Меркаванні88

«Пры выездзе з краіны беларусы застаюцца гэткай жа часткай нацыі, як і тыя, хто жыве на радзіме»

Ці магчыма пабудаваць нацыю, з’ехаўшы з краіны? І як застацца беларусам за мяжой? На гэтыя і іншыя пытанні выдання «Салідарнасць» адказвае гісторык, даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка.

Наталля Гардзіенка

— Сёння пытанне эміграцыі і магчымасці існавання беларусаў за межамі краіны вельмі актуальнае. Асабліва цікава зірнуць на досвед мінулых пакаленняў, каб зразумець, што чакае нас у будучыні. Наколькі эміграцыя ўплывала на фарміраванне беларускай нацыі? Якія здабыткі прынесла нашаму народу?

— Пачнем з таго, што пры выездзе з Беларусі беларусы не перастаюць быць беларусамі. Яны застаюцца гэткай жа часткай беларускай нацыі, як і тыя, хто жыве на радзіме.

Ацаніць, наколькі эміграцыя (як выезд за мяжу) уплывала на фармаванне нацыі, досыць складана. З аднаго боку, ад канца XIX стагоддзя часта беларусы выязджалі на эміграцыю часова, каб зарабіць грошай і вярнуцца дахаты. І шмат каму гэта ўдавалася. Гэтыя кантакты з іншымі культурамі і паляпшэнне дабрабыту ўрэшце выглядаюць як фактар пазітыўны.

З іншага боку, значная частка суродзічаў у розныя часы з’язджала з беларускіх земляў з палітычных, эканамічных і іншых прычын, і многія ўжо не толькі не вярталіся, але і паступова знікалі, асіміляваліся ў іншакультурным асяроддзі.

Багата мы знаем прыкладаў выхадцаў з Беларусі, што сталі вядомыя ў свеце, але сёння фактычна з ёй не асацыююцца, бо сталі часткаю іншых культур.

З гледзішча агульначалавечага тое, што чалавек рэалізаваў сябе, безумоўна, плюс, з пункта гледзішча нацыянальнага, тое, што рэалізаваў у іншай культуры, без сувязяў са сваёй, напэўна, мінус.

Вельмі шмат залежала ад нацыянальнай ідэнтычнасці эмігрантаў, здольнасці яе захаваць на чужыне. Тады іх дасягненні ў новых краінах, безумоўна, працавалі на Беларусь, на ўяўленне пра беларусаў і беларускую культуру.

Пра гэта найбольш можна казаць на прыкладах беларусаў з эміграцыі часоў Другой сусветнай вайны, якія былі больш нацыянальна свядомыя за сваіх папярэднікаў і захоўвалі гэтую свядомасць цягам жыцця на чужыне.

— Як складваўся лёс нашых суайчыннікаў? Ці лёгка ўвогуле застацца беларусам у эміграцыі?

— Цягам гісторыі мільёны выхадцаў з беларускіх земляў з розных прычын выязджалі на чужыну. Зразумела, што і лёсы іх складваліся вельмі па-рознаму. Я магу казаць найперш пра прадстаўнікоў менавіта эміграцыі часоў Другой сусветнай вайны, пра якіх ведаю болей. Сярод іх багата беларусаў, што дасягнулі поспеху ў новых краінах, сталі вядомымі лекарамі, інжынерамі і г. д.

Наталля Гардзіенка разам з вядомымі беларускімі дзеячамі эміграцыі Янкам Запруднікам і Вітаўтам Кіпелем. Фота: сацсеткі суразмоўцы

Хрэстаматыйны прыклад Барыса Кіта, што быў звязаны з амерыканскай касмічнай прамысловасцю.

Менш вядомы ў Беларусі, але хіба што болей у ЗША — Аўген Вярбіцкі (1922-1986). Па атрыманні доктарскай ступені ён спецыялізаваўся ў хіміі мясной прадукцыі. Працаваў у вайсковай лабараторыі даследаванняў ежы і дасягнуў поспехаў у галіне кансервавання харчоў шляхам іррадыяцыі. Менавіта ён стаў стваральнікам «касмічнай ежы», што выкарыстоўвалася ў палётах амерыканскіх астранаўтаў.

Заслугі Аўгена Вярбіцкага былі адзначаныя, калі астранаўты прывезлі з Месяца адмысловую месяцовую пароду, кавалачак якой і атрымаў навуковец з рук прэзідэнта ЗША. І пры гэтым Аўген Вярбіцкі не губляў сувязяў з амерыканскімі беларусамі, удзельнічаў у беларускіх арганізацыях.

Аднак эміграцыя далёка не заўсёды звязаная з поспехам. Ёсць багата гісторый, як яна ламала людзей.

Прыкладам, Уладзімір Другавец (1923-1961) пры канцы 1940-х апынуўся ў Аргенціне, цягам некалькі гадоў быў старшынёй Згуртавання беларусаў у гэтай краіне, Рады БНР. Пры канцы 1950-х дзеяч выехаў у ЗША, каб арганізаваць пераезд туды жонкі з дзецьмі, але нечакана захварэў, трапіў у псіхіятрычны шпіталь, а па выхадзе з яго скончыў жыццё самагубствам. Праўда, нельга сказаць, што самагубствы сярод беларускіх эмігрантаў былі такія ўжо частыя.

Або іншы выпадак — настаўнік матэматыкі Мікалай Перагуд-Пагарэльскі (1893-1964), у паваеннай Нямеччыне ён працаваў у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. На пачатку 1950-х пад імем Мечыслаў Рагажэцкі прыбыў у ЗША, быў затрыманы пры ўездзе і ізаляваны на паўтара года пад пагрозай дэпартацыі. Потым быў вызвалены і застаўся ў краіне, але праз згаданыя непрыемнасці моцна захварэў і не змог працаваць. Жыў у складаных умовах у Кінгстане ў штаце Нью-Ёрк.

Прыкладаў і поспехаў беларусаў, і трагедый на эміграцыі было хіба столькі ж, колькі і ў звычайным жыцці на радзіме. Пры гэтым усе згаданыя эмігранты мелі менавіта беларускую нацыянальную самасвядомасць, і на эміграцыі яны заставаліся беларусамі. Ці было гэта лёгка? Магчыма, як і ў сучаснай Беларусі, гэта быў свядомы штодзённы выбар.

Ёсць багата сведчанняў тагачасных беларускіх эмігрантаў, як ім даводзілася змагацца за вызнанне сваёй беларускай нацыянальнасці. Прыкладам, мастачка Тамара Стагановіч-Кольба адмаўлялася атрымліваць амерыканскае пасведчанне, дзе яе пазначылі як расейку, а не беларуску, дамаглася, каб дакумент быў выпраўлены.

А ў Францыі беларусы цягам колькіх гадоў праводзілі кампанію па прызнанні беларускай нацыянальнасці ва ўрадавых структурах.

Пра беларусаў у сярэдзіне XX стагоддзя нідзе нічога амаль не ведалі, таму галоўнай місіяй паваенных эмігрантаў стала якраз распавесці свету пра Беларусь, зрабіць беларусаў заўважнымі на розных узроўнях. І нешта ў гэтым кірунку сапраўды атрымалася зрабіць.

— Адзін з маіх суразмоўцаў-гісторыкаў, кажучы пра нацыянальныя рысы, адзначаў, што «беларусы вельмі падатлівыя да адаптацыі», і ў гэтым якраз ёсць пагроза страціць сваю ідэнтычнасць тым, хто з’ехаў з краіны. Наколькі лёгка, па вашым досведзе, беларусы раствараюцца ў свеце паміж іншымі нацыямі?

— Відаць, шмат залежыць ад узроўню нацыянальнай ідэнтычнасці, які маюць эмігранты ў часе выезду з Беларусі, а таксама тых умоў, у якія яны трапляюць на чужыне, і мэтаў, якія маюць.

Не сакрэт, што вельмі часта людзі выязджаюць з ідэяй як мага хутчэй адаптавацца ў новай краіне і мінімізаваць сувязі са старой, набыць як бы новую ідэнтычнасць. Думаю, гэтая з’ява далёка не толькі беларуская.

У эмігрантаў першай паловы XX стагоддзя даволі часта рэлігійная свядомасць была мацнейшая за нацыянальную. У розных краінах яны шукалі найпершы цэрквы ці касцёлы, каб быць «са сваімі», і гэткім чынам траплялі ў лік расейцаў або палякаў і праз некаторы час ужо і не вылучалі сябе з адпаведнай грамады.

Шмат залежала ад таго, куды чалавек трапляў на чужыне. Найлягчэй было заставацца беларусам побач з іншымі беларусамі, у месцах больш-менш кампактнага пасялення суродзічаў. Гэткія былі, прыкладам, у Кліўлендзе ці Саўт-Рыверы ў ЗША. Там стваралася цэлая беларуская інфраструктура з цэрквамі, крамамі, грамадскімі заламі, нядзельнымі школкамі, спартовымі клубамі, могілкамі.

Падобнае ў розных варыянтах было ў некаторых раёнах Нью-Ёрка, Чыкага, Таронта, Мельбурна, Лондана і г.д.

Чым бліжэй беларус сяліўся да сваіх, тым лягчэй было заставацца беларусам. І наадварот, калі праз нейкія сваркі, непаразуменні, жыццёвыя абставіны чалавек з’язджаў у рэгіёны, дзе суродзічаў не было, найчасцей, губляліся ўсе сувязі і эмігрант хутка асіміляваўся.

Праўда, былі цікавыя выпадкі. Прыкладам, ураджэнец Валожына Мікалай Махнач, чые ўспаміны «Доўгая дарога да свабоды» выйшлі ў Мінску ў 2014 годзе. Гэты былы вайсковец Арміі Андэрса, удзельнік бітвы за Монтэ-Касіна на эміграцыі апынуўся спачатку ў Валіі (Уэльсе), потым у амерыканскім Масачусэтсе.

Паўсюль быў у польскамоўным асяроддзі, удзельнічаў у польскіх арганізацыях, і ўспаміны напісаў у арыгінале па-польску, але падкрэсліваў, што ён беларус. Хоць у ЗША кантактаў з суродзічамі-беларусамі фактычна не меў.

Такім чынам, захоўваць беларускую ідэнтычнасць па-за грамадой магчыма, хоць і значна складаней.

Каментары8

  • Anatol Starkou
    13.01.2024
    У першыя часы знаходжання ў беларускай бчб дыяспары ў Брукліне, сядзеў за адным сталом ў грамадскай зале БАПЦ разам з Янкам Запруднікам. І так ён быў падобны да аднаго з маіх сваякоў па матчынай лініі, што я не вытрамаў і спытаў яго, маляў, ці не радня мы з ім. Але ён адказаў: Не. Потым падарыў мне сваю кнігу Дваццатка.
    З спадаром Вітаўтам Кіпелем таксама сустракаўся ў Брукліне і ў Ню Джэрзі. Ён таксама даў мне сваю кнігу толькі на ангельскай мове.

    Што датычыцца сутнасці артыкула. Тут у замежжы, ды яшчэ ў такой далёкай ад Беларусі і вялізнай краіне, як ЗША, разумееш, што мы вельмі маленькая нацыя. Ну і калі па сотне тысяч з'язджаюць беларусы з Бацькаўшчыны гэта вельмі кепска.
  • XXX
    13.01.2024
    Anatol Starkou, Дваццатка? Відаць, ты нават не разгарнуў яе, пісацель…
  • гоблен
    13.01.2024
    Спасибо, но не интересует. Забыть, как страшный сон :)
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Проста ў страўнік мышы заліваем дозу алкаголю». Навуковец — нясумна пра азэмпік, тлушч, алкаголь і змену генаў1

«Проста ў страўнік мышы заліваем дозу алкаголю». Навуковец — нясумна пра азэмпік, тлушч, алкаголь і змену генаў

Усе навіны →
Усе навіны

Былы палітвязень Віктар Лосік распавёў пра сваё вызваленне і пераезд з сям'ёй у Польшчу

Рабаў расказаў, якім будзе надвор'е ў красавіку1

Сакрэтны дакумент Пентагона паказаў рэзкую змену ваенных прыярытэтаў ЗША7

«Харчразвёрстка на банкаўскім узроўні». Лойка патлумачыла, як разумець першыя заявы Галоўчанкі на чале Нацбанка9

Першая спроба вадалазаў дабрацца да патанулай машыны ў Падброддзі аказалася няўдалай7

«Мы перамаглі». Хлопчыку з Магілёва ўвялі самы дарагі прэпарат ад смяротнага захворвання6

Сабаленка выйграла турнір у Маямі і зарабіла 1,2 мільёна даляраў10

Што за Італа-албанская каталіцкая царква, да якой належыць новы нунцый? І як гэта можа паспрыяць аднаўленню ўніяцтва ў Беларусі14

«Людзі глядзелі на мяне з нямым жахам». Беларускі айцішнік лячыўся ў Польшчы п'яўкамі, а потым у яго пачаўся крывацёк13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Проста ў страўнік мышы заліваем дозу алкаголю». Навуковец — нясумна пра азэмпік, тлушч, алкаголь і змену генаў1

«Проста ў страўнік мышы заліваем дозу алкаголю». Навуковец — нясумна пра азэмпік, тлушч, алкаголь і змену генаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць