбараў 19 сакавіка было тое, што рэвалюцыя ў Беларусі пакуль што немагчымая праз адсутнасьць цэлага шэрагу чыньнікаў: гатоўнасьці большасьці грамадзтва да пераменаў, мяккасьці аўтарытарнай улады, вольных мэдыяў і гэтак далей. Удалося хіба што аб’яднаць апазыцыю (нават ня ўлічваючы Казуліна – ані Юшчанка, ані Саакашвілі не былі тэхнічна адзінымі кандыдатамі).

У чым памыляліся аналітыкі

Аднак аналітыкі, напэўна, не ўлічылі трох фактараў. Па-першае – колькасьці прыхільнікаў пераменаў і свабоды, гатовых рабіць, здавалася б, безнадзейную справу, калі не для выніку, то для гонару. Па-другое – нечаканай моцы альтэрнатыўных кандыдатаў, як Мілінкевіча, так і Казуліна. Па-трэцяе – таго, што рэпрэсіўнасьць уладаў дасягне такога ўзроўню, што стане, як гэта ні парадаксальна, пэўным мабілізоўным фактарам. Галоўным дасягненьнем апазыцыйных сілаў можна лічыць ужо тое, што вынікі падзеяў сакавіка 2006 г. – незалежна ад канчатковай разьвязкі супрацьстаяньня – сталі ўжо здабыткам беларускай гісторыі і аб’ектам увагі ўсяго сьвету. Болей празаічна – сцэнар чарговай «элегантнай перамогі» аказаўся сарваны.

Да пералому далёка

Дзясяткі тысяч, што выйшлі на Кастрычніцкі пляц (ці, як яго ўжо многія для сябе перайменавалі, Пляц Каліноўскага), канечне ж не рэпрэзэнтатыўныя для ўсяго беларускага грамадзтва. Лічба пратэстоўцаў у самы пік вулічнага супраціву не перавышала колькасьці самых значных пратэстаў у сярэдзіне 1990-х г. Да пералому

ў грамадзтве ў цэлым на карысьць ідэяў свабоды і пераменаў яшчэ далёка. Сацыяльны балянс пакуль на карысьць Лукашэнкі, і кампанія яго наўрад ці зьмяніла. Дый лічба пратэстоўцаў, па словах кіраўніка штабу Мілінкевіча Сяргея Калякіна, у дзесяць (ну, можа, у пяць. – В.С.) разоў менш за тую, што была б патрэбная, каб улада лічылася з пратэстам. Але гэтая ж лічба разоў у дзесяць большая за тую, якую прадказвала большасьць аналітыкаў перад падзеяй, прычым ня толькі пэсымістаў – асабліва пасьля таго, як патэнцыйным удзельнікам пратэсту прыгразілі сьмяротным пакараньнем. У 1996 г. нас мабілізаваў страх страціць незалежнасьць. У 2006 г. нас яднае прага свабоды і годнасьці.

За нацыянальныя сьвятыні

Тое, што гэта магчыма, што менавіта свабода, а ня нейкія сацыяльныя пытаньні стануць мабілізоўным чыньнікам у супрацьстаяньні рэжыму Лукашэнкі, таксама многімі ставілася пад сумнеў. Як высьветлілася, дарма. Больш за тое, уражвае тая роля, якую адыгралі падчас пратэстаў нацыянальныя сымбалі, пачуцьці, сьвятыні. Бел-чырвона-белыя сьцягі, Звон і «Песьні Свабоды», партрэт Каліноўскага надалі грамадзянскаму чыну пэўны дух, якога былі цалкам пазбаўлены шматлікія спробы вывесьці людзей на вуліцы пад лёзунгамі «лепшага жыцьця» і г. д. Так, можа, нацыянальная афарбоўка і сама ідэалёгія свабоды багата каго і адштурхоўвае, паглыбляе падзел у грамадзтве. Аднак прыхільнікам «чыстай» дэмакратыі за дзесяцігодзьдзе барацьбы з аўтарытарызмам так і не ўдалося стварыць мабілізоўнай альтэрнатывы, што бачылі і цягам Менскай вясны, і падчас пахаваньня Васіля Быкава, і цяпер.

Камяк і сьнежка

Дарэчы, менавіта нацыянальная арыентацыя галоўнага апанэнта Лукашэнкі на гэтых выбарах і выклікала першапачаткова шквал незадавальненьня з боку часткі апазыцыйных колаў. Аднак крытыкі і кандыдата, і стратэгіі апазыцыі пэўна не ўлічылі тых задачаў, якія насамрэч стаялі падчас гэтай кампаніі. Адпачатку было зразумела, што гуляць на выйгрыш было немагчыма і бессэнсоўна. Апазыцыя была адсечаная ад большасьці грамадзтва, спробы весьці ардынарную выбарчую кампанію, абапіраючыся на тыя пытаньні, што маглі б «прыцягнуць электарат», былі бессэнсоўныя яшчэ і таму, што такія высілкі ў гэтых умовах мелі б мінімальны мабілізоўны эфэкт: пытаньні чаркі, скваркі і стабільнасьці прыносілі ў сёньняшнім сацыяльна-палітычным кантэксьце ачкі толькі Лукашэнку. Апазыцыйныя кандыдаты рабілі ўсё не па правілах, вялі сябе ня так, як вядуць палітыкі, што дамагаюцца выйграць выбары. Яны зрабілі акцэнт на нэгатыўную агітацыю (перш за ўсё Казулін), прапагандавалі нацыянальныя каштоўнасьці (нават Казулін!), казалі пра свабоду, калі большасьць, здавалася б, гатовая была прамяняць свабоду на стабільнасьць. Трэба ўлічваць, аднак, што скатаць вялікі камяк сьнегу немагчыма без таго, каб першапачаткова не зьляпіць невялічкую сьнежку. Іншымі словамі, кансалідацыя ядра і пашырэньне базы грунтуюцца на розных, супрацьлеглых лёгіках. На жаль, у гэтай кампаніі апазыцыя проста мусіла пачынаць многае спачатку. І ў нечым яна была асуджана на самаабмежаваньне ў электаральным пляне.

Застаецца пратрымацца

Кпіць з нагоды неэфэктыўнасьці дзеяньняў апазыцыі на вуліцах пачынаюць, па звычцы, тыя, хто загадзя схаваўся ў бульбу. Дзеяньні сапраўды не заўжды лягічныя, але інтэрнэт-заградатрадчык Фядута лепш бы памаўчаў са сваіх кіеўскіх кустоў. Зазначым, аднак, што няўдачу беларускага Майдану запраграмавалі ня дзеяньні апазыцыі, а адсутнасьць у гэтым кантэксьце рэвалюцыйнай сытуацыі. Рэвалюцыя пачынаецца з супрацьстаяньня легітымнасьцяў (гэта значыць, калі ня проста адмаўляецца легітымнасьць сёньняшняга лідэра, а адстойваецца легітымнасьць прэтэнзій на ўладу лідэра заўтрашняга). Прэтэнзіяў на ўладу Мілінкевіч (а тут я кажу толькі аб Мілінкевічу – Казулін урэшце пляц пакінуў) ня выставіў. На тое, канечне, былі аб’ектыўныя чыньнікі – але калі пытаньне аб уладзе не паўстала, то і пратэст быццам бы падвісае – ісьці наперад няма куды, а адступаць гонар не дазваляе. Застаецца пратрымацца як мага далей, каб гэтая годнасьць мела шанец на працягу будучых, больш пасьпяховых змаганьняў...

Поўны тэкст гэтага аналізу чытайце ў 4-м нумары часопісу «ARCHE», што акурат гэтымі днямі зьявіўся ў продажы.

Фота Юліі Дарашкевіч

Каментары

Цяпер чытаюць

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая104

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Усе навіны →
Усе навіны

У Полацку знеслі дарэвалюцыйны дом святара, які быў пад аховай на паперы

Украінскі вайсковец, які трапіў у палон і быў прызнаны мёртвым, прыйшоў на ўласную магілу ФОТАФАКТ

Лукашэнка расказаў, што амерыканцы думаюць над купляй Нежынскага рудніка калійных соляў8

Лукашэнка заявіў, што Трамп яго запрасіў у Фларыду7

У Купянску знішчылі ўсю групу расіян, якая некалькі месяцаў сядзела ў разбомбленай бальніцы. Не выйшаў ніхто4

«Сапраўдныя бандзюганы». Лукашэнка расказаў пра аперацыю па затрыманні кантрабандыстаў на мяжы8

Палітвязняў пачалі масава выпускаць з калоній і з хімій6

Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць вярнуць захопленыя літоўскія фуры7

Лукашэнка пра «вялікую здзелку» з ЗША: Гэта не толькі палітвязні20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая104

«Яна даўнавата ў Беларусі». Бацька Анжалікі Мельнікавай прызнаўся, што яна жывая і здаровая

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць