Грамадства1818

У Беларусі будзе свой Мандэла, ці свой Валэнса, ці свой Гавэл? Адказваюць Алексіевіч, Латушка, добраахвотнік…

Валэнса быў рабочым лідарам. Гавэл — інтэлектуалам, лідарам грамадзянскай супольнасці. Мандэла 25 гадоў прасядзеў у турме, пакуль яго рух вёў узброеную барацьбу. У той жа час дыктатуру ў Партугаліі змяла «рэвалюцыя капітанаў», арганізаваная нізавымі афіцэрскімі чынамі. Які сцэнар чакае Беларусь? Гэтае пытанне «Наша Ніва» задала нобелеўскай лаўрэатцы Святлане Алексіевіч, кіраўніку Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлу Латушку, пісьменніцы Святлане Курс, філосафу Пятру Рудкоўскаму, гісторыку Цімоху Акудовічу і байцу-добраахвотніку Яўгену «Аўгусту» Міхасюку.

Сяргей Ціханоўскі, Паліна Шарэнда-Панасюк, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка працягваюць знаходзіцца за кратамі. Пра некаторых з іх ужо паўгода нічога не вядома. Калаж: «Наша Ніва»

Святлана Алексіевіч: «Няма ў нас партугальскіх капітанаў, але ёсць каліноўцы, ёсць апазіцыя»

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч кажа, што цяпер гаварыць пра будучыню Беларусі складана, бо жыццё на радзіме паралізавана. Шмат актыўных беларусаў вымушана пакінулі краіну.

«Стаў дужа актыўны Пазняк, але мне падаецца, што яго час мінуў. Тое, што ён кажа, яго ўяўленні пра будучыню, — гэта ўсё з мінулага», — мяркуе яна.

Святлана Алексіевіч. Архіўнае фота, 2020 год

Беларускай лідаркай можа стаць Марыя Калеснікава, кажа пісьменніца. Але ўсё будзе залежаць ад таго, ці застануцца ў Марыі сілы для лідарства.

Алесь Бяляцкі — моцная асоба беларускага супраціву, з грамадзянскім і філасофскім мысленнем, працягвае яна.

«Па тым, як Алесь мысліць, па ўзроўні яго інтэлекту ён змог бы стаць лідарам, але ці здольны ён будзе на тое фізічна па вызваленні? — задаецца пытаннем Святлана Алексіевіч. — Вы не забывайцеся, што людзі, пабываўшы ў няволі, выйдуць з падарваным фізічным і псіхалагічным здароўем».

«Маўчанне — таксама супраціў»

Беларусы за час знаходжання пры ўладзе Лукашэнкі змяніліся, адзначае нобелеўская лаўрэатка. Пратэсты 2020 года, знявага ад таго, што тысячы людзей прайшлі і застаюцца ў турмах, дапамаглі ім усвядоміць, што яны народ.

Але, заўважае яна, краіна засталася без духоўнай падтрымкі, бо рэжым Лукашэнкі знішчае ўсё духоўнае, і гэта адаб’ецца на будучыні. Цяпер людзі дэзарыентаваныя.

На яе погляд, маўчанне беларусаў, якія застаюцца ў Беларусі, варта ўспрымаць як супраціў.

«Тыя беларусы, што засталіся ў краіне, не ўсе на баку цемры і мінулага. Застацца — для гэтага таксама трэба мужнасць. Нельга казаць, што тыя, хто застаўся, бязвольныя, што яны на баку Лукашэнкі. Не! Там шмат людзей на баку будучыні. Яны маўчаць, але маўчанне — таксама супраціў», — разважае Святлана Алексіевіч.

Кветкі на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Архіўнае фота, 2020 год

Доказы таго, што маўчанне — супраціў, Святлана Алексіевіч знаходзіць у рэпартажах беларускага тэлебачання.

«Калі выступае Лукашэнка, я бачу людзей, а яны ўжо не ягоныя. Гэтыя людзі ведаюць, што Беларусь можа быць іншай. Яны бачылі Беларусь іншай. Бачылі мноства людзей на вуліцах», — мяркуе пісьменніца.

«Нацыя не даруе знявагі»

Святлана Алексіевіч памятае адчуванні ад народнага ўздыму 2020-га года. Ёй хацелася жыць у гэтай краіне і нікуды не з'язджаць. Яна згадвае:

«Я гаварыла з маладымі людзьмі, і яны прызнаваліся, што ўжо збіраліся зʼязджаць, а цяпер ніколі не зʼедуць. Настолькі маршы паўплывалі на жыццё».

Адчуванні ад пратэснага 2020-га года дапамагаюць выжыць зняволеным, перакананая Святлана Алексіевіч. У гэтым пісьменніца ўпэўнілася, чытаючы кнігу Алега Груздзіловіча з яго ўспамінамі аб турме.

«Тое, што ён расказвае пра турму, сведчыць, што гэтых людзей у турмах не зламалі, а там перадусім хочуць зламаць. Гэту знявагу нацыя ніколі не даруе», — адзначае нобелеўская лаўрэатка.

Святлана Алексіевіч шмат чытае пра падзеі ў Беларусі, захапляецца мужнасцю палітвязняў Паліны Шарэнды-Панасюк, Марыі Калеснікавай, Максіма Знака.

Пакуль жа, на яе погляд, беларуская мужнасць разрозненая. Калі ж стане цэльнай, то пачнецца актыўны супраціў.

Святлана Алексіевіч лічыць, што ў выніку перамогі дужа вялікай цаной Украіны найперш палітычныя зрухі пачнуцца ў Расіі, а затым трансфармацыі адбудуцца ў Беларусі.

«Беларусь настолькі звязаная цяпер з Расіяй, што ніхто не скажа, колькі ў нас засталося беларускага, што прададзена расійскім алігархам. У нейкі момант стане ўсё відавочным і ўсё выбухне. Але кожны з нас не толькі мусіць чакаць, але нешта рабіць. Трэба патроху супраціўляцца. Так нічога само сабою не адбываецца», — лічыць пісьменніца.

Знаходжанне ў Беларусі вагнераўцаў Святлана Алексіевіч разглядае як пагрозу.

Пісьменніца не гатовая казаць, ці іх прысутнасць паўплывае на разуменне беларускімі вайскоўцамі таго, што яны не расійскія вайскоўцы.

«Я не ведаю, ці ёсць там такая інерцыя, — кажа пісьменніца. — Беларускія вайскоўцы — частка народа, і яны, як і народ, зняважаныя. Думаю, што няма ў нас партугальскіх капітанаў».

«Але, — падсумоўвае Святлана Алексіевіч, — у нас ёсць каліноўцы, ёсць апазіцыя, і Святлана Ціханоўская, і Павел Латушка, якія зрабілі шмат для таго, каб Захад адкрыў для сябе Беларусь, яны сталі лідарамі. І час на нашым баку», — мяркуе Алексіевіч.

Павел Латушка: «Спадзеў на аб’яднанае лідарства»

Палітык Павел Латушка схільны лічыць, што Беларусь пройдзе свой шлях перамен, які будзе складацца з двух асноўных момантаў.

«Гэта раскол эліты паводле прынцыпу — за незалежную Беларусь ці васальства пад Расіяй», — мяркуе кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Павел Латушка. Фота: Офіс Ціханоўскай

Другі момант палягае на аб’яднаным лідарстве.

«Гэта калі кожная з асоб, якая мае аўтарытэт, грамадскую і палітычную вагу, будзе ў стане аб’яднацца дзеля галоўнай мэты — змен у Беларусі і захавання незалежнасці краіны», — падкрэслівае Павел Латушка.

Пётра Рудкоўскі: «Перамога Ціханоўскай адкрывала магчымасці для дэмакратызацыі»

Філосаф і палітолаг Пётра Рудкоўскі кажа, што зʼяўленне агульнанацыянальных лідараў — гэта заўсёды вынік супадзення трох фактараў: наяўнасці яркай харызматычнай асобы, грамадскага попыту на адзінага лідара і паўстання акалічнасцяў, у якіх лідарская харызма можа праявіцца.

Пётра Рудкоўскі. Скрын відэа ютуб-канала «Банк ідэй | Рэформы для Беларусі»

Паўстанне акалічнасцяў — гэта латарэйны фактар, яго немагчыма спрагназаваць, заўважае ён.

«Ці ёсць у Беларусі людзі з моцнай харызмай? — пытаецца суразмоўца і сам адказвае: — Думаю, што ёсць!»

Пытанне: ці існуе ў Беларусі грамадскі попыт на такога лідара?

«Беларусы ў цэлым характарызуюцца высокай адукаванасцю — гэта раз. Цягам апошняй дэкады таксама ўзрасла вера ва ўласныя сілы (перакананне, што не знешнія сілы, а менавіта сам чалавек у першую чаргу ўплывае на тое, як складваецца яго жыццё) — гэта два. Унутры грамадства таксама, прынамсі, да 2021 года, рос сярэдні клас. Гэта тры», — разважае Рудкоўскі.

Вось з гэтых трох прычын у мяне ёсць сумневы наконт таго, што ў грамадстве ёсць попыт на агульнанацыянальнага лідара, заўважае ён.

«Шчыра кажучы, мне вельмі імпануе тое стаўленне беларусаў да лідарства, якое праявілася ў 2020 годзе. Беларусы масава падтрымалі Святлану Ціханоўскую. Ускосныя даныя сведчаць, што гэта падтрымка была не таму, што пабачылі ў ёй нейкі звышаўтарытэт, а проста рабілі гэта згодна з логікай імавернасцяў: перамога Ціханоўскай адкрывае папросту магчымасці для дэмакратызацыі, а ў рамках дэмакратыі яны займеюць больш шанцаў уплываць на палітычныя працэсы ў краіне», — мяркуе Рудкоўскі.

«І тут вялікі таксама рэспект самой спадарыні Ціханоўскай, — працягвае ён, — што яна выдатна ўлавіла гэты момант і ніколі не спрабавала пазіцыянаваць сябе як супермена / супервумен, а заўжды функцыянавала як «часовы лідар», як тая асоба, якая папросту хоча вярнуць беларусам права выбару».

Паводле Рудкоўскага, тое, што пакуль беларускі пратэст не дасягнуў жаданага выніку, замінае ўбачыць перавагі беларускага стаўлення да лідарства.

«Але яно мае выразныя перавагі, — падсумоўвае ён. — Гэта стаўленне маральна сталых, адукаваных і рацыянальных людзей, якія не імкнуцца любой цаной займець якога-небудзь правадыра, за якім можна слепа ісці «ў агонь і ваду», а хочуць — як прыкмеціў Віктар Бабарыка — добрага «менеджара», якога — у выпадку патрэбы — можна ў рамках празрыстых працэдур змяніць на іншага».

Цімох Акудовіч: «Пасля Лукашэнкі можа прыйсці горшая асоба з горшымі рэпрэсіямі, але гэта можа быць і шанец»

Прыклады Мандэлы і Гавэла — гэта не толькі пра ролю асоб у гісторыі, але і пра змены геапалітычнай сітуацыі, кажа гісторык Цімафей Акудовіч. Яны змаглі прыйсці да ўлады, бо час памяняўся.

«Іх маральны аўтарытэт, вядома ж, адыграў ролю, але ў іх гісторыі першапрычына — развал сістэмы», — лічыць Цімафей Акудовіч.

Цімафей Акудовіч. Фота: сацыяльныя сеткі

У нас няма імперыі, мы невялікая дзяржава, таму Беларусь чакае іншы сцэнар, мяркуе Акудовіч.

Больш рэалістычны варыянт — прыход да ўлады палітыка кшталту Мадуры.

«Да ўлады прыходзіць асоба горшая за Лукашэнку ў праўленні, таму з горшымі рэпрэсіямі. Гэта, з аднаго боку, будзе шанец, а з другога — пагаршэнне сітуацыі», — прагназуе Цімафей Акудовіч.

Святлана Курс: «Беларусы — калектывісты»

«Мы, беларусы, не маем патрэбы ў Гавэле, Мандэле ці Валэнсе, бо мы калектывісты ў добрым сэнсе. Мы талакоўцы. Каб не Масква, беларусы ўсё зрабілі б ужо ў 1996 годзе», — настойвае пісьменніца Святлана Курс.

«Лідары заўжды тут, з намі», — кажа яна.

«У патрэбны час яны проста вылучаюцца, часткова самі, часткова гістарычным момантам, часткова іх народ сілай з сябе выпіхвае ўверх», — упэўненая пісьменніца.

Святлана Курс. Фота: сацыяльныя сеткі

Святлана Курс прызнаецца, што з яе кепскі аналітык. Яна меркавала, напрыклад, што вагнераўцаў у Беларусь не павязуць.

«Прывезлі. Далей пайшла пісаць губерня», — адзначае яна.

Яўген «Аўгуст» Міхасюк: «Годных лідараў хапае, але іншая гістарычная рэчаіснасць»

Беларускага добраахвотніка Яўгена «Аўгуста» Міхасюка дзівіць пытанне, у якім праводзяцца паралелі таго, што дзеецца цяпер у Беларусі з падзеямі ў іншых краінах з іншых гістарычных эпох і тамтэйшымі палітычнымі лідарамі.

«Сёння ў Беларусі хапае палітвязняў, у тым ліку лідараў. Гэта Ціханоўскі, Бабарыка, Статкевіч, Мацкевіч ці тая ж Калеснікава. Людзей, якія былі на лідарскіх пазіцыях, якія ў няволі і якіх не хапае», — сцвярджае ён.

Яўген «Аўгуст» Міхасюк. Фота: архіў Яўгена Міхасюка

У наяўнасці ў сілавых структурах арганізаванай групы людзей, здольнай змяніць сістэму, Міхасюк сумняваецца. «Да таго ж узнікае пытанне: пераварот на карысць чаго. Я хутчэй паверу, што там можа сфармавацца прапуцінскае кола афіцэраў, якое можа арганізаваць нешта на карысць Расіі, чым у тое, што там ёсць прабеларуская група, якая паспрабуе вызваліць Беларусь», — кажа ён.

«Чаго мы чакаем? Нейкага цуду? — пытаецца ваяр. — Што яны нейкім цудам вызваляць з-за кратаў Беларусь. Я сумняваюся…»

Феномен Мандэлы, Валэнсы, Гавэла ў тым, што надышоў палітычны момант, і іх краіны сталі свабодныя дзякуючы ціску грамадства і геапалітычным працэсам, мяркуе «Аўгуст».

«Гэты гістарычны момант вынес гэтых людзей на лідарскія ролі. У Беларусі годных лідараў хапае, але іншая гістарычная рэчаіснасць», — перакананы Яўген Міхасюк.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

75 гадоў Святлане Алексіевіч. Нобелеўскі лаўрэат, якая раздзяліла долю свайго народа

Ці змірыўся Захад з тым, што Беларусь у лапах Расіі, і якія выбары рыхтуе Лукашэнка?

Аляксандр, 35 гадоў, вышэйшая адукацыя. Навуковец склаў партрэт беларускага «экстрэміста» — высновы ўражваюць

Вядомыя людзі, ноўнэймы і 10 чалавек, чые імёны не называюцца. Хто ўвайшоў у абноўленую Каардынацыйную раду

«Свядома ці падсвядома, але ўсе ў Беларусі разумеюць, што ўсё залежыць ад тых, хто трымае ў руках зброю»

Каментары18

  • Вася
    08.08.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Олег
    08.08.2023
    Приведу пример в ПНР при Юрузельском была инфляция 1500% а в Беларуси около 15% ,стабильно растет зарплата. Но все это благодаря сырьевой подержке из путинской россии. Которая сейчас обложена санкциями. Надо ждать пока россия не сможет содержать своего васала.
    Тогда появятся протестные настроения у всех в том числе тех кто сейчас за режим. А сапротивляться например можно через забастовки. Забастовку не разгониш в отличие от мирной акции протеста.
    Другой вариант силовой. Разрешать полку Калиновского набирать добровольцев среди Украинцев. Надо целая армия человек 30000-40000 что бы освободить Беларусь. Если Украина согласится профинансировать это мероприятие то можно расуждать о силовом сценарии. Например что бы каждому добровольцу капала зарплата где то 2500 евро и пенсия его семье в случае гибели. В обмен мы могли бы согласиться на репарации.
    Вот эти 2 сценария мне кажуться реалистичными.
  • Freddy
    08.08.2023
    Мадела? Мандела был уголовник. Валенса сотрудничал со спецслужбами. У белнарода не может быть лидера может быть диктатор. 

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы знаходзяцца больш за 200 тысяч беларусаў1

Орбан заявіў пра паразу Украіны ў вайне з Расіяй6

Качанава: У нашым турбулентным свеце няма такой дзяржавы, дзе б так думалі пра людзей, як у Беларусі4

Магілёвец з рэўнасці апублікаваў у дамавым чаце інтымнае фота сваёй жонкі

На Урале з-за аварыі некалькі дамоў затапіла баршчом3

Гомельскага актывіста ў Славакіі чакае суд у сувязі «з пагрозай нацыянальнай бяспецы»

Першыя аўтацэнтры беларускага брэнда Belgee адкрыліся ў Мінску1

Кіраўнік РПЦ паабяцаў расіянам вечнае жыццё ў выпадку гібелі ва Украіне і заклікаў маліцца за Пуціна15

Сіноптыкі запланавалі на заўтра снег2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

Галоўнае
Усе навіны →