«Любая лепш, чым ніякай!» Інфекцыяніст Мікіта Салавей падрабязна расказаў пра вакцыны. Сабралі галоўнае
Вядомы доктар Мікіта Салавей, былы галоўны інфекцыяніст Мінска, апублікаваў вялікае відэа з разборам пытанняў пра вакцынацыю супраць каранавіруса. «Наша Ніва» сабрала асноўныя моманты.
«У Беларусі назіраецца вельмі складаная сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй, гэта бачна нават па афіцыйных дадзеных. Паступова растуць лятальныя вынікі, прычым не толькі сярод тых, хто ўваходзіць у групу рызыкі, але і сярод асоб маладога ўзросту і тых, хто не мае паталогій.
У свеце працягвае распаўсюджвацца штам «Дэльта». Ён перадаецца значна хутчэй. Раней мы лічылі, што хворы на каранавірус можа інфіцыраваць 2-3 іншых, то цяпер паказчык дасягае 6 чалавек.
«Дэльта» мае цяжэйшае цячэнне хваробы і больш горшыя вынікі. Шпіталізацыя захварэлых патрабуецца ў 2 разы часцей. Часцей і цяжэй хварэюць дзеці і моладзь.
А калі перахварэў, колькі будзе імунітэт?
У тых, хто ўжо перахварэў, колькасць антыцелаў паступова зніжаецца, але іх дастаткова, каб абараняць чалавека на працягу 3-4 месяцаў (па некаторых дадзеных — на працягу 6-8 месяцаў). Маецца на ўвазе абарона ад паўторнага заражэння.
У выпадку вакцынацыі, абарона будзе яшчэ больш працяглай.
Чаму трэба вакцынавацца?
Галоўныя прычыны дзве: панізіць верагоднасць развіцця каранавіруснай інфекцыі і яе доўгатэрміновых наступстваў і прадухіліць (ці хаця б знізіць) развіццё цяжкіх форм інфекцыі, інвалідызацыі і смерці. [Прасцей кажучы, вакцына патрэбная, каб хворыя на «карону» не траплялі ў рэанімацыі і не паміралі ад кавіду ці выкліканых ім ускладненняў — НН].
Дадзеныя па шпіталізацыі паказваюць, што вакцынацыя працуе. Прыклад з амерыканскага штата Небраска: 95% шпіталізаваных з кавідам не былі вакцынаваныя.
Часта кажуць пра Ізраіль: што там не спрацавала вакцынацыя і рэвакцынацыя. Так, людзі там працягваюць хварэць. Але калі параўнаць колькасць цяжкіх выпадкаў сярод вакцынаваных і невакцынаваных пацыентаў, то бачна, што вакцына зніжае верагоднасць цяжкай хваробы ў дзясяткі разоў.
Але ж ёсць розныя ўскладненні?
Трамбозы і міакардыты назіраюцца пасля вакцыны «АстраЗенэка», якую ў Беларусі не прымяняюць. «Спутнік» ці кітайская «VeroCell», якія прапануюцца ў беларускіх паліклініках, такіх поствакцынальных наступстваў не маюць.
Ніякая вакцына не выклікае захворванне на каранавірус! Вакцынаваны чалавек не можа заразіць кавідам іншых — калі хвароба пачалася адразу пасля вакцынацыі, значыць чалавек кантактаваў з хваробай альбо перад вакцынацыяй, альбо ў першыя дні пасля яе, калі яшчэ не выпрацаваўся ўзровень антыцелаў.
Якая вакцына лепш?
Любая лепш, чым ніякай! Спутнік (Гам-КОВІД-Вак) больш эфектыўны, чым кітайская вакцына. Але абедзве вакцыны абараняюць ад цяжкіх форм каранавіруса!
Каму трэба вакцынавацца?
У ідэале — усім дарослым, каб стварыць калектыўны імунітэт. Але прыярытэтна трэба вакцынавацца: медыкам, педагогам, работнікам гандлю і ўсім іншым, то пастаянна кантактуе з людзьмі; асобам старэйшым за 55 гадоў; асобам з падвышанай масай цела; асобам з хранічнымі захворваннямі, асабліва з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, дыябетыкам, хваробамі нырак, пячонкі, хворым на анкалогію. Гэтым групам людзей нельга сумнявацца ні хвіліны ў патрэбнасці вакцынацыі.
Чаму абавязкова трэба вакцынавацца людзям з хранічнымі хваробамі? Бо «карона» павялічвае небяспеку і развіццё гэтых хвароб.
Чаму абавязкова трэба вакцынавацца ўсім астатнім таксама? Бо заўсёды існуе рызыка развіцця доўгіх наступстваў пасля «кароны», так званага «Long Covid» — у такіх выпадках праблемы са здароўем могуць захоўвацца цягам 12 месяцаў ці нават даўжэй.
Таксама не забывайцеся — нават калі вы ўпэўненыя ў сваім здароўі, то можаце перанесці каранавірус бессімптомна, такім чынам заражаючы блізкіх, якія могуць перанесці хваробу цяжка альбо нават загінуць ад яе. Вакцына абараняе ад хваробы не толькі вас, але і тых, хто побач!
Каму вакцынавацца нельга?
Тым, хто мае алергію на кампаненты вакцыны, тым, хто меў цяжкія алергічныя рэакцыі ў анамнезе. Тым, у каго абвастрыліся захворванні (але тут трэба пачакаць паляпшэння і абавязкова вакцынавацца пасля). Таксама пакуль што не рэкамендуецца вакцынавацца «Спутнікам»цяжарным і тым, хто корміць грудзямі, але кітайская вакцына «VeroCell» не забараняе выкарыстоўванне цяжарнымі. Пакуль што не вакцынуюць і маладзейшых за 18 гадоў, на гэтую тэму яшчэ вядуцца даследаванні.
Важна: не зафіксавана ніводнага выпадку смерцяў ад вакцыны «Спутнік V», таксама ніводнага выпадку міакардытаў ці трамбозаў!
Ці трэба вакцынавацца тым, хто перахварэў?
Так! Бо тады антыцелаў будзе больш, яны даўжэй захоўваюцца, імунны адказ на вірус будзе больш выражаны. Акрамя таго, перахварэлы і вакцынаваны чалавек атрымлівае так званы гібрыдны імунітэт — больш моцны.
Таксама вельмі важны момант: даследаванні паказваюць, што да 36% пацыентаў, перахварэлых на «карону», могуць не мець антыцелаў увогуле. Асабліва гэта тычыцца тых, хто перахварэў лёгка.
Калі можна вакцынавацца тым, хто перахварэў на «карону»?
Можна хоць адразу пасля выздараўлення. Але ў першыя 3-6 месяцаў рызыка зноў захварэць даволі нізкая, таму можна вакцынавацца і пасля гэтага тэрміну.
Ці трэба рэвакцынавацца?
Пытанне вывучаецца. Але вядома, што найхутчэй за ўсё, трэба медыкам і тым, у каго кепска сфарміраваўся імунітэт пасля першай вакцынацыі.
Вакцынацыя — адзіны спосаб чалавецтву перамагчы пандэмію!»
Таксама доктар Салавей паказаў свае вынікі праз 6 месяцаў пасля вакцынацыі. Узровень антыцелаў у яго арганізме амаль у 100 разоў большы за мінімальна патрэбны (957 супраць 10).
Каментары