Грамадства

«Я не жадаю ім смерці. Мусіць быць справядлівы суд, толькі так». Брат Вітольда Ашурка расказаў, чаму з’ехаў з Беларусі і чаго чакае ад будучыні

Пакінуў Беларусь Андрэй, родны брат Вітольда Ашурка, які загінуў у маі ў шклоўскай калоніі. Прычыны свайго рашэння ён растлумачыў «Нашай Ніве».

«Я і не думаў нікуды з’язджаць. Але паступіла інфармацыя ад людзей, якім нельга не давяраць. Паведамілі, што распачатая крымінальная справа за хуліганства па той гісторыі, калі на абвяшчэнні прысуду майму брату людзі пачалі крычаць «Ганьба!», «Верым! Можам! Пераможам!», — кажа Андрэй Ашурак. — І нам сказалі, што выйшаў загад усіх, хто раней праходзіў як сведка па гэтай справе, у тым ліку і мяне, проста пасадзіць. 

І што было рабіць? Правяраць на сабе, ці пацвердзіцца гэта, мы не рызыкнулі, бо пасля варыянтаў ужо не будзе. Таму разам з сябрам мы вырашылі з’язджаць. 

Цяпер міліцыя да мяне яшчэ не прыходзіла. Але прыходзілі да ўсіх лідскіх, якія былі сведакамі па гэтай справе, ва ўсіх прайшлі вобшукі, людзі сталі невыязнымі, далі падпіскі аб неразгалошванні. Можна было б пачакаць, ці прыйдуць… Але пасля было б ужо позна».

Ашурак жанаты, мае дваіх дарослых сыноў: 21 і 25 гадоў. Таксама старую маці. Яны засталіся ў Беларусі.

«Мы параіліся з жонкай, з сынамі. Яны сказалі, каб я з’язджаў. Жонка сказала, што застаецца даглядаць маю маці, якую нельга пакінуць адну. А малодшы сын сказаў: «Я маму не кіну! Гэта мужчынскі ўчынак».

«Маці, канечне, цяжка. Але яна сама мне сказала: «Едзь!»

З Беларусі Андрэй Ашурак выехаў легальна разам з сябрам. Сёння яны знаходзяцца ў Польшчы.

«Мы з сябрам самі здзівіліся, што спакойна праехалі праз мяжу, — расказвае мужчына. — Не тое, каб было страшна… Але пэўная насцярожанасць была. Мы ў выніку вырашылі: што будзе, тое і будзе. Маці, канечне, цяжка. Але яна сама мне сказала: «Едзь!» Увогуле, трымаецца малайцом, хоць і перажывае. Ну і з ёй будзе мая жонка, трохі лягчэй так.

Сам я, безумоўна, планую вярнуцца ў Беларусь, і хачу вярнуцца. І я не думаю, што гэта будзе магчыма праз дзесяць гадоў — гэта будзе значна раней. Калі? Цяжка сказаць. Але тое, што адбываецца ў нашай дзяржаве, не можа цягнуцца доўга.

«На жаль, за апошнія паўтара года мы адвыклі ад бяспекі. Таму я адчуваю сябе нязвыкла, — прызнаецца Андрэй Ашурак. —Аказваецца, паліцыі няма да цябе ніякай справы. Не трэба азірацца, хвалявацца: што за машына пад’ехала? Пакуль гэта ўсё нязвыкла».

Але ёсць і цяжкія моманты, прызнаецца мужчына. Галоўны — што сям’я засталася дома.

«Усе твае думкі ўсё роўна з роднымі людзьмі, — тлумачыць ён. — Канечне, я баюся, што магу больш ніколі не ўбачыць матулю. Ёй 83 гады — гэта ўзрост. Дадаць сюды перажыванні за нас усіх, жалобу па Вітольдзе… Канечне, я баюся».

«Я не жадаю ім смерці. Мусіць быць справядлівы суд, толькі так»

Цяпер Андрэй будзе шукаць працу. Па прафесіі ён, як прызнаецца сам, «будаўнік, і не самы дрэнны».

«Хутчэй за ўсё, гэтым і буду зарабляць на жыццё. Гэта тое, што атрымліваецца ў мяне лепш за ўсё», — адзначае ён.

Праз паўгода пасля смерці брата Андрэй Ашурак успрымае гэта так:

«Праблем са здароўем у Вітольда не было. Таму, ці выпадковасць яго смерць? На маю думку, зусім не. Гэта жорсткія ўмовы ўтрымання, выжыць у якіх немагчыма. Таксама неаказанне дапамогі. Усё гэта і прывяло да смерці брата.

Персанальна адказны за ўсё толькі адзін чалавек. І ўсе мы гэтага чалавека ведаем. Але і па гэтай справе прыйдзе час — і назавуць прозвішчы катаў, якія гэта здзейснілі. Я веру, што іх пакараюць. Вера рушыць сцены. Так і тут, веру, што пакараны будзе кожны. 

Але я не жадаю ім смерці. Мусіць быць справядлівы суд, толькі так. Пакаранне выключна ў межах закона, каб пазбегнуць таго тэрору, які існуе ў Беларусі цяпер. У будучым усё абавязкова павінна быць у межах закона».

Каментары

Цяпер чытаюць

Джон Коўл прыедзе ў Беларусь 15 верасня. Лукашэнка, аднак папярэдзіў: «вялікай здзелкі» не будзе12

Джон Коўл прыедзе ў Беларусь 15 верасня. Лукашэнка, аднак папярэдзіў: «вялікай здзелкі» не будзе

Усе навіны →
Усе навіны

Што за будынак з'явіўся за гандлёвым цэнтрам «Мома» ў Мінску?

Як у беларускіх школах абшукваюць дзяцей ВІДЭА27

20‑гадовы беларус ажаніўся з 41‑гадовай жанчынай дзеля адтэрміноўкі ад арміі. Але план не спрацаваў1

«Нахабна трацяць мільярды». Лукашэнка выступіў з новымі нападкамі на суседнія краіны14

Жонка прапагандыста Тура тэрмінова шукае рэпетытара па матэматыцы для дачкі28

Ліса пакусала мужчыну і сабак ва Уздзенскім раёне1

За палітыку асудзілі маладую намесніцу дырэктара школы з Беняконяў10

На медычным кангрэсе ва Уроцлаве арганізатары знялі лукашэнкаўскі сцяг пасля пратэстаў беларусаў2

Жыллё не нашмат таннейшае за польскае — але больш прасторнае і з дыванамі. ІТ-спецыялістка хваліць Таджыкістан2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Джон Коўл прыедзе ў Беларусь 15 верасня. Лукашэнка, аднак папярэдзіў: «вялікай здзелкі» не будзе12

Джон Коўл прыедзе ў Беларусь 15 верасня. Лукашэнка, аднак папярэдзіў: «вялікай здзелкі» не будзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць