«Шукаць падпоркі для сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці ў нетрах Сярэднявечча — справа няўдзячная». Ці трэба нам эксклюзіўнае права на ВКЛ?
Інтэлектуальныя колы «кілбасіць ды плюшчыць» ад таго, што нядаўна Лукашэнка назваў ВКЛ беларускай дзяржавай. Выйшаў поўны разрыў шаблону: лідар, якога многія яго апаненты спрабавалі ўпісаць у савецкую парадыгму мыслення, раптам пачаў паўтараць нацыяналістычныя (у нейтральным, а не прапагандысцкім сэнсе слова) наратывы ўзору пачатку 90-х. Многія варажылі: што з гэтага выйдзе. Як паказвае час, нічога асаблівага. Але некаторыя высновы ўсё ж зрабіць можна, лічыць калумніст «СН-плюс» Ян Бертановіч.
Гаваркія галовы ў здзіўленні
Заява пра ВКЛ тым больш дзіўная, калі ўлічыць, што ролю інтэлектуальнай падпоркі для цяперашняй улады ў апошнія гады (а дакладней, са жніўня 2020-га) гуляюць сучасныя заходнерусісты (разам з прымкнуўшым да іх Марзалюком).
Плынь гэтая, мякка скажам, не новая, але вось мэйнстрымам яна ніколі не з'яўлялася, а ўжо ў апошнія дзесяцігоддзі і пагатоў. Дыскусіі з удзелам Дзерманта або Пятроўскага прыцягвалі вельмі мала ўвагі зацікаўленай публікі (калі не верыце — зайдзіце на іх старонкі ў фэйсбуку і пераканайцеся). З імі даўно нават і не спрачаўся ніхто — проста ігнаравалі. І нават тое, што яны сталі вяшчаць з кожнага праса, сітуацыю ніяк не змяніла.
Ну не хочуць думаючыя беларусы быць часткай «вялікага рускага свету» — хоць вы іх застрэльце!
Іншая справа, што выказваныя гэтымі шаноўнымі спадарамі ідэі чамусьці ўспрымаліся як уладны мэйнстрым — нездарма ж іх паказваюць па тэлевізары. Камусьці нават здавалася, быццам гэта нешта падобна да ідэалогіі. Хоць у яе адсутнасці ў цяперашняй улады можа сумнявацца толькі Пазняк.
Ідэалогія цяперашняй персаналісцкай аўтакратыі — не савецкая, не прарасійская і не ліцвінская (у чым яе да гэтага па дурасці абвінавачваюць крытыкі з розных лагераў). Яна сканцэнтраваная выключна на ўтрыманні самой улады.
Усё астатняе — гэта інструментарый. Які можа мяняцца з тым жа спрытам, як дасведчаны майстар мяняе малаток на абцугі.
Вось і саюз з заходнерусістамі з'яўляецца выключна тактычным — гэта значыць, часовым. Адным патрэбныя трыбуна і адміністрацыйны рэсурс, а другім (ці, дакладней, другому) — нейкая бачнасць падтрымкі з боку інтэлектуальнай супольнасці. А дакладней — галовы экспертаў, якія гавораць з тэлевізара. Яму не так і важна, у якім лагеры гэтыя галовы знойдуцца.
Адклаўшы свае ўтапічныя еўразійскія ідэі, эксперты ахвотна кінуліся агучваць уладны парадак дня. І выдатна ўпісаліся ў мазаіку прапагандысцкіх тэлесюжэтаў. Як і ўсе з таго лагера, яны зусім не задумваюцца пра будучыню. Нават незразумела, адкуль у гэтых даволі маладых і думаючых людзей такая ўпэўненасць, што рэальнасць можна нахіліць пад патрэбным табе вуглом з дапамогай міліцэйскай дубінкі.
Як прыхільнік плюралізму светапоглядаў, я перакананы, што заходнерусізм мае права быць. Гэта адно з бачанняў нашага гістарычнага шляху — разам з не менш маргінальным літвінізмам. Спадзяюся, большасць інтэлектуалаў таксама гатовая паставіцца да дадзенай плыні з уласцівай ім талерантнасцю.
Але гэты несумленны саюз з уладай, гэта некрытычнае абслугоўванне інфармацыйнага парадку дня гісторыкам-заходнерусістам, баюся, ніколі ўжо не даруюць. Яны заўсёды будуць успрымацца не як прадстаўнікі асаблівага погляду на гісторыю — з якім можна і трэба спрачацца — а менавіта як гаваркія галовы.
Увогуле, дэмарш «бацькі» павінен стаць для ўсіх інтэлектуалаў добрай падставай задумацца над тым, у якую сур'ёзную гісторыю можна ўляпацца.
Масы патрабуюць адназначных адказаў
Але чаму ж такая пазіцыя адносна «нашага ўсяго» выклікала рэзкую крытыку з боку многіх цалкам нацыянальна арыентаваных даследчыкаў? Няўжо нават яны не лічаць ВКЛ беларускім?
Тут неабходны кароткі экскурс у гісторыю пытання. Памятаеце, як яно было яшчэ гадоў з трыццаць таму? З аднаго боку — вотум недаверу да афіцыйнай версіі мінулага (мужыцкай і прарасійскай), з другога — з'яўленне версій альтэрнатыўных, часам вельмі экзатычных. Але ў дадатак — велізарная цікавасць да вывучэння. Попыт на сапраўдную гісторыю.
Гэтая сяўба прынесла ўраджай. З'явілася цэлая плеяда абсалютна прабеларускіх гісторыкаў, якія, аднак, не гатовыя слепа абслугоўваць ні адзін з палітычных дыскурсаў — і, тым больш, ісці на вяроўцы за плебсам. Іх стала настолькі шмат, што новыя шарыкавы да гэтага часу ўсіх перадушыць не могуць!
Яны сумленныя і аб'ектыўныя, і таму адзін за адным крышаць ў друз усе міфы, якія трапляюцца на шляху. Не толькі савецкія, але і нацыяналістычныя (зноў-такі, у нейтральным сэнсе слова).
Міф пра тое, што менавіта беларусы стварылі ВКЛ, пакуль жмудзіны гулялі сваімі хвастамі, седзячы на дрэвах, проста не мог пазбегнуць гэтай долі. Яго разнеслі ў пух і прах — без злога намеру, чыста ў імя праўды. Нават такому непахіснаму маральнаму аўтарытэту, як Ермаловіч, дасталося на арэхі.
І сёння, калі кагосьці з сапраўдных гісторыкаў узяць за грудкі і задаць прамое пытанне: «Брат, скажы як на духу, дык хто ж стварыў ВКЛ: беларусы ці літоўцы?», ён выразна растлумачыць: тыя, хто яго ствараў, і думаць не думалі, што праз шмат стагоддзяў тут раптам з'явяцца нацыянальныя дзяржавы. А ўслед за імі — і палітыкі, якія пачнуць дзяліць мінулае.
Тады, у Сярэднявеччы, клопаты наогул іншыя былі: ці ты мядзведзя, ці ён цябе … не да этнагенезу. Хоць ён, зразумела, ішоў сваёй чаргой, але мы гэта ўсвядомілі толькі задняй датай. І цяпер можам смела сцвярджаць, што ВКЛ адыграла ў гэтым працэсе выключную ролю — прычым як для беларусаў, так і для літоўцаў.
Шчыра кажучы, не ведаю, як ідзе справа са зваротнага боку мяжы, дзе гэты міф доўгія гады меў люстраное адлюстраванне: ВКЛ стварылі выключна літоўцы. Хочацца верыць, не горш. Ва ўсякім разе, у асяроддзі інтэлектуалаў. Хоць не сумняюся, што калі спытаць меркаванне таксістаў у Коўне, тыя абавязкова зарадзяць пра «наша ўсё». Ну, і будуць пабітыя той жа картай: мінскі таксіст, які апошні (спадзяюся, крайні) раз вёз мяне да аўтобуса на Варшаву, таксама прывёў шмат аргументаў на карысць адназначнай беларускасці Вялікага Княства.
Што, зрэшты, нядзіўна. Масы патрабуюць адназначных адказаў. Пачуўшы пытанне «Ну, карацей, дык было ВКЛ беларускай (або літоўскай) дзяржавай?», ні адзін адэкватны гісторык не адкажа: «Так, натуральна!». Замест гэтага ён пачне паглыбляцца ў падрабязнасці, з якіх ясна толькі тое, што не «ўсё так адназначна». Той, хто пытаўся, хутка стоміцца гэта слухаць і знойдзе сабе іншага гісторыка.
Сумесна нажытая маёмасць
Самы важны аспект усіх падобных выказванняў — іх прагматычная подбіўка: дзеля чаго гэта ўсё гаворыцца? У выпадку з Лукашэнкам яна відавочная: панаругацца злым суседзям, якія не жадаюць прымаць тваё бачанне свету і вынікі выбараў.
Але варта памятаць, што многія гатовыя адстойваць сваё эксклюзіўнае права на ВКЛ абсалютна шчыра. Хоць і незразумела, навошта. Бо шукаць падпоркі для сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці ў нетрах Сярэднявечча — справа няўдзячная. Гэта прыкладна як узводзіць прыгожы сучасны хмарачос на падмурках старажытнага замка. Па-першае, яны не вытрымаюць, а па-другое — для археалагічнай спадчыны відавочныя страты.
А вось гістарычная канцэпцыя, згодна з якой магутная ў будучыні дзяржава змагла паўстаць менавіта сумеснымі намаганнямі балтаў і славян, іх своеасаблівай канвергенцыі, сёння можа аказацца нашмат больш цікавай і плённай, чым чарговая спрэчка на тэму «чыё ВКЛ?».
Па-першае, гэта паказвае нашых продкаў з добрага боку (нават у тыя часы яны ўмелі дамаўляцца з іншапляменнікамі). А па-другое — стварае ўмовы для дыялогу ўжо сёння. Гэта калі замест шматвяковай спрэчкі па падзеле сумесна нажытай маёмасці прыдумаць план яе эфектыўнага выкарыстання. Хоць бы нават у сферы турызму.
Бо сёння сітуацыя такая: два з захаваных замкаў-кастэляў XIV стагоддзя (у Лідзе і Крэве) знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, і літоўцы туды асабліва не ездзяць, нават нягледзячы на бязвіз. Затое трэці, у Медніках (Мядзінінкаі), ігнаруюць ужо беларусы — хоць ён усяго за кіламетр аб пераходу «Каменны Лог», праз які нашы зноў павалілі натоўпамі. І каму добра ад такога падзелу маёмасці?
Каментары
Полѧне Лѧховѣ . друзии Лютичи Литва. инии Мазовшане . а нии Поморѧне…”